БАРАНКЕ́ВІЧ (Іван Міхайлавіч) (1888, в. Трасцівец Быхаўскага р-на Магілёўскай вобласці — 27.6.1942),
празаік, нарысіст, перакладчык. Пісаў на рус. мове. Удзельнік рэв. 1905—07. У 1931 і 1941 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1982. Друкаваўся з 1913. У 1914 супрацоўнік час. «Вестник Могилевского земства», у 1923—25 — газ. «Соха и молот» («Магілёўскі селянін»), дзе друкаваў апавяданні і нарысы пра жыццё вёскі. Перакладаў на рус. мову творы Я.Коласа, К.Чорнага, М.Зарэцкага.
Тв.:
Н. Ленин. Пг., 1919;
Старый Нил. М., 1920.
Літ.:
Скалабан В. Под псевдонимом «Белорус»: История одного поиска // Неман. 1983. № 12;
Яго ж. Сцежкі вяртання // Братэрства-83. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛЬНІН (Пётр Іванавіч) (1872, г. Адэса, Украіна — пасля 1917),
бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскі ін-тграмадз. інжынераў (1896). Працаваў Магілёўскім губ. праўленні, з 1906 гарадскі, у 1907—17 Магілёўскі губ. архітэктар. Паводле яго праектаў у Магілёве узведзены будынкі дваранскага банка, крэдытнага т-ва, царква Трох Свяціцеляў; у Шклове — гар. бойня і будынак папярова-кардоннага з-да. Выкананыя ім 2 эскізныя праекты будынка Магілёўскага пазямельна-сял. банка выкарыстаны арх. А.Друкерам; паводле яго эскізаў выкананы інтэр’еры асобных памяшканняў. Распрацаваў (1913) праекты будынкаў земства і рамеснай школы для Быхава, гандл. крам для Оршы, астрога для Рагачова, яўр. гімназіі для Магілёва, рамеснай школы для Клімавіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
зе́мскі, ‑ая, ‑ае.
Гіст.
1. Агульнадзяржаўны. Земскі сабор.
2. Які меў адносіны да земства. Земскі сход.// Які належаў земству. Земская школа. Земская бальніца.// Які знаходзіўся на службе ў земстве. Земскі ўрач.
3.узнач.наз.зе́мскі, ‑ага, м. Тое, што і земскі начальнік. Як бач зляцелася ўсё вараннё — прыстаў, земскі, суддзя...Якімовіч.
•••
Земскі начальнікгл. начальнік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
МІ́НСКАЯ БАЛО́ТНАЯ ДО́СЛЕДНАЯ СТА́НЦЫЯ,
першая навук. ўстанова па культуры балот у Расіі і Беларусі. Засн. 21.8.1911 у Мінску паводле рашэння балотнай камісіі Мінскага губ.земства. 1-ы дырэктар А.Ф.Флёраў. Праводзіла навук. даследаванні ў галіне земляробства, раслінаводства, лугаводства, меліярацыі, глебазнаўства, геабатанікі, аграхіміі і агратэхнікі. Мела доследную гаспадарку (7,5 дзесяціны балотнай глебы каля прыпынку Лахва Палескай чыг.). У 1912—17 выдавала час. «Болотоведение» (з 1915 выходзіў у Маскве), які публікаваў справаздачы пра дзейнасць станцыі, навук. артыкулы, паведамленні аб новых машынах па асушэнні балоцістых глеб і здабычы торфу, агляды айч. і замежнай л-ры па балотнай справе. У 1912 удзельнічала ў юбілейнай с.-г. і саматужнай выстаўцы, арганізаванай Смаленскім т-вам сельскай гаспадаркі, у нарадзе па кармавых раслінах, лугаводстве і асушэнні балот Беларусі і Літвы. У 1913 пераўтворана ў раённую. У зону яе дзейнасці ўваходзілі Мінская, Валынская, Гродзенская, Чарнігаўская і Магілёўская губ. У 1930 на базе станцыі і аддзела асушэння і культуры балот Бел.дзярж. ін-та сельскай і лясной гаспадаркі арганізаваны Усесаюзны НДІ балотнай гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
прыгнята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Прыціскаць чым‑н. цяжкім зверху. Прыгнятаць сыр каменем.
