жывёла сям. вярблюдавых, якая водзіцца ў высакагорных раёнах Андаў; продак свойскай ламы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
LámaIn -s, -s
1) заал. ла́ма
2) поўсць ла́мы
Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.)
ЛХА́СА,
горад на ПдЗ Кітая, у даліне р. Джычу (бас.р. Брахмапутра), на Тыбецкім нагор’і, на выш. 3650 м. Адм., паліт., эканам. і культ. цэнтр Тыбецкага аўт. раёна. Вузел шашэйных дарог, аэрапорт. Засн. ў 7 ст. тыбецкім царом Сранцзангамба. 107 тыс.ж. (1992). Гал.рэліг. цэнтр ламаізму ў Азіі. Прам-сць: шарсцяная і харч., металаапр., лесапільная, дрэваапр., гарбарная; дробныя маш.-буд., цэментныя, шкляныя, хім. прадпрыемствы, з-ды па вытв-сці сывараткі і вакцын, фармацэўтычны з-д, аўтарамонтныя майстэрні, друкарня, ЦЭЦ, ГЭС. Развіты рамёствы (вытв-сць дываноў, вырабаў будыйскага культу). Геафіз. абсерваторыя, метэаралагічная і доследная с.-г. станцыі. Арх. помнікі 7—17 ст. У горадзе шмат манастыроў і палацаў, упрыгожаных разьбою, шматкаляровымі размалёўкамі, драўлянай, мураванай і залатой скульптурай. У Л., на высокай гары — палац-манастыр Патала (7 ст., дабудаваны ў 16—17 ст., колішняя рэзідэнцыя далай-ламы) з Чырвоным Палацам, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАІ́СЦКІЯ ШКО́ЛЫ,
інстытут духоўнай адукацыі ў ламаізме. Існавалі пераважна пры манастырах, радзей у форме індывідуальнага навучання. Рыхтавалі ламаў. Да паступлення ў манастыр навучанне грамаце, пач. культавым абрадам і малітвам вялося ламай у сям’і. З 6-гадовага ўзросту хлопчыка аддавалі ў манастыр паслушнікам, потым ён займаўся ў пач.рэліг. школе, дзе ўдасканальваўся ў пісьме і веданні культу, вывучаў паэтыку, стылістыку, сінаніміку і кампазіцыю тэксту, астралогію, асновы харэаграфіі і драмы (т. зв. «5 малых прадметаў»). Навучэнцаў знаёмілі таксама з «5 вялікімі прадметамі» (мовазнаўства, логіка, медыцына, філасофія, тэхналогія). Здольных вучняў у 15—20-гадовым узросце размяркоўвалі ў манастырскія (дацанскія) школы, якія падзяляліся на 3 класы: ніжэйшы і сярэдні па 5 гадоў навучання, старэйшы — 4. У дацанскіх школах выкладалася т. зв. «ўнутраная навука» — рэліг.-філас. сістэма будызму. Яе выпускнікі набывалі сярэднюю ступень адукацыі ламы і маглі паступаць у вышэйшую рэліг.-філас. школу (7 гадоў навучання). Заканчэнне яе давала права паступаць на багаслоўскія або філас. ф-ты пры буйнейшых манастырах, дзе 10—15 гадоў вучылі навук. і містычную філасофію, аддаючыся медытацыі для «дасягнення стану Буды». Выпускнікі ва ўзросце 50—60 гадоў атрымлівалі вышэйшыя вучоныя ступені. У 20 ст. шэраг Л.ш. існуе ў Тыбеце і інш. рэгіёнах пашырэння ламаізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Лаве́ц1 ’лавец, паляўнічы’, ’той, хто ловіць’ (Янк. II, Бяльк., ТС), укр.лове́ць ’тс’, рус.лове́ц ’тс’, ’рыбак’, польск.łowca ’паляўнічы’, ст.-польск. ’паляўнічы сабака’, устар. łowiec (з XIV ст.) ’паляўнічы’, каш.łȯvca ’тс’, łȯvc ’той, хто ловіць’, н.-луж.łowc ’паляўнічы; той, хто займаецца лоўляй’, чэш., славац.lovec, славен.lóvec, łȍu̯c, серб.-харв.ло̀вац ’паляўнічы’, ’егер’, ’ястраб-перапёлачнік’, макед.ловец, балг.ловец ’паляўнічы’. Прасл.lovьcь ’той, хто ловіць звяроў, птушак, рыб’. Першаснае nomen agentis ад loviti > лавіць (гл.), утворанае пры дапамозе суф. ‑ьcь (Слаўскі, 5, 232; SP, 1, 100). Ст.-бел.ловца ’птушкалоў’ (XVII ст.) < ст.-польск.łowca ’тс’ (Булыка, Запазыч., 90).
