фаза гіст. развіцця, якая прыходзіць на змену індустрыяльнаму грамадству. Характарызуецца трансфармацыяй усіх форм грамадскага жыцця на базе навук.-тэхн. рэвалюцыі; асаблівая роля адводзіцца інфармацыі, навуцы і кіраванню. Тэарэтычна абгрунтавана ў 1970-я г. ў працах амер. сацыёлагаў і палітолагаў Д.Бела, З.Бжазінскага (тэорыя тэхнатроннага грамадства), Р.Дарэндорфа (посткапіталіст. прамысл. грамадства), А.Тофлера (звышіндустр., інфарм. грамадства), франц. вучоных А.Турэна, Ж.Фурасцье і інш.Асн. прыкметы П.г.: стварэнне эканомікі паслуг, дамінаванне слоя навук.-тэхн. спецыялістаў, цэнтр. роля тэарэт. ведаў як крыніцы новаўвядзенняў і паліт. рашэнняў. На сучасным этапе развіцця П.г. вылучаюць неатэхнакратычную і гуманітарна-экалагічную пазіцыі, збалансаванасць якіх з’яўляецца гал. умовай развіцця грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХВЯРАПРЫНАШЭ́ННЕ,
абрад прынясення дароў Богу (багам), духам, святым і інш.; абавязковая частка рэліг. культу. Ахвярапрынашэнне звязваюць з традыцыяй задабрэння і ўміласціўлення духаў, з верай у чарадзейную сілу ахвярнай жывёлы і інш. У гісторыі ўсіх рэлігій вядомы розныя формы ахвярапрынашэння — ад простых («пырсканне», «узліванне» ў гонар духаў і багоў перад ежай і піццём, кармленне фетышаў) да крывавых і жорсткіх чалавечых ахвярапрынашэнняў у некаторых стараж. народаў. Паводле хрысц. вучэння, Ісус Хрыстос, які прыняў смерць на крыжы, прынёс сябе ў ахвяру за ўсіх людзей і гэтым пазбавіў іх ад неабходнасці ахвярапрынашэння. Тым не менш ахвярапрынашэнне ў хрысціянстве захавалася ў форме прычашчэння святых дароў, прынашэнняў у храмы, каджэння фіміямам і гэтак далей. Разнавіднасцю ахвярапрынашэння можна лічыць манаства, рэліг. аскетызм, царк. пасты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫСТЫ́П (Aristipos) з Кірэны
(каля 435 — каля 366 да нашай эры),
старажытнагрэчаскі філосаф. Вучань Сакрата. Заснавальнік кірэнскай школы, адзін з пачынальнікаў геданізму ў этыцы. Паводле Арыстыпа, чалавечаму пазнанню даступныя толькі пачуцці, уласныя станы, прыемныя ці прыкрыя, а не існуючыя аб’ектыўна знешнія рэчы; успрыманні іншых людзей для чалавека недасягальныя, ён можа абапірацца толькі на іх выказванні. Таму Арыстып аддаваў перавагу практычнаму, а не тэарэтычнаму пазнанню. Найвышэйшую мэту жыцця бачыў у асабістым здавальненні, але, паводле Арыстыпа, чалавек не павінен падпарадкоўвацца яму, а імкнуцца да разумнай асалоды. Здавальненне і пакуты лічыў мерай дабра і зла, ісціны і хлусні. Сцвярджаў, што не трэба шкадаваць аб мінулым ці баяцца будучыні, у мысленні, як і ў дзеяннях, трэба надаваць значэнне толькі сучаснаму, якім можна вольна распараджацца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РНАЛ ((Bernal) Джон Дэсманд) (10.5.1901, г. Ніна, Ірландыя — 15.9.1971),