2. Не даваць свабодна жыць, эксплуатаваць. Вёску прыгняталі памешчык і земства, ураднік і мясцовы багацей.Навуменка.
3.перан. Непакоіць, ствараць цяжкі, падаўлены настрой. Памаўчаўшы,.. [маці] загаварыла, перасільваючы нейкі ўнутраны цяжар, які прыгнятаў яе.Якімовіч.Бянтэжыла і прыгнятала нас яшчэ і невядомасць.С. Александровіч.Мяне прыгнятала адзіноцтва, тая сіратлівая цішыня, якая часта панавала ў нашых зялёных кутках.Кулакоўскі.Нізкае скляпенне, пах цвілі, папіскванне пацукоў прыгнятала хлапца.Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПЯТЛЮ́РА (Сымон Васілевіч) (17.5.1879, г. Палтава, Украіна — 26.5.1926),
украінскі паліт., ваен. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў духоўнай семінарыі, адкуль выключаны за ўдзел у нац.-вызв. руху. Эмігрыраваў у г. Львоў (тады ў Аўстра-Венгрыі). З 1900 чл.Рэв.укр. партыі, потым Ўкр. с.-д. рабочай партыі. Пасля вяртання ў Рас. імперыю з 1904 працаваў у Кіеве (укр.газ. «Громадська думка» і «Рада», з 1906 рэдактар газ. «Слово»). У 1907 з-за праследаванняў паліцыі пераехаў у Пецярбург, потым у Маскву, дзе ўдзельнічаў ва ўкр. гуртках «Кабзар» і «Грамада». З 1912 рэдактар газ. «Українська жизнь». З 1914 у арміі, з 1915 старшыня Гал. кантрольнай камісіі Усерас. земскага саюза па Зах. фронце. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 кіраўнік Укр. франтавога к-та; чл., старшыня Усеўкр. вайсковага к-та пры Цэнтральнай радзе, потым сакратар (міністр) Ген. сакратарыята Цэнтр. рады па ваен. справах. У час гетманшчыны старшыня Кіеўскага губ.земства і Усеўкр. саюза земстваў. З 14.11.1918 чл.Украінскай дырэкторыі ўрада і гал. атаман войск Укр.нар. рэспублікі, з 10.11.1919 — старшыня ўрада. Пасля разгрому войск Дырэкторыі войскамі А.І.Дзянікіна і Чырв. Арміяй уступіў у саюз з Польшчай. Летам 1920 эмігрыраваў, з 1924 жыў у Парыжы, дзе забіты Ш.Шварцбардам, які помсціў яму за яўр. пагромы на Украіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСТВЫ,
органы мясц. самакіравання ў Рас. імперыі, створаныя паводле земскай рэформы 1864. На Беларусі ўведзены ў 1911 у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ. У З. пануючае становішча займалі памешчыкі; удзельнічалі прадстаўнікі буржуазіі (фабрыканты, купцы, заможныя сяляне), з цягам часу іх колькасць павялічвалася. Царскі ўрад, які баяўся ўплыву ліберальна-бурж. элементаў у З., перадаў ім толькі мясц.гасп. справы, што датычылі адпаведнай губерні ці павета. Аддзяленне гасп. спраў ад агульнай адміністрацыі драбіла мясц. кіраванне паміж казённымі і земскімі ўстановамі, што адмоўна адбівалася на ўсім ходзе мясц. дзейнасці. Асновай бюджэту З. было абкладанне падаткамі нерухомай маёмасці: зямель, дамоў, фабр.-зав. прадпрыемстваў і гандл. устаноў. Расходы З. падзяляліся на абавязковыя (дарожныя, кватэрныя і інш.) і неабавязковыя (на ахову здароўя і нар. асвету). Губернатар і міністр унутр. спраў мелі права затрымаць выкананне любой пастановы земскага сходу. Нягледзячы на абмежаванасць, З. садзейнічалі развіццю мясц. ініцыятывы, гаспадаркі і культуры. Яны адкрывалі на свае сродкі школы, бальніцы, урачэбныя ўчасткі, удзельнічалі ў расходах на ўтрыманне царк.-прыходскіх школ, арганізоўвалі вет. абследаванне і сан. нагляд, агранамічныя мерапрыемствы (стваралі склады с.-г. машын, насенныя і зернеачышчальныя пункты, доследныя палі), займаліся статыстыкай (гл.Земская статыстыка), страхаваннем, вогнеўстойлівым буд-вам, садзейнічалі развіццю саматужных промыслаў. Ліквідаваны пасля Кастр. рэвалюцыі.
