МАРФАНАЛО́ГІЯ,

раздзел мовазнаўства, які вывучае фаналагічную структуру марфем рознага тыпу і выкарыстанне фаналагічных адрозненняў у марфал. мэтах. Займае прамежкавае становішча паміж фаналогіяй і марфалогіяй. Даследуе фанемную структуру марфем, напр., каранёвыя марфемы назоўнікаў пераважна закрытыя («дом» — ∅, «сад» — ∅, «вад-а» і інш.), у той час як каранёвыя марфемы дзеясловаў могуць быць і закрытымі («слух-а-ць») і адкрытымі («лі-ць»); чаргаванне гукаў у розных морфах адной і той жа марфемы, напр., марфанемы ц’ — ч у морфах «кац’-» — «кач-» («каціць» — «качу»); правілы і заканамернасці спалучэння марфем у слове. На месцы спалучэння марфем узнікаюць марфемныя стыкі («марфемнае шво»), на якіх часта наглядаюцца гукавыя спалучэнні, якія не могуць сустракацца ўнутры марфемы. Напр., у бел. мове звычайна не бывае ў складзе марфемы спалучэнняў аднолькавых гукаў, аднак на марфемным стыку такія спалучэнні лёгка ўтвараюцца («па-абед-а-ць», «ад-да-ць»). На стыку марфем часцей за ўсё наглядаюцца і разнастайныя чаргаванні. Тэрмін «М.» ўвёў рас. вучоны М.​С.​Трубяцкой (1931).

Літ.:

Трубецкой Н.С. Некоторые соображения относительно морфонологии: Пер. с нем. // Пражский лингвистический кружок. М., 1967;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.

П.​П.​Шуба.

т. 10, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫНО́ІДЫ, актыніды,

сям’я з 14 хімічных радыеактыўных элементаў VII перыяду сістэмы элементаў з ат. н. 90—103: торый, пратактыній, уран, нептуній, плутоній, амерыцый, кюрый, берклій, каліфорній, эйнштэйній, фермій, мендзялевій, нобелій і лаўрэнсій. Уран, торый, менш пратактыній ёсць у прыродзе, астатнія актыноіды (наз. трансуранавыя элементы) атрыманы штучна ў выніку ядз. пераўтварэнняў. Вядучая роля ў сінтэзе і вывучэнні актыноідаў належыць Г.Сібаргу. Актыноіды — серабрыста-белыя металы высокай шчыльнасці (да 2∙10​4 кг/м³). Найб. легкаплаўкія нептуній і плутоній, tпл — 640 °C, астатнія плавяцца пры т-ры больш за 1000 °C. Актыноіды рэакцыйна-здольныя, у здробненым стане пірафорныя, лёгка рэагуюць з вадародам, кіслародам, азотам, серай, галагенамі, утвараюць комплексныя злучэнні. Блізкасць хім. уласцівасцяў актыноідаў паміж сабой і з лантаноідамі звязана з падабенствам канфігурацый вонкавых электронных абалонак іх атамаў. Практычна выкарыстоўваюцца торый, уран, плутоній; плутоній-238, кюрый-244 — у вытв-сці ядз. крыніц эл. току бартавых касм. сістэм. Некаторыя нукліды актыноідаў — у медыцыне, дэфектаскапіі, актывацыйным аналізе, нукліды урану-235, плутонію-239 — паліва ў ядз. энергетыцы, крыніца энергіі ў ядз. зброі. Актыноіды і іх злучэнні надзвычай таксічныя, што абумоўлена іх радыеактыўнасцю.

Літ.:

Сиборг Г.Т., Кац Дж.Д. Химия актинидных элементов: Пер. с англ. М., 1960;

Келлер К. Химия трансурановых элементов: Пер. с англ. М., 1976;

Лебедев Н.А., Мясоедов Б.Ф. Последние достижения в аналитической химии трансурановых элементов // Радиохимия. 1982. Т. 24, вып. 6.

т. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў (Андрэй Паўлавіч) (н. 2.9.1930, С.-Пецярбург),

расійскі кампазітар, муз. і грамадскі дзеяч. Нар. арт. СССР (1980). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1954). У творчасці побач з сучаснай тэматыкай звяртаецца да гіст., легендарных і класічных сюжэтаў. У сімф. музыцы 1990-х г. дамінуе рэлігійная тэматыка. Сярод твораў: оперы «Пётр Першы» (паст. 1975), «Маякоўскі пачынаецца» (паст. 1983); балеты «Станцыйны наглядчык» (паводле А.​Пушкіна, паст. 1956), «Бераг надзеі» (паст. 1959), «Стварэнне свету» (паст. 1971; у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі ў 1976); вак.-харэагр. сімф. «Пушкін» (паст. 1979); аперэты «Мы хочам танцаваць» («У рытме сэрца», паст. 1967), «Аб бедным гусары...» (паст. 1986); для арк.; сімф. паэма «Рада і Лойка» (паводле М.​Горкага, 1954), сімф. цыкл «Песні нашых дзён» (1964), «Паэма памяці загінуўшых у гады блакады Ленінграда» (1966), сімф.-фантазія «Майстар і Маргарыта» (паводле М.​Булгакава, 1986), сімф. «Час Хрыста» (1995) і інш. Аўтар песень, музыкі да драм. спектакляў, кінафільмаў (больш за 50), у т. л. «Я крочу па Маскве», «Сцеражыся аўтамабіля», «Службовы раман», «Жорсткі раманс», «Старыя клячы», тэлесерыял «Пецярбургскія тайны». Аўтар кніг «Дыялог пра кінамузыку» (1982, з Н.​Калеснікавай), «Час. Музыка. Музыканты» (1987). Дзярж. прэміі СССР 1967, 1976.

Літ.:

Мархасев Л.С. А.​Петров. Л., 1980;

Кац Б.А. Простые истины киномузыки: Заметки о музыке А.​Петрова в фильмах Г.​Данелия и Э.​Рязанова. Л., 1988.

А.​А.​Карпілава.

т. 13, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Створаны ў 1928 у Мінску пры Бел. радыёцэнтры на аснове аркестраў Бел. муз. тэхнікума і БДТ-1. З 1930 у штаце радыёцэнтра, з 1937 у складзе Бел. філармоніі. З 1961 Дзярж. сімф. аркестр БССР, з 1980 акадэмічны. Гал. дырыжор М.​Кац (з 1997). У рэпертуары творы рус. і зарубежных кампазітараў-класікаў, сучасных кампазітараў, сімф. і вак.-сімф. творы бел. аўтараў, у т. л. Л.​Абеліёвіча, М.​Аладава, У.​Алоўнікава, А.​Багатырова, С.​Бельцюкова, У.​Будніка, Г.​Вагнера, В.​Войціка, Я.​Глебава, У.​Дарохіна, В.​Капыцько, С.​Картэса, В.​Кузняцова, А.​Мдывані, П.​Падкавырава, Я.​Паплаўскага, Р.​Пукста, Дз.​Смольскага, А.​Хадоскі, К.​Цесакова, Я.​Цікоцкага, М.​Чуркіна і інш. Сярод аркестрантаў (1997): Р.​Ігнацьеў (кларнет), В.​Ціхевіч (флейта).

У розны час у аркестры працавалі дырыжоры А.​Бяссмертны, І.Гітгарц, М.​Міхайлаў, І.Мусін, Т.Каламійцава, М.Шнейдэрман, В.Афанасьеў, В.Дуброўскі, В.Катаеў, Ю.Яфімаў, П.​Д.​Панэл; канцэртмайстар Ю.Гершовіч. салісты-інструменталісты С.Асновіч і Г.Клачко (скрыпка), В.Волкаў (труба), Г.Забара (кларнет), П.Кірыльчанка (альт), Б.Скабло (віяланчэль), С.Сяргеенка (флейта), В.Фралоў (габой), Ч.Юшкевіч (валторна). З аркестрам выступалі вядомыя рас. і зах.-еўрап. дырыжоры А.Гаўк, Дз.Кітаенка, Я.Мравінскі, Н.Рахлін, Ю.Сіманаў, У.Федасееў, Ю.Цемірканаў, К.​Зандэрлінг. К.​Мазур, К.​Эстэррайхер, піяністы Л.Аборын, Э.Гілельс, К.Ігумнаў, Г. і С.​Нейгаўзы, С.Рыхтэр, П.Серабракоў, Я.​Фліер, Б.​Джайніс, Х.Л.Клайберн, Дж.​Огдан, Д.​Полак, Г.Чэрны-Стэфаньская; скрыпачы І.Бязродны, Л.Коган, Д.Ойстрах, М.​Палякін, М.Эрдэнка, І.Менухін, І.​Стэрн і інш.

Літ.:

Журавлев Д.Н. Государственный симфонический оркестр Белорусской ССР. Мн., 1961;

Загородний ГН Белорусская государственная филармония. Мн., 1981;

Капилов А.Л. Государственный симфонический // Неман. 1981. № 5.

А.​Л.​Капілаў.

Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ З’ЕЗД РСДРП.

Адбыўся нелегальна 1—3.3.1898 у Мінску, абвясціў заснаванне Рас. с.-д. партыі (РСДРП). На ім прысутнічала 9 дэлегатаў ад 6 мясц. с.-д. арг-цый: Пецярбургскага (С.​І.​Радчанка), Маскоўскага (А.​А.​Ванноўскі), Кіеўскага (П.​Л.​Тучапскі) і Екацярынаслаўскага (К.​А.​Петрусевіч) «Саюзаў барацьбы за вызваленне рабочага класа», два ад кіеўскай «Рабочай газеты» (Б.​Л.​Эйдэльман і М.​А.​Вігдорчык), трое ад Бунда (А.​І.​Крэмер, А.​Мутнік, Ш.​Кац). За 3 дні работы з’езда было праведзена 6 пасяджэнняў. Пратаколы не вяліся, запісваліся толькі рэзалюцыі з’езда. Партыю вырашылі назваць Расійскай сацыял-дэмакратычнай партыяй. Пазней пры складанні Маніфеста ў назву было ўнесена слова «рабочая». Было вырашана, што вышэйшым органам партыі з’яўляецца з’езд, а выканаўчым — ЦК, які выбіраецца з’ездамі і падсправаздачны яму. У рэзалюцыі па нац. пытанні запісана, што партыя прызнае за кожнай нацыянальнасцю права на самавызначэнне, у т. л. і права на нац. аўтаномію с.-д. рухаў. З’езд адхіліў ідэю цэнтралізму ў кіраўніцтве партыяй. Выбраў ЦК з 3 чл. (Радчанка, Эйдэльман, Крэмер), прызнаў «Рабочую газету» афіц. органам партыі, прыняў рашэнне пра выданне Маніфеста партыі і даручыў яго рэдагаванне ЦК. Гэты дакумент быў напісаны П.​Струвэ і надрукаваны ў падп. друкарні ў Бабруйску. Пазней Маніфест апублікаваны ў с.-д. газетах Берліна, Парыжа, Лондана, Жэневы. Адразу пасля з’езда «Саюзы барацьбы» і с.-д. групы пачалі пераўтварацца ў парт. к-ты. Аднак партыя як адзіная с.-д. арг-цыя яшчэ не была створана: не былі прыняты статут і праграма, 8 з 9 дэлегатаў пасля з’езда былі арыштаваны, друкарню і 3-і нумар «Рабочей газеты» захапіла паліцыя. На II з’ездзе РСДРП (1903) рас. сацыял-дэмакратыя раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў. У Мінску ў доме, дзе адбыўся I з’езд РСДРП, створаны Дом-музей з’езда РСДРП.

Літ.:

Маркова Р.И. Первый съезд РСДРП. М., 1965;

Король А.С. Соединяясь в партию. Мн., 1988;

Симанюков С.М. Дом-музей I съезда РСДРП. Мн., 1998.

С.​М.​Сіманюкоў.

Дом-музей Першага з’езда РСДРП.

т. 12, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ТА,

залішне ўвільготнены ўчастак зямной паверхні, укрыты пластом торфу глыбінёй не менш як 30 см у неасушаным стане (менш як 30 см — забалочаныя землі). Найбольш балот у лясной зоне Паўн. паўшар’я (Пн Еўрап. часткі, Канада, Палессе, Зах. Сібір, Камчатка і інш. раёны), а таксама ў вільготных раёнах Афрыкі, Азіі і Паўд. Амерыкі. Агульная плошча балот у свеце каля 350 млн. га. У выніку гасп. дзейнасці балоты трансфармуюцца ў акультураныя с.-г., лясныя і паляўнічыя ўгоддзі, распрацоўваюцца прам-сцю, часткова займаюцца пад гар. і прамысл. забудовы. У прыродным стане выконваюць шматлікія біясферныя функцыі: месцажыхарства спецыфічных відаў балотнай флоры і фауны, бездакорныя геахім. бар’еры і прыродныя фільтры на шляхах руху водаў, рэгулятары клімату, газавага саставу атмасферы, захавальнікі інфармацыі аб змене расліннасці і клімату на працягу многіх тысячагоддзяў. Балоты вывучае навука балотазнаўства. На Беларусі балоты займаюць 2,5 млн. га (плошча асушаных 1,2 млн. га) з запасам торфу-сырцу 4,4 млрд. т. Тарфяных радовішчаў 9192, сярэдняя глыб. адкладаў торфу 1,87 м, найб. магутнасць тарфянога пласта 10,5 м.

Утвараліся балоты пераважна ў розныя перыяды з пачатку галацэну (10—12 тыс. г. назад) і да нашага часу ад забалочвання мінер. глебы або затарфавання вадаёмаў (гл. Балотаўтваральны працэс, Балотныя адклады).

