ПІ́ФАС (грэч. pithos),

вялікая гліняная пасудзіна, пашыраная ў крыта-мікенскую і антычную эпохі для захоўвання збожжа і інш. гасп. прыпасаў. П. мелі яйцападобную форму і ў вышыню дасягалі 1,5—2 м. Эгейскія П. ўпрыгожвалі рэльефным фрызападобным арнаментам. Звычайна П. укопвалі ў глебу і зверху клалі на яго каменную ці гліняную накрыўку.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кры́ты прич., прил. кры́тый;

к. го́нтамі — кры́тый го́нтом;

к. ры́нак — кры́тый ры́нок;

◊ шы́та-кры́та — ши́то-кры́то

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

кры́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад крыць (у 1, 2 і 4 знач.).

2. у знач. прым. Які мае страху, дах, верх. Крыты ток. Крыты ганак. □ Купляй вопратку шытую, а хатку крытую. З нар.

•••

Шыта-крыта гл. шыты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МІ́НАС (Minōs),

легендарны цар Кноса (на в-ве Крыт), герой шматлікіх грэч. міфаў, у т. л. пра Тэсея і Мінатаўра, Дэдала і Ікара і інш. Лічыўся сынам Зеўса і Еўропы. Стараж.-грэч. гіст. традыцыя прыпісвае яму стварэнне першага на Крыце заканадаўства і магутнай марской дзяржавы, якая ў 17—15 ст. да н.э. панавала на Эгейскім м. Сучасная гістарыяграфія ўмоўна падзяляе стараж. гісторыю Крыта на 3 мінойскія перыяды (ад імя М.).

т. 10, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РНІЯ (Gurnia),

старажытны горад позняга бронзавага веку на ўсх. беразе в-ва Крыт (Грэцыя); адзін з цэнтраў крыта-мікенскай культуры. Паселішча ўзнікла ў 3-м тыс. да н.э. Каля 1600 да н.э. мінойцы пабудавалі тут палац, вакол якога з 1550 да н.э. ўтвараецца горад. Жытлы гараджан размяшчаліся ўздоўж 3 вуліц, якія акружалі палац і невял. пляцоўку для грамадскіх сходаў. У 15 ст. да н.э. Гурнія — буйны цэнтр. металургіі. Разбураны каля 1400 да н.э.

т. 5, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫТО́Н (грэч. rhytōn ад rheō цяку),

старажытная рогападобная пасудзіна ці рог для піцця з невял. адтулінай у ніжнім вузкім канцы. Выраблялі з рогу, металу, гліны, слановай косці і шкла, упрыгожвалі рэльефамі і гравіроўкай. Часам Р. мелі на канцы скульптурную выяву. Былі вядомы ў насельніцтва крыта-мікенскай культуры (2-е тыс. да н.э.), пашыраны ў стараж. Грэцыі, Індыі, Персіі, Месапатаміі, Сірыі, Малой Азіі, Рыме, часткова ў Егіпце. У жал. веку знаходкі Р. адзначаны на археал. помніках Польшчы і Літвы.

т. 13, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫКЛАПІ́ЧНЫЯ ПАБУДО́ВЫ,

збудаванні з вял. каменных глыб без сувязнога раствору. Назва паходзіць са Стараж. Грэцыі, дзе такія збудаванні прыпісвалі міфічным волатам — цыклопам. Рэшткі Ц.п. вядомы ва ўсіх частках свету. Яны з’явіліся ў 3—2-м тыс. да н.э. як культавым і абарончыя збудаванні. Тэхніка Ц.п. пашырана ў Міжземнамор’і (а-вы Балеарскія, Мальта, Сардзінія). Найб. вядомы Ц.п. Крыта-мікенскай цывілізацыі (Тырынф, Мікены і інш.), крэпасці дзярж. Урарту (Тушпа і інш.), стараж. збудаванні андскіх народаў (інкі) і інш.

А.​Г.​Зельскі.

т. 17, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́Я-ТРЫЯ́ДА (Hagia Triada),

паселішча неаліту і бронзавага веку каля в. Агія-Трыяда на в-ве Крыт, адзін з цэнтраў крыта-мікенскай культуры. Захаваліся рэшткі палаца («царскай вілы»), пабудаванага мінойцамі каля 1600 да н.э. Складаўся з жылых і інш. памяшканняў, упрыгожаных фрэскамі, ванных пакояў, тэрас. Выяўлены культавае памяшканне з алтаром і ахвярныя рэчы (статуэткі, посуд і інш.), керамічны саркафаг з выявамі сцэн пахавальнага рытуалу. Заняпад Агія-Трыяды звязаны з нашэсцем ахейцаў (сярэдзіна 15 ст. да н.э.).

Да арт. Агія-Трыяда. Ваза з палаца. Каля 1500 да н.э.

т. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мінойская культура 7/214; 11/403, 404, гл. Крыта-мікенская культура

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛІЯ,

рэшткі горада эпохі бронзы на паўн.-ўсх. узбярэжжы в-ва Крыт (Грэцыя), каля аднайм. паселішча; адзін з цэнтраў крыта-мікенскай культуры. Даследаваны: палац, пабудаваны мінойцамі каля 1900 да н.э., жылыя кварталы горада, некропаль. Сярод знаходак бронзавы меч з дзяржаннем са слановай косці, абкладзеным золатам і завершаны галоўкай з крышталю; кінжал з залатым дзяржаннем; каменная сякера з разным верхнім рабром з выяваю гатовага да скачка леапарда на прывязі. Пасля землетрасення 1750 да н.э. горад быў перабудаваны і існаваў прыблізна да 1450 да н.э.

А.​В.​Лоў.

Бірулькі ў выглядзе 2 пчол. Пахаванне каля Маліі. 2000 да н.э.

т. 10, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)