Лаве́ц2 ’ражон, завостраная палачка, дубчык, на які чапляюць сала і смажаць яго на агні’ (Янк. II, Бяльк., Мат. Гом.; жлоб., Нар. словатв.) з *ламец (уплыў народнай этымалогіі) пры перастаноўцы м > в, параўн. ломжа — лаўжо — лобжа (Мат. Гом.). Суфікс ‑ец той жа, што і ў дубе́ц. Корань лом‑ у роднасных ламы́, лам’ё, ламяйко, ламата́ ’абцярэбленыя сукі, дробнае галлё’ (Сцяшк., Нас.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
НЕАТРАПІ́ЧНАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
уваходзіць у царства Неагею. Вылучаюць ад 3 да 6 фларыстычных падабласцей: Амазонскую, Амдыйскую, Арынокскую, Бразільскую, Карыбскую, Лаплацкую. Яны займаюць мацерыковую ч. Амерыкі, ад Ніжняй Каліфорніі і паўд.ч. Мексіканскага нагор’я на Пн да 40°паўд. ш. на Пд і прылеглыя да Цэнтр. Амерыкі астравы. Для раслін і жывёл межы Н.б.в. не супадаюць.
Флора багатая і разнастайная, з перавагай мезафільнай лясной расліннасці. Найб. пашыраны расліны сям. архідных, лаўравых, малачайных, марэнавых, меластомавых, міртавых, тутавых, пальмы і інш. Эндэмічных сям. 25 (біксавыя, брамеліевыя, кактусавыя, канавыя і інш.). У адносінах да фауны вылучаюць 3 або 4 падвобласці: Антыльскую, Гвіяна-Бразільскую, Патагона-Андыйскую, або Чылійска-Патагонскую, і Цэнтральнаамерыканскую. Яны займаюць Паўд. Амерыку, б.ч.Цэнтр. Амерыкі (на Пн да Мексіканскага нагор’я), а-вы: Антыльскія, Багамскія, Вогненная Зямля, Галапагас, Фалклендскія, Хуан-Фернандэс. Жывёльны свет вельмі багаты. Сярод млекакормячых шэраг эндэмічных груп (атр. непаўназубых — браняносцы, ляніўцы, мурашкаедавыя; з грызуноў — агуці, марскія свінкі, шыншылы, учэпістахвостыя дзікабразы і інш.; з няпарнакапытных — ламы, тапіры; з сумчатых — апосумы, цэналеставыя; з драпежнікаў — пума, ягуар, акулярны мядзведзь, ацэлот, некалькі відаў сабачых і янотавых і інш.). Характэрны кровасысучыя лятучыя мышы. У рэках жывуць ламанціны і рачныя дэльфіны. Усе малпы належаць да групы шыраканосых: ігрункі, равуны, сапажу і інш.). Сярод птушак больш за 20 эндэмічных сям. — гаацыны, калібры, нанду, гарпіі, кондары, папугаі, туканы, тынаму і інш. Сярод паўзуноў — кайманы, кракадзілы, змеі (удавы, грымучыя і інш.), яшчаркі (ігуанавыя і інш.), бакашыйныя чарапахі. Сярод земнаводных — бязногія, вял. колькасць бясхвостых, у т. л. квакшы, піпавыя і інш. З рыб — піраньі, гіганцкая арапайма, дваякадыхальны лепідасірэн і інш. Характэрны павукі-птушкаеды, сярод насякомых — лістарэзы, буйныя дзённыя матылі, гіганцкія жукі (геркулес, насарог-актэон, браз. даўганогі арлекін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Лом ’ламачча, сухія, апаўшыя галіны’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., Сцяшк., Кл.), ломʼе ’тс’ (ТС), лу͡ом (Федар. Дад.); лом (луж, ло̂м, лим) ’тс’, ’куча галля’ (Касп., Сл. ПЗБ, ТС, ЛАПП), ’хвораст’ (ЛАПП), ’агонь, касцёр’ (мядз., Нар. лекс.; паст., Сл. ПЗБ), ’буралом’ (Др.