Балоты падзяляюцца на нізінныя (эўтрофныя) з багатым грунтавым і паверхнева-сцёкавым жыўленнем, вярховыя (алігатрофныя) з бедным атм. жыўленнем і пераходныя (мезатрофныя), якія жывяцца атм. ападкамі і часткова паверхнева-сцёкавымі і грунтавымі водамі (гл. Балотныя воды). Паводле характару расліннасці бываюць лясныя, кустовыя, травяныя, мохавыя, паводле макрарэльефу — далінныя, поймавыя, схілавыя, водападзельныя. Нізінныя балоты ўтвараюцца ў далінах рэк, па берагах азёраў, у месцах выхаду крыніц. На Беларусі пашыраны на Пд і ПдЗ, асабліва на Палессі і Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Складаюць 82,7% пл. ўсіх балотаў. Найб. балоты — Аброўскае, Выганашчанскае балота, Вялікі Лес, Грычын, Паганянскае балота, Хольча, Старобінскае і інш. Сярэдняя ч. гэтых балот ляжыць на адным узроўні з ускраінамі або ніжэй за іх, зрэдку паверхня нахіленая. Для нізінных балот характэрны эўтрофныя расліны, патрабавальныя да мінер. элементаў. Ва ўмераным клімаце гэта лясныя балоты з вольхай, бярозай, вярбой, хвояй, елкай, лазой або травяныя ці мохавыя балоты з асокамі, трыснягом, чаротам, рагозамі, разнатраўем, гіпнавымі і сфагнавымі імхамі. Фауна разнастайная: вадзяныя пацукі, палёўкі, выдры, зрэдку бабры і андатры, асабліва шмат птушак — кулікі, пагонічы, драчы, гусі, качкі, вялікі вераценнік, лугавы конік, бакас, балотная сава. Вярховыя балоты знаходзяцца звычайна на водападзелах. Найб. пашыраны ў паўн. ч. Беларусі (масівы Даўбенішкі, Весялоўскае, Стрэчна, Обаль-1 і інш.). Складаюць 13,1% пл. ўсіх балот Беларусі. Паверхня іх у сярэдзіне пукатая, таму што торф у цэнтры балот назапашваецца больш інтэнсіўна, чым на перыферыі. Для вярховых балот характэрны алігатрофныя расліны, непатрабавальныя да зольных элементаў. Флора бедная: дрэвы — хвоя, лістоўніца; кусцікі — верас балотны, мірт, багун, багноўка, журавіны, імшарніца, буякі; травы — шэйхцэрыя, падвей похвенны, марошка, чаротнік, расіца круглалістая; сфагнавыя імхі. Фауна таксама бедная: воўк (летам), лось, глушэц, курапатка белая, журавель. На Беларусі пераходныя балоты складаюць 4,2% пл. ўсіх балот. Буйныя масівы — Паддубічы, Асовіны, Смалярня і інш. Для іх характэрны мезатрофныя расліны: звычайныя бяроза пушыстая, хвоя, асокі, буякі, багун, журавіны, сфагнавыя і гіпнавыя імхі. Фауна мяшаная ад нізінных і вярховых балот. На Беларусі вял. масівы балот ахоўваюцца ў Бярэзінскім біясферным запаведніку, Прыпяцкім ландшафтна-гідралагічным запаведніку і Прыпяцкім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, у нац. парку «Белавежская пушча». На балотах існуюць 8 гідралагічных заказнікаў (на масівах Выганашчанскае балота, Дзікае балота, Ельня, Заазер’е і інш.), 21 біял. заказнік (напр., Амяльнянскі, Бабінец, Букчанскі, Борскі, Вялікае Балота, Дзянісавіцкі, Дубатоўскае, Запольскі) і інш. На самых вял. і перспектыўных тарфяных радовішчах створаны 12 рэзерватаў бітумінознай сыравіны для атрымання тарфянога воску (Арэхаўскі Мох, масіў Скачальскага воз., Тажылаўскі Мох і інш.), 4 рэзерваты гідролізнай сыравіны для атрымання кармавых дражджэй і інш. прадукцыі (Даўбенішкі, Слаўнае, Сэрвач, Эсьмонскі Мох і інш.) і 113 радовішчаў тарфяных лек. гразяў. Балота з’яўляецца месцам палявання, збірання ягад, грыбоў, лекавых траў. Гл. таксама карту «Тарфяныя балоты».

Літ.:

Кац Н.Я. Болота земного шара. М., 1971;

Тюремнов С.Н. Торфяные месторождения. 3 изд. М., 1976;

Бамбалов Н.Н., Тановицкий И.Г., Беленький С.Г. Развитие исследований в области генезиса, использования и охраны торфяных месторождений Беларуси // Твёрдые горючие отложения Беларуси и проблемы охраны окружающей среды. Мн., 1992.

С.​Г.​Беленькі.

Балота нізіннае. Чорнаальхова-вадаперыцавая асацыяцыя.
Балота нізіннае травяна-асаковае.
Балота вярховае.
Балота пераходнае.

т. 2, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНАМУ́ЗЫКА,

спецыфічны род муз. мастацтва, адзін з кампанентаў кіна-, тэле- або відэатвора. Можа быць арыгінальнай, напісанай спецыяльна для фільма, ці складацца з муз. цытат, мець ілюстрацыйны характар, набліжацца да прыкладной музыкі або выконваць адну з асн. функцый у раскрыцці ідэйна-маст. канцэпцыі фільма, быць фактарам драматургіі.

У дагукавым кіно фільмы суправаджаліся ігрой піяніста-ілюстратара або ансамбля. Музыку да першых замежных гукавых фільмаў пісалі Л.​Анегер, Ж.​Арык, Ж.​Ібер, Д.​Міё, А.​Бліс, Р.​Воан-Уільямс, Б.​Брытэн, Дж.​К.​Меноці, А.​Копленд, Дж.​Антэйл, Г.​Эйслер, П.​Хіндэміт, В.​Этк, В.​Фортнер і інш. У сав. кінематографе з самага пачатку існаваў прыярытэт аўтарскай арыгінальнай кампазіцыі, якая стваралася ў цесным кантакце з рэжысёрам і была паўнапраўным кампанентам сістэмы выразных сродкаў фільма (музыка Дз.​Шастаковіча да фільма «Новы Вавілон», 1929, і інш.). У 1930—40-я г. фільмы будаваліся на музыцы за кадрам ці ўнутрыкадравай, што садзейнічала ўзнікненню муз. драматургіі і падпарадкоўвала зрокавы рад раскрыццю музычнага. Найб. пашыраны прынцып — вынас муз. характарыстыкі героя за кадр (напр., песні ў яго выкананні ці яе апрацоўкі ў выглядзе разгорнутых інстр. фрагментаў). Замацаваўся спачатку ў муз. кінакамедыі, заснаванай на масавай песні («Вясёлыя рабяты», 1934; «Цырк», 1936; «Волга-Волга», 1938; «Кубанскія казакі», 1949; з муз. І.​Дунаеўскага). У фільмах інш. жанраў гэтую традыцыю прадоўжылі М.​Багаслоўскі, В.​Баснер, А.​Пахмутава, А.​Пятроў, М.​Фрадкін, Ц.​Хрэннікаў, А.​Эшпай і інш. Прынцып К., калі на кадравую сітуацыю праецыруюцца сімфанічна-абагульненыя муз. вобразы, што адлюстроўваюць глыбінны падтэкст канкрэтнага паказу, увасобілі Шастаковіч, С.​Пракоф’еў, Ю.​Шапорын, А.​Хачатуран, Дз.​Кабалеўскі, К.​Караеў, Г.​Свірыдаў. Да гэтай традыцыі прымыкае кіна- і тэлемузыка Э.​Дзянісава, Р.​Шчадрына, М.​Карэтнікава, А.​Шнітке, С.​Губайдулінай і інш.

Пачатак бел. К. — фільм «Першы ўзвод» (1933), дзе дэбютаваў Дунаеўскі. Музыку да бел. фільмаў студыі «Белдзяржкіно» напачатку пісалі рас. кампазітары (Пракоф’еў, В.​Салаўёў-Сядой, У.​Шчарбачоў). Нац. каларытам, зваротам да бел. фальклору вылучалася музыка А.​Туранкова да фільма «Вогненныя гады» (1939). Асн. форма К. 1930—40-х г. — муз. драматургія канфліктнага тыпу ў якасці муз. ілюстрацыі да сюжэта, заснаваная на масава-быт. жанрах як сімвалах сац. асяроддзя («жорсткі» раманс або танга характарызавалі мяшчанства, марш або гімн — новы, сацыяліст. лад жыцця). Вяршыня жанравай іерархіі — «песня-ідэя», якая канцэнтравала сац.-ідэалаг. змест фільма. У 1940—50-я г. «песенная» драматургія К. ўзбагацілася інстр. эпізодамі драм. плана. У галіне К. працавалі А.​Багатыроў («Канстанцін Заслонаў», 1949), Я.​Цікоцкі («Паўлінка», 1952, з Ю.​Бяльзацкім), Дз.​Камінскі («Хто смяецца апошнім», 1954), Дз.​Лукас («Несцерка», 1956), У.​Алоўнікаў («Міколка-паравоз», 1957; «Дзяўчынка шукае бацьку», 1959; абодва з Бяльзацкім), І.​Любан («Гадзіннік спыніўся апоўначы», 1958), Ю.​Семяняка («Каханнем трэба даражыць», 1960). З пач. 1960-х г. пачаліся адыход ад канонаў драматургіі фільма, пошукі індывід. канцэпцый, калі музыка і адлюстраванне неаддзельныя адно ад аднаго.

Змянілася жанравая аснова К., песня стала больш камернай, аддаецца перавага інстр. музыцы як больш інтэлектуальнай і шматзначнай, павялічваецца ўплыў «дакументальнага» кірунку, калі ў фанаграму ўключаюцца гукі і музыка паўсядзённага побыту, часам запісаныя знарок неразборліва. У абнаўленне жанрава-стылявых канонаў К. значны ўклад зрабіў Я.​Глебаў («Я родам з дзяцінства», 1967; «Вянок санетаў», 1976; «Дзікае паляванне караля Стаха», 1979; тэлефільм «Апошняе лета дзяцінства», 1974). Уяўленне пра К. як састаўную частку гукавой палітры фільма рэалізавалася ў творчасці А.​Янчанкі («Людзі на балоце», 1982; «Ідзі і глядзі», 1985; «Знак бяды», 1986). Менавіта ў іх работах адлюстраваны шлях развіцця сучаснай К. — ад функцыянальнай муз. драматургіі да адзінай гукавой партытуры, дзе раўнапраўна існуюць гаворка, музыка і шумы. У 1960—80-я г. ў галіне К. працавалі таксама Г.​Вагнер (бел. тэлеопера «Ранак», 1967), С.​Картэс («Вазьму твой боль», Дзярж. прэмія Беларусі 1982), П.​Альхімовіч, А.​Залётнеў, Л.​Захлеўны, В.​Іваноў, У.​Кандрусевіч, І.​Лучанок, У.​Солтан і інш. З 1990-х г. у сувязі з панаваннем масавых відовішчных кінажанраў адбываецца вяртанне да традыц. форм муз. вырашэння фільма, узбагачаных пошукамі новых гучанняў, новай муз. стылістыкай, у т. л. электроннай (працы С.​Бельцюкова, В.​Капыцько, Л.​Сімаковіч, А.​Хадоскі). У неігравым кіно (дакумент., навук.-папулярным) пераважае прынцып кампіляцыі, падбору муз. фрагментаў. У анімацыйным кіно вядуцца жанрава-стылявыя эксперыменты (працы У.​Будніка, А.​Елісеенкава, Э.​Зарыцкага, Я.​Паплаўскай і інш.). Асобную групу ўтвараюць музычныя фільмы, дзе музыка — аснова драматургіі.

Літ.:

Лисса З. Эстетика киномузыки: Пер. с нем. М., 1970;

Шилова И.М. Фильм и его музыка. М., 1973;

Кац Б. Простые истины киномузыки. Л., 1988;

Карпилова А.А. Киномузыка // Белорусская музыка 1960—1980 гг. Мн., 1997.

А.​А.​Карпілава.

т. 8, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРО́Й САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЙ ПРА́ЦЫ,

ганаровае званне ў СССР. Устаноўлена 27.12.1938 Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР. Герою Сацыялістычнай Працы ўручалі ордэн Леніна, залаты медаль «Серп і Молат» (устаноўлены Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 22.5.1940) і грамату Прэзідыума Вярх. Савета СССР. Двойчы Героям Сацыялістычнай Працы на радзіме таксама ставілі іх бронзавы бюст. Пастановай Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 22.8.1988 адменены паўторнае ўзнагароджанне Героя Сацыялістычнай Працы залатым медалём і ўстаноўка бронзавага бюста на радзіме. На Беларусі званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена 527 чал. (на 1991).

Двойчы Героі Сацыялістычнай Працы:

У.​А.​Ралько (1958, 1976), В.​К.​Старавойтаў (1966, 1984), У.​Л.​Бядуля (1971, 1987).

Героі Сацыялістычнай Працы:

1948. П.​Л.​Калыска, Е.​А.​Кухарава, У.​І.​Пайграй, Ф.​А.​Саўчык, А.​І.​Стыкут, Т.​І.​Шкурко.

1949. Л.​В.​Аўсеенка, П.​М.​Аўсеенка, М.​Д.​Вяленка, Г.​С.​Гарэцкая, І.​А.​Глядчанка, У.​В.​Дубіна, П.​Л.​Калола, В.​М.​Качарга, Е.​П.​Ляснічая, У.​П.​Мацейка, В.​Л.​Новік, Р.​Н.​Пятроўская, Н.​К.​Рудніцкая, М.​Л.​Светлік, С.​І.​Слабадзян, А.​А.​Шаплыка, М.​А.​Эзерын.

1950. А.​Ф.​Гецман, М.​В.​Дытысаў, М.​М.​Мацюшонак, М.​Я.​Мялешчанка, К.​А.​Мятлушка, Ф.​М.​Статкевіч, С.​Дз.​Фешчанка, Н.​А.​Філіпава, А.​Р.​Юркевіч, М.​Е.​Юркевіч.

1951. В.​А.​Буцэвіч, П.​І.​Галай, В.​І.​Дарошка, А.​П.​Петухоў, А.​Б.​Сафонава, Р.​П.​Сушчэня, С.​П.​Тарашкевіч, К.​Л.​Шаплыка.

1952. Г.​Л.​Буднік, А.​С.​Рудаўскі, І.​В.​Сітніца.

