БРА́ГІНСКІ РАЁН,

на ПдУ Гомельскай вобл. Беларусі. Утвораны 8.12.1926. Пл. 1,9 тыс. км². Нас. 17 тыс. чал. (1996), гарадскога 29%. Сярэдняя шчыльн. 9 чал/км². Цэнтр — г.п. Брагін; г.п. Камарын, 83 сельскія нас. пункты, падзяляецца на 12 сельсаветаў: Асарэвіцкі, Астраглядаўскі, Верхняжараўскі, Вуглоўскі, Крыўчанскі, Малейкаўскі, Малыжынскі, Мікуліцкі, Новаялчанскі, Спярыжскі, Хракавіцкі, Чамярыскі. Раён асабліва пацярпеў ад Чарнобыльскай катастрофы. Насельніцтва 47 вёсак адселена.

Раён размешчаны ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня — слабахвалістая раўніна. Пераважаюць выш. 110—120 м над узр. м., найвыш. пункт 134,4 м. Карысныя выкапні: торф, гліна. Сярэдняя т-ра студз. -6,6 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 533 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Рэкі: Дняпро з прытокамі Верхняя Брагінка, Сярэдняя Брагінка і Ніжняя Брагінка. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-карбанатныя забалочаныя. Пад лясамі 31% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя лясы. 64,3 тыс. га (32,8%) тэр. раёна займае Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 57,4 тыс. га, з іх асушана 45,8 тыс. га, выкарыстоўваецца 28,7 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 14 калгасаў і 2 саўгасы. У выніку радыеактыўнага забруджання тэрыторыі значна скараціліся мяса-малочная жывёлагадоўля і пасевы збожжавых (жыта, пшаніцы, ячменю), кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы харч. прам-сці (крухмальны і масла-малочны з-ды). Па тэр. раёна праходзіць чыг. Чарнігаў—Оўруч (Украіна), аўтадарогі Хойнікі—Брагін—Камарын—Холмеч. Суднаходства па Дняпры. У раёне 12 сярэдніх, 2 базавыя і 8 пач. школ, 8 дашкольных дзіцячых устаноў, 18 б-к, 8 клубаў, 2 бальніцы, 9 фельч.-ак. пунктаў. Помнік садова-паркавага мастацтва — парк 18 ст. ў в. Тэльман. Карцінная галерэя, прысвечаная Чарнобыльскай трагедыі. Выдаецца газ. «Маяк Палесся».

А.​А.​Варанец.

т. 3, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ХАЎ (Мікалай Паўлавіч) (25.1.1895, в. Грышова Бабынінскага р-на Калужскай вобл., Расія — 28.3.1958),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943), ген.-палк. (1944). Скончыў курсы «Выстрал» (1926), удасканалення Акадэміі Генштаба (1952). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. 1918—20 войнаў. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах., Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр. франтах. Войскі 13-й арміі на чале з ген.-лейт. П. вызначыліся ў вер. 1943 пры фарсіраванні Дняпра, вызвалілі г.п. Камарын Брагінскага р-на Гомельскай вобл., захапілі плацдарм на правым беразе Прыпяці. Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—58. Аўтар успамінаў «Гады выпрабаванняў» (1959).

т. 13, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

наступальная аперацыя войск Бранскага фронту (ген. арміі М.​М.​Папоў) 1.9—3.10.1943 у Вял. Айч. вайну. Мэта аперацыі — разграміць 9-ю ням.-фаш. армію, выйсці да р. Дзясна, фарсіраваць яе і стварыць плацдарм для наступлення на Гомель. Удзельнічалі 3, 11, 1-я гв., 50, 63, 15-я паветр. арміі, конна-механізаваная група. У ходзе аперацыі войскі фарсіравалі Дзясну, ва ўзаемадзеянні з партызанамі вызвалілі Бранск і Бежыцу, уступілі на тэр. Беларусі і вызвалілі першы бел. раён. цэнтр — Камарын (23 вер.), г.п. Хоцімск (26 вер.), г. Ветка, Касцюковічы, Клімавічы (28 вер.), Крычаў, Чэрыкаў, г.п. Краснаполле (1 кастр.), выйшлі да р. Проня, фарсіравалі Сож, прарвалі абарончы рубеж ням.-фаш. войск «Пантэра». Былі створаны перадумовы для далейшага наступлення сав. войск на Гомельскім напрамку. 11 часцей і злучэнняў атрымалі ганаровае найменне «Бранскіх», 5 — «Бежыцкіх», 3 — «Крычаўскіх».

т. 3, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)