-Падб.), ’лес’ (віц., Ів.; Вяр.), ’хатняе стар’ё’ (Шат.), ламяйко ’дробнае галлё, сукі’, ламы ’абцярэбленыя сукі дрэва, сабраныя ў кучы’ (Сцяшк.), ’сучча ў лесе, наваленае на зямлю’ (Нас.). Укр.лім, лом, валын.лумо́, рус.паўн., наўг.лом, польск.łom, каш.łȯm, зах.-прус.u̯ůmǝ, н.-луж.łom, чэш.lom, мар.łom, славац.lom, славен.lòm, серб.-харв.ло̑м, макед., балг.лом. Прасл.lomъ ’ламанне’ > ’нешта паламанае’ > ’ламачча’ > ’месца, дзе быў павалены лес’, ’пралом’ > ’расколіна ў зямлі, нізіна, яма з вадой, балота’ (параўн. рус.пск.лом ’балота’). Гл. Слаўскі, 5, 168–169. Утворана ад асновы lom‑, роднаснай з літ.lãmas ’частка, кавалак, кавалак зямлі’, гэтак жа і Аткупшчыкоў (Этимология–84, 193), lamãkas, lamañtas ’кавалак’, lìmti ’ламацца’, лат.limt ’згінацца пад цяжкай ношай’, ст.-прус.limtwei ’ламаць’, літ.ãp‑lamas ’нязграбны’, лат.aplams ’недарэчны’, а таксама, відавочна, алб.lëmë, lamë ’ток’, ’маслабойка’; ірл.laime ’сякера’, ст.-в.-ням.lam, ст.-ісл.lami ’кульгавы, пакалечаны’ (падрабязна агляд літаратуры гл. таксама Фасмер, 2, 515). Скок (2, 316) выводзіць lomъ з lomiti. Непакупны (Бел. лекс., 121 і Связи, 194), падаючы арэалы распаўсюджання лоўж і лом, мяркуе, што лом з’яўляецца ’перакладной’ (з балтыйскага láužas) лексемай.
Лом2 ’боль у касцях, ламота’ (Бяльк.) прымыкае да рускамоўнага арэалу, дзе лом ’ламота, артрыт, рэўматызм’. Укр.ломець ’тс’. Да лама́ць (гл.).
Лом3 ’жалезны лом’ (ТСБМ, Сцяшк., Яруш.), ветк.ламок ’тс’ (Мат. Гом.). Відавочна, пашырылася з рус. мовы. Да лом1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БАЛІ́ВІЯ (Bolivia),
Рэспубліка Балівія (República de Bolivia), дзяржава ў цэнтр.ч.Паўд. Амерыкі. Мяжуе на З з Перу і Чылі, на Пд з Аргенцінай і Парагваем, на У і Пн з Бразіліяй. Пл. 1098,6 тыс.км². Нас. 8,2 млн.чал. (1994). Афіц. сталіца — г.Сукрэ, фактычная — г.Ла-Пас. Падзяляецца на 9 дэпартаментаў. Дзярж. мовы іспанская, кечуа і аймара. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (6 жн.).
Дзяржаўны лад. Балівія — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1967. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады, узначальвае урад, адказвае за замежную палітыку і абарону краіны, мае права заканадаўчай ініцыятывы, выдае дэкрэты. Заканадаўчая ўлада належыць 2-палатнаму Нац. кангрэсу, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прэзідэнт і прызначаны ім урад.