1958. К.​П.​Арлоўскі, Л.​І.​Асіюк, І.​М.​Барадаўка, Я.​І.​Будай, Н.​І.​Букатая, Дз.​Р.​Булахаў, М.​М.​Валадзько, В.​С.​Галубцова, Т.​І.​Жыгалка, М.​В.​Занеўская, Т.​С.​Зубарава, С.​П.​Ільючык, М.​І.​Кавалёва, І.​П.​Камінская, Е.​Р.​Карачан, В.​П.​Кароткая, Ф.​Ф.​Кісялёва, І.​І.​Магілёўцаў, М.​К.​Макарэвіч, У.​А.​Мікуліч, С.​М.​Місуноў, Х.​Ц.​Міхнёва, К.​К.​Нікіцін, В.​П.​Палавінка, Л.​К.​Пугаўка, М.​В.​Рудэнка, А.​Р.​Сакун, Я.​П.​Сідарчук, Ц.​Я.​Смірноў, І.​В.​Сяргееў, А.​М.​Тарасевіч, М.​Я.​Ткачова, У.​І.​Усошын, Р.​І.​Шавякоў, С.​М.​Юргель.

1959. Г.​І.​Кацяш, І.​У.​Кулеш, У.​А.​Окаркаў, П.​Дз.​Суднікаў, Ф.​Р.​Фадзееў, А.​П.​Шабуняеў.

1960. Ф.​П.​Алексяевіч, Е.​С.​Белавусава, Г.​А.​Белявец, А.​М.​Віташкевіч, М.​Я.​Ігнатава, П.​Н.​Кавалёва, Р.​Я.​Казлова, Г.​Д.​Каліва, М.​І.​Мацэнка, Г.​П.​Назарава, Г.​Г.​Нікульская, А.​Д.​Панькова, Р.​К.​Прусава, М.​А.​Чэкель, Н.​П.​Якубовіч.

1962. І.​С.​Маліноўскі.

1964. І.​М.​Жыжаль, А.​С.​Крэмень, А.​В.​Селіванаў.

1965. І.​М.​Белічонак, В.​Л.​Калоша, П.​С.​Палто, І.​М.​Сярэдзіч.

1966. С.​І.​Абужынскі, П.​Г.​Альсмік, А.​А.​Анюхоўская, Т.​Р.​Арда, Н.​П.​Арсеньева, М.​В.​Арцёменка, В.​М.​Асяненка, П.​І.​Афіцэраў, Н.​Ф.​Бакунец, А.​К.​Балабава, П.​В.​Балюнова, Я.​В.​Бандак, Дз.​І.​Барашкін, В.​І.​Баркоўская, А.​І.​Барысевіч, В.​І.​Барысік, У.​А.​Баўм, А.​Д.​Богдан, М.​В.​Букшта, В.​В.​Буякова, П.​Н.​Быкава, У.​К.​Вайцецкі, Л.​Т.​Валадкевіч, Ф.​К.​Валасюк, А.​М.​Варанецкі, Д.​І.​Варац, Г.​К.​Васіленка, Т.​В.​Васількова, П.​В.​Верабей, І.​Ц.​Вераб’ёў, Б.​Б.​Вільчкоўскі, М.​Ф.​Вішнеўская, Г.​К.​Вяржбіцкая, З.​Дз.​Гарачка, А.​М.​Гарбацэвіч, П.​С.​Гарбач, В.​А.​Гардзеева, У.​С.​Гарнастаеў, Е.​М.​Гаўрыленка, А.​У.​Гічан, В.​А.​Глебка, В.​І.​Градовіч, А.​М.​Громаў, П.​Я.​Грыцук, А.​У.​Гусакоў, П.​П.​Дайнека, Р.​І.​Дарафеенка, М.​М.​Дземідзенка, В.​С.​Дзерваед, П.​І.​Дзянісаў, Н.​П.​Дудчык, Г.​П.​Елісеенка, А.​В.​Ермантовіч, В.​А.​Жукаў, В.​М.​Жураў, А.​Г.​Жураўлёў, А.​В.​Звераў, М.​Р.​Іваноўская, Г.​Д.​Іванюта, М.​С.​Ісаева, І.​В.​Ісаенка, А.​Дз.​Кажамякін, П.​Ф.​Казлова, У.​М.​Калачык, Э.​С.​Каляда, М.​А.​Каменскіх, П.​П.​Кандрашоў, П.​І.​Канопліч, А.​С.​Каралёў, М.​С.​Каранеўская, Г.​Каргін, К.​П.​Кармызава, М.​М.​Карповіч, М.​І.​Касяк, М.​П.​Кахавец, М.​І.​Кац, М.-Х.​Ш.​Качароўскі, І.​У.​Кірыновіч, П.​Дз.​Клімкоў, Я.​Л.​Клімчанка, М.​А.​Клімянок, А.​А.​Клюбко, А.​Ф.​Клява, П.​Козел, У.​С.​Козыр, У.​П.​Кот, Г.​М.​Крупская, В.​С.​Кудзін, Г.​М.​Кудзін, У.​А.​Кукаловіч, А.​М.​Кулажанка, В.​В.​Кулінчык, Ц.​М.​Кушняроў, С.​А.​Лабко, А.​І.​Літаш, Т.​Ц.​Ліцкевіч, Т.​П.​Лукашэнка, С.​Дз.​Лямешчанка, К.​П.​Ляснічая, С.​К.​Мадалінскі, Н.​І.​Маёрава, Г.​В.​Мазала, Н.​Я.​Марозава, І.​Ц.​Мартыненка, С.​І.​Марусіч, Е.​Я.​Маршалава, М.​Г.​Маршын, В.​К.​Мацюшка, Я.​А.​Мелісевіч, Р.​М.​Мігай, А.​П.​Мірутка, Э.​Н.​Модзін, В.​П.​Мыслівец, С.​К.​Наркевіч, М.​Ф.​Несцер, Г.​Е.​Нікалаева, Л.​Л.​Нічыпарук, Л.​Я.​Падлужны, І.​А.​Паліўка, С.​Т.​Пальвінская, К.​С.​Папко, К.​А.​Патапава, К.​Р.​Паўлянковіч, І.​Д.​Пашкевіч, Г.​М.​Пінчук, Л.​П.​Плыгаўка, П.​Б.​Пракапнёва, А.​І.​Прытульчык, Р.​А.​Пускін, В.​І.​Пятручак, Р.​Н.​Ракаед, Г.​Я.​Рамчанка, К.​З.​Рубіцель, М.​С.​Рудко, І.​М.​Рудкоўскі, Я.​Л.​Рэкуць, І.​М.​Сакольчык, Ц.​Е.​Салтановіч, Ф.​К.​Самусеў, А.​Дз.​Сарокіна, Г.​С.​Сарокіна, Д.​К.​Сасноўская, І.​Дз.​Сіраж, У.​А.​Скалуба, Я.​К.​Скуратовіч, А.​І.​Слабада, В.​Д.​Слук, К.​В.​Смірноў, Г.​І.​Сухарэбская, М.​А.​Сухій, Л.​З.​Сцепукова, У.​А.​Сцепчанка, М.​В.​Сядляр, Г.​В.​Сямёнаў, П.​М.​Сяркоў, А.​Л.​Торлін, Н.​С.​Трускоўская, А.​А.​Трыгубовіч, В.​П.​Уласенка, Я.​І.​Фаменка, М.​П.​Хаванскі, М.​В.​Харытановіч, І.​Ф.​Хмарун, Т.​І.​Хмялькова, В.​М.​Хурсан, Э.​В.​Ціхі, Л.​П.​Цэд, Г.​Я.​Цэдрык, Н.​К.​Чадовіч, Э.​П.​Шавейка, А.​Т.​Шакура, М.​І.​Шалупкіна, К.​У.​Шаўчук, Т.​В.​Шпакоўская, Я.​К.​Шчытоў, Г.​С.​Шыдлоўская, В.​С.​Шыкунец, Б.​В.​Шылец, В.​П.​Шыманскі, С.​Б.​Шымусік, М.​П.​Шынкароў, І.​А.​Юркоў, Я.​І.​Юшко, І.​Дз.​Янкоўскі.

1968. А.​І.​Казей, А.​І.​Маніна, С.​Ф.​Рубанаў.

1969. П.​Д.​Гарбацэвіч, В.​Ф.​Купрэвіч, У.​Ю.​Мірончык, З.​П.​Цітова, А.​І.​Шуба, М.​П.​Яругін.

1971. С.​П.​Агейчык, А.​А.​Апрышчанка, Г.​Ф.​Арцёменка, П.​Д.​Бабак, В.​К.​Бабіч, Н.​М.​Баранава, З.​І.​Баркоўскі, Б.​А.​Бароўскі, Р.​В.​Бельскі, А.​Р.​Бобрык, У.​І.​Быкоўскі, М.​В.​Вераб’ёў, М.​Б.​Вератнёва, У.​М.​Галка, Г.​А.​Галубкова, А.​І.​Ганжа, А.​П.​Ганчарык, М.​М.​Герман, Н.​Р.​Герман, В.​М.​Гладкоў, Б.​М.​Голубеў, В.​А.​Дземянкоў, Т.​Я.​Дзенісенка, П.​І.​Дзеншчыкоў, С.​М.​Дзікун, М.​А.​Дзмітрыеў, М.​К.​Дзямешка, А.​І.​Дубоўскі, К.​М.​Дубоўскі, П.​І.​Жаглоў, Ю.​Я.​Жлоба, Л.​Б.​Зімнік, М.​Р.​Змачынскі, М.​П.​Кавалёў, М.​В.​Казлова, Л.​І.​Канановіч, М.​Б.​Кандраценка, П.​А.​Карповіч, Н.​В.​Кастрова, А.​С.​Керко, Н.​І.​Куніцкая, Л.​Ц.​Мазоль, К.​С.​Макарава, У.​А.​Макаронак, М.​Р.​Макарчук, В.​А.​Малышка, В.​Д.​Махновіч, Г.Г.​Т.​Мягкова, Л.​А.​Навумава, А.​Р.​Падразенка, В.​П.​Паклікуха, С.​С.​Паляшчук, І.​Я.​Парфененка, В.​Г.​Пархоменка, Ф.​І.​Паташкевіч, С.​Н.​Пацукевіч, В.​А.​Пінчук, С.​Я.​Пісклячэнка, У.​С.​Піскун, І.​І.​Плаўскі, М.​А.​Процька, Л.​М.​Пунтус, І.​Р.​Пырко, К.​Л.​Радзевіч, Т.​А.​Сакалюк, В.​М.​Саламаха, І.​С.​Салей, К.​П.​Саленік, А.​Н.​Сеўчанка, І.​В.​Скопін, А.​П.​Старавойтаў, М.​І.​Сувораў, Ф.​П.​Сянько, П.​Р.​Тур, Р.​С.​Цакунова, М.​Л.​Цвяткоў, Р.​І.​Цітко, У.​Т.​Чуракоў, М.​Я.​Чуяшова, Л.​В.​Шапавалава, Г.​П.​Шушкевіч, Ф.​В.​Юданаў, У.​Д.​Юрчанка, П.​І.​Якімаў.

1972. А.​М.​Бабко, П.​У.​Броўка, В.​С.​Вачынская, А.​А.​Жамойцін, М.​У.​Карповіч, Я.​Ф.​Мірановіч, К.​В.​Шавель.

1973. У.​Ц.​Астрэйка, Т.​У.​Афанасік, А.​А.​Байкоў, З.​М.​Бычкоўская, М.​П.​Бяганскі, Р.​Л.​Ваньковіч, А.​П.​Вашкевіч, А.​М.​Выскварка, А.​Я.​Вяргейчык, Н.​Ф.​Даніленка, І.​І.​Дзяржынскі, Е.​П.​Дрозд, Л.​М.​Журбіла, І.​Ф.​Зелянкоўскі, М.​У.​Кошур, У.​Ф.​Крышталевіч, Л.​С.​Кучур, А.​С.​Лучко, Ц.​П.​Міхасенка, А.​М.​Мокат, М.​Дз.​Мухін, І.​Я.​Палякоў, В.​А.​Пятрушына, Л.​В.​Сакоўскі, І.​С.​Самуйлаў, Л.​Е.​Сіроткіна, Б.​Л.​Сцяпанаў, А.​М.​Тачыла, Т.​І.​Трафімовіч, А.​Г.​Хацько, А.​А.​Цабрук, М.​Я.​Шарснёў.

1974. С.​І.​Аўсіевіч, І.​А.​Беластоцкі, Т.​В.​Бірыч, А.​А.​Бужынскі, П.​Т.​Дземчанка, М.​К.​Ільін, А.​В.​Казачок, Г.​Г.​Калабук, А.​А.​Падабед, У.​П.​Пакроўскі, В.​С.​Палзуноў, І.​І.​Паўловіч, Я.​І.​Скурко (М.​Танк), М.​М.​Слюнькоў, П.​М.​Судзілоўскі, П.​П.​Цімашэнка, А.​У.​Шатухіна.

1975. К.​К.​Атраховіч (К.​Крапіва), Я.​М.​Багданчук, А.​Дз.​Гатоўчык, І.​М.​Дзёмін, Г.​М.​Катляроў, М.​М.​Купа, Н.​З.​Курносава, У.​К.​Марушчак, В.​Ц.​Марушчанка, І.​Л.​Сінягуб, К.​С.​Сямёнава.

1976. А.​Я.​Андрэеў, І.​Е.​Анісімаў, А.​І.​Бялко, Э.​І.​Валіцкая, Л.​П.​Варганаў, В.​І.​Трэсь, М.​В.​Другакоў, М.​К.​Дубінка, Дз.​Канаплянікаў, М.​І.​Капцяроў, М.​Т.​Клімаў, Л.​Г.​Кляцкоў, Ф.​П.​Комар, Р.​У.​Кубліцкая, А.​А.​Мацкоўскі, Э.​П.​Ражко, Г.​Ф.​Сікорская, А.​А.​Сцепановіч, П.​М.​Фіткевіч, М.​С.​Цітоў, Я.​Т.​Чарвякоў, П.​Шапавал.

