міжвідавы гібрыд, помесь зубра з бізонам. Мае прыкметы абодвух жывёл, але звычайна буйнейшы за іх. Ад зубра адрозніваецца больш вял. галавой, будовай задніх ног, абросласцю галавы і пярэдняй ч. цела. Дае пладавітае патомства і з зубрам і з бізонам. Упершыню З. атрыманы ў 1907 у запаведніку Асканія-Нова, у 1940 завезены ў Каўказскі запаведнік, пазней і ў інш. раёны Каўказа, дзе размнажаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́НЗАВЫ ШЫРАКАГРУ́ДЫ ІНДЫ́К,
парода індыкоў, выведзеная ў 1930-я г. адборам бронзавых індыкоў па жывой масе і шыракагрудасці. Гадуюць 2 разнавіднасці, створаныя ў Вялікабрытаніі і ЗША. Пашыраны ў ЗША і краінах Еўропы, у б.СССРзавезены ў 1946. Выкарыстоўваюцца пры стварэнні новых парод, ліній і гібрыдаў індыкоў.
Апярэнне птушак чорнае з бронзавым адлівам. Жывая маса самцоў 15—16, самак 8—9 кг. Яйцаноскасць у мацярынскіх лініях 70—90 яец. Маса яйца 80—90 г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІРАХВО́СТЫ, птушкі-ліры (Menuridae),
сямейства вераб’інападобных. 1 род, 2 віды. Пашыраны ў лясах Паўд.-Усх. Аўстраліі, завезены на в-аў Тасманія (1934).
Даўж. цела да 90, хваста да 70 см. Афарбоўка цёмна-бурая зверху, шэрая знізу, з рыжаватым горлам. У самцоў у хвасце 16 пёраў, 2 з іх своеасабліва сагнуты і нагадваюць ліру (адсюль назва). Крылы акругленыя. Ногі доўгія, моцныя. Палігамы. Гнёзды на зямлі ў бураломе, радзей на дрэвах. Нясуць 1 яйцо. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі, насеннем. Самцы спяваюць, здольныя імітаваць розныя гукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЭ́ННЕтытуню,
адна з найбольш распаўсюджаных шкодных прывычак чалавека — удыханне дыму тлеючага тытуню; від бытавой наркаманіі. Тытунь завезены Х.Калумбам у Іспанію і Партугалію з Амерыкі ў канцы 15 ст.; выкарыстоўваўся як дэкар. расліна, пазней — для К. У 16 ст. распаўсюдзіўся ў Францыі (падараваны каралеве як лек. сродак паслом у Партугаліі Ж.Ніко — адсюль «нікацін»); у Расію завезены ў пач. 17 ст. К. праследавалася ўладамі ў Англіі, Італіі, Расіі і інш. краінах. Пётр I дазволіў продаж тытуню і наклаў пошліну на карысць дзяржавы. Да сярэдзіны 19 ст. К. стала бытавой заганай.
Цвёрдая ч. тытунёвага дыму складаецца з дзёгцю і інш. пухлінагенных рэчываў, газавая мае ў сабе аксіды вугляроду, нікацін, альдэгіды, эфіры, фенолы, сінільную к-ту і інш. Вуглевадароды ў тытунёвым дыме могуць правакаваць развіццё ракавых пухлін, радыеактыўны палоній-210 садзейнічае з’яўленню хранічных бранхітаў, злаякасных пухлін лёгкіх, мачавога пузыра, страўніка, нырак і інш. Таксічнасць тытунёвых вырабаў вызначаецца колькасцю нікаціну (0,7—2,5%). Паступовае атручэнне арганізма пры К. вядзе да заўчаснага развіцця захворванняў, скарачае працягласць жыцця у сярэднім на 5—7 гадоў, зніжае фіз. і інтэлектуальныя здольнасці чалавека; тытунёвы дым шкодны для навакольных; найб. небяспечнае К. для дзяцей і падлеткаў, пры цяжарнасці. Лячэнне: псіхатэрапія і псіхапрафілактыка, медыкаментознае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РА,
агульная назва 2 родаў (Ara і Anadorhynchus) клінахвостых папугаяў атр. папугаепадобных. 18 відаў. Жывуць у лясах Паўн. і Паўд. Амерыкі. Як дэкар. птушкі завезены ў многія краіны свету. Найб. вядомыя ара чырвоны (Ara macao), ара блакітны (Ara ararauna), ара гіяцынтавы (Anadorhynchus hiacinthinus).