Прырода. Балівія займае ўсх. частку Цэнтр. Андаў на З і вял. алювіяльныя раўніны на У. Паміж хрыбтамі Андаў — пласкагор’е Пуна (каля 4 тыс.м над узр. м.), якое абмяжоўваюць Зах. Кардыльера (г. Сахама, 6780 м) на З, Кардыльера-Рэаль і Цэнтр. Кардыльера на У. Карысныя выкапні: волава, свінец, цынк, медзь, серабро, вальфрам, берылій, сурма, вісмут, золата, сера, жал. руда; на ўсх. раўнінах радовішчы прыроднага газу і нафты. Клімат Пуны і Зах. Кардыльеры высакагорны, паўпустынны на З (ападкаў менш як 150 мм за год) і менш засушлівы на У (500—600 мм за год). Т-растудз. 9—11 °C, чэрв. 3—7 °C. На ўсх. схілах Андаў вышынная пояснасць клімату (ападкаў 1500—2000 мм за год). На ўсх. раўнінах клімат субэкватарыяльны (т-ра ад 17 да 28 °C, ападкаў каля 1000 мм за год). Рэкі на У належаць да бас. Амазонкі (Бені—Мамарэ). Пуна — замкнёны з усіх бакоў, пазбаўлены сцёку ў акіян міжгорны басейн з высакагорнымі азёрамі Тытыкака і Паапо, саланчакамі Кайпаса і Уюні. Расліннасць Пуны пераважна паўпустынная. У гарах вертыкальная пояснасць ландшафтаў. На раўнінах трапічныя лясы (на Пн) і саванны, зараснікі калючых хмызнякоў, рэдкалессі (на Пд). Жывёльны свет асабліва багаты і разнастайны ў трапічных лясах на Пн; на пласкагор’і Пуна водзяцца ламы, гуанака, альпака, грызуны, вадаплаўныя птушкі.
Насельніцтва. Каля 63% — індзейцы, пераважна народы кечуа і аймара (у горнай ч. краіны). Трэцюю частку насельніцтва складаюць іспанамоўныя метысы і крэолы, якія жывуць пераважна ў гарадах. Ёсць невял. групы еўрапейцаў, ураджэнцаў суседніх краін. Паводле веравызнання 95% католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 7,5 чал. на 1 км². Каля 90% яго сканцэнтравана ў Пуне, дзе шчыльнасць дасягае 20—30 чал. На 1 км². У гарадах жыве 51% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс.ж., 1992): Ла-Пас — 711, Санта-Крус — 695, Качабамба — 404, Арура — 183. Сярэдняя працягласць жыцця не перавышае 55 гадоў.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Балівіі насялялі індзейскія плямёны. У 14 ст. іх заваявалі інкі, у 1535—39 — іспанцы, якія далі краіне назву Верхняе Перу і далучылі ў 1542 да віцэ-каралеўства Перу, з 1776 — віцэ-каралеўства Рыо-дэ-Ла-Плата. Здабыча серабра (з 1545) прыносіла вял. даходы ісп. каланізатарам, што выкарыстоўвалі рабскую працу індзейцаў. Самае вял. паўстанне супраць жорсткай эксплуатацыі адбылося ў 1780—81 пад кіраўніцтвам Тупак-Амару II. У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 краіна вызвалена ад калан. прыгнёту войскамі С.Балівара, у гонар якога атрымала назву, у жн. 1825 абвешчана незалежнай. У 1836—39 у складзе канфедэрацыі Перу і Балівіі. Пасля абвяшчэння незалежнасці ў горназдабыўную прам-сць краіны стаў пранікаць замежны капітал. У выніку войнаў Балівіі з Чылі (1879—83) і Парагваем (1932—35) Балівія страціла выхад да Ціхага ак. і амаль 2/3 першапач. яе тэрыторыі, багатай волавам і салетрай. У 2-ю сусв. вайну Балівія — чл.антыгітлераўскай кааліцыі, але ў вайне не ўдзельнічала. У 1952 у краіне адбылася бурж.-дэмакр. рэвалюцыя, нацыяналізаваны алавяныя руднікі, праведзена агр. рэформа. Прэзідэнтам у 1952—56 і 1960—64 быў лідэр Нацыяналіст.рэв. руху В. Пас Эстэнсора. Пасля дзярж. перавароту 1964 у 1965 у краіне двойчы ўводзілася надзвычайнае становішча. У некаторых раёнах разгарнуўся партыз. рух (лідэр Э.Гевара), які быў разгромлены восенню 1967 з дапамогай ЗША. У 1967 прынята Канстытуцыя. На працягу ўсёй далейшай гісторыі становішча ў краіне вызначалася нестабільнасцю і барацьбой за ўладу розных ваен.-эканам. груповак. У 1980-я г. зроблены спробы пераходу краіны ад ваен. да грамадз. праўлення. На прэзідэнцкіх выбарах 1993 перамог лідэр Нацыяналіст.рэв. руху Г.Санчэс дэ Ласада, які заявіў пра намер працягваць удасканаленне ўведзенай у 1985 рыначнай мадэлі эканомікі краіны.