1977. М.​М.​Аляксандраў, М.​В.​Анібраева, М.​Я.​Баркун, Л.​А.​Дземчанка, Ц.​Я.​Кісялёў, В.​А.​Руды, Л.​А.​Тозік, Р.​Р.​Шырма, С.​М.​Янчэўскі.

1978. З.​І.​Азгур, А.​Г.​Антонаў, А.​Л.​Белякова, В.​М.​Гарошка, С.​Ф.​Дубоўскі, Я.​Я.​Жлоба, А.​Ф.​Занько, Н.​І.​Кавалец, М.​А.​Караткевіч, П.​М.​Машэраў, Л.​К.​Тарасевіч, С.​І.​Шклярэўскі.

1979. М.​А.​Барысевіч, М.​Дз.​Дзеруноў, У.​М.​Кірыленка, Ф.​І.​Фёдараў.

1981. С.​Ф.​Акуліч, Л.​Дз.​Брызга, П.​К.​Кавалёў, Я.​І.​Кімстач, Н.​І.​Ніканава, В.​Р.​Масюткін, І.​П.​Шамякін.

1982. Я.​І.​Галухін, А.​Л.​Дубко, З.​М.​Задора.

1983. Т.​У.​Чубрык.

1984. Я.​А.​Аляксанкін, В.​П.​Булава, В.​У.​Быкаў, З.​Дз.​Мохарава.

1985. М.​У.​Даменікан.

1986. А.​Р.​Андрэеў, А.​М.​Дудук, М.​Б.​Дукшта, В.​І.​Жалязняк, Э.​Я.​Ляшнеўскі, М.​В.​Паляўкоў, Я.​Я.​Сакалоў, І.​П.​Сянько.

1991. А.​А.​Паташкін.

т. 5, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ РАБО́ТНІК КУЛЬТУ́РЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровае званне, якое прысвойвалася высокакваліфікаваным работнікам устаноў культуры, кінематаграфіі, тэлебачання і радыё, друку, выд-ваў, паліграф. прам-сці і кніжнага гандлю, турысцка-экскурсійных арг-цый і ўстаноў і інш., якія працавалі ў галіне культуры не менш як 10 гадоў, за заслугі ў развіцці культуры. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 29.10.1971, прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР. З 13.4.1995 прысвойваецца званне заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь.

Заслужаныя работнікі культуры Рэспублікі Беларусь

1971. А.​А.​Кузняеў.

1972. М.​П.​Ананьін, Г.​А.​Арцёменка, А.​А.​Асаевіч, М.​А.​Бабіч, М.​Н.​Будзько, Я.​Г.​Буракоў, А.​М.​Бяляеў, М.​П.​Валатковіч, Г.​М.​Верасаў, К.​А.​Галыня, Я.​І.​Гардзей, М.​А.​Грыгор’еў, В.​М.​Жыгалаў, Н.​К.​Захарава, Л.​Я.​Зведзачотава, Г.​М.​Іванова, В.​І.​Ігнацьеў, М.​С.​Карпенка, В.​А.​Кенгурава, М.​Я.​Колас, М.​А.​Лісіцын, Н.​А.​Літвінюк, У.​С.​Лукошка, А.​Дз.​Малочка, Р.​Дз.​Мацюшэнка, Р.​Г.​Мачулін, С.​А.​Міхальчук, М.​А.​Піваварчук, А.​М.​Плешавеня, М.​П.​Рубіс, М.​І.​Собаль, В.​Б.​Філіпскіх, Т.​К.​Хадкевіч, С.​А.​Цімановіч, Р.​Л.​Шапіра, Б.​А.​Шурын.

1973. А.​Г.​Астроўскі, А.​П.​Жукаўскас, Р.​В.​Канавалаў, М.​Л.​Нагнібеда.

1974. М.​А.​Антоненка, Г.​Е.​Барысаў, Ф.​А.​Бачыла, Я.​Я.​Глезер, В.​І.​Дзебалтоўская, П.​Б.​Жукоўскі, Б.​Р.​Зельцэр, М.​І.​Калачынскі, А.​М.​Кулакоўскі, М.​П.​Лобан, У.​Н.​Лупейка, А.​А.​Лютарэвіч, Ф.​І.​Люцко, В.​А.​Малевіч, А.​А.​Маркевіч, В.​А.​Мінаў, С.​А.​Нортман, П.​М.​Падкураў, Н.​Е.​Пашкевіч, В.​І.​Сіманава, А.​Т.​Сімураў, Б.​У.​Усцінаў, У.​П.​Шляхцін, Н.​Л.​Юшпрах.

1975. І.​М.​Агееў, І.​А.​Алексяевіч, В.​В.​Барысава, П.​В.​Бельскі, У.​Ф.​Богдан, А.​М.​Вараб’ёў, Р.​М.​Вараб’ёў, М.​Ф.​Варвашэвіч, І.​Л.​Вінаградава, М.​М.​Гарміновіч, Л.​М.​Гурэвіч, А.​П.​Дземчанкава, С.​І.​Дробыш, І.​С.​Зайцаў, Т.​А.​Зелікаў, І.​Д.​Казека, А.​С.​Казлоўскі, А.​П.​Калачова, А.Г.​Л.​Каплан, А.​М.​Капусцік, К.​І.​Каралёў, А.​Д.​Колас, Я.​Я.​Красоўскі, В.​Г.​Курэпін, Дз.​У.​Кухарава, П.​С.​Лавецкі, І.​П.​Лагоўскі, Р.​Дз.​Лазарэвіч, М.​В.​Лапша, Р.​У.​Лахцянкоў, С.​Дз.​Лі, А.​П.​Мадзіеўскі, Дз.​М.​Марчанка, М.​С.​Мінянкова, У.​А.​Навіцкі, П.​Л.​Паноў, Л.​І.​Папковіч, А.​Л.​Петрашкевіч, Р.​М.​Піятухоўская, К.​К.​Плігаўка, Я.​А.​Руманоўскі, В.​М.​Савельева, І.​А.​Санкова, А.​Ц.​Цількоў, М.​І.​Цыбульская, А.​М.​Цяцерын, І.​П.​Чэрнік, Я.​А.​Штопа, В.​Р.​Шурпач, А.​П.​Шутаў, П.​С.​Шчадроў, Дз.​С.​Юракоў.

1976. Л.​І.​Айзенштат, А.​І.​Анісовіч, І.​А.​Аношка, А.​Ц.​Аўдзееў, І.​П.​Вараб’ёў, А.​М.​Вінаградаў, Г.​Л.​Гарбачова, М.​В.​Гершман, А.​К.​Грэцкі, А.​Е.​Дрозд, Т.​П.​Здзітавецкая, В.​Ф.​Касцюкова, І.​С.​Качан, Я.​Р.​Клінава, У.​Р.​Лахтанаў, В.​А.​Ляшковіч, В.​Л.​Марцыёнка, К.​І.​Назарава, М.​І.​Наздрын-Платніцкі, А.​І.​Стук, В.​Я.​Цітавец, А.​Р.​Цярцічны, У.​А.​Шаліхін, К.​П.​Шылко, У.​М.​Юрэвіч.

1977. Э.​К.​Агуновіч, Ю.​І.​Анейчык, А.​Ц.​Бажко, В.​М.​Барысевіч, П.​Я.​Белавус, А.​А.​Бялова, Ю.​Р.​Гразноў, В.​І.​Дашкоўская, П.​К.​Дубовік, Дз.​І.​Дудко, П.​А.​Жмайлік, М.​М.​Засінец, А.​А.​Здаравенін, І.​Ф.​Карповіч, Я.​Р.​Кацнельсон, Г.​І.​Клёсава, В.​Р.​Кудзелін, С.​Ф.​Любчук, М.​Я.​Матукоўскі, І.​М.​Міцкевіч, І.​А.​Музычка, А.​П.​Нікіціна, М.​А.​Няронскі, Г.​Л.​Папоў, У.​С.​Перацяцька, Р.​Ф.​Самусенкава, А.​Ф.​Серы, Дз.​У.​Сталяроў, І.​Ф.​Сушко, І.​М.​Хвораст, В.​К.​Шарэцкі, В.​Н.​Шчадрына, А.​В.​Шылава.

1978. П.​С.​Абадоўскі, Ф.​І.​Агафонаў, В.​І.​Аркашаў, М.​Д.​Астаневіч, В.​А.​Белік, Р.​М.​Валькова, А.​С.​Васілевіч, Л.​М.​Васкаўцова, І.​І.​Гаўрылаў, І.​І.​Грамовіч, М.​А.​Грусман, Д.​А.​Дубінскі, М.​В.​Дыбкін, Р.​С.​Жук, Р.​В.​Жукава, З.​А.​Жураўлёва, С.​М.​Іонычава, П.​Н.​Кавалёў, А.​С.​Каткоў, З.​Д.​Колб, М.​Н.​Котаў, А.​Ф.​Кукарэка, В.​С.​Куляшоў, І.​П.​Куцко, У.​І.​Кушнер, В.​М.​Марозаў, А.​Я.​Міронаў, В.​П.​Мянжынская, Р.​А.​Немянкова, А.​А.​Раздзялоўскі, А.​М.​Радзіёнаў, А.​Г.​Ражкова, Ю.​Л.​Рыбчонак, У.​К.​Саковіч, Б.​У.​Сасноўскі, Т.​І.​Хапалюк, А.​С.​Харэбін, М.​П.​Чыркун, Р.​В.​Шкраба, М.​Я.​Ярмоленкаў.

1979. А.​Х.​Асіпенка, А.​А.​Бажэлка, М.​Г.​Белісаў, Л.​П.​Болдырава, Ю.​П.​Ванаг, М.​А.​Варон ш, Б.​П.​Гадуноў, В.​С.​Гарбук, М.​А.​Гарулёў, А.​В.​Дзебалюк, Т.​Дз.​Дулуб, А.​А.​Коласаў, Ф.​В.​Конышаў, В.​С.​Ляпеская (Палтаран), У.​В.​Мацвееў, М.​Ф.​Мельнікаў, Я.​Р.​Меркуль, Б.​Я.​Папоў, І.​В.​Пушкоў, У.​В.​Пятровіч, А.​А.​Савельеў, Т.​А.​Слесарук, К.​І.​Суботка, А.​А.​Тоўсцік, З.​Ю.​Цалуйка, В.​Дз.​Чанін, М.​В.​Шапалін, Р.​А.​Шаўчэнка, У.​М.​Шахавец, Н.​Ц.​Шпак, Г.​І.​Ярашэўская.

1980. С.​І.​Ажыгін, Ф.​А.​Аксёнаў, В.​І.​Аламаха, А.​К.​Аляксеенка, М.​І.​Аляксееў, Г.​С.​Андрэева, А.​С.​Андрэеў, А.​М.​Антошкін, А.​І.​Арлоў, К.​Г.​Арцёменка, Р.​І.​Арыка, М.​Я.​Аўрамчык, І.​І.​Бадроў, В.​К.​Бандарчык, П.​Р.​Белікаў, А.​А.​Бірукоў, В.​І.​Бранавіцкі, У.​Л.​Бядуля, В.​К.​Ванчукевіч, Я.​Ф.​Васькова, І.​Дз.​Вятроў, П.​К.​Галаваты, М.​М.​Гаранскі, А.​М.​Гарбачоў, Р.​А.​Гарленка, С.​І.​Гуляева, А.​В.​Далжонак, П.​М.​Дамброўскі, М.​У.​Дарафеенка, П.​Т.​Дземчанка, В.​Дз.​Дончык, І.​С.​Жыгараў, З.​С.​Зайцава, І.​К.​Захараў, У.​А.​Захараў, П.​В.​Збароўскі, А.​Г.​Зенін, М.​Ц.​Іваноў, Ф.​С.​Кавалёў, М.​С.​Карнееў, А.​Н.​Карпюк, М.​І.​Касарэнка, Дз.​А.​Кіргетаў, Ф.​М.​Клецкін, І.​Ф.​Клімаў, Ф.​Дз.​Конін, А.​С.​Кулага, Л.​М.​Кулакоўская, С.​І.​Кухараў, К.​І.​Лобач, Н.​К.​Логвіна, В.​А.​Лявончанка, М.​В.​Ляпін, А.​Р.​Мазанік, І.​Ф.​Мальцаў, М.​А.​Мармалюкоў, А.​Н.​Марціновіч, А.​І.​Махнач, Р.​Н.​Мачульскі, П.​М.​Машэраў, П.​С.​Мікуленка, А.​М.​Міцюля, Ю.​М.​Новікаў, М.​Б.​Осіпава, В.​І.​Пакумейка, С.​А.​Пранько, В.​А.​Пырх, А.​В.​Пысін, А.​М.​Ракавец, Д.​М.​Раманюк, А.​Дз.​Рудак, В.​М.​Савін, Ц.​Е.​Саладкоў, Г.​І.​Станіславава, Т.​М.​Стрыжак, М.​П.​Стрыжонак, М.​А.​Суша, П.​В.​Сяргейчык, А.​В.​Такмянінаў, Г.​Р.​Цішэвіч, В.​І.​Чалоўскі, Я.​А.​Чарняўская, С.​І.​Чыбісава, В.​А.​Шаўлак, М.​І.​Шматкоў, Е.​С.​Шурпач, Я.​К.​Шуціла, А.​Я.​Юшчанка (Алекса Юшчанка). 1981. М.​С.​Арэхва, Г.​М.​Галубовіч, В.​М.​Губарэвіч, А.​Р.​Дрозд, М.​І.​Каменскіх, М.​І.​Карпенка, А.​М.​Кацкель, В.​М.​Краўчанка, А.​І.​Кузьміч, Ф.​Ф.​Лагвіновіч, А.​С.​Ліпскі, В.​М.​Макарэня, І.​Я.​Маслан, Ж.​М.​Міронава, В.​Дз.​Нікалаенка, С.​А.​Пульманоўскі, Н.​Ф.​Рыдзеўскі, У.​І.​Салашэнка, А.​І.​Смірноў, В.​А.​Сувалава, Г.​Я.​Цыганкоў, І.​Ц.​Чарняўскі (Ігнат Дуброўскі), М.​А.​Шырокаў.

