kumys, ~u

м. кумыс

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

КІСЛАМАЛО́ЧНЫЯ ПРАДУ́КТЫ,

прадукты харчавання, якія атрымліваюць зброджваннем малака з дапамогай малочнакіслых бактэрый. Падзяляюцца на прадукты малочнакіслага браджэння (сыракваша, смятана, тварог) і мяшанага малочнакіслага і спіртавога браджэння (кумыс, ацыдафілін, кефір, ражанка). Маюць у сабе бялкі, тлушчы, вітаміны. Добра засвойваюцца арганізмам, станоўча ўплываюць на мікрафлору кішэчніка, выкарыстоўваюцца ў дыетычным і лячэбным харчаванні пры дызентэрыі, атэрасклерозе, захворваннях страўнікава-кішачнага тракту, печані і інш.

т. 8, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НІ СВО́ЙСКІЯ,

няпарнакапытныя траваедныя жывёлы сям. коневых. Выведзены шляхам працяглай селекцыі ад дзікіх коней, пашыраных у Азіі і Афрыцы (у Еўропе вынішчаны). Прыручэнне пачалося ў 3-м тыс. да н. э. ў стэпах паміж р. Дон і Дняпро, у Паўд. Сібіры, Сярэдняй Азіі і інш. Існуе больш за 200 парод. Пашыраны ўсюды. Адрозніваюцца тыпам, экстэр’ерам, працаздольнасцю. Добра прыстасаваныя да бегу, маюць вял. сілу цягі, непераборлівыя, вынослівыя, даўгавечныя, з высокай малочнай і мясной прадукцыйнасцю. Лёгка паддаюцца дрэсіроўцы. Выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы на палявых і трансп. работах, у спорце; ад іх атрымліваюць розную прадукцыю (кумыс, мяса, лек. сывараткі, вакцыны, вырабы са скуры і інш.). На Беларусі найб. пашырана пародная група беларускіх запражных коней. Гадуюць таксама арабскую пароду верхавых коней, арлоўскую рысістую пароду, латвійскіх запражных коней, рускую рысістую пароду, рускую цяжкавозную пароду, тракененскую пароду, чыстакроўную верхавую пароду.

У залежнасці ад пароды выш. ў карку ад 50 да 185 см, маса ад 60 да 1500 кг. У жарабцоў 40 зубоў (12 разцоў, 4 іклы, 24 карэнныя), у кабыл іклаў няма. Валасяное покрыва кароткае (1—4 см). Жывуць каля 25 гадоў (зрэдку 40 і болей). Гл. таксама Конегадоўля, Конны завод.

т. 8, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРБЛЮДАГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі, якая займаецца развядзеннем і выкарыстаннем вярблюдаў. Развіта ў зоне пустынь, паўпустынь і сухіх стэпаў Азіі, Афрыкі і Паўн.-Усх. Еўропы. Гадуюць 2 віды вярблюдаў: аднагорбых (драмедараў) — жывёл гарачага клімату і двухгорбых (бактрыянаў), прыстасаваных да суровых, марозных зім. Ва ўсім свеце каля 11 млн. вярблюдаў (1995), найб. іх у краінах Паўн. Афрыкі (каля 7 млн. галоў, толькі аднагорбыя), Зах., Сярэдняй і Паўд. Азіі (ад Турцыі да Індыі, ад Аравіі да Казахстана і прыкаспійскіх тэр. Расіі; каля 2 млн. галоў, пераважна аднагорбыя, на Пн двухгорбыя), у Манголіі і на суседніх тэр. Расіі і Кітая (больш за 1 млн. галоў, толькі двухгорбыя). У некат. краінах Азіі распаўсюджаны гібрыды аднагорбых і двухгорбых вярблюдаў, якія вызначаюцца большымі памерамі, магутнасцю і вынослівасцю.

Вярблюдагадоўля — вельмі эканамічная галіна жывёлагадоўлі. Вярблюды круглы год пасуцца на пашы, кормяцца раслінамі, якія не паядаюць або мала паядаюць інш. свойскія жывёлы. Могуць піць саленаватую ваду. У неспрыяльныя для пашы перыяды іх падкормліваюць сенам, а ў час напружанай работы і ў злучны сезон — канцэнтраванымі кармамі. Уючны вярблюджы транспарт зараз страціў сваё значэнне, хоць характарызуецца высокай праходнасцю і таннасцю перавозак. Малако вярблюдзіц мае вял. колькасць тлушчаў, бялкоў і малочнага цукру, ідзе ў асн. на кумыс, з яго вырабляюць таксама масла і сыры. Мяса маладых (узрост 18—19 месяцаў), добра ўкормленых вярблюдаў, не саступае па пажыўных якасцях мясу буйн. раг. жывёлы; мяса жывёл, забітых ва ўзросце 19—20 гадоў, выкарыстоўваюць на прыгатаванне каўбасных вырабаў і кансерваў. Тлушч з гарбоў — каштоўны харч. прадукт. З шэрсці вырабляюць бобрык, трыкат. вырабы, фастрыгаваныя коўдры. Выкарыстоўваюцца таксама скуры. Ва ўсіх краінах, дзе развіта вярблюдагадоўля, вярблюды выкарыстоўваюцца як цяглавая жывёла. Развіта гадоўля вярблюдаў для спартыўных мэт. У многіх краінах вядзецца селекцыйная работа і стварэнне новых парод вярблюдаў.

т. 4, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)