Балівія — чл.ААН з 1945, чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамер. асацыяцыі інтэграцыі, інш.міжнар. арг-цый; з 1979 чл. Руху недалучэння. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1994. Дзейнічаюць паліт. партыі і рухі: Левы рэв. рух, Нацыяналіст.рэв. рух, Нацыяналіст.дэмакр. дзеянне, Хрысціянска-дэмакр. партыя і інш. Буйнейшыя прафсаюзы — Балівійскі рабочы цэнтр і Нац. канфедэрацыя сялян.
Гаспадарка. Аснова гаспадаркі — гарнарудная прам-сць экспартнага кірунку. Валавы нац. прадукт за год на душу насельніцтва складае каля 750 дол. ЗША. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %): прам-сці каля 25 (у т. л. гарнаруднай 15), сельскай гаспадаркі 20, транспарту і сувязі 6, унутр. гандлю 11. Дзярж. сектар кантралюе 60% нафтаздабыўной, 100% нафтаперапр. і 70% гарнаруднай прам-сці. Каля 60% экспарту прыпадае на руды каляровых металаў. Вывозяцца канцэнтраты волава (4-е месца ў свеце), сурмы, вальфраму, медзі, свінцу, цынку, а таксама серабро і золата. Прыроднага газу здабываецца каля 6 млрд.м³ штогод, нафты — каля 1—2 млн.т. Невялікія з-ды для выплаўкі медзі ў Аруры і Качабамбе. Выпрацоўваецца 1,8 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі (1993). Аснову апрацоўчай прам-сці складаюць тэкст., харчасмакавая, метала- і нафтаперапр. галіны; развіваюцца каляровая металургія і нафтахім. прам-сць. Асн.прамысл. цэнтры: Ла-Пас, Санта-Крус, Сукрэ, Качабамба. У сельскай мясцовасці саматужныя і рамесніцкія харч., тэкст. і гарбарныя прадпрыемствы. Сельская гаспадарка не забяспечвае патрэб краіны, хоць у ёй занята палавіна працаздольнага насельніцтва. Агр. рэформа 1953—65 абмежавала буйное землеўладанне. Апрацоўваецца 3,25 млн.га (каля 3% тэр. краіны), лугі і паша займаюць 25%. Таварнае земляробства (рыс, цукр. трыснёг, бавоўнік, бананы, кава) на ўсх. схілах Андаў і на раўнінах, спажывецкае (кукуруза, пшаніца, бульба, ячмень, авёс, кінаа — мясц. проса) — на пласкагор’і Пуна. Жывёлагадоўля пашавая, разводзяць ламаў, альпака, авечак, козаў, буйн. раг. жывёлу, мулаў. У лясах нарыхтоўка драўніны, соку гевеі, кары хіннага дрэва, лісця кокі. Рыбалоўства на рэках і воз. Тытыкака. Транспарт чыгуначны і аўтамабільны. Даўж. (1992) чыгунак 3,9 тыс.км, аўтадарог — 38,9 тыс.км. Экспарт складае 705,4 млн.дол. ЗША, імпарт — 864,2 млн.дол. ЗША (1992). Вывозяцца пераважна канцэнтраты рудаў каляровых металаў, прыродны газ (трубаправоды ў Аргенціну і Чылі), драўніна, цукар, бавоўна. У імпарце пераважаюць харч. прадукты, бензін, трансп. сродкі, тавары нар. ўжытку. Гал.гандл. партнёры — ЗША і Аргенціна. Грашовая адзінка — балівійскае песа (балівіяна).