Літ.:
Мыш М.И. Положение о земских учреждениях 12 июня 1890 г... СПб., 1894;
Веселовский Б.Б. История земства за сорок лет. Т. 1—4. СПб., 1909—11;
Слобожанин В.П. Земское самоуправление в Беларуси (1905—1917 гг.). Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́РМУНТ (Раман Аляксандравіч) (7.5.1868, в. Парэчча Пінскага р-на Брэсцкай вобл. —7.10.1939),
бел.паліт. і грамадскі дзеяч. Са шляхецкага роду Скірмунтаў. Скончыў Рыжскую гімназію. Быў старшынёй Т-ва па распрацоўцы с.-г. і эканам. патрэб Палесся, адным з кіраўнікоў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Адзін з ідэолагаў краёўцаў, аўтар публіцыстычных твораў. Дамагаўся стварэння Краёвай партыі Літвы і Беларусі як міжнац. блока польскай, літ. і бел.парт. арг-цый. У 1906 дэпутат I Дзярж. думы Рас. імперыі, ініцыятар аб’яднання дэпутатаў-краёўцаў у т.зв. Групу зах. ускраін. Выступаў супраць адчужэння прыватнаўласніцкіх зямель і перадачы іх у дзярж. фонд, быў прынцыповым апанентам сацыяліст. ідэі абагульнення зямлі і інш. сродкаў вытворчасці. У кастр. 1910 — студз. 1911 чл.Дзярж. савета Рас. імперыі. Уваходзіў ва ўправу Віленскага зямельнага банка. З 1911 гласны Мінскага губ.земства, з 1914 чл. Мінскага губ.к-таУсерас. земскага саюза, у 1917 заг. аддзела Мінскага губ. харчовага к-та. У студз. 1917 узначаліў Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, у сак.—ліп. 1917 старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта. У крас. 1917 узначальваў бел. дэлегацыю да рас. Часовага ўрада з патрабаваннем аўтаноміі Беларусі. Кіраўнік «Менскага беларускага прадстаўніцтва», ад якога ў крас. 1918 увайшоў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. У ліп. 1918 узначальваў Народны сакратарыят Беларусі, у праграмнай дэкларацыі якога 9.7.1918 выказаўся за здабыццё дзярж. органамі БНР рэальнай улады, збіранне вакол яе ўсёй этнічнай тэр. беларусаў, памяркоўную агр. рэформу шляхам выкупу сялянамі памешчыцкай зямлі праз парцэляцыйны банк, за развіццё бел. культуры. Пасля працаваў у міжнар. камісіі Рады БНР, у ліст. 1918 у складзе надзвычайнай бел. дэлегацыі быў у Германіі і Швейцарыі з мэтай дамагчыся міжнар. прызнання незалежнасці Беларусі. У час сав.-польскай вайны імкнуўся не дапусціць падзелу Беларусі паміж супрацьлеглымі бакамі, выказваўся за ўваходжанне краю цалкам у склад II Рэчы Паспалітай на ўмовах уніі ці шырокай аўтаноміі. Адзін з заснавальнікаў Польска-бел. т-ва ў Варшаве (1919). У 1930 абраны сенатарам Рэчы Паспалітай. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР расстраляны.
