насякомае падатрада даўгавусых атрада двухкрылых. Пашыраны ва ўсім свеце, за выключэннем пустынь. Жывуць каля вадаёмаў, у сырых мясцінах, балотах. Лічынкі і кукалкі развіваюцца ў стаячай вадзе.
Даўж. да 8 мм. Ногі доўгія, вусікі ў самцоў перыстыя, у самак э кароткімі рэдкімі валаскамі. Ротавыя органы колючыя. Самкі кормяцца крывёю пазваночных жывёл і чалавека, самцы — сокам і нектарам раслін, лічынкі — водарасцямі і арган. рэшткамі. Зімуюць самкі. Могуць пераносіць узбуджальнікаў хвароб жывёл і чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЛО́НЫ (Parnassius),
род дзённых матылёў сям. паруснікаў, або кавалераў, атр. лускакрылых. Сустракаюцца пераважна ў горных раёнах Еўразіі, лакальна на раўнінах. На Беларусі трапляюцца апалон чорны (P. mnemosyne) і апалон (P. apollo) — рэдкія віды, занесеныя ў Чырв. кнігу.
Размах белых крылаў да 9 см, пярэднія крылы з 2—5 чорнымі плямкамі, заднія з чырвонымі. Апалон чорны па памерах меншы і без чырвоных плямак на крылах. Лёт у чэрв.—жніўні. Вусені чорныя з 2 радамі чырвоных плямак, кормяцца ў крас.—маі лісцем чубаткі, скочак і заечай капусты. Жывуць групамі. Кукалкі на глебе. Зімуюць у абалонцы яйца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСАМІ́ТНІЦЫ, сатыры,
вочкі (Satyridae),
сямейства насякомых атр. лускакрылых, або дзённых матылёў. Касмапаліты. У сусв. фауне каля 2 тыс. відаў. У трапічных лясах Паўд. Амерыкі жывуць своеасаблівыя аксамітніцы калітэры (Callitaera). На Беларусі 21. Найб. пашыраны сенніца, малы лясны сатыр (Hipparchia alcyone), матыль мяцёлчаты (Lasiommata maera).
Дзённыя матылі сярэдніх і буйных памераў. Крылы ў размаху да 10 см, часта шырокія, цёмнаафарбаваныя, з невял. вокападобнымі плямамі. Пярэднія ногі недаразвітыя. Вусені ўкрыты кароткімі валаскамі або голыя, верацёнападобныя, развіваюцца пераважна на дзікарослых злаках і пальмах. Вусені, зрэдку кукалкі, яйцы зімуюць з развітым зародкам; даюць часцей адно пакаленне за год.
Аксамітніцы: 1 — чарнушка-Медуза і яе вусень; 2 — калітэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́ЙНІКІ (Rhantus),
род жукоў сям. плывунцоў. 82 віды. Жывуць у стаячых або з павольным цячэннем водах сажалак, рачных затокаў, лясных рэк і ручаёў, часовых вадаёмаў. На Беларусі 9 відаў. Часцей трапляюцца глейнік плямагруды (Rh. notatus), глейнік чарнабрухі (Rh. suturellus) і глейнік жаўтабрухі (Rh. exoletus). Глейнік невядомы (Rh. incognitus) занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. 7—14 мм. Цела круглаватае, злёгку пукатае. Пярэдняспінка жоўтая, зрэдку з чорнай плямай пасярэдзіне. Надкрылы жоўтыя са шматлікімі чорнымі крапінкамі. Лічынкі з падоўжаным целам, рухомыя. Кукалкі развіваюцца на сушы. Дарослыя і лічынкі драпежнікі. Пры масавым размнажэнні шкодзяць рыбнай гаспадарцы. Адначасова карысныя — знішчаюць лічынак і кукалак камароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАНЦЫ́камары-дзергуны
(Chironomidae),
сямейства двухкрылых падатр. даўгавусых. Каля 10 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Лічынкі і кукалкі пераважна водныя, жывуць у прэсных застойных вадаёмах у глеі, літаральнай зоне мораў, некат. ў вільготнай глебе і інш. Дарослыя часта вечарам вял. раямі лунаюць у паветры са звонам (адсюль назва). На Беларусі найб. пашыраны З. апушаны (Chironomus plumosus).