Літаратура. Развіваецца на ісп. мове, а таксама на мовах індзейцаў кечуа і аймара (пераважна фалькл. жанры). Асн.літ. помнік даісп. эпохі — балівійска-перуанская драма «Апу-Альянтай» (на кечуа; апубл. 1853). У калан. перыяд (пач. 16 ст. — 1825) пераважалі гісторыка-быт. хронікі. У канцы 18 — пач. 19 ст. на фарміраванне л-ры паўплывалі патрыят. публіцыстыка В.Пасаса Канкі, паэзія Х.І. дэ Санхінеса і паэта-індзейца Х.Уальпарымачы Майты. У 19 ст. панаваў рамантызм (паэты Р.Х.Бустамантэ, Н.Галінда, М.Х.Мухія, раманісты Н.Агірэ, М.С.Кабальера, С.Вака Гусман, драматургі Ф.Рэес Ортыс, Х.Расенда Гуцьерэс і інш.). У канцы 19 ст. ўзнік «кастумбрызм» — бытапісальныя аповесці і апавяданні Л.Ансаатэгі дэ Кампера, А.Самудыо, Х.Лукаса Хаймеса і інш.; у паэзіі пераважаў мадэрнізм, які арыентаваўся на франц. сімвалістаў, але захоўваў цікавасць да нац. тэмы (Р.Хаймес Фрэйрэ, Ф.Тамаё, Г.Рэйнальдс, Х.Э.Гера і інш.). На пач. 20 ст. з’явіліся рэалістычныя («Крэольскае жыццё» і «Бронзавая раса» А.Аргедаса, «У нетрах Патасі» і «Варварскія старонкі» Х.Мендосы) і сатыр. (А.Чырвечэса) раманы, сац. паэзія. З 1930-х г. у прозе ўзнікла т.зв. індыянісцкая л-ра пра жыццё індзейцаў (Аргедас, Р.Батэльё Гасальвес, А.Гільен Пінта, Н.Парда Валье і інш.). Асобнае месца ў л-ры 1950—60-х г. займае творчасць Х.Лары, стваральніка раманаў пра барацьбу індзейцаў за сац. справядлівасць. У 1960—70-я г. набылі вядомасць празаік Р.Прада Аропес (раман «Хто запальвае золак»), паэт П.Шымосе і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У 5—8 ст.тэр. Балівіі — адзін з цэнтраў культуры стараж. Амерыкі. У Тыяуанака (бераг воз. Тытыкака) захаваліся помнікі архітэктуры 1-га тыс. да нашай эры — 1-га тыс. нашай эры (узгорак-піраміда Акапана, комплекс Каласасая, «Палац саркафагаў»), скульптура (рэльефы «Варотаў Сонца»), маст. кераміка, тканіны, ювелірныя вырабы. Спалучэнне еўрап. узораў і мясц. традыцый прывяло да стварэння цікавай барочнай архітэктуры 18 ст. (Манетны двор і царква Сан-Ларэнса ў Патасі, палацы Вільявердэ і царква Сан-Франсіска ў Ла-Пасе і інш.), твораў выяўл. мастацтва (С. дэ ла Крус). З 18 ст. жывапіс прытрымліваўся еўрап. канонаў і меў пераважна рэліг. характар (М.Перэс дэ Альгуін). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры быў пашыраны эклектызм і мадэрн, з сярэдзіны 20 ст. ўзводзяцца грамадскія будынкі сучаснай архітэктуры. З 1920-х г. фарміравалася нац. школа выяўл. мастацтва. Мастакі С.Гусман дэ Рохас, Р.Бердэсіо, М.Эхіда, А.Рэке Мерувія, скульптары М.Нуньес дэль Прада, У.Альмарас, Э.Лухан звярталіся да гісторыі і сучаснага жыцця свайго народа, прыгажосці роднай прыроды. На ПдЗ краіны захаваліся традыцыі індзейцаў кечуа (ткацтва, ювелірныя вырабы), на ПнЗ — аймара (кераміка, разьба па камені, ткацтва).
Літ.:
Сашин Г.З. Боливия: Очерк новейшей истории. М., 1976;
Боливия: тенденции экон. и соц.-полит. развития. М., 1990;
Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972.
П.І.Рогач (прырода, гаспадарка).
Герб і сцяг Балівіі.Да арт.Балівія. Рэльеф калоны царквы Сан-Франсіска ў Ла-Пасе. 1743—84.Да арт.Балівія. Пласкагор’е Альтыплана ў раёне г. Ла-Пас і возера Тытыкака.Да арт.Балівія. Фрагмент партала царквы Сан-Ларэнса ў Патасі. 1728—44.