вярчальнае звяно крывашыпнага механізма, якое пераўтварае вярчальны рух у зваротна-паступальны і наадварот. Складаецца з некалькіх сувосевых карэнных шыек, што апіраюцца на падшыпнікі, і аднаго або некалькіх кален, шыйкі якіх злучаны з шатунамі. К.в. бываюць літыя і каваныя, суцэльныя і састаўныя. Робяцца з вугляродзістых і легіраваных сталей або высокатрывалага чыгуну. Выкарыстоўваюцца ў поршневых рухавіках, помпах, кампрэсарах, кавальска-прэсавых машынах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ко́рба
(польск. korba, ад ням. Kurbe)
ручка ў выглядзе загнутага прута, пры дапамозе якой прыводзіцца ў рух які-н. механізм; крывашып.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ПРАМЫСЛО́ВЫ РО́БАТ,
стацыянарны або перасоўны робат для выканання рухальных і кіроўных функцый у вытв. працэсах. Мае выканаўчае прыстасаванне ў выглядзе маніпулятара і перапраграмавальнае прыстасаванне праграмнага кіравання. Выкарыстоўваюцца пры перамяшчэнні і ўтрыманні прадметаў працы, замене інструментаў і тэхнал. аснасткі, перамяшчэнні грузаў і інш. Працуе самастойна або ў складзе рабатызаваных тэхналагічных комплексаў.
Характэрныя адзнакі П.р.: аўтам. кіраванне і перапраграмавальнасць (здольнасць да хуткай аўтам. або з дапамогай чалавека-аператара замене кіроўнай праграмы); наяўнасць некалькіх ступеняў рухомасці і гібкай сістэмы кіравання, многафункцыянальнасць (перастройка на розныя тэхнал. працэсы). Гэта дае магчымасць спалучаць П.р. з тэхнал. абсталяваннем, якое мае лікавае праграмнае кіраванне і лёгка пераналаджваецца. Паводле тыпу сістэм кіравання адрозніваюць 3 пакаленні П.р.; праграмныя (перапраграмаванне робіцца чалавекам, пасля чаго робат дзейнічае аўтаматычна), адаптыўныя (могуць у пэўнай ступені аўтаматычна перапраграмавацца — адаптавацца да навакольных абставін, якія загадзя вызначаны недакладна), інтэлектныя (заданне ўводзіцца чалавекам, а робаты маюць магчымасць прымаць рашэнні і планаваць свае дзеянні ў абставінах, якія не вызначаны або мяняюцца). Кожнае пакаленне П.р. мае самаст. значэнне і ўдасканальваецца па сваіх тэхн. даных. Паводле характару выконваемых аперацый П.р. падзяляюцца на групы: тэхнал., спец. і універсальныя. П.р. з’явіліся ў 1930-я г. ў сувязі з аўтаматызацыяй вытворчасці. Гл. таксама Робататэхніка, Рабатызацыя.
Літ.:
Козырев Ю.Г. Промышленные роботы: Справ. 2 изд. М., 1988;
Механика промышленных роботов. (Кн.) 1—3. М., 1988—89;
Борисенко Л.А., Самойленко А.В. Механика промышленных роботов и манипуляторов с электроприводом. Мн., 1992;
Гибкие производственные системы... Кн. 5. Промышленные роботы. М., 1990;
Проектирование и разработка промышленных роботов. М., 1989;
Белянин П.Н. Кинематические схемы, системы и элементы промышленных роботов. М., 1992.
А.В.Самойленка.
Прамысловыя робаты: а — падлогавы з шматзвёнавай рукой (1 — паваротны корпус; 2, 6 — электрарухавікі; 3 — вінтавая пара; 4, 5 — звёны рукі; 7 — крывашып); б — падлогавы з лікавым праграмным кіраваннем (1 — аснова; 2, 3 — прыводы гарызантальнага і вертыкальнага перамяшчэнняў; 4, 5 — прыводы перамяшчэнняў па каардынатах θ і α; 6 — захопнае прыстасаванне); в — падвесны (θ, Z, X, R, α — каардынаты перамяшчэнняў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІ́ЗМ (ад грэч. mēchanē прылада, машына),
1) сістэма злучаных паміж сабой цел (звёнаў) для пераўтварэння (перадачы, узнаўлення) руху аднаго або некалькіх цел у патрэбныя рухі інш. цел; аснова машын, апаратаў, прылад, тэхн. прыстасаванняў. Звычайна ў М. ёсць уваходнае (вядучае) звяно, што атрымлівае рух ад якога-н. рухавіка, і выхадное звяно, злучанае з нейкім рабочым органам.
Звяно М. можа складацца з 1 або некалькіх нерухома злучаных дэталей. Спалучэнне 2 судатыкальных звёнаў, якое дапускае іх адносны рух, наз.кінематычнай парай. Найб. пашыраныя кінематычныя пары: вярчальная (шарнір), паступальная (паўзун і накіравальная), вінтавая (вінт і гайка), сферычная (шаравы шарнір). Перадатачныя М. — карданныя (гл.Карданны шарнір), а таксама зубчастыя, ланцуговыя і інш.перадачы; пераўтваральныя (узнаўляльныя) — крывашыпныя механізмы, кулачковыя механізмы, кулісныя механізмы, шарнірныя механізмы, мальтыйскія. М. наз.гідраўл. або пнеўматычным, калі ў пераўтварэнні руху, акрамя цвёрдых цел (звёнаў), удзельнічаюць вадкасці або газы. Адрозніваюць таксама М.: плоскія (траекторыі руху пунктаў усіх звёнаў ляжаць у паралельных плоскасцях) і прасторавыя (траекторыі ляжаць у непаралельных плоскасцях або некат. з іх з’яўляюцца прасторавымі крывымі; прасторавымі з’яўляюцца, напр., чарвячныя перадачы, шарнірныя муфты, часткі некат. маніпулятараў); М. рухавікоў, пераўтваральнікаў, прылад; кіроўныя, выканаўчыя механізмы і інш.Найб. пашыраны М. з 1 ступенню свабоды, у якіх для пэўнага руху ўсіх звёнаў трэба задаць закон руху аднаго (вядучага) звяна; ёсць і М. з 2 ступенямі свабоды (напр., дыферэнцыялы ў трансп. сродках). Рухі М. і іх звёнаў, рэакцыі элементаў кінематычных лар вывучаюць кінематыка механізмаў, кінетастатыка механізмаў, дынаміка механізмаў і машын, метады даследавання і праектавання М. складаюць ч.механізмаў і машын тэорыі. Унутр. будова, сістэма чаго-н., парадак якога-н. віду дзейнасці (напр., дзярж. М. кіравання, гасп. М.).
