ЖУК (Аляксандр Апанасавіч) (31.12.1918, в. Вёска Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 18.7.1983),

Герой Сав. Саюза (1945), ген.-маёр (1957). Скончыў Мінскае ваен. пях. вучылішча (1937), курсы «Выстрал» (1942), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1948). У Чырв. Арміі з 1934. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Зах., Калінінскім, Данскім, Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр., 1-м і 2-м Бел. франтах. Камандзір стралк. палка падпалкоўнік Ж. вызначыўся ў 1945 у баях на р. Одэр. Да 1959 у Сав. Арміі.

т. 6, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУК (Іван Васілевіч) (н. 18.3.1954, в. Паўстынь Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1996). Скончыў БПІ (1976). З 1976 у Ін-це надзейнасці машын Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праектаванні, вырабе і павышэнні даўгавечнасці зубчастых перадач і перадатачных механізмаў на іх аснове. Распрацаваў тэарэт. асновы выбару і разліку геаметрыі зубчастых колаў нестандартнага зыходнага контуру.

Тв.:

Зубчатые передачи с повышенной податливостью зубьев. Мн., 1993 (разам з А.В.Берасневым, А.М.Нядзелькіным).

т. 6, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУК (Валерый Іванавіч) (н. 25.7.1949, в. Паўстынь Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1985). Скончыў Маскоўскі ун-т (1973). У 1973