Зеў ’адтуліна (з рота ў глотку)’. Рус. зев ’тс’, уст. ’рот’, укр. зів ’тс’, дыял. ’рот’, ’зябры’, ’кут паміж ніткамі’, польск. уст. ziew ’зеў, пазяханне’, ’кут паміж ніткамі ў ткацкім станку’; чэш. zev, zeva ’адтуліна’, славен. zę̀v, zę̑v ’зеў’, серб.-харв. зе̑в, зи̏јев ’адкрытыя вусны, адтуліна, позех’, балг., макед. зев ’адтуліна’. Параўн. зе́ва, зяво́, зявэ́, зя́вы ’прамежак паміж верхнімі і ніжнімі ніткамі асновы’, зе́вы, зя́вы, зявэ́ ’рот, пашча’ (Сл. паўн.-зах.), зяву́ ’прамежак паміж ніткамі асновы, праз які праходзіць чаўнок’ (брагін., Нар. сл.), зі́вы ’тс’ (пін., Нар. лекс.), зева, зява ’тс’ (Мат. Гом.). Прасл. zěvъ ’адтуліна’ ўтворана ад дзеяслова zě‑va‑ti (гл. зяваць) бязафіксным спосабам. Роднасныя словы ззяць1, зяхаць. Фасмер, 2, 91; Скок, 3, 656. Паводле Шанскага (2, З, 83), зеў ад кораня *zě‑ з суфіксам ‑vъ (як рус. сев, гнев), а зевать ад зев.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ззяць1 ’быць адкрытым (пра адтуліну)’. Рус. зия́ть, укр. зя́яти, зія́ти ’тс’; польск. ziać ’цяжка дыхаць’, ’ззяць’, чэш. zeti, záti ’ззяць, глядзець’, славац. ziať ’ззяць, адкрыць рот (пра жывёл)’, славен. zijáti ’трымаць рот адкрытым, крычаць’, серб.-харв. зѝјати ’тупа глядзець, пазяхаць’, ’мець вялікую адтуліну’, балг. зѐя ’быць адкрытым (аб дзвярах, труне, ране)’, макед. зјае ’быць адкрытым’. Ст.-слав. зиꙗти. Ст.-рус. зияти ’раскрывацца; раскрываць вусны’. Прасл. zьj‑a‑ti < zĭi̯‑a‑, адна з умлаўтных форм і.-е *gʼhei‑ ’быць пустым’, літ. žióti ’раскрываць рот’, лат. žavât ’тс’, ст.-інд. vi‑haya ’пустата’, лац. hio, ст.-в.-ням. geinōn, ginen ’ззяю’, грэч. χαίνω, χάσκω ’ззяю, пазяхаю’. Фасмер, 2, 98; Шанскі 2, З, 93; БЕР, 1, 638; Скок, 3, 656; Махэк₂, 711; Траўтман, 368; Покарны I, 419 (без слав. прыкладаў). Гл. зяваць.

Ззяць2 ’ярка свяціць’. Рус. сия́ть, перм., вят., свярдл., табол., том. зьять, зья́яти, зия́ть, укр. ся́яти, ся́ти ’тс’, славен. sijati, серб.-харв. сѝјати, sjȁti, балг. сия́я. Ст.-слав. сиꙗти. Ст.-рус. сияти. Бел. (і рус. дыял.) форма мае звонкае з замест этымалагічнага c, верагодна, пад уплывам ззяць1, у выніку кантамінацыі (’быць адкрытым’ ’свяціць’). Параўн. зіхацець і зяхаць. Прасл. sьjati < sĭi̯‑a‑ належыць, відавочна, да і.-е. *skʼĩ‑ (і інш.) ’ясны; цень’, адкуль і sěnь (гл. сенцы); лат. seja ’цень, адлюстраванне, твар’ (?), гоц. skeirs ’ясны’, skeinan ’свяціць, блішчаць’, ням. scheinen ’тс’, ст.-грэч. σκιά ’цень’. Фасмер, 3, 629–630; Саднік-Айцэтмюлер, Handwört., 300; Скок, 247–248; Траўтман, 304; Мюленбах-Эндзелін, 3, 96; Покарны, 1, 917–918.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)