Літ.:
Смалянчук А. Раман Скірмунт: шлях да Беларусі // Спадчына. 1994. № 6;
Рудовіч С. «... Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды паліт.біягр. Рамана Скірмунта // Гістарычны альманах. Гародня, 1999. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАСО́ЎНІКІ,
мастакі-рэалісты, якія ўваходзілі ў рас.маст. аб’яднанне Т-ва перасоўных маст. выставак (1870—1923). Т-ва створана ў Пецярбургу па ініцыятыве І.Крамскога (ідэйны кіраўнік), Р.Мясаедава, М.Ге, В.Пярова ў працэсе барацьбы за дэмакр. мастацтва супраць акадэмізму і ў процівагу Пецярбургскай АМ. У розны час у яго ўваходзілі таксама А.Архіпаў, В.Бялыніцкі-Біруля, А. і В. Васняцовы, С.Жукоўскі, С.Іванаў, С.Каровін, М.Касаткін, А.Куінджы, І.Левітан, У.Макоўскі, В.Паленаў, І.Пранішнікаў, І.Рэпін, А.Саўрасаў, К.Савіцкі, В.Сурыкаў, В.Сяроў, І.Шышкін, М.Ярашэнка і інш.Т-ва ставіла задачу прапагандаваць рус.рэаліст. мастацтва праз арганізацыю перасоўных выставак у гарадах Рас. імперыі (адбылося 48, у т. л. ў Вільні і Мінску). Ў сваёй дзейнасці П. апіраліся на прынцыпы грамадскіх і эстэт. поглядаў В.Бялінскага і М.Чарнышэўскага. Вял. ролю ў развіцці т-ва адыграла маст.крытычная дзейнасць У.Стасава, матэрыяльная падтрымка П.Траццякова.
П. сцвярджалі прынцып народнасці мастацтва, які выяўляўся праз адлюстраванне з пазіцый крытычнага рэалізму шматграннасці жыцця народа: выкрыццё сац. праблем грамадства («Земства абедае» Мясаедава, 1872; «Бурлакі на Волзе» Рэпіна, 1873; «Сустрэча абраза» Савіцкага, 1878; «У дарозе. Смерць перасяленца» Іванава, 1889; «На людзях» Каровіна, 1893; «Вуглякопы. Змена» Касаткіна, 1895), рэв.-вызв. рух («Адмова ад споведзі», 1885; «Не чакалі», 1884—88; «Арышт прапагандыста», 1892, усе Рэпіна; «Расстрэл» Іванава, 1905), прыгажосць нар. побыту («Прыход ведзьмака на сялянскае вяселле» В.Максімава, 1875), багацце і веліч роднай прыроды (пейзажы Саўрасава, Шышкіна, Левітана), гераічныя старонкі рас. гісторыі (карціны Сурыкава), вобразы рус.нар. казак і паданняў (творчасць В.Васняцова). У творах на евангельскія сюжэты ўздымаліся складаныя філас., псіхал. і маральныя пытанні («Хрыстос у пустыні» Крамскога, 1872; «Што ёсць ісціна?» Ге, 1890). Творы П. адметныя псіхалагізмам, майстэрствам тыпізацыі і сац. абагульнення. У 1870—80-я г. жывапіс П. эвалюцыянаваў ад некаторай скаванасці і сухасці пісьма цёмнымі фарбамі да свабоднай, шырокай манеры, перадачы святлопаветранага асяроддзя з дапамогай светлай палітры, рэфлексаў, каляровых ценяў, свабоднай і разнастайнай кампазіцыі. Спадчына П. — адна з асн. традыцый развіцця рэаліст. мастацтва.
Дзейнасць П. паўплывала і на развіццё бел. мастацтва. Падзеяй у культ. жыцці Беларусі была выстаўка П. 1899 у Мінску, дзе экспанаваліся творы Рэпіна, Макоўскага, Касаткіна і інш. На Беларусі ў канцы 19 ст. працавалі Шышкін (стварыў шмат пейзажаў Палесся), Савіцкі (працаваў над карцінай «Сустрэча абраза»). У Здраўневе пад Віцебскам у 1892—1900 жыў Рэпін і намаляваў там палотны «Беларус», «Восеньскі букет», шэраг пейзажаў, партрэтаў бел. сялян. З Беларуссю звязана дзейнасць Бялыніцкага-Бірулі і Жукоўскага, М.В.Неўрава.