англійскі фізік, філосаф, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў навуказнаўства. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1937) і АН шэрагу краін, у т. л.СССР. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1922). Аўтар навук. прац у галіне фізікі, крышталяграфіі, біяхіміі, філас. праблем прыродазнаўства. У працах «Сацыяльная функцыя навукі» (1938), «Навука і грамадства» (1953), «Навука ў гісторыі грамадства» (1954) і інш. абагульніў дасягненні навукі ў цэлым, раскрыў яе філас. значэнне і ролю ў гісторыі чалавецтва, узаемасувязь навукі, тэхнікі і сац. умоў жыцця грамадства. Увёў у навук. ўжытак паняцце «навукова-тэхнічная рэвалюцыя», распрацаваў цэласную канцэпцыю дыялектыкі і перспектыў яе развіцця. У кн. «Свет без вайны» (1958) паказаў перспектывы мірнага выкарыстання дасягненняў навукі на карысць чалавецтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАА́Н ДАМАСКІ́Н (Iōannēs Damaskēnos; каля 675, г. Дамаск, Сірыя — каля 749),
візантыйскі багаслоў, філосаф, паэт. Відаць, быў набліжаным да халіфа, потым манахам (да 700). Выступаў як вядучы ідэйны праціўнік іканаборства. Завяршальнік і сістэматызатар грэч.патрыстыкі. На аснове арыстоцелеўскай логікі стварыў асновы схаластычнага метаду (гл.Схаластыка), што пазней развіты сярэдневяковымі тэолагамі Захаду. Яго гал. твор «Крыніца ведаў» паўплываў на погляды многіх тэолагаў. У гісторыі л-ры ён вядомы як паэт, аўтар царк. песнапенняў. Яго творы распаўсюджваліся і ва ўсх.-слав. краінах (Грузіі, Стараж. Русі і інш.). Верагодна, аўтар рамана «Варлаам і Іасаф».
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Антология мировой философии;
М., 1969. Т. 1, ч. 2. С. 621—26;
Памятники византийской литературы IV—IX вв. М., 1968. С. 270—280.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́МАНТ (ад лац. momentum рухаючая сіла, штуршок) у філасофіі, вельмі кароткі прамежак часу, міг, імгненне, калі наступае, здзяйсняецца што-н.; істотныя абставіны, састаўная частка, асобны бок якой-н. з’явы (напр., станоўчы М.). Г.Гегель увёў паняцце для абазначэння састаўной часткі вял. цэлага, якая вылучана паводле якаснага ці дынамічнага, але не прасторавага ці мех. прынцыпу (напр., М. светапогляду ў сац. рэвалюцыі). У псіхалогіі М. наз. розныя пачуцці валявога дзеяння. Да іх адносяцца М. вобраза, формы, структуры (гештальта) пры аналізе цэласнай структуры псіхічных працэсаў, якая вызначаецца ўзаемадзеяннем і ўзаемазалежнасцю асобных частак (распазнаванне мелодыі ў розных танальнасцях яе выканання і інш.), а не іх сумай. Гл. таксама Момант у тэорыі імавернасцей, Момант імпульсу, Момант інерцыі, Момант сілы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЎНА́ЛЬНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
навука пра заканамернасці, паходжанне, развіццё псіхікі жывёл і чалавека, пра падабенства і адрозненне ў іх псіхічнай дзейнасці. Фарміраванне П.п. звязана з працамі Ж.Б.Ламарка, Ч.Дарвіна, У.А.Вагнера. Параўнальна-псіхал. аналіз будуецца на звестках зоапсіхалогіі, псіхалогіі чалавека і накіраваны на выяўленне ў анта- і філагенезе зыходных псіхічных працэсаў жывёл і чалавека і якасных адрозненняў чалавечай псіхікі ад псіхікі жывёл. Асаблівае значэнне мае ўлік сац.-гіст фактараў, якія вызначылі ўзнікненне і развіццё чалавечай свядомасці (прац. дзейнасць, грамадскае жыццё, членараздзельная мова). Даныя П.п. маюць вял. значэнне для вырашэння розных праблем псіхалогіі, філасофіі, антрапалогіі, медыцыны, педагогікі (генет. аснова развіцця дзіцячай псіхікі) і інш. Параўнанне паводзін і псіхікі як неад’емная частка праблематыкі розных дысцыплін, у т. л. эталогіі, сацыябіялогіі, кагнітыўнай эталогіі і антрапалогіі, ператварылася ў міждысцыплінарную галіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬКАСЦЬ,