Даўж. 1—15 мм. Цела падоўжанае з пукатымі грудзямі. У некат. на брушку жоўтыя і чорныя перавязкі. Ногі доўгія, хабаток кароткі Крылы празрыстыя. У самцоў доўгія перыстыя вусікі. Ротавы апарат рэдукаваны, дарослыя не кормяцца. Лічынкі кормяцца водарасцямі, дэтрытам, бактэрыямі, ёсць драпежнікі, некат. — паразіты губак, малюскаў, аўсянікаў. Лічынкі — корм для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУБАЕ́ДЫ (Hylesininae),
падсямейства жукоў сям. караедаў. Каля 1000 відаў. Пашыраны ўсюды, найб. трапляюцца ў лясной і лесастэпавай зонах умеранага пояса Паўн. паўшар’я. На Беларусі 19 відаў, найб. пашыраны 4 віды: Л. вялікі хваёвы (Blastophagus piniperda), Л. малы хваёвы (B. minor), Л. вялікі яловы (Dendroctonus micans) і Л. пушысты (Polygraphus polygraphus).
Даўж. да 12 мм, цела цыліндрычнае, карычневае, бурае або чорнае. Лічынкі бязногія, голыя, крыху выгнутыя. Кукалкі белыя. Жукі і лічынкі пракладваюць хады пад карой, у абалоне, лубе (адсюль назва) дрэў і кустоў. Шкоднікі насаджэнняў.
Лубаеды: 1 — вялікі яловы; 2 — вялікі хваёвы; 3 — малы хваёвы (а — жук; б — лічынка; в — пашкоджаныя галінка і дрэва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІМФАЛІ́ДЫ (Nymphalidae),
сямейства насякомых атр. матылёў. Самае шматлікае і пашыранае сярод дзённых матылёў. Больш за 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва разнастайныя ў тропіках. На Беларусі 36 відаў (4 падсям., 11 родаў); шырока вядомы крапіўніцы. пераліўніцы, перламутраўкі, шашачніцы і інш. Трапляюцца на лугах, лясных палянах, узлесках, садах, парках.
Размах крылаў да 18 см (на Беларусі — да 7 см). Афарбоўка пераважна яркая, стракатая. Вусікі булавападобныя або расшыраныя на канцы Пярэднія ногі ўкарочаныя, без кіпцюркоў. Вусені ўкрыты шыпападобнымі скуранымі вырастамі. Кормяцца лісцем дрэў, кустоў, травяністых раслін. Кукалкі вуглаватыя, часта з метал. бляскам, звісаюць уніз галавой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБЛЮ́ДКІ (Raphidioptera),
атрад насякомых, 2 сям., каля 100 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі ў вільготных лясах трапляюцца 4 віды, найб. пашыраны вярблюдка танкавусая (Raphidioptera ophiopsis) і бязвочка таўставусая (Inocellia crassicornis).
Даўж. 15—20 мм. Сілуэт пярэдняй ч. цела ў профіль нагадвае галаву і цела вярблюда (адсюль назва). 2 пары празрыстых крылаў, у спакоі складваюцца стрэхападобна, заднія вузейшыя і карацейшыя за пярэднія. Ротавыя органы грызучыя, вусікі шматчленікавыя. Брушка падоўжанае, у самкі з доўгім яйцакладам. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі развіваюцца 2 гады. Кукалкі рухомыя. Лічынкі жывуць у шчылінах і пад карой дрэў, дарослыя — на дрэвах. Вярблюдкі і іх лічынкі знішчаюць насякомых, асабліва тлей і вусеняў.
Вярблюдкі: 1 — танкавусая і яе лічынка; 2 — бязвочка таўставусая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РУСНІКІ, кавалеры (Papilionidae),
сямейства дзённых матылёў атр. лускакрылых. Больш за 20 родаў, каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей; асабліва шматлікія і разнастайныя ў тропіках. Жывуць пераважна на травяністых раслінах, трапляюцца на кустах і дрэвах. На Беларусі 4 віды: апалон, махаон, падалірый і апалон чорны, або мнемазіна; усе занесены ў Чырв. кнігу.
Крылы ў размаху да 25 см, шырокія; заднія з выемкай на баку, у многіх відаў заканчваюцца падоўжаным вырастам. Афарбоўка крылаў яркая, разнастайная. Вусікі булавападобныя. Развіццё з поўным ператварэннем. Вусені масіўныя, стракатыя, кукалкі зялёныя ці бурыя.