Літ.:
Бурова Г., Гапонова О., Румянцева В. Товарищество передвижных художественных выставок. Т. 1—2. М., 1952—59;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША НІ́ВА»,
штотыднёвая, грамадска-паліт., навук.-асв. і літ.-маст. газета. Выдавалася з 10(23).11.1906 да 7(20).8.1915 у Вільні на бел. мове кірыліцай, да 18(31).10.1912 і лацінкай. Засн. лідэрамі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ) братамі І. і А.Луцкевічамі, В.Іваноўскім, А.Уласавым, А.Пашкевіч (Цётка) і інш. Рэдактары-выдаўцы С.Вольскі, Уласаў (з 8.12.1906), Я.Купала (з 7.3.1914 рэдактар, з 16.5.1914 рэдактар-выдавец). Рэдактарамі аддзелаў у розны час былі Я.Купала, Я.Колас, З.Бядуля, Х.Імшэнік (заг. канторы і сакратар рэдакцыі да 1909), В.Ластоўскі (з 1909 сакратар рэдакцыі), Ядвігін Ш., С.Палуян (С.Ясяновіч), А.Бульба (В.Чыж) і інш. Друкавала вершы, нарысы, маст. прозу, навук.-папулярныя артыкулы, мела рубрыкі «У Думе і каля Думы», «Паштовая скрынка» і інш. Да выхаду ў свет. газ.«Беларус» гуртавала аўтараў усіх веравызнанняў і кірункаў, якія выступалі за культ.-нац. адраджэнне Беларусі. Мела больш за 3 тыс. сталых і часовых карэспандэнтаў у пав. і губ. гарадах, мястэчках і вёсках Беларусі, Маскве, Пецярбургу, Сібіры, за мяжой. Нязменнымі ў «Н.н.» заставаліся ідэя сац.-паліт., эканам. і культ. адраджэння Беларусі, яе супрацоўніцтва з інш. народамі, апазіцыя да самадзяржаўя. Тэматыка, змест і характар падачы матэрыялаў мяняліся ў залежнасці ад паліт. сітуацыі і складу рэдакцыі. У праграмным артыкуле 1-га нумара падкрэслена агульнанац. пазіцыя газеты: «Наша ніва» — газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае...». У 1906—07 шмат месца займалі матэрыялы агітац. і крытычнага зместу. Паводле ацэнкі Віленскага ахоўнага аддзела ў 1908 «Н.н.» напачатку была больш памяркоўная, чым «Наша доля», але пасля «стала змяшчаць артыкулы ўзбуджальнага характару, за што падвяргалася некалькі разоў канфіскацыі». Віленская суд. палата ў чэрв. 1907 пачала суд. праследаванне рэдактара Уласава за матэрыялы, апубл. ў 8-м нумары (арт. «Дума і народ», «Зямельная справа ў Новай Зеландыі», верш Я.Коласа «Расійскія абразы»), 9-м (арт. «Работа Думы») і 12-м («Дзяржаўная Дума»), а таксама за аператыўна-інфармац. рубрыкі «З усіх старон», «З Беларусі і Літвы», «Аб усім патроху». Паводле ацэнкі цэнзуры, артыкулы «напамінаюць падпольныя пракламацыі». Рэдактар абвінавачваўся за тое, што апублікаваў артыкулы, якія пабуджаюць да бунту і звяржэння існуючага ў дзяржаве грамадскага ладу. Рэдакцыя «Н.н.» плаціла штрафы, а Уласаў у 1910 быў зняволены. У 1915 такім самым абвінавачаннем пачалося суд. праследаванне рэдактара Я.Купалы за арт. А.Язмена «Думкі» (16.1.1915). Адкрытая крытыка царызму і агітацыя на барацьбу за дэмакр. рэформы (цыкл артыкулаў 1907 Я.Коласа пад псеўд. Марцін «Дума і народ», «Партыі ў Думе» і інш.) пасля разгону 2-й Дзярж. думы (чэрв. 1907) не знікала са старонак газеты, але набыла больш памяркоўны асветніцкі характар. «Н.