катэгорыя, якая выражае знешнюю акрэсленасць аб’екта: яго велічыню, лік, аб’ём, інтэнсіўнасць і ступень праяўлення той або інш. уласцівасці. Спробы спец. аналізу праблемы К. ўзыходзяць да піфагарэйцаў, якія вывучалі прыроду лікаў. Арыстоцель звязваў К. з магчымасцю падзелу аб’екта на складаныя часткі і адрозніваў К. раздзельную і непарыўную (мноства і велічыню), а гал. уласцівасцю К. лічыў роўнасць (няроўнасць). Р.Дэкарт разглядаў К. як рэальную прасторавую і часавую вызначанасць, якая выражаецца праз лік, меру, велічыню. Паводле Г.Гегеля, К. дыялектычна звязана з якасцю. Адзінства К. з якаснай акрэсленасцю з’яў, рэчаў і працэсаў рэчаіснасці складае іх меру. Змяненне колькаснай характарыстыкі аб’екта, якое дасягнула пэўнай меры, вядзе да змянення якасці (гл.Пераход колькасных змяненняў у якасныя). Вывучэнне колькасных адносін рэчаў прывяло ла распрацоўкі матэм. тэорый і дае магчымасць ужываць матэм. метады даследавання ў розных галінах ведаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙМАНІ́Д ((Maimonides) Майсей) (Машэ бен Майман; 30.3.1135, г. Кордава, Іспанія — 13.12.1204),
яўрэйскі ўрач, філосаф, тэолаг, кадыфікатар Галах (збору законаў). У 1148 з-за праследаванняў пакінуў Іспанію, жыў у Марока, Палесціне, з 1165 у Егіпце. У 1187 стаў прыдворным урачом каірскага султана Салах-ад-дзіна; рабін у Каіры. Упарадкаваў і растлумачыў паданні Талмуда. У 1190 у Егіпце на араб. мове апублікаваў свой гал.філас. твор «Даведнік для тых, хто сумняваецца», які неаднаразова перакладаўся і выдаваўся на іўрыце, лац., ням. і рус. мовах. У філас. творах М, як паслядоўнік Арыстоцеля, імкнуўся сінтэзаваць біблейскае адкрыццё і арабскі арыстацелізм. Яго творы паўплывалі на развіццё схаластыкі 13—15 ст., асабліва на Альберта Вялікага і Фаму Аквінскага. Прыхільнікам М. быў С.Майман.
Тв.:
Рус.пер. — Путеводитель колеблющихся // Григорян С.Н. Из истории философии Средней Азии и Ирана VII—XII вв. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́КА ДЭ́ЛА МІРА́НДАЛА ((Pico della Mirandola) Джавані) (24.2.1463, Мірандала, каля г. Модэна, Італія — 17.11.1494),
італьянскі мысліцель і вучоны эпохі Адраджэння, гуманіст. Вучыўся ва ун-тах Балонні, Ферары, Падуі, дзе заснаваў схаластычную традыцыю арыстоцелізму і авераізму; разам з тым успрыняў культуру філал. гуманізму. Вывучаў у арыгінале Стары запавет і Каран, цікавіўся кабалой і «натуральнай магіяй». У сваіх «900 тэзісах» (1486) імкнуўся да ўсеагульнага «прымірэння. філасофіі»; лічыў, што ўсе рэліг. і філас. школы — прыватныя праявы адзінай ісціны. Папская курыя асудзіла 13 яго тэзісаў і яго самога. Пазней жыў у Фларэнцыі, далучыўся да гуртка Л.Медычы і фларэнційскіх неаплатонікаў на чале з М.Фічына (платонаўская Акадэмія), напісаў трактаты «Гептаплус» (1490), «Пра сутнае і адзінае» (1496). У творы «Супраць прадказальнай астралогіі» (1495) адмаўляў астральны дэтэрмінізм на карысць свабоды чалавечай волі. Яго працы паўплывалі на будучую натурфіласофію.