старажытны горад, рэшткі якога знойдзены за 17 км на ПдЗ ад г.Керч. Важны апорны пункт на подступах да Пантыкапея — сталіцы Баспорскай дзяржавы. Пабудаваны ў сярэдзіне 1 ст.н.э., пл. каля 2 га. Раскопкамі ўскрыты жылыя кварталы з дварамі, вымашчанымі каменнымі плітамі, шмат 1- і 2-павярховых дамоў, свяцілішча са слядамі ахвяраванняў. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рамёствамі. Некропаль І. размяшчаўся побач з горадам. Большая частка пахаванняў зроблена ў скляпах — высечаных у скале камерах. І. знішчаны ў час нашэсця готаў у 270-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РЧАНСКА-ЭЛЬТЫГЕ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
дэсантная аперацыя войск Паўн.-Каўказскага фронту (камандуючы ген.-палк. І.Я.Пятроў), сіл Чарнаморскага флоту (віцэ-адм. Л.А.Уладзімірскі) і Азоўскай ваен. флатыліі (контр-адм. С.Г.Гаршкоў) у Вял.Айч. вайну. Праведзена 31.10—11.12.1943 з мэтай авалодання Керчанскім п-вам. Адначасова планавалася высадзіць сіламі Азоўскай ваен. флатыліі (АВФ) 3 дывізіі 56-й арміі на ПнУ ад г.Керч (асн. напрамак) і сіламі Чарнаморскага флоту пад кіраўніцтвам контр-адм. Г.М.Халасцякова 1 дывізію 18-й арміі каля пас. Эльтыген на Пд ад Керчы (дапаможны напрамак), пасля іх сустрэчнымі ўдарамі авалодаць партамі Керч і Камыш-Бурун. Удзельнічалі 130 тыс.чал., больш за 2 тыс. гармат і мінамётаў, 125 танкаў, 278 катэраў і дапаможных суднаў, больш за 1000 самалётаў 4-й Паветр. арміі і марской авіяцыі. Вечарам 31 кастр. з-за шторму сарвалася высадка дэсантных атрадаў на асн. напрамку. 1 ліст. дэсант 18-й арміі захапіў плацдарм у раёне Эльтыгена. Ва ўмовах адцягнення для блакады плацдарма значных сіл праціўніка АВФ 3 ліст. высадзіла дэсант з часцей 56-й арміі, які да 12 ліст. выйшаў на рубеж Азоўскае м. — паўн.-ўсх. ўскраіна Керчы, дзе і замацаваўся. Дэсант з раёна Эльтыгена 6—7 снеж. прарваўся да паўд. ускраіны Керчы, захапіў пануючую над горадам гару Мітрыдат, але 9 снеж. пад націскам праціўніка пакінуў яе і 11 снеж. быў эвакуіраваны суднамі АВФ. Нягледзячы на незавершанасць, К.-Э.а. стварыла перадумовы (захоп буйнога плацдарма) для вызвалення Крыма ў ходзе Крымскай аперацыі 1944.
бел. графік. Скончыла Віцебскі маст. тэхнікум (1931) і Маскоўскі маст.ін-т імя Сурыкава (1948). Выкладала ў Мінскім маст. вучылішчы (1950—60). Працавала пераважна ў тэхніцы акварэлі. Аўтар твораў, якія вылучаюцца актыўным, дасканалым малюнкам, гарманічным колерам, дакладнасцю характарыстыкі персанажаў: аўтапартрэт (1944), партрэты «Лётчык», «Герой Савецкага Саюза» (абодва 1946), «Брыгадзір Макаранка» (1953), Я.Маўра (1956), І.Мележа (1957), П.Глебкі, М.Міхалапа (абодва 1958) і інш. Сярод інш. работ: «Ліст ад унука», шэраг пейзажаў.