1982. Т.​А.​Абакумоўская, І.​У.​Арахоўская, А.​С.​Аўрынская, Л.​С.​Барадулька, М.​М.​Ваданосаў, Р.​І.​Валынец, Ц.​М.​Гурэвіч, Я.​І.​Ждан, А.​С.​Захарошка, В.​А.​Казлоў, Л.​Р.​Кісялёў, Г.​М.​Конанаў, В.​Ф.​Маеўскі, І.​А.​Мандрык, Р.​Я.​Матусевіч, І.​В.​Міхневіч, К.​А.​Мішанава, І.​А.​Муравейка, А.​С.​Палубінскі, М.​А.​Парахоўнік, І.​А.​Сініцына, Г.​І.​Стрыха. І.​М.​Ступнікаў, П.​А.​Суткаленка, П.​П.​Суцько, Г.​І.​Харошка, С.​А.​Ходас, Р.​Л.​Чарахоўская, У.​Т.​Шайлук, І.​І.​Шылько, П.​В.​Янушка.

1983. А.​С.​Бурдзялёў (Аляксей Русецкі), С.​І.​Грахоўскі, Л.​М.​Карамазава, Р.​С.​Паповіч, І.​М.​Пташнікаў, З.​К.​Скачкоўская, А.​М.​Сысоеў, І.​П.​Хаўратовіч, С.​П.​Шушкевіч.

1984. С.​Х.​Александровіч, М.​М.​Афонін, Л.​А.​Валковіч, Б.​П.​Гарнастаеў, П.​Р.​Калеснікаў, Н.​С.​Ляпілава, М.​М.​Назараў, В.​І.​Сінчылін, Ф.​П.​Стэльмашак. Г.​А.​Суслаў, А.​П.​Уладзімірава, У.​П.​Чаркасаў, К.​С.​Чыкаў, А.​Д.​Шчарбакоў.

1985. Э.​В.​Аўраменка, А.​Я.​Варын, С.​Я.​Гурыч, М.​І.​Клебановіч, Ф.​С.​Міхалёў, Ф.​Ф.​Пісарук, І.​Я.​Прылілка, У.​С.​Садзін, І.​А.​Скрыган (Янка Скрыган), В.​М.​Смірноў, У.​А.​Толкач, А.​Р.​Хадарын, М.​М.​Шыманскі, У.​Н.​Яцко.

1986. У.​М.​Гром, А.​Д.​Клімовіч, Э.​П.​Луканская, Л.​А.​Нечыпарэнка, А.​К.​Рамановіч, А.​І.​Савіцкі, А.​К.​Сульянаў, У.​В.​Таран, М.​Ф.​Ягораў.

1987. М.​П.​Агароднікаў, С.​А.​Аслезаў, С.​В.​Барадоўскі, А.​М.​Белакоз, А.​У.​Богуш, С.​А.​Галаўко. Ю.​М.​Іваноў, П.​С.​Каваленка, С.​У.​Клімянценка, Я.​В.​Малашэвіч, М.​Ф.​Нікіцін, В.​В.​Тупіцын, М.​В.​Шоба.

1988. М.​А.​Дэйка, М.​І.​Дзялец, В.​І.​Ермаловіч, Я.​А.​Крыскавец, А.​Р.​Курачкін, Т.​М.​Курыла, А.​І.​Марозава, Л.​А.​Міхайлідзі, У.​І.​Пруднікаў, С.​П.​Самуэль, Р.​С.​Сарока, Ф.​Р.​Шкляраў, Дз.​П.​Юхнік.

1989. В.​Я.​Балаханаў, Л.​А.​Валчок, Э.​І.​Герасімовіч, П.​С.​Дурчын, У.​М.​Душкевіч, П.​В.​Елец, К.​М.​Лімарэнка, Я.​Я.​Лявінскі, А.​С.​Міскевіч, А.​А.​Мошчанка, Ю.​І.​Нікалаеў, М.​М.​Нядбайла, Г.​А.​Сакалова, В.​В.​Саўчанка, І.​І.​Семяжонаў (Язэп Семяжон), З.​А.​Танклеўскі, М.​І.​Трафімук, І.​Я.​Фяцісаў, Г.​П.​Чысцякова, А.​А.​Шагаў, Р.​Я.​Шацаў, В.​У.​Яўстратава.

1990. В.​А.​Бабчанка, А.​І.​Барданаў, К.​П.​Батракова, І.​П.​Галко, В.​А.​Губіч, М.​М.​Дубінін, А.​С.​Жукоўскі, Н.​І.​Жураўленка, С.​В.​Звалінская, В.​Б.​Зелянко, Р.​С.​Зыкава, У.​І.​Казакевіч, І.​А.​Канаплянік, Г.​М.​Качалава, Я.​Я.​Квачаў, А.​С.​Костылева, М.​М.​Кузняцоў, У.​В.​Курылін, М.​Я.​Ленсу, А.​М.​Маліцкі, В.​К.​Мацкевіч, К.​Ц.​Мельнікава, М.​Я.​Мінін, М.​М.​Наско, А.​У.​Нікалайчык, Г.​П.​Обух, М.​І.​Падабед, А.​В.​Папоў, Т.​П.​Рашчынская, Т.​Д.​Рудова, В.​М.​Сяліцкая-Нікітчанка, К.​М.​Турына, Р.​Р.​Храпуцкі, М.​С.​Царкоў, Э.​Р.​Шчыры, В.​П.​Ямінскі.

1991. У.​Дз.​Бараноўскі, Я.​Я.​Бацяноўскі, Я.​М.​Быткоўскі, А.​А.​Бянько, І.​І.​Вашкевіч, А.​І.​Вярцінскі, А.​І.​Гатоўская, Р.​Ф.​Герасімовіч, М.​Р.​Дарашкоў, Н.​Р.​Дземянчук, Р.​В.​Дубікаў, П.​Б.​Звонак (Алесь Звонак), Л.​П.​Кац-Лазарава, Г.​М.​Ліхман, М.​П.​Мацкевіч, Р.​Я.​Пармон, У.​М.​Правалінскі, У.​Р.​Правасуд, Я.​С.​Раманаў, В.​Р.​Раманцоў, Н.​І.​Салдатава, П.​І.​Свярдлоў, В.​С.​Семенякоў, Л.​К.​Толкач, Г.​Дз.​Чорны, Т.​І.​Шахновіч, В.​П.​Шымчонак, І.​С.​Янкоўскі.

1992. А.​Н.​Аўрамчанка, В.​Дз.​Васіленка, Ю.​С.​Васільеў, У.​Р.​Громаў, Ц.​М.​Дамашэвіч, В.​Ф.​Жукоўскі, Н.​С.​Загорская, Л.​Ф.​Мельнік, А.​А.​Мурзіч, П.​І.​Пруднікаў, Ю.​В.​Пучынскі, І.​Дз.​Сухан, А.​У.​Тамашэўскі.

1994. С.​А.​Андраюк. Э.​С.​Валасевіч, А.​М.​Ваніцкі, А.​А.​Зарубіна, А.​К.​Клышка, Ч.​У.​Клячко, Ф.​І.​Савіцкі, С.​К.​Сцефановіч.

т. 6, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЗІ́ЛІЯ (Brasil),

Федэратыўная Рэспубліка Бразілія (República Federativa de Brasil), дзяржава ў Паўд. Амерыцы, займае ўсх. і цэнтр. ч. мацерыка. Мяжуе на Пн з франц. Гвіянай, Сурынамам, Гаянай, Венесуэлай, на З — з Калумбіяй, Перу, Балівіяй, на ПдЗ і Пд — з Парагваем, Аргенцінай, Уругваем. На У абмываецца Атлантычным ак., даўж. берагавой лініі 7,4 тыс. км. Пл. 8,5 млн. км² (5-я па велічыні краіна свету). Нас. 162,2 млн. чал. (1994). Афіц. мова партугальская. Сталіца — г. Бразілія. Падзяляецца на 26 штатаў (Акры, Алагоас, Амазонас, Амапа, Баія, Гаяс, Мараньян, Мату-Гросу, Мату-Гросу-ду-Сул, Мінас-Жэрайс, Пара, Параіба, Парана, Пернамбуку, Піауі, Рандонія, Рарайма, Рыо-дэ-Жанейра, Рыу-Гранды-ду-Норты, Рыу-Гранды-ду-Сул, Санта-Катарына, Сан-Паўлу, Сеара, Сержыпі, Такантынс, Эспірыту-Санту) і федэральную сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 вер.).

Дзяржаўны лад. Бразілія — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1988. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, што выбіраецца ўсеаг. галасаваннем на 4 гады. Заканад. ўладу ажыццяўляе 2-палатны Нац. кангрэс, які складаецца з палаты дэпутатаў і федэральнага сената. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту, які фарміруе ўрад. Штаты маюць уласныя канстытуцыі і заканад. сходы. На чале штатаў стаяць губернатары. Суд. сістэма складаецца з Вярх. федэральнага суда (11 суддзяў, якіх пажыццёва прызначае прэзідэнт са згоды сената), федэральных апеляцыйных судоў, ваен. трыбуналаў, судоў штатаў.

Прырода. На крайняй Пн адгор’і Гвіянскага пласкагор’я (на мяжы з Венесуэлай найвышэйшы пункт краіны — г. Ла-Небліна, 3014 м). Паўн. палавіну краіны займае Амазонская нізіна (Амазонія). Далей на Пд Бразільскае пласкагор’е (сярэдняя выш. 600—900 м), якое паступова павышаецца на ПдУ (г. Бандэйра, 2890 м) і стромка абрываецца да вузкай Прыатлантычнай нізіны. У верхнім цячэнні р. Парана акумулятыўная нізіна Пантанал. Бразілія займае адно з вядучых месцаў у свеце па запасах жал. руды (больш за 100 млрд. т), марганцу, вальфраму, баксітаў, волава, нікелю, хрому, медзі, поліметал. і уранавых рудаў, сурмы, берылію, азбесту, рэдказямельных элементаў, золата. Есць радовішчы нафты і прыроднага газу, каменнага вугалю, алмазаў, каштоўных і вырабных камянёў, фасфарытаў і інш. Клімат мяняецца з ПнЗ на ПдУ ад вільготнага экватарыяльнага да сезоннага вільготнага субтрапічнага. Сярэднемесячная т-ра паветра 16—29 °C, толькі на Пн паніжаецца зімой да 12 °C, зрэдку бываюць замаразкі. Ападкаў 2000—3500 мм за год у Амазоніі, 1400—2000 мм на Бразільскім пласкагор’і і ў Пантанале, 700—500 мм на ПнУ, дзе адзначаюцца частыя і працяглыя засухі. Самая вял. р. Амазонка з густой сеткай прытокаў. 18 з іх даўж. больш за 1500 км кожны (найб. Рыу-Негру, Мадэйра, Тапажос). На З і Пд рэкі Парана, Парагвай, Уругвай, на У і ПнУ — Сан-Франсіску, Такантынс. Патэнцыяльныя гідраэнергет. рэсурсы 21 млн. кВт. Пераважаюць чырванаколерныя фералітавыя глебы, на Пд жаўтазёмы і чырвона-карычневыя, уздоўж рэк алювіяльныя. Пад лесам 38% тэр. краіны. На З Амазоніі густыя вільготныя экватарыяльныя лясы — гілея або сельвас, з каштоўнымі відамі дрэў (больш за 400 відаў), на У і на схілах Гвіянскага і Бразільскага пласкагор’яў пераважаюць лістападныя лясы. Цэнтр. ч. Бразільскага пласкагор’я занята саваннай (мясц. назва кампас), на ПнУ паўпустыннае рэдкалессе (каатынга), на Пд пераважна араўкарыевыя лясы. Жывёльны свет багаты і разнастайны. Больш за 20 нац. паркаў (Арагуая, Жау, Ігуасу, Піку-да-Небліна і інш.), запаведнікі, заказнікі.

Насельніцтва. Асн. частка (95%) — бразільцы, нацыя, якая склалася ў выніку змяшання еўрапейцаў (пераважна партугальцаў, а таксама італьянцаў, іспанцаў і інш.) з неграмі (у асн. з Зах. Афрыкі) і індзейцамі; белыя (каля 55%), негры (каля 6%), мулаты і метысы (больш за 30%), каля 300 тыс. індзейцаў (пераважна ў Амазоніі) і каля 3 млн. імігрантаў — партугальцаў, іспанцаў, італьянцаў, немцаў, японцаў і інш.; ёсць выхадцы з краін Усх. Еўропы, у т. л. беларусы. Каля 89% вернікаў — католікі, 8% — пратэстанты і прадстаўнікі інш. хрысц. канфесій, ёсць будысты, мусульмане, іудаісты і інш. На ПнУ сярод нашчадкаў б. рабоў захаваліся афр. культы. Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. 18,4 чал. на 1 км². На ПнУ, ПдУ і Пд краіны (каля 40% тэр.) жыве каля 90% насельніцтва, у т. л. ў зоне Атлантычнага ўзбярэжжа (9% тэр.) — каля 50%. Слаба населена (ад 1 да 5 чал. на 1 км²) паўн. ч. краіны. У гарадах жыве 70% (1993). Найбольшыя гарады (1991, тыс. ж.): Сан-Паўлу — 9480, Рыо-дэ-Жанейра — 5336, Салвадор — 2056, Белу-Арызонты — 2019, Фарталеза — 1758, Бразілія — 1596, Рэсіфі — 1290, Курытыба — 1290, Нова-Ігуасу — 1286, Порту-Алегры — 1263, Белен — 1246, Манаус — 1011.

