ЗА́ЙЦАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (2.7.1841, г. Казань, Татарстан — 1.9.1910),
рускі хімік-арганік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1885). Скончыў Казанскі ун-т (1862), дзе і працаваў з 1865. Вучань А.М.Бутлерава. Навук. працы па арган. сінтэзе і развіцці тэорыі хім, будовы Бутлерава. Адкрыў рэакцыю атрымання другасных і трацічных спіртоў уздзеяннем на карбанільныя злучэнні (альдэгіды, кетоны і інш.) цынку і алкілгалагенідаў (1875, рэакцыя З.), новы клас арган. злучэнняў — лактоны (1873). Устанавіў правіла адшчаплення галагенавадародаў ад другасных і трацічных галагенідаў і вады ад спіртоў (правіла З.) і далучэння пратонных кіслот да несім. ненасычаных вуглевадародаў (правіла З. — Вагнера). Сінтэзаваў дыэтылкарбінол, шэраг ненасычаных і мнагаатамных спіртоў, арган. аксідаў, аксікіслот.
Літ.:
Ключевич А.С., Быков Г.В. А.М.Зайцев, 1841—1910. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ (Анатоль Цімафеевіч) (н. 13.9.1939, в. Гарадок Смаленскай вобл., Расія),
бел. графік. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1965). Працуе ў кніжнай і станковай графіцы ў тэхніцы дрэварыту, у галіне афармленчага мастацтва. Творы адметныя лаканічнасцю выяўл. сродкаў, дынамічнасцю танальных градацый, кампазіцыйнай завершанасцю: гравюры да кнігі «Георгій Скарына» М.Садковіча і Я.Львова (1966), серыі нацюрмортаў «Вакол нас» (1967—83), пейзажы «Мая Беларусь» (1980—82), эстампы «Сажалка ў Вязьніцы» (1982) і інш., экслібрысы. Аформіў інтэр’еры гандл. цэнтра ў калгасе «Савецкая Беларусь» Камянецкага р-на (1975), крамы будматэрыялаў «Еўралюкс» (1995) у Мінску, экспазіцыі фотавыстаўкі «Вялікі пясняр Беларусі — Янка Купала» (1992), выстаўкі «Эканоміка Беларусі» ў г. Прага (Чэхія, 1995, і інш.). Іл.гл. таксама да арт.Дрэварыт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ (Вячаслаў Кандратавіч) (18.9.1917, с. Ахлябініна, Башкортастан — 19.4.1992),
бел. літаратуразнавец-славіст, перакладчык. Скончыў Ленінградскі ун-т (1951). У 1964—75 супрацоўнік Ін-та л-ры Нац.АН Беларусі. За публічныя эсхаталагічныя выступленні ў 1978 быў зняволены; у 1983 вярнуўся ў Мінск. Касмалагічныя заняткі (ідэі прышэльцаў з космасу), у якіх расчараваўся, прывялі З. да духоўна-хрысц. пошукаў. На Беларусі друкаваўся з 1966; пісаў на рус. мове. Ў 1969 пераклаў паэму І.Гундуліча «Асман» і выдаў манаграфію «Паміж Львом і Драконам» — даследаванне-каментарый да гэтай паэмы ў кантэксце Дуброўніцкага культ. працэсу. Даследаваў перадумовы гуманізму ў бел. л-ры, творчасць Ф.Скарыны.
Тв.:
Богомильское движение и общественная жизнь Северной Италии эпохи Дученто. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ (Дзмітрый Яўгенавіч) (н. 26.3.1940, Мінск),
бел. кінааператар і рэжысёр. Засл.маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1969). Творчай манеры як аператара ўласцівы лірычная інтанацыя, майстэрская перадача атмасферы падзей, партрэтных характарыстык герояў: маст. фільмы «Іван Макаравіч» (1968, Гран пры «Сярэбраная Мінерва» 22-га Міжнар. кінафестывалю дзіцячых фільмаў у Венецыі, 1970; прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970), «Нядзельная ноч» (1977), «Людзі на балоце» (1982, Дзярж. прэмія СССР 1984) і інш. З 1986 рэжысёр-пастаноўшчык («Усе кагосьці кахаюць», 1986; шматсерыйны «Хам», 1990, прыз за этнаграфію і нац. своеасаблівасці на конкурсе тэлефільмаў у Атаве, Канада, 1991, і яго кінаварыянт «Франка», Гран пры 2-га Еўрап.Міжнар. кінафестывалю ў Кадысе, Іспанія, 1991; «Кветкі правінцыі», 1995, і інш.). Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ (Юрый Канстанцінавіч) (н. 22.1.1937, г. Барнаул, Расія),
