Інтарэ́с ’увага, цікавасць да каго-, чаго-н.’, ’імкненні, мэты; патрэбы’, ’карысць, сэнс’ (ТСБМ, Касп.), интэре́съ ’справа, патрэба’ (Нас.), інтэ́рас ’справа, дзелавая патрэба’, ’занятак гандлем; крама’ (ТСБМ), ’выгадная справа’ (Шат.), ’зацікаўленасць’ (Касп.). Ст.-бел. интересъ ’карысць, здзелка’ (1568 г.) запазычана з польск. interes; интересоватисе ’займацца фінансавай справай, старацца’ (1686 г.) < польск. interesować się (Булыка, Лекс. запазыч., 80, 81). Польск. interes ’інтарэс, зацікаўленасць’, ’справа’, ’гандлёвая справа’, ’карысць’ праз ням. Interesse узыходзіць да с.-лац. interesse ’мець важнае значэнне’, ’прымаць удзел’ (субстантыў ужываўся як юрыдычны тэрмін, адкуль значэнне ’выгада, карысць’), гл. Слаўскі, 1, 464. У рускую мову слова трапіла ў Пятроўскую эпоху праз польскую ці нямецкую з першапачатковым значэннем ’выгада, справа, карысць’ (Шанскі, 2, I, 97–98; Фасмер, 2, 136); значэнне ’ўвага, зацікаўленасць; займальнасць’ (1777 г.) пад уплывам франц. intérêt (Біржакова, Очерки, 261, 364). Бел. інтэ́рас паказвае на польскую крыніцу (параўн. семантыку, націск). Форма інтарэ́с замацавалася пад уплывам рускай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А́ЗІМАЎ (Asimov) Айзек

(2.1.1920, в. Пятровічы Шумяцкага р-на Смаленскай вобл. — 6.4.1992),

амерыканскі пісьменнік. Праф. біяхіміі Бостанскага ун-та (з 1979). У 1923 сям’я эмігрыравала ў ЗША. Вядомасць Азімаву прынеслі аповесці і зб-кі апавяданняў пра робатаў («Я, робат», 1950; «Робаты і імперыя», 1985; «Мары робата», 1986, і інш.), раманы серыі «Канец станаўлення» («Станаўленне», 1951; «Станаўленне ў небяспецы», 1982; «Станаўленне і Зямля», 1986, і інш.) пра галактычную гісторыю чалавецтва, раманы «Канец вечнасці» (1955) і «Самі багі» (1972) — перасцярога ад бяздумнага ўмяшання ў законы развіцця прыроды і чалавецтва, навук.-папулярныя кнігі («Жыццё і энергія», 1962; «Сціслая гісторыя біялогіі», 1965; «Нейтрына», 1966, і інш.). Яго творам уласцівыя займальнасць, дакладнае абгрунтаванне навук. дапушчэнняў, уменне спалучыць навук. і фантастычнае.

Тв.:

Mind transfer. New York, 1988;

Рус. пер. — Конец вечности;

Сами боги. М., 1990;

Основание;

Основание и Империя;

Второе основание: Романы. Мн., 1992;

Камешек в небе. Мн., 1993.

т. 1, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛЭ́НГА-МАСТО́ВІЧ (Dołęga Mostowicz) Тадэвуш

(сапр. Мастовіч; 10.8.1898, б. маёнтак Акунёва, цяпер Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 16 ці 20.9.1939),

польскі пісьменнік і журналіст. Дзіцячыя гады правёў у Глыбокім. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це. У 1922—26 супрацоўнік і рэд. варшаўскай газ. «Rzeczpospolita» («Рэспубліка»). Удзельнік польска-герм. вайны 1939, у час якой і загінуў. Аўтар 16 аповесцей, займальнасць і меладраматызм сюжэтаў якіх прынеслі Д.-М. вял. папулярнасць. Найб. значныя — «Кар’ера Нікадзіма Дызмы» (1932), у якой стварыў сатыр. карціну тагачаснага вышэйшага польск. грамадства. Сярод інш.: «Пракурор Аліцыя Горн» (1933), «Трэці пол» (1934), «Доктар Мурэк звольнены» і «Другое жыццё» (1936), «Знахар» (1937), «Прафесар Вільчур» (1939). Падзеі некат. твораў разгортваюцца на тэр. Зах. Беларусі («Кар’ера Нікадзіма Дызмы», «Знахар» і інш.). Большасць твораў Д.-М. экранізаваны.

Тв.:

Рус. пер. — Знахарь. Мн., 1993;

Профессор Вильчур. Мн., 1994.

Літ.:

Ермалёнак В.А. Тадэвуш Даленга-Мастовіч // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Глыбоцкага р-на. Мн., 1995. С. 167—168.

Ю.В.Бажэнаў.

т. 6, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)