Гісторыя. Чалавек на тэр. Бразіліі з’явіўся ў 8—7-м тыс. да н.э. Карэнныя жыхары яе — індзейскія плямёны (гуайкуру, тупі-гуарані, айморэс, карыбы і інш.), якіх напярэдадні з’яўлення тут партугальцаў было 800 тыс. — 1 млн. чал. Партуг. мараплавец П.​А.​Кабрал 1.5.1500 абвясціў адкрытую ім Зямлю Святога Крыжа ўладаннем партуг. караля. Партуг. каланізацыя напачатку абмяжоўвалася нарыхтоўкай і вывазам мясц. чырв. дрэва pau-brasil (адсюль і назва Бразілія). З 1530 партугальцы перайшлі да арганізаванай каланізацыі. У 1532—36 узбярэжжа падзелена на 13 капітаній (феад. землеўладанняў) на чале з капітан-губернатарамі (сталіца — Баія). У с.-г. вытворчасці найб. развіццё атрымала плантацыйная сістэма, заснаваная на эксплуатацыі неграў-рабоў з Афрыкі. На працягу 16 ст. на браз. узбярэжжы намагаліся замацавацца французы. Бандэйранты — удзельнікі ваен. паходаў ва ўнутр. раёны Бразіліі — частку індзейцаў знішчылі ці ператварылі ў рабоў. Паўстанні індзейскіх плямён (1555, 1557, 1561) былі задушаны партугальцамі. Збеглыя негры стварылі сваю рэспубліку Палмарыс (1630—97). У 1680 адменена рабства індзейцаў. У 1720 у Бразіліі ўведзена пасада віцэ-караля, рэзідэнцыя якога ў 1763 пераведзена з Баіі ў Рыо-дэ-Жанейра. Палітыка партуг. улад стрымлівала эканам., паліт. і культ. развіццё Бразіліі, выклікала паўстанні каланістаў (у капітаніях Мараньян у 1684—85 і Мінас-Жэрайс у 1720), абуджала нац.-вызв. рух. У 1789 у капітаніі Мінас-Жэрайс узнікла змова Тырадэнтыса, якая мела на мэце ўзбр. паўстанне і абвяшчэнне Бразіліі незалежнай рэспублікай (раскрыта партугальцамі). Пасля акупацыі Партугаліі войскамі франц. імператара Напалеона I (1807) у Бразіліі знайшоў прытулак каралеўскі дом Браганса на чале з прынцам-рэгентам Жуанам (з 1816 кароль Партугаліі Жуан VI). У краіне былі адменены абмежаванні на арганізацыю мануфактур, рамёстваў і промыслаў, заснаваны Браз. банк, адкрыта Нац. б-ка ў Рыо-дэ-Жанейра (1808), адменены мытныя тарыфы на ўвоз друкаванай прадукцыі (1821) і інш. У 1815 абвешчана стварэнне Аб’яднанага каралеўства Партугаліі, Бразіліі і Алгарві (паўд. ч. Партугаліі), што афіцыйна скасоўвала статус Бразіліі як калоніі. Партугальская рэвалюцыя 1820 вымусіла Жуана VI вярнуцца ў Лісабон, рэгентам у Бразіліі застаўся яго сын прынц Педру. Ідэю незалежнасці краіны падтрымалі кансерватыўныя браз. колы, якія звязвалі незалежнасць з захаваннем манархіі. У 1822 Бразілія абвешчана незалежнай імперыяй (прызнана Партугаліяй у 1825), прынц-рэгент каранаваны як імператар Педру I. Паводле першай браз. канстытуцыі 1824 дзяржава стала канстытуцыйнай манархіяй. Пасля няўдалай спробы Педру I зрабіць у 1831 дзярж. пераварот ён адрокся ад прастола на карысць 5-гадовага сына (з 1840 імператар Педру II). Паступовая перабудова сац.-эканам. адносін вяла да змяншэння ролі рабскай працы. У 1850 забаронены гандаль рабамі, пасля чаго амаль спыніўся прыток неграў-рабоў з Афрыкі (на працягу 350 гадоў у Бразілію ўвезена каля 5 млн. рабоў). Гасп. развіццю Бразіліі садзейнічаў рост іміграцыі (ад 20 тыс. чал. у 1822—50 да 650 тыс. у 1871—89). З 1860-х г. у Бразіліі ўзмацніўся рух за ўстанаўленне рэспублікі, які спалучаўся з абаліцыянізмам. Адмена рабства, абвешчаная парламенцкім актам 1888, прадвызначыла лёс браз. манархіі. У выніку выступлення маладых афіцэраў-рэспубліканцаў у 1889 скінуты Педру II і ў краіне ўстанавіўся рэсп. лад. Паводле канстытуцыі 24.2.1891 краіна стала называцца Аб’яднанымі Штатамі Бразіліі. Барацьба сялян за зямлю ў канцы 19 ст. вылілася ў шэраг выступленняў, найб. буйное — у штаце Баія ў 1896—97. З канца 19 ст. ў Бразілію пранікаў англ. і паўн.-амер. капітал. Аграэкспартная накіраванасць эканомікі зрабіла Бразілію да 1-й сусв. вайны адным з буйнейшых пастаўшчыкоў кавы на сусв. рынак. У пасляваен. час уладу ў краіне ўтрымлівалі кансерватыўныя «кававыя» вярхі штатаў Сан-Паўлу і Мінас-Жэрайс. У 1920-я г. ва ўмовах слабай апазіцыі і спаду рабочага руху супраць урада адкрыта выступілі маладыя афіцэры — «тэнентысты» (ад партуг. «тэнентэ» — лейтэнант). Іх паўстанні ў Рыо-дэ-Жанейра (1922), Сан-Паўлу і штаце Рыу-Гранды-ду-Сул (адпаведна ліп. і кастр. 1924) задушаны ўрадавымі войскамі, але барацьба працягвалася да 1927. На пачатку эканам. крызісу 1929—33 апазіц. сілы згуртаваліся ў Ліберальны альянс і вылучылі на выбарах 1930 кандыдатам у прэзідэнты Ж.Варгаса. Праграма альянсу патрабавала дэмакратызацыі краіны і «агульнанац. рэвалюцыі ў інтарэсах усяго народа», была падтрымана большасцю «тэнентыстаў». З-за перашкод па-праанглійску настроеных улад спадзяванні апазіцыі перамагчы на выбарах не спраўдзіліся, таму Ліберальны альянс перайшоў да ўзбр. барацьбы, якую падтрымлівалі ЗША. Вырашальную ролю ў падрыхтоўцы і правядзенні паўстання адыгралі «тэнентысты», якія перацягнулі на свой бок шэраг вайск. часцей. Паўстанне пачалося 3.10.1930 адразу ў некалькіх штатах (т.зв. Ліберальная рэвалюцыя). Пры падтрымцы насельніцтва паўстанцы ўстанавілі кантроль над усёй краінай. У Рыо-дэ-Жанейра быў сфарміраваны ўрад Ліберальнага альянсу на чале з Варгасам, які ўстанавіў часовы ваен. рэжым, увёў пратэкцыянісцкі мытны тарыф, адмяніў гандл. пошліны паміж штатамі, стварыў працоўнае заканадаўства, былі ўведзены выбарчыя правы для жанчын. Мэтай урада было выкараненне класавай барацьбы і пашырэнне свайго ўплыву на рух працоўных («сац. гармонія»). Да 1934 урад пайшоў на кампраміс з кансерватыўнымі сіламі. У 1937 Варгас разагнаў кангрэс, устанавіў дыктатарскі рэжым «новай дзяржавы», у 1938 разграміў фаш. партыю «інтэгралістаў» і забараніў усе паліт. партыі. На ўзор фаш. Італіі ўводзілася карпаратыўная сістэма. Рэжым «новай дзяржавы» стымуляваў развіццё нац. прам-сці, дзярж. сектара, абмяжоўваў прывілеі замежнага капіталу. На пач. 2-й сусв. вайны Бразілія захоўвала нейтралітэт, у 1942 абвясціла вайну Германіі і Італіі, у 1945 — Японіі. Краіна далучылася да антыгітлераўскай кааліцыі і падпісала Дэкларацыю Аб’яднаных Нацый, у 1944 накіравала 50-тысячны корпус на італьян. фронт. У 1945 Варгас абвясціў пра ўвядзенне ў краіне дэмакр. свабод і заснаваў уласную Трабальісцкую («рабочую») партыю, якая заклікала да нац. адзінства на аснове супрацоўніцтва класаў, да абароны нац. эканомікі і паляпшэння становішча працоўных. Кансерватыўныя сілы з дапамогай ваен. вярхоў у кастр. 1945 дамагліся адхілення Варгаса ад улады. На прэзідэнцкіх выбарах у снеж. 1945 перамог маршал Э.​Г.​Дутра. У 1946 прынята канстытуцыя Бразіліі, якая абвясціла дэмакр. правы і свабоды. Урад Дутры наладзіў цеснае эканам. і ваен.-паліт. супрацоўніцтва з ЗША У 1947 у прадмесці Рыо-дэ-Жанейра прадстаўнікі ЗША і 20 лац.-амер. краін, у т. л. Бразілія, падпісалі Міжамер. дагавор аб узаемадапамозе (дагавор Рыо-дэ-Жанейра), аформіўшы першы ваен.-паліт. блок у пасляваен. свеце. На прэзідэнцкіх выбарах 1950 зноў перамог Варгас. Яго ўрад (1951—54) аднавіў нацыянал-рэфармісцкі курс, які атрымаў падтрымку ў шырокіх колах насельніцтва. У жн. 1954 незадаволеныя палітыкай прэзідэнта генералы-змоўшчыкі запатрабавалі яго адстаўкі. Варгас скончыў самагубствам. У перадсмяротным лісце ён абвінаваціў у змове міжнар. і мясц. фін.-эканам. групы. Хваля нар. абурэння стрымала правыя сілы ад устанаўлення дыктатуры. Курс на адстойванне канстытуцыі і дэмакр. свабод, абарону нац. інтарэсаў і правоў працоўных працягвалі прэзідэнты Ж.​Кубічэк ды Алівейра (1956—61), Ж.​Куадрус (студз.—жн. 1961) і Ж.​Гуларт (1961—64). У выніку перавароту 31.3.—1.4. 1964 уладу захапілі ваенныя. Прэзідэнтам з надзвычайнымі паўнамоцтвамі стаў маршал У.​Кастэлу Бранку (1964—67). Была адменена канстытуцыя 1946, распушчана большасць прафсаюзаў. Сотні тысяч людзей былі арыштаваны, кінуты ў турмы, пазбаўлены паліт. правоў на 10 і больш гадоў, прафсаюзы пастаўлены пад кантроль урада і інш. У 1965 замест усіх скасаваных партый створаны праўрадавы Нац. саюз абнаўлення (АРЕНА) і апазіцыйны Бразільскі дэмакр. рух (БДР), у які ўступіла большасць трабальістаў. Дзейнасць, праграмы і фінансы абедзвюх партый кантраляваліся ваен. ўладамі. Паводле новай канстытуцыі 1967 правы кангрэса значна абмежаваны (у 1968 кангрэс увогуле распушчаны), а прэзідэнта выбірала калегія выбаршчыкаў з членаў Нац. кангрэса і прадстаўнікоў ад штатаў. Выбраны прэзідэнт маршал А. да Коста-і-Сілва (1967—69) у 1968 выдаў акт, які даваў кіраўніку дзяржавы неабмежаваныя паўнамоцтвы. За кошт вял. сац. выдаткаў для насельніцтва да канца 1860-х г. эканоміка краіны стабілізавана і забяспечаны высокія тэмпы яе развіцця. У знешняй палітыцы ваен. рэжым арыентаваўся на саюз з ЗША. Час прэзідэнцтва ген. М.​Гарастазу (1969—74) — перыяд найб. поспехаў браз. дыктатуры. Эканам. ўздым забяспечаны за кошт скарачэння выдаткаў на аплату працы, павышэння нормы прыбытку, прытоку замежнага капіталу, мабілізацыі рэсурсаў дзяржавы на перабудову эканомікі.

Аднак эканам. крызіс 1974—75 і рост цэн на імпартную нафту запаволілі тэмпы росту эканомікі. Урад ген. Э.​Гейзела (1974—79) ва ўмовах узмацнення апазіцыі дыктатуры ў 1978 распрацаваў праграму лібералізацыі рэжыму: адменены цэнзура друку і частка рэпрэсіўных законаў, надзвычайныя паўнамоцтвы прэзідэнта. У знешняй палітыцы ўрад Гейзела пачаў адыход ад безагаворачнай арыентацыі на ЗША на карысць прыярытэту гандл.-эканам. інтарэсаў Бразіліі. Урад ген. Ж.Б.Фігейрэду (1979—85) паскорыў працэс лібералізацыі (амністыя палітвязням і палітэмігрантам, пераход да шматпартыйнасці з 1980, скасаванне партый АРЕНА і БДР). Буйнейшай сярод апазіцыйных стала Партыя бразільскага дэмакр. дзеяння. Пагаршэнне эканам. сітуацыі на мяжы 1980-х г. узмацніла апазіц. настроі. У 1983 распачалася масавая кампанія за прамыя прэзідэнцкія выбары і пераход да цывільнага кіравання. Прыхільнікі гэтага курсу аб’ядналіся ў Дэмакр. саюз. У 1985 улада перададзена цывільнаму ўраду. Прэзідэнт Ж.​Сарней (1985—90) стварыў новае прац. заканадаўства, прыняў праект агр. рэформы. Канстытуцыйныя папраўкі аднавілі ўсеагульныя прамыя выбары прэзідэнта і ліквідавалі абмежаванні дэмакр. свабод, права голасу атрымалі 20 млн. непісьменных. Нац. кангрэс, выбраны ў 1986, прыняў у 1987 новую дэмакр. канстытуцыю. Нягледзячы на поспехі, эканам. курс урада з-за немагчымасці сумясціць высокія тэмпы росту эканомікі і выплату працэнтаў па вял. знешнім доўгу, які да 1989 дасягнуў каля 115 млрд. долараў, пацярпеў няўдачу. На прэзідэнцкіх выбарах 1989 перамог Ф.​Колар ды Мела, які стварыў уласную Партыю нац. рэканструкцыі. Яго ўрад (1990—92) скараціў дзярж. выдаткі, але не здолеў спыніць інфляцыю. У 1992 адбыўся буйнейшы ў гісторыі Бразіліі паліт. крызіс, выкліканы абвінавачваннямі Колара ды Мелы ў карупцыі і злоўжыванні службовым становішчам. Пасля яго адстаўкі на чале дзяржавы стаў віцэ-прэзідэнт І.​Франку. На прэзідэнцкіх выбарах 1994 перамог сацыял-дэмакрат Ф.​Э.​Кардозу. Бразілія — член ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Дзейнічаюць партыі: браз. сацыял-дэмакратыі, браз. дэмакр. дзеяння, ліберальнага фронту, Сацыял-дэмакратычная, Дэмакр. трабальісцкая, партыя працоўных, Нар. сацыялістычная, нац. рэканструкцыі; Адзіны прафцэнтр працоўных (у 1993 аб’ядноўваў больш за 15 млн. чл.), прафс. цэнтр «Форса сіндыкал» (каля 8 млн. чл. у 1993), Усеагульны цэнтр працоўных, Усеагульная канфедэрацыя працоўных, Незалежны прафес. саюз.