бел. мастак. Скончыў Маскоўскае вышэйшае маст.прамысл. вучылішча (1962). Творам уласціва шматпланавасць, экспрэсія, эмацыянальная насычанасць, багацце тэхн. і светлаколеравых вырашэнняў (жывапісныя творы «Спакуса», 1995, «Памяць», «Настальгія», «Натхненне», усе 1996, і інш.). Працуе ў станковай графіцы: «Хатынь» (1970; спец. прэмія на міжнар. выстаўцы «Супраць вайны» 1979 у г. Люблін, Польшча), «Трыумф касманаўтыкі» (1979), серыя «Вяртанне» (1982), «Партрэт В.Быкава» (1983), «Чарнобыльскі рэквіем» (1993); акварэлі: «Партрэт актрысы З.Белахвосцік» (1984), «Вясна на Беразіне» (1987), «Возера Свіцязь» (1991) і інш. Аформіў кнігі «Сярэбраная табакерка» З.Бядулі (1977), «Выбранае» Я.Купалы (на рус. мове, 1981; дыплом імя Ф.Скарыны на Рэсп. і дыплом 2-й ступені на Усесаюзным конкурсах кнігі, абодва 1982), «Асеннія гнёзды» С.Грахоўскага і «Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра (абедзве 1982) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ (Мар’ян Міхайлавіч) (літ.псеўд.Мар’ян Віж; 23.2.1949, Мінск),
бел. пісьменнік, гісторык. Скончыў БДУ (1971). Працаваў у Бел. т-ве аховы помнікаў гісторыі і культуры (1974—76), у БелСЭ (1976—79), у навук. і культ.-асв. установах Мінска, у штотыднёвіку «Наша слова» (1993—95), з 1995 у Ін-це сучасных ведаў. Друкуецца з 1974. У гіст. аповесці «Лабірынт» (1991), заснаванай на архіўных дакументах, паказаны падзеі на Беларусі ў час паўстання 1863—64. У аповесці «Гарадскія кветкі» (1995) спроба расказаць пра лёс адзінокага чалавека ў вял. горадзе (падзеі ў Мінску на мяжы 1970—80-х г.) У апавяданнях і навелах паглыбленая ўвага да набалелых праблем сучаснасці, іх повязей з айч. мінуўшчынай. Аўтар кн.гіст.-публіцыстычных нарысаў «Чары даўніны» (1989). У 1990 апублікаваў пралог гіст.-прыгодніцкага рамана «Здарэнне на Віленскім тракце». На бел. мову пераклаў кн. З.В. і С.Ф.Шыбекаў «Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада» (1994). Адшукаў у архіве і ў 1997 апублікаваў нар. драму М.Чарота «На Купалле», якая лічылася страчанай.
Тв.:
Сялянскія хваляванні на Іўеўшчыне // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 2;
Сялянскі рух у сярэдзіне XIX ст. // Тамсама. 1981. № 1;
«Чтоб люд пробуждался...» // Нёман. 1988. № 3;
Наш Менск, наш Минск // Тамсама. 1995. № 1;
3 пячаткай «Зямлі і волі» // Маладосць. 1989. № 3;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ (Яўген Аляксеевіч) (3.1.1908, г. Невель Пскоўскай вобл., Расія — 13.9.1992),
бел. жывапісец. Нар. мастак Беларусі (1963). Чл.-кар.АМСССР (1973). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), АМ у Ленінградзе (1937, вучыўся ў К.С.Пятрова-Водкіна і інш.). У 1943—44 удзельнічаў у афармленні бел. выданняў «Партызанская дубінка» і «Раздавім фашысцкую гадзіну». Працаваў пераважна ў станковым жывапісе. Шэраг сюжэтна-тэматычных карцін прысвечаны тэмам гісторыка-рэвалюцыйнай і Вял.Айч. вайны. Характэрны складанае кампазіцыйнае вырашэнне, манументальнасць, адлюстраванне героікі падзей: «Чапаеў» (1937), «Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск у 1920 годзе» (1940), «Пахаванне героя» (1946), «Стаяць насмерць» (1948), «Абарона Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе» (1950), «Канстанцін Заслонаў» (1957), трыпціх «Мая рэспубліка ў агні Айчыннай» (1963—67), «Незабыўнае» (1975). Узбагаціў жанр партрэта быт. і лірычнага плана: партрэты нар. артысткі БССР А.В.Нікалаевай (1943), свінаркі А.І.Чарняўскай (1954), пісьменнікаў М.Танка (1948), П.Броўкі, П.Глебкі (абодва 1968), К.Крапівы (1972), ткачыхі з в. Неглюбка М.П.Каўтуновай (1975), мастакоў А.А.Анікейчыка (1977) і З.Азгура (1983) і інш. Аўтар пейзажаў «Над Свіслаччу» (1945), «Лясная дарога» (1953), «Прыпяць» (1955), «Залаты вечар» (1975), нацюрмортаў. Адзін з аўтараў манум. размалёвак у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (1940, 1958) і ў кінатэатры «Піянер» (1965) у Мінску.
Літ.:
Герасимович П.Н. Е.А.Зайцев. М., 1980;
Дробов Л.Н. Живопись Советской Белоруссии. Мн., 1979.
Г.А.Фатыхава.
Я.Зайцаў. Ткачыха з вёскі Неглюбка М.П.Каўтунова. 1975.