Літ.:
Н.І.Галоўчанка / Аўтар тэксту Т.Ф.Ляўкова. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАКО́МБЫ (італьян. catacomba ад позналац. catacumba падземная грабніца),
падземныя памяшканні прыроднага або штучнага паходжання. Выкарыстоўваліся ў старажытнасці пераважна для правядзення рэліг. абрадаў (яўрэямі і раннімі хрысціянамі) і пахаванняў. Вядомы ў Італіі у наваколлі Рыма (лабірынты вузкіх галерэй даўж. каля 900 км з невял. заламі 2—4 ст.), у Неапалі, на в-ве Сіцылія, Егіпце (Александрыя), Венгрыі, Германіі, Паўн. Афрыцы, Кіеве, на Балканах і інш. Звычайна ўпрыгожваліся размалёўкай. Тэрмін «К.» ўжываецца ў адносінах да спецыфічных пахаванняў бронз. веку (гл.Катакомбавая культура) паўд.-рус. стэпаў. К. таксама называюць і пакінутыя б. падземныя каменяломні. Яны выкарыстоўваліся ў час рэв. і ваен. падзей падпольшчыкамі і партызанамі (г. Адэса, Керч на Украіне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮЧУ́К-КАЙНАРДЖЫ́ЙСКІ МІР 1774.
Заключаны паміж Расіяй і Турцыяй 21.7.1774 у в. Кючук-Кайнарджа (каля г. Сілістра, Балгарыя). Завяршыў рус.-тур. вайну 1768—74. Ануляваў Бялградскі мірны дагавор 1739. Устанавіў граніцу Расіі на Паўн.-Зах. Каўказе па р. Кубань, прызнаў незалежнасць Крымскага ханства ад Асманскай імперыі, права рас.гандл. караблёў бесперашкодна плаваць па Чорным м. і праходзіць праз пралівы Басфор і Дарданелы, далучэнне да Рас. імперыі чарнаморскага ўзбярэжжа з крэпасцямі Керч, Енікале (побач з Керчу), Кінбурн, захаванне ў складзе Расіі Вял. і Малой Кабарды, аўтаномію княстваў Малдовы і Валахіі і пераход іх пад апеку Расіі. Паводле сакрэтнага дадатку да дагавора Турцыя абавязалася выплаціць Расіі 4,5 млн.руб. кантрыбуцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІМФЕ́Й (Nýmphaion),
старажытнагрэчаскі горад у Крыме на беразе Керчанскага праліва, за 17 км на ПдЗ ад г.Керч. Засн. ў 2-й чвэрці 6 ст. да н.э. на месцы скіфскага паселішча. Росквіт Н. прыпадае на 5—4 ст. да н.э. Асновай эканомікі Н. было земляробства і вываз збожжа ў Грэцыю, развіваліся рамёствы, асабліва керамічная вытв-сць. У 1-й пал. 4 ст. да н.э. ўключаны ў склад Баспорскай дзяржавы. У сярэдзіне 3 ст.н.э. разбураны готамі і перастаў існаваць. Археал. даследаванні праводзяцца з 1939. Выяўлены свяцілішчы на беразе мора і акропаль, культавыя прадметы (маскі, рытоны, эсхары), рэшткі жылых будынкаў з брукаванымі дварамі і вуліцамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬ-АБА́,
курган скіфскага правадыра 4 ст. да н.э. каля г.Керч (Украіна). Пад каменным насыпам кургана выяўлены каменны склеп, пабудаваны на грэч. ўзор, абрад пахавання — скіфскі. Нябожчык пахаваны ў драўляным саркафагу ў адзенні і галаўным уборы, аздобленых залатымі бляшкамі, на шыі — залатая грыўня з выявай конных скіфаў, на руках — залатыя бранзалеты. У другім саркафагу, аздобленым разной слановай косцю, багатае пахаванне жанчыны (верагодна, жонкі ці наложніцы). Залатыя ўпрыгожанні яе рытуальнага ўбору, электравая пасудзіна з выявай скіфаў пасля бою і бронзавае люстэрка з ручкай — выдатныя творы грэч. ювеліраў. Выяўлена таксама пахаванне мужчыны (слуга ці раб); знойдзены амфары для віна, бронзавыя катлы для варкі мяса, сярэбраны посуд. К.-А. належыць да т.зв. царскіх скіфскіх курганоў (Ніжняе Прыдняпроўе, 4—3 ст. да н.э.).