Гаспадарка. Бразілія — індустр.-агр. краіна, буйнейшая па эканам. патэнцыяле ў Лац. Амерыцы, 10-я ў свеце па велічыні валавога ўнутр. прадукту (ВУП). Важную ролю ў яе эканоміцы адыгрываюць міжнар. кампаніі: агульная сума прамых прыватных замежных інвестыцый складае больш за 30 млрд. дол. ЗША (з іх больш за 70% інвестыцыі ЗША, ФРГ, Японіі). У дзярж. сектары чыгункі, сувязь, ч. марскога транспарту, здабыча і значная ч. перапрацоўкі нафты, большая частка вытв-сці эл. энергіі, здабычы жал. руды, каменнага вугалю, большасць прадпрыемстваў чорнай металургіі. Прамысловасць дае больш за 26% ВУП, сельская і лясная гаспадарка, рыбалоўства — 8, буд-ва — 6,7, транспарт і сувязь — 6,6%. Здабыча (1993): жал. руды 153,1 млн. т, марганцавай 722 тыс. т (па колькасці марганцу), баксітаў 9,4 млн. т, волава 25,6 тыс. т, золата 76 т, алмазаў 1500 тыс. каратаў, фасфарытаў 3,4 млн. т, нафты 32 млн. т, каменнага вугалю каля 30 млн. т. Здабыча нафты задавальняе патрэбы краіны прыкладна на 50%, як паліва выкарыстоўваецца этылавы спірт расліннага паходжання (штогадовая вытв-сць больш за 15 млрд. л, на ім працуе каля ​1/3 аўтатранспарту). Вытв-сць эл. энергіі 248,8 млрд. кВт∙гадз (1993), з іх 92% — на ГЭС. Буйнейшая ў свеце ГЭС Ітайпу (12,6 млн. кВт) на р. Парана. Значныя ГЭС: Кубатан на р. Тыетэ; Фурнас, Пейшоту, Марымбонду, Жагуара і Эстрэйту на р. Рыу-Гранды; Трэс-Марыяс і Паўлу-Афонсу на р. Сан-Франсіску; Жупія і Ілля-Салтэйра на р. Парана. Працуе АЭС Ангра 1. Прадпрыемствы чорнай металургіі пераважна на ПдУ (з-ды ў гарадах Волта-Рэдонда, Піасагуэра, Белу-Арызонты, Ітабіра). Выплаўка чыгуну 23,9 млн. т, сталі 25,7 млн. т (1994). Каляровая металургія (вытв-сць алюмінію, медзі, нікелю, волава) развіта ў штатах Сан-Паўлу і Мінас-Жэрайс. Апрацоўчая прам-сць забяспечвае 85% патрэб краіны. Бразілія ўваходзіць у лік буйных маш.-буд. краін свету. Вылучаецца трансп. машынабудаванне — вытв-сць аўтамабіляў (больш за 1 млн. штогод), самалётаў, суднаў, трактароў, а таксама станкоў, эл.-тэхн. вырабаў. Адна з найб. дынамічных галін — вытв-сць камп’ютэрнай тэхнікі і яе кампанентаў. Развіта ваен. прам-сць, у т. л. на экспарт. Найбуйнейшыя цэнтры машынабудавання Сан-Паўлу, Рыо-дэ-Жанейра, Белу-Арызонты. У Бразіліі — буйная нафтаперапр. (Рыо-дэ-Жанейра і Кубатан), разнастайная хім. (пераважае выпуск пластмасаў, азотных і фосфарных угнаенняў) і нафтахім. (штаты Сан-Паўлу, Баія, Рыу-Гранды-ду-Сул), цэлюлозна-папяровая (штаты Парана і Сан-Паўлу), тэкст. (пераважае вытв-сць баваўняных тканін) і гарбарна-абутковая (штат Мінас-Жэрайс, гарады Сан-Паўлу і Рыо-дэ-Жанейра) прам-сць. У харчасмакавай прам-сці найб. развіты экспартныя галіны: цукровая (вытв-сць цукру 7,4 млн. т, 1993), алейная (соевага алею 3,6 млн. т, 1993), а таксама тытунёвая, мясная, кававая і інш. Нарыхтоўка драўніны 268,9 млн. м³, у т. л. 191,2 м³ паліўнай. Марское і рачное рыбалоўства (каля 1 млн. т штогод). Сельская гаспадарка (занята 30% самадзейнага насельніцтва) дае больш за 40% экспартнай прадукцыі. Бразілія — адна з буйнейшых у свеце с.-г. краін. Пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 5% пл. краіны, пад лугамі і пашай каля 20%. Гал. экспартныя культуры (1993): кава — 1,27 млн. т (1-е месца ў свеце), какава — 346 тыс. т (2-е месца ў свеце), соя — 22,7 млн. т, бавоўна — 405 тыс. т, цукр. трыснёг — 251,4 млн. т; вырошчваюцца пераважна на ПдУ і Пд. Экспартнае значэнне маюць (1992): апельсіны — 18 млн. т, бананы — 5,6 млн. т, тытунь — 663 тыс. т, сізаль — 126 тыс. т. На Пд развіта вінаградарства. Гал. харч. культуры (1993): збожжа — 44,2 млн. т (у т. л. кукуруза — 30 млн. т, рыс — 10,2 млн. т, пшаніца — 2,2 млн. т), маніёк — 21,7 млн. т, фасоля, боб. Жывёлагадоўля на пашавых землях Бразільскага пласкагор’я, у Амазоніі, у адкормачных гаспадарках на Пд і ПдУ. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 153, свіней 31, авечак 19,7, коз 12,5. Вытв-сць (млн. т, 1993): ялавічыны і цяляціны 3,1, свініны 1,2, мяса птушкі 3,2, малака 15,7. Транспарт. Даўжыня аўтадарог 1,8 млн. км, з іх з цвёрдым пакрыццём (пераважна на У) 12,3%. Пабудавана Трансамазонская шаша (ад Рэсіфі да граніцы з Перу), будуецца мерыдыянальная Трансбразільская шаша. На аўтатранспарт прыпадае 60% усіх перавозак грузаў і 95% пасажыраў. Чыгунак 19,2 тыс. км, з іх электрыфікавана 2,1 тыс. км, чыг. сетка сканцэнтравана на ПдУ, Пд і ўзбярэжжы акіяна. Даўжыня ўнутр. водных шляхоў больш за 31 тыс. км. Гал. водныя сістэмы: Амазонка з прытокамі, Сан-Франсіску, Парана. Марскі флот (агульная грузападымальнасць больш за 10 млн. т) базіруецца на 40 глыбакаводных партах. Найбуйнейшыя універсальныя парты Сантус, Рыодэ-Жанейра, Рыу-Гранды, Паранагуа, Порту-Алегры, спецыялізаваныя на экспарце жал. руды — Тубаран і Сан-Себасцьян. Авіяц. транспарт (больш за 1000 аэрапортаў і аэрадромаў з цвёрдым пакрыццём) займае значнае месца ва ўнутр. і міжнар. пасажыраперавозках. У экспарце каля 70% па кошце складаюць гатовыя вырабы. Вывозяцца сталь, алюміній, волава і інш. каляровыя металы, самалёты, аўтамабілі, абутак, жал. руда, кава, какава, соя, цукар, апельсінавы сок і інш. Імпартуецца нафта, машыны і абсталяванне, некаторыя харч. і хім. прадукты і інш. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША, Германіяй, Японіяй, Вялікабрытаніяй, краінамі Лац. Амерыкі. Бразілія экспартуе ў Беларусь цукар і каву, імпартуе калійныя і азотныя ўгнаенні. У 1992 Бразілію наведалі 1 млн. 975 тыс. турыстаў. Знешні доўг 120,7 млрд. долараў (1992). Грашовая адзінка — крузада.

Узброеныя сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. На канец 1994 налічвалі 336,8 тыс. чал. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі (219 тыс. чал.) аб’яднаны ў некалькі баявых камандаванняў, маюць на ўзбраенні 520 лёгкіх танкаў, 290 баявых разведвальных машын, 795 бронетранспарцёраў, розныя артыл. сістэмы і мінамёты, тактычныя ракеты і інш. Бразільскія ВПС самыя шматлікія (59,4 тыс. чал.) і аснашчаныя ў Лац. Амерыцы, маюць больш за 1000 самалётаў і верталётаў амер., франц. і браз. вытворчасці, з якіх каля 330 баявых. ВМС (58,4 тыс. чал.) маюць 46 баявых караблёў і 51 баявы катэр (у т. л. авіяносец, 4 падводныя лодкі, 12 фрэгатаў, 39 дэсантных катэраў, 5 рачных патрульных караблёў і манітор). Марская авіяцыя мае процілодачную эскадрыллю (11 баявых самалётаў) і інш.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 57 гадоў, у жанчын 67 гадоў. Смяротнасць 9 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 270 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 848 чал. Узровень нараджальнасці 21 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць 60 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Бразіліі ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 2—6 гадоў, пач. (асноўную) 8-гадовую школу, абавязковую для дзяцей 7—14 гадоў, сярэднія школы (3-гадовыя каледжы з класічным або тэхн. ухілам, заканчэнне якіх дае права на паступленне ў ВНУ), прафес. навуч. ўстановы, ВНУ (дзярж. і прыватныя). Найбольшыя ун-ты: у Рыо-дэ-Жанейра (з 1920), Сан-Паўлу (1934), г. Бразілія (з 1961), Каталіцкі ў г. Кампінас (з 1941). Буйнейшыя б-кі: Нац. (з 1810), Партуг. каралеўская чытальная зала (з 1897), Мін-ва замежных спраў (з 1906) — усе ў Рыо-дэ-Жанейра, Муніцыпальная ў Сан-Паўлу (з 1925). Музеі: Нац., Нац. гіст., Нац. прыгожых мастацтваў у Рыо-дэ-Жанейра; сучаснага мастацтва і этнагр. ў Сан-Паўлу. Навуковыя даследаванні вядуцца ў навук. цэнтрах, ін-тах, спецыялізаваных ін-тах, ін-тах пры ун-тах. 12 акадэмій, якія маюць карпаратыўны характар (не вядуць н.-д. дзейнасці). Старэйшыя з іх Бразільская акадэмія л-ры (з 1897) і Бразільская АН (з 1916).

Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць 270 штодзённых газет агульным тыражом 8,5 млн. экз. (1990). Буйнейшыя: «О Globo» («Зямны шар», з 1925), «О Estado do São Paulo» («Штат Сан-Паўлу», з 1875), «О Dia» («Дзень», з 1951). Урадавая інфарм. служба Эмпрэза Бразілейра ды камунікасан радыубраз (ЭБКР, засн. ў 1979). Радыёвяшчанне з 1921. Дзейнічае каля 2800 радыёстанцый (з 1989). Асноўныя: «Радыу Насіянал», «Радыу глобу», «Радыу Эльдараду», «Радыу жорнал ды Бразіл», «Радыу Тупі», «Радыу Мундыял». Тэлебачанне з 1952. Працуе 235 тэлевізійных станцый. Буйнейшае аб’яднанне, у якое ўваходзяць 1410 радыё- і 177 тэлестанцый, — Эмусорас ды Радыу і Тэлевізаў.

Літаратура. Нац. л-ра Бразіліі, якая развіваецца пераважна на партуг. мове, пачала складвацца на рубяжы 18—19 ст. Але актыўнае творчае жыццё ішло на працягу ўсяго калан. перыяду: трактаты і пісьмы місіянераў-езуітаў, хронікі і апісанні падарожжаў, паэт. і драм. творы ў стылі барока. Шырока засвойваліся партуг., індзейскія і негрыцянскія фалькл. багацці. У 16—17 ст. мелі пашырэнне рэліг. тэатр. пастаноўкі — аўта, у якія, каб палегчыць іх успрыманне індзейцамі-язычнікамі, уводзіліся сюжэты з мясц. паданняў і міфаў. Буйнейшыя тагачасныя аўтары: Ж. ды Аншыета, Б.​Тэйшэйра Пінту, А.​Віейра, А. ды Са, Г. ды Матус, М.​Батэлью ды Алівейра, Н.​Маркес Перэйра, С. да Роша Піта. У творах 18 ст. спалучыліся класіцыстычныя памкненні, уплыў асветы і эстэтыкі Аркадыі (італьян. літ. акадэміі). Пераадоленне барочнага светаўспрымання, мноства хвалебных і любоўных паэм, сатыр, элегій, ліслівых санетаў, прысвечаных вяльможам, спалучаліся з пошукамі нац. асноў творчасці. У эпічных паэмах «Уругвай» (1769) Ж.Б. да Гамы і «Карамуру» (1781) Ж. ды Санта-Рыта Дурана асветніцкі ідэал «натуральнага» чалавека ўвасобіўся ў вобразе індзейца. Вядучым лірыкам, адным з заснавальнікаў як нац. л-ры, так і лац.-амер. рамантызму быў Т.​А.​Ганзага. Яго кн. вершаў «Дырсеева Марылія» (ч. 1—2, 1792—99) уласцівы пастаральны каларыт і культ прыроды. Ганзага і паэты К.М. да Коста, І.Ж. ды Алварэнга Пейшоту заклалі эстэт. прынцыпы «мінаскай школы» (Мінас-Жэрайс — штат на ПдУ Бразіліі), удзельнічалі ў антыпартуг. руху «інканфідэнтаў». Лічыцца, што іх пяру належыць паэма «Чылійскія лісты» (1786) — вострая сатыра на калан. чыноўніцтва. Абвяшчэнне незалежнасці Бразіліі ў 1822 прадвызначыла канчатковае аддзяленне яе л-ры ад партугальскай. Сцвярджэнне ў 19 ст. рамантызму ў браз. л-ры ішло праз «перадрамантызм» тых аўтараў, якія захавалі сувязь з «аркадыйскім» рухам (А.П. ды Соза Колдас і Ж.Б. ды Андрада-і-Сілва). Аптымізму, рамантычнай ідэалізацыі абарыгенаў (індзейцаў) у індыянізме — значнай плыні ўнутры рамантызму (паэты Ж.Г. ды Магальяэнс і А.Гансалвіс Дыяс, раманісты Бразіліі да Сілва Гімараінс і Ж.М. ды Аленкар) — прыйшлі на змену «сертанізм» (паэтызацыя патрыярхальнага сял. жыцця), песімістычныя матывы філас. лірыкі. У 2-й пал. 19 ст. браз. л-ра зазнала ўплыў Парнаскай школы, даволі моцныя былі тэндэнцыі сімвалізму, натуралізму, рэгіяналізму (адлюстраванне прыроды розных раёнаў краіны і нораваў жыхароў). Раманы «Ханаан» (1902) Ж.П. да Граса Араньі, «Сертаны» (1902) Э. да Куньі, «Запіскі архіварыуса Ісаяса Каміньі» (1909) А.Э. ды Лімы Барэту прадвызначылі нац. спецыфіку развіцця гэтага жанру ў наступныя дзесяцігоддзі. 20 ст. адзначана рэаліст. і авангардысцкімі пошукамі ва ўсіх літ. родах. Вострыя сац. праблемы ўзнімаў «паўн.-ўсх. раман» (Г.​Рамус, Ж.​Ліне ду Рэгу, Ж.Амаду). Жанр гарадскога сац.-псіхал. рамана распрацоўваў Э.Верысіму. Прадстаўнікі паэзіі і прозы авангардысцкіх кірункаў — Ж.О. ды Андрадзі, Ж. ды Ліма, М.Р. ды Андрадзі, К.Д. ды Андрадзі, В. ды Марайс.

