СА́ВА (Sava),
рака ў Славеніі, Харватыі, Босніі і Герцагавіне, Югаславіі, найб. мнагаводны прыток р. Дунай. Даўж. 940 км, пл. басейна каля 95 тыс. км². Вытокі ў Юлійскіх Альпах, сярэдняе і ніжняе цячэнне па паўд. ускраіне Сярэднедунайскай раўніны. Асн прытокі — Купа, Уна, Врбас, Босна, Дрына (справа); цякуць пераважна па Дынарскім нагор’і. Сярэдні расход вады ў вусці 1760 мус. Мнагаводная ў зімова-веснавы час. Суднаходная да г. Сісак (592 км). У даліне С. — гарады Любляна (Славенія), Заграб (Харватыя); у вусці — Белград (Югаславія).
т. 14, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКРЫ́ТЫ ГО́РАД,
у міжнародным праве горад, які ў вайну адна з дзяржаў, што ваююць, абвяшчае неабароненым (без ваен. аб’ектаў, войскаў і сродкаў абароны) і таму па-за тэатрам ваенных дзеянняў. Гэты акт мае на мэце прадухіліць знішчэнне гіст. і культ. каштоўнасцяў горада, яго жыхароў.
Прававы статус адкрытага горада засн. ва палажэнні (Гаагскай канвенцыі 1907) «Аб законах і звычаях сухапутнай вайны», арт. 25 якога забараняе «атакаваць або бамбардзіраваць якім бы ні было чынам неабароненыя гарады, паселішчы, жылыя дамы або будынкі». У 2-ю сусв. вайну адкрытымі гарадамі абвяшчаліся Парыж, Рым, Брусель, Бялград, Заграб, Любляна і інш. Вядомы выпадкі парушэння статуса адкрытага горада (бамбардзіроўка Бялграда фаш. авіяцыяй у 1941).
т. 1, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСІ́НСКІ (Lisinski) Ватрослаў [сапр. Фукс
(Fuchs) Ігнац; 8.7.1819, г. Заграб — 31.5.1854], харвацкі кампазітар; буйнейшы прадстаўнік харвацкай музыкі, звязаны з рухам «ілірызму» (уздым грамадска-паліт. і культ. жыцця Харватыі ў 1830—40-я г.). Музыцы вучыўся ў Заграбе і Празе (1847—50). У творчасці апіраўся на нац. нар.-песенную аснову. Аўтар першай нац. рамантычнай оперы «Любоў і злосць» (паст. 1846). Сярод інш. твораў: опера «Порын» (1851, паст. 1897),
7 уверцюр, у т. л. «Югаславенская» (1848) і «Белона» (1849), п’есы для аркестра, для фп., вак. творы, у т. л. хары a capplla, песні, апрацоўкі нар. мелодый.
Літ.:
Марковац П. В.Лисинский // Из прошлого югославской музыки. М., 1970.
т. 9, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙНАВІЧ ((Vojnovič) Іва) (9.10.1857, г. Дуброўнік, Харватыя — 30.8.1929),
харвацкі пісьменнік. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў югаславянскай драматургіі канца 19 — пач. 20 ст. Скончыў юрыд. ф-т Заграбскага ун-та (1880). У 1907—11 літ. кіраўнік Харвацкага нац. т-ра (Заграб). Друкаваўся з 1880. Аўтар зб-каў навел («Пяром і алоўкам», 1884), вершаў і эсэ («Акорды», 1917), аповесці «Ксанта» (1886). У драмах «Эквіноцый» («Калі дзень роўны ночы», 1895), «Дуброўніцкая трылогія» (1902), «Маскарад на паддашшы» (1922) адлюстраваў працэс адмірання традыцый горада-рэспублікі Дуброўнік і выраджэння арыстакратыі. Ідэі яднання сербаў, харватаў і славенцаў адбіліся ў драмах «Смерць маткі Югавічаў» (1907), «Уваскрэсенне Лазара» (1913). Разнастайная тэматыка, сінтэз рэалізму і мадэрнізму, арыгінальныя пошукі ўласцівыя п’есам «Psyche» (1889), «Пані са сланечнікам» (1912), «Imperatrix» (1919).
Тв.:
Сабрана дела. Кн. 1—3. Београд, 1939—41.
І.А.Чарота.
т. 4, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)