Электравая пасудзіна з кургана Куль-Аба. 4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРМЕ́КІЙ (грэч. Myrmēkion),
старажытны горад Баспорскай дзяржавы. Руіны М. знаходзяцца каля мыса Каранціннага, за 4 км ад г.Керч у Крыме (Украіна). Выяўлены ў 1820-я г.Археал. раскопкі праводзяцца з 1934. М. засн. каля сярэдзіны 6 ст. да н.э., з 3 ст. да н.э. з’яўляўся буйным цэнтрам вінаробства, рыбалоўства і рамёстваў (керамічнага, ткацкага і інш.) Баспора. У пач. 4 ст. да н.э. быў абнесены абарончымі сценамі. У горадзе існавала квартальная забудова. Асабліва вылучаўся культавы раён. Вакол М. існаваў вялізны некропаль. М. спыніў сваё існаванне ў 2-й пал. 3 ст.н.э. На руінах ант. М. ў 8—9 ст. і 14 ст. існавалі пасяленні. Пры раскопках выяўлены вял. рыбазасолачныя цыстэрны 2—3 ст.н.э., мясц. і імпартная кераміка, тэракоты, манеты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЫКАПЕ́Й (грэч. Pantikapaion),
антычны горад-калонія ва Усх. Крыме (цяпер г.Керч, Украіна). Засн. ў 1-й пал. 6 ст. да н.э. выхадцамі з Мілета. У 2-й пал. 6 ст. да н.э. ў П. чаканілі сярэбраныя, з 4 ст. да н.э. — залатыя і медныя манеты. У 2-й пал. 5 ст. да н.э. П. аб’яднаў грэч. гарады па абодвух берагах Баспора Кімерыйскага, стаў сталіцай Баспорскай дзяржавы, гал. рамесніцкім, гандл. і культ. цэнтрам Паўн. Прычарнамор’я. Паліт. падзеі 2—1 ст. да н.э. (Саўмака паўстанне, войны Мітрыдата VI Еўпатара), землетрасенне (63 да н.э.) прывялі да разбурэння горада. Нягледзячы на некат. ажыўленне гандл. і паліт. жыцця ў 1—2 ст.н.э. П. паступова заняпаў. З сярэдзіны 3 ст. горад рабаваўся готамі, у канцы 4 ст. разбураны гунамі. Раскопкі вядуцца з 1-й пал. 19 ст. (сістэматычна з 1945).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙНА-ЯСЯНЕ́ЦКІ (Валянцін Феліксавіч) (у манастве Лука; 27.4.1877, г.Керч, Крым — 11.6.1961),
вучоны-медык, рэліг. дзеяч. З бел. шляхецкага роду Войнаў-Ясянецкіх. Д-р медыцыны (1916). Скончыў Кіеўскі ун-т (1903). Працаваў хірургам, земскім урачом у Чыце, Сімбірскай, Курскай і Саратаўскай губ. У 1917—30 гал. ўрач і хірург Ташкенцкай гар. бальніцы, адзін з арганізатараў Ташкенцкага ун-та. У 1923 прыняў манаства, за рэліг. дзейнасць тройчы цярпеў рэпрэсіі. У Вял.Айч. вайну хірург-кансультант эвакашпіталяў. Епіскап туркестанскі, архіепіскап краснаярскі, тамбоўскі і мічурынскі (1944), сімферопальскі і крымскі (1946). Да 1954 працягваў займацца медыцынай. Аўтар больш як 40 навук.прац. За распрацоўку пытанняў гнойнай хірургіі Дзярж. прэмія СССР 1946.
Тв.:
Поздние резекции при инфицированных огнестрельных ранениях суставов. М., 1944;
Очерки гнойной хирургии. 3 изд. Л., 1956.
Літ.:
Поповский М. Жизнь и житие Войно-Ясенецкого, архиепископа и хирурга: [Док. повесть] // Октябрь. 1990. № 2—4.