н.» пераарыентавалася на абарону адраджэнскіх ідэалаў Беларусі, мірнага і паступовага прагрэсу праз дэмакратызацыю цэнтр. і мясц. органаў улады, выступала за стварэнне ўрада, адказнага перад парламентам, выбранага шляхам усеагульнага, роўнага і прамога галасавання, за ліквідацыю рэшткаў феад. прыгонніцтва, рэарганізацыю сельскай гаспадаркі (развіццё сял. землеўладання, фермерскай гаспадаркі), культ.-нац. аўтаномію, развіццё адукацыі, друку і кнігавыдання на роднай мове. Пад уплывам сац.-эканам. праграмы БСГ «Н.н.» заставалася выданнем, арыентаваным на абарону правоў і свабод бел. працоўнага народа — сялян, рабочых, рамеснікаў, нар. інтэлігенцыі. «Н.н.» крытыкавала палітыку П.Сталыпіна, асуджала рэпрэсіі супраць удзельнікаў вызв. руху, выкрывала дзярж. эксплуатацыю сялянства, прапаганду і правакацыі чарнасоценных паліт. груповак. У шэрагу артыкулаў і нататкаў абгрунтоўвала неабходнасць супрацоўніцтва беларусаў з нац. меншасцямі на аснове раўнапраўя і асветы на роднай мове. «Н.н.» выступала супраць шавінізму польск. абшарніцка-клерыкальных колаў, асвятляла сац. бяспраўе сялян-беднякоў, рабочых, эмігрантаў у Еўропе і ЗША Калі рэдактарам стаў Я.Купала, газета адмовілася ад прапаганды хутароў, даказвала бесперспектыўнасць для малазямельнага сялянства сталыпінскай агр. палітыкі, акцэнтавала ўвагу на спецыфічных умовах Беларусі, дзе з нац. праблемай звязана «справа сялянская і справа работніцкая». Выкрывала імперыяліст. сутнасць 1-й сусв. вайны.
Найважнейшай задачай «Н.н.» лічыла ўсебаковае развіццё эканомікі, грамадскай духоўнай культуры народа, стварэнне нац. стылю культуры і нац. школ у бел. л-ры, тэатр., муз. і выяўл. мастацтвах шляхам засваення айч. этнакульт. традыцый і творчых здабыткаў сусв., найперш рус., укр. і польскай маст. культур. Падтрымлівала ўсе формы нар.эканам. і культ.-асв. самадзейнасці, памагала прафесіяналізацыі ў галіне л-ры, інш. відаў мастацтва. На яе старонках упершыню апубл. многія творы Я.Купалы (паэмы «Курган», «Бандароўна», 170 вершаў і каля 30 артыкулаў), Я.Коласа (каля 125 вершаў, больш за 40 апавяданняў, нарысаў і артыкулаў, урыўкі з паэмы «Новая зямля»), М.Багдановіча, Цёткі, А.Гаруна лепшыя дарэв. вершы і артыкулы З.Бядулі, М.Гарэцкага, Ц.Гартнага, К.Каганца, У.Галубка, К.Буйло, А.Гурло, Я.Журбы, Г.Леўчыка, К.Лейкі, А.Паўловіча, Ядвігіна Ш., А.Петрашкевіча, Ф.Чарнушэвіча, Э.Будзькі, Старога Уласа, Л.Лобіка, І.Піліпава і інш. На старонках газеты адбывалася станаўленне бел.літ.-маст. крытыкі, публіцыстыкі, культуралогіі, фалькларыстыкі (артыкулы, нарысы, даследаванні Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, Л.Гмырака, А.Бульбы, Гарэцкага, Ластоўскага, братоў Луцкевічаў, У.Самойлы, Р.Зямкевіча і інш.). Пісьменнікі і крытыкі «Н.н.» арыентаваліся на літ.-эстэт. традыцыі крытычнага рэалізму і прагрэс. рамантызму, выкарыстоўвалі творчыя здабыткі імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і інш. авангардысцкіх кірункаў. Яе супрацоўнікі даследавалі нар. побыт і фальклор, хатнія рамёствы, праводзілі арганізац. і навук. працу па даследаванні гісторыі бел. культуры і яе тагачаснага стану, стваралі муз.