Архітэктура, выяўленчае мастацтва. Ад стараж. індзейскіх культур на тэр. Бразіліі захаваліся наскальныя выявы, каменная скульптура, кераміка з геам. і антрапаморфным арнаментам. З прыходам партугальцаў (1500) паявілася мураваная архітэктура, будаваліся гарады і крэпасці (Алінда, Рэсіфі, Салвадор, Рыо-дэ-Жанейра), умацаваныя сельскія сядзібы—фазэнды (дом памешчыка, царква, гасп. пабудовы і хлявы для рабоў). У 18 ст. ў раёне здабычы золата і алмазаў (цяпер штат Мінас-Жэрайс) сфарміравалася самабытная архітэктура браз. барока, якая вылучалася пластычнасцю аб’ёмаў, багаццем колеру, пышнасцю ляпнога дэкору, размалёўкамі і залачонай разьбой па дрэве ў інтэр’ерах (арх. М.Ф. ды Лісбоа, яго сын Алейжадынью і інш.). Для ўпрыгожання будынкаў выкарыстоўваліся і бела-блакітныя керамічныя пліткі («азулежус»), з якіх складваліся сюжэтныя кампазіцыі. Развіваліся станковая скульптура, якая адлюстравала нац.-вызв. імкненні (Алейжадынью), і дэкар. пластыка (В. ды Фансека-і-Сілва), узнік станковы жывапіс (М. да Коста Атаідзі). З абвяшчэннем незалежнасці Бразіліі (1822) у яе культуры ўзмацніўся свецкі пачатак, у архітэктуры — франц. класіцызм (арх. О.​Гранжан ды Мантыньі). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. раслі гарады з багатымі будынкамі ў духу еўрап. эклектызму, а пазней у стылі мадэрн. Жывапіс (гіст., батальны, партрэт, пейзаж) таксама фарміраваўся пад уплывам франц. класіцызму, рамантызму і акадэмізму (Н.А. і Ф.​Э.​Тане); у ім узмацнялася цікавасць да нац. вобразаў (В.​Мейрэліс ды Ліма, П.​Амерыку ды Фігейрэду-і-Мелу) і рэаліст. паказу нар. жыцця (жанрыст Ж.Ф. ды Алмейда Жуніяр, партрэтыст Э.​Вісконці). У 20 ст. пошукі самаст. шляху ў архітэктуры выявіліся ў адраджэнні формаў калан. эпохі («неакаланіяльны стыль») з выкарыстаннем нац. традыцый, сучаснай буд. тэхнікі і лаканічных геаметрызаваных формаў. З 1930-х г. складваецца самабытная браз. школа архітэктуры з экспрэсіўнай пластычнасцю і маляўнічасцю абагульненых крывалінейных формаў (арх. О.Німеер). Рэканструяваліся старыя гарады (Сан-Паўлу, Рыо-дэ-Жанейра) і будаваліся новыя, у т. л. сталіца Бразілія (арх. Л.​Коста, Німеер). У 1960—70-я г. пашырылася прамысл. і жыллёвае буд-ва (вышынныя будынкі, вял. жылыя масівы). Паявілася імкненне да замкнутасці прасторы, строгасці формаў, масіўнасці дэталяў, цікавасць да формы і колеру, працягваліся пошукі нац. спецыфікі (арх. А.​Гарсія Роза, Ф.​Р.​Карвалью, Ж.​М.​Кардозу і інш.). У выяўл. мастацтве з 1920-х г. пошукі ў духу сацыяліст. рэалізму (маст. К.​Партынары, Т. ду Амарал) перапляліся з выкарыстаннем прыёмаў найноўшых еўрап. кірункаў (рух «Тыдзень сучаснага мастацтва», Сан-Паўлу, 1922). Драм. выразнасцю вылучаецца дэмакр. графіка (О.​Гаэлдзі, К.​Скліяр, Р.​Кац). Жахі вайны і фашызму выкрываў Л.​Сегал. Для скульптуры характэрныя ваганні паміж нац. і абстрактна-сімвалічнымі вобразамі. Разнастайныя віды нар. мастацтва Бразіліі — негрыцянскага (статуэткі, шматколернае адзенне, хатняе начынне ў традыцыях афр. мастацтва) і асабліва індзейскага (фігурная кераміка, драўляныя статуэткі, паліхромная размалёўка хацін тукана, разныя зааморфныя лаўкі карыбаў, узорнае ткацтва, пляценне, вырабы з пер’я).

Музыка. Муз. фальклор у Бразіліі склаўся на аснове амер., еўрап. (пераважна партугальскіх) і афр. крыніц. У сучаснай нар. музыцы пераважаюць афр. элементы (песенна-танц. жанры батукада, самба, машышы, ударныя і шумавыя інструменты), у крэольскай — песенныя жанры (дэзафіў, мода, мадынья, лунду) і вак.-інстр. формы гар. музыкі (шора). Сярод муз. інструментаў: віялан (6-струнная гітара), віёла, кавакінью (струнныя), барабаны, шумавыя. Прафес. муз. творчасць развівалася пад еўрап. уплывам. У 19 ст. пераважалі оперныя жанры італьян. ўзору. Заснавальнік браз. нац. оперы К.​А.​Гоміс («Гуарані», 1870). У канцы 19 — пач. 20 ст. фарміруецца нац. кампазітарская школа: Л.​Мігіс, Э.​Освалд, А.​Леві, Ф.​Брага, А.​Непамусену. Сярод кампазітараў нац. кірунку: Э.Віла-Лобас, О.​Л.​Фернандыс, Ф.​Міньёні, Р.​Гнаталі, К.​Гуарньеры, Ж.Сікейра, К.​Сантору (пазней звярнуўся да дадэкафоніі). Сярод прыхільнікаў муз. авангардызму С.​Гера Пейшы (засн. «Групу новай музыкі»), Э.​Крыгер і інш. Працуюць (1996): у Рыо-дэ-Жанейра оперны т-р «Сан-Жуан», Браз. муз. акадэмія імя Фернандыса, Нац. школа музыкі Федэральнага ун-та; у Сан-Паўлу Кансерваторыя драмы і музыкі і інш. Дзейнічаюць цэнтр фалькл. даследаванняў, Саюз музыкантаў (з 1954) і Ордэн музыкантаў (з 1960); выдаюцца муз. часопісы, праводзяцца міжнар. конкурсы піяністаў (з 1957) і скрыпачоў (з 1965).

Тэатр. Элементы т-ра былі ў абрадавых гульнях афра-браз. культу, т.зв. макумбах. Першыя спектаклі ў 16 ст. наладжвалі езуіты — ставілі інсцэніроўкі літ. твораў ці стваралі аўта (кароткія драм. паказы на рэліг. сюжэты). У 18 ст. рабіліся спробы стварыць прафес. тэатр. Ставіліся п’есы прадстаўнікоў браз. класіцызму (М.​Батэлью ды Алівейры, А.Ж. да Сілвы, І.Ж. ды Алварэнгі Пейшоту, К.М. да Косты). У 1813 адкрыты Каралеўскі тэатр св. Жуана, дзе выступалі пераважна партуг. і італьян. трупы. Абвяшчэнне незалежнасці Бразіліі (1822) садзейнічала развіццю нац. тэатра і драматургіі. Пасля 1-й сусв. вайны колькасць замежных труп паменшала, больш інтэнсіўна развіваўся нац. т-р. На пач. 1920-х г. створаны пастаянныя драм. трупы К. ды Соза, А.​Азеведу, Л.​Фроіса, Г.​Кардзіна, якія адначасова з замежнай драматургіяй ставілі творы нац. аўтараў. Пасля 2-й сусв. вайны працавалі шматлікія тэатр. трупы ў Рыо-дэ-Жанейра і Сан-Паўлу, створаны тэатр. навуч. ўстановы. Вялікую ролю ў абнаўленні браз. т-ра адыграла дзейнасць т-ра «Камедыянты» (засн. ў труп А.​Марына, А.​Чэлі, Дж.​Рата, студэнцкага т-ра Пернамбуку. Грубая камедыя, т.зв. шаншада, якая пераважала ў рэпертуары т-раў, саступіла месца творам драматургіі, што адлюстроўвалі грамадска значныя з’явы жыцця, — п’есам Ж.​Камаргу, Н.​Радрыгіса, Г.​Фігейрэду і інш.

Кіно. Вытворчасць фільмаў у Бразіліі пачалася ў 1903. У 1915 створана першая кінастудыя, дзе здымаліся пераважна браз. варыянты замежных фільмаў, экранізаваліся творы л-ры. У першых гукавых фільмах, гал. чынам муз. камедыях, здымаліся вядомыя спевакі, выкарыстоўваліся нац. муз. мелодыі, сюжэты фільмаў былі звязаны з штогадовымі карнаваламі. У 1940-я г. створаны кінастудыі «Атлантыка» (Рыо-дэ-Жанейра) і «Вера-Крус» (Сан-Паўлу). Найб. значныя стужкі знялі рэж. У.​Маўру, А.​Кавалканці, Л.​Барэту. У 1950—60-я г. пачалі дзейнасць рэжысёры т.зв. «новага кіно», творчасць якіх сфарміравалася пад уплывам італьян. неарэалізму (А.​Віяні, Н.​Перэйра дус Сантус і інш.). У 1970—80-я г. ўзмацніўся кантроль урада над кінапракатам з мэтай стымуляваць кінавытворчасць. Адначасова з камерцыйнымі здымаліся творы, заснаваныя на міфал. і фалькл. матывах, гіст. фактах. Ствараліся карціны, у аснове якіх сур’ёзныя сац. праблемы. Сярод лепшых фільмаў: «Кангасейра» (1953), «Песня мора» (1954), «Рыо 40°» (1955), «Там, дзе канчаецца асфальт» (1956), «Чырвоная смакоўніца» (1961), «Абяцанне» (1962), «Высушаныя жыцці» (1964), «Зямля ў трансе» (1966), «Дона Флор і абодва яе мужы» (1976), «Падзенне» (1977), «Насенне помсты».

Літ.:

История Латинской Америки: Доколумбова эпоха — 70-е годы XIX в. М., 1991;

Коваль Б.И. Бразилия вчера и сегодня. М., 1975;

Челядинский А.А. Демократическая альтернатива фашизму: (Опыт борьбы коммунистических партий Латинской Америки в 60—80-е годы). Мн., 1991. С. 132—141;

Тертерян И.А. Бразильский Роман XX века. М., 1965;

Художественное своеобразие литератур Латинской Америки. М., 1976;

Культура Бразилии. М., 1981;

Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972;

Каптерева Т.П. Искусство Бразилии. М., 1986;

Leite J.P.T. Pintura moderna brasileira. [Rio de Janeiro], 1978;

Lemos C.A. Arquitetura brasileira. São Paulo, 1979;

Эстрела А. Современная бразильская музыка // Музыкальная культура стран Латинской Америки. М., 1974;

Алваренга О. Бразильские народные танцы-действа // Тамсама;

Яе ж. Бразильские народные танцы и песни // Музыка стран Латинской Америки. М., 1983.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя), І.​Л.​Лапін (літаратура).

Герб і сцяг Бразіліі.
Да арт. Бразілія. Узбярэжжа заліва Рыо-дэ-Жанейра.
Да арт. Бразілія. Вадаспад Ігуасу на р. Парана.
Да арт. Бразілія. К.​Партынары. Збор кавы. 1935. Фрагмент.
Да арт. Бразілія. Статуя Хрыста на вяршыні ўзгорка Каркаваду ў Рыо-дэ-Жанейра. Скульптар П.​Ландоўскі. 1931.
Да арт. Бразілія. Царква Сан-Франсіску ў Ору-Прэту. Арх. і скульптар Алейжадынью. 1766—94.
Да арт. Бразілія. Вуліца 9 Ліпеня ў Сан-Паўлу.
Да арт. Бразілія. Падрыхтоўка саджанцаў кававых дрэў да пасадкі.
Да арт. Бразілія. Інтэр’ер кафедральнага сабора ў г. Бразілія. Арх. О.​Німеер. 1960.
Да арт. Бразілія. Адміністрацыйныя і грамадскія будынкі. Арх. О.​Німеер. 1957—60.

т. 3, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)