Гіяцынтавы ара даўж. да 1 м. Ярка афарбаваныя птушкі з доўгім хвастом. Дзюба моцная. Чароды ара часам шкодзяць пладовым дрэвам. Лёгка прыручаюцца і могуць «гаварыць». Некаторыя ахоўваюцца. Трохкаляровы ара вымер на Кубе ў 1880-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФЕЛІ́НУСЫ (Aphelinus),
род паразітычных насякомых атр. перапончатакрылых. 40 відаў, на Беларусі 16—17. Найб. вядомыя Aphelinus asychis, Aphelinus chaonia, Aphelinus varipes.
Даўж. 0,5—1,5 мм. Цела чорнае або з жоўтым малюнкам. Брушка сцябліністае, рухома злучанае з грудзьмі. Размнажэнне пераважна палавое. Дарослыя кормяцца нектарам кветак. Некаторыя — эфектыўныя паразіты тлёў. Aphelinus mali завезены ў 1926—30 з Паўн. Амерыкі, выкарыстоўваецца ў біял. барацьбе з небяспечным шкоднікам яблыняў — крывяной тлёй. Самкі афелінусаў адкладваюць яйцы ў цела тлі, лічынкі, што з іх выходзяць, знішчаюць тлю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСКАВІ́Т (англ. muscovite ад Muscovy Масковія — стараж. назва Расіі, адкуль М. быў завезены ў краіны Еўропы),
мінерал групы слюд, складаны гідраксідалюмасілікат калію, KAl2[AlSi3O10](OH, F)2. Крышталізуецца ў манакліннай, зрэдку трыганальнай сінганіях. Утварае кароткаслупкаватыя і пласціністыя крышталі, ліставатыя, лускаватыя і інш. агрэгаты. У тонкіх пласцінах бясколерны, у больш тоўстых набывае шэрае, ружаватае, жаўтаватае, зеленаватае адценні. Бляск шкляны, на плоскасцях спайнасці перламутравы і серабрысты. Цв. 2—3. Шчыльн. 2,8—2,9 г/см5. Магматычнага і метамарфічнага паходжання. Выкарыстоўваецца ў буд., хім., гумаватэхн., фарфоравай, электра- і радыёпрамысловасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМБУЛЬЕ́,
група парод танкарунных авечак мяса-воўнавага кірунку. Упершыню выведзены ў Францыі ў 19 ст. ў мясцовасці Рамбуе каля Парыжа, дзе знаходзіўся дзярж. завод лепшых авечак гэтай пароды. У 1925 завезены ў СССР, выкарыстоўваліся для паляпшэння некат. мясц. і вывядзення новых мерыносавых парод — асканійскай пароды, савецкага мерыноса, сальскай пароды, стаўрапольскай пароды, і інш.
Жывёлы буйныя, добрага целаскладу, скараспелыя, з высокай воўнавай прадукцыйнасцю. Маса бараноў 80—90, авечак 50—60 кг. Воўна 64—70-й якасці, даўж. 6—7 см. Гадавы настрыг воўны з бараноў 8—10, з матак — 5—7 кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫ́ГА (ісп. indigo ад грэч. indikos індыйскі),
арганічнае злучэнне, вытворнае індолу; кубавы фарбавальнік сіняга колеру. Крышталі цёмна-сіняга колеру з медным адценнем, плавяцца з раскладаннем, tпл 390—392 °C. Не раствараецца ў вадзе, этаноле, эфіры, раствараецца ў аніліне, нітрабензоле, ледзяной воцатнай кіслаце. Натуральны І. вядомы з глыбокай старажытнасці. Атрымлівалі з трапічных раслін роду Indigofera і інш. індыганосаў. У 16 ст.завезены ў Еўропу. У канцы 19 ст. распачалі вытв-сцьсінт. І., больш таннага і чыстага. Выкарыстоўваюць для афарбоўкі тэкст. матэрыялаў (у асн. джынсавай тканіны), у вытв-сці чарніла, фарбаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ТНЫЯ (Ungulata),
надатрад млекакормячых. 6 атр.: даманы, няпарнакапытныя, парнакапытныя, сірэны, мазаляногія (Tylopoda) і хобатныя (Proboscidea). 91 сучасны род. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды (у Аўстралію і Новую Зеландыю завезены). На Беларусі 5 відаў: алень высакародны, дзік, зубр, казуля, лось. Зубр занесены ў Чырв. кнігі МСАП і Беларусі. Да капытных належаць свойскія буйная рагатая жывёла, авечка, каза, конь, свіння.
Памеры ад дробных (даманы) да вельмі буйных (сланы). Пальцаў ад 1 да 5, найб. развітыя 3-і і 4-ы пальцы; у сапр. К. канцавыя фалангі гэтых пальцаў заканчваюцца капытамі. У многіх вызначаецца палавы дымарфізм. Расліннаедныя, некат. ўсёедныя.