-тэатр. гурткі, дапамагалі станаўленню Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, заснавалі Беларускі музей у Вільні. На старонках газеты складваліся лексічныя і граматычныя нормы новай бел.літ. мовы. У палемічных артыкулах, памфлетах і вершах выкрывалася антыбел. палітыка польскіх і рас. шавіністаў, антыбел. кірунак рэакц. друку (газ. «Минское слово», «Северо-Западная жизнь», «Виленский вестник» і інш.). Газета прапагандавала здабыткі іншанац. культур, змяшчала ў перакладзе на бел. мову творы Э.Ажэшкі, А.Міцкевіча, У.Сыракомлі, М.Канапніцкай, Ю.Славацкага, С.Жаромскага, Т.Шаўчэнкі, В.Стафаніка, Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага, У.Караленкі, В.Брусава, урыўкі з артыкулаў В.Бялінскага; адзначала юбілеі Талстога, М.Гогаля, Шаўчэнкі, Славацкага, Ф.Шапэна, Ч.Дарвіна.
«Н.н.» была свайго роду грамадскім ін-там бел. культуры, выконвала ролю каардынацыйнага выдавецкага цэнтра. У 1907—13 яе намаганнямі апубл.зб-кі «Песні-жальбы» і «Апавяданні» Я.Коласа, «Вянок» Багдановіча, «Бярозка» Ядвігіна Ш., «Чыжык беларускі» Леўчыка, літ.-знаўчыя брашуры Зямкевіча, перакладныя творы. Выпускала штогадовы «Каляндар «Нашай нівы», альманахі «Зборнік «Нашай нівы», «Калядную пісанку. 1913 год» і інш. Важнае месца на яе старонках займалі праблемы вясковага самакіравання, нар. адукацыі, этычнай культуры, экалогіі [арт. Мацея Крапіўкі (Цёткі) «Як нам вучыцца», Гмырака «Жыла, жыве і будзе жыць!», «Мова ці гутарка», «Якой нам трэба школы?», «Аб вясковай інтэлігенцыі», «Земства і воласць» і інш.]. Шмат увагі аддавала папулярызацыі прыродазнаўчых, эканам., с.-г. і прававых ведаў. Друкавала практычныя рэкамендацыі па земляробстве, жывёлагадоўлі, агародніцтве, выхаванні дзяцей. Апублікаваныя ў ёй даследаванні — аўтарытэтныя крыніцы па агульнай гісторыі, гісторыі л-ры, этнаграфіі, мастацтве, гісторыі нац.-вызв. руху, рэлігіязнаўстве. Сярод іх — ананімны арт. «Сымон Канарскі», нарысы А.Пагодзіна «Уладыслаў Сыракомля», Д.Дарашэнкі «Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне», Зямкевіча «Адам Ганоры Кіркор», Власта (Ластоўскага) «Аб беларускім местачковым і вясковым хатнім рамясле», «З мінуўшчыны гораду Быхава», «10-летні юбілей літоўскага друку», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага». У «Н.н.» ўпершыню апубл. манаграфія Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). Важнай крыніцай па гісторыі бел. л-ры, мовы, журналістыкі, мастацтва з’яўляецца архіў «Н.н.» Бел. музея ў Вільні, рукапісная спадчына Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, Гаруна, Гарэцкага і інш. (захоўваецца ў архівах Літвы і ў Бел.дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва).
Літ.:
Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;
Яго ж. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гт.). Мн., 1968;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Пуцявінамі Янкі Купалы: Дак. і матэрыялы. Мв., 1981;