3) Сукупнасць і паслядоўнасць станаў, стадый, працэсаў, з якіх складаецца якая-н. фіз., хім., фізіял. і падобная з’ява (напр., М. выпрамянення, М. хім. рэакцыі, М. мыслення).
Артоболевский И.И. Механизмы в современной технике Т. 1—2. М., 1970—71;
Кожевников С.Н. Основания структурного синтеза механизмов. Киев, 1979.
У.М.Сацута.
Механізмы: а — зубчастай перадачы з эліптычнымі коламі; б — крывашыпна-кулісны для пераўтварэння вярчальнага руху ў паступальны (1 — куліса, 2 — крывашып, 3 — паўзун); в — мальтыйскі для пераўтварэння неперарыўнага вярчальнага руху ў перарывісты (1 — вядучы дыск, 2 — вядзёны дыск, т.зв. мальтыйскі крыж); г — зубчастай рэйкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МПА (франц. pompe),
машына (апарат, прылада) для напорнага перамяшчэння (нагнятання, усмоктвання) вадкасці або мех. сумесі вадкасці з цвёрдымі часцінкамі. Бываюць мех., цеплавыя і электрамагнітныя пампы. П. наз. таксама прыстасаванні для стварэння і падтрымання вакууму (вакуумныя помпы), для перамяшчэння матэрыялаў (бетонапомпы, растворапомпы, грунтавыя П. і інш.). Выкарыстоўваюцца ў нафтаперапрацоўчай і горнай прам-сці, сістэмах водазабеспячэння і каналізацыі, у гідратэхніцы, цеплаэнергетыцы, машынабудаванні і інш.
Найб. пашыраныя мех. П. падзяляюцца на дынамічныя (у іх вадкае асяроддзе перамяшчаецца пад сілавым уздзеяннем на яго ў камеры, якая пастаянна злучана з уваходам і выхадам П.) і аб’ёмныя (вадкасць перамяшчаецца ў выніку перыяд. змен аб’ёму камеры, што папераменна злучаецца з уваходам і выхадам П.). Дынамічныя П.: лопасцевыя (цэнтрабежныя і восевыя), віхравыя, чарпаковыя, П. трэння — шнэкавыя (у т. л. лабірынтныя), дыскавыя і струменныя помпы (у т. л.гідраэлеватары, інжэктары). Аб’ёмныя П.: ротарныя (у т. л. вінтавыя, шасцерневыя, пласціністыя. радыяльна-поршневыя, аксіяльна-поршневыя помпы), зваротна-паступальныя (поршневыя, плунжэрныя, дыяфрагмавыя) і інш. Звычайна П. разам з рухавіком і перадачай уваходзіць у склад помпавага агрэгата, якія разам з трубаправодамі, рэзервуарамі для вадкасці, засаўкамі і інш. арматурай, кантрольна-вымяральнымі прыладамі складае помпавую ўстаноўку. П. — асн. абсталяванне помпавых станцый рознага прызначэння. Для перамяшчэння газаў звычайна выкарыстоўваюць кампрэсары. Першую П. (поршневую) вынайшаў стараж.-грэч. механік Ктэсібій (каля 2—1 ст. да н.э.). Вярчальныя П. (ротарныя) апісаны франц.інж. А.Рамелі ў 1588, ротарныя колаваротныя (правобраз сучасных зубчастых) — І.Лейрэхонам у 1624. Цэнтрабежная П. прапанавана франц. вучоным Д.Папенам (1689), віхравая — ням.інж. С.Хіншам (1920). У Расіі цэнтрабежныя П. пачалі вырабляць з 1880, восевыя ў СССР — з 1932.
На Беларусі цэнтрабежныя П. для розных галін прам-сці і камунальнай гаспадаркі выпускае Бабруйскі машынабуд. з-д, аксіяльна-поршневыя — гомельскі з-д «Гідрапрывод».
У.М.Сацута.
Схемы помпаў: а — цэнтрабежнай (1 — рабочае кола, 2 — вадкасць); б — восевай (1 — лопасці рабочага кола, 2 — накіравальны апарат); в — шасцерневай (1 — рабочыя шасцерні, 2 — засцерагальны клапан, 3 — усмоктвальная адтуліна); г — пласціністай (1 — ротар, 2 — пласціна, або шыбер); д — радыяльна-поршневай (1 — ротар, 2 — поршань, 3—4 — поласці ўсмоктвання і нагнятання); е — поршневай (1 — рабочая камера, 2 — поршань, 3 — шток, 4 — шатун, 5 — крывашып, 6 — махавік, К — клапаны); ж — плунжэрнай (1—2 — усмоктвальны і нагнятальны клапаны, 3 — плунжэр); з — дыяфрагмавай (1 — дыяфрагма, 2—3 — нагнятальны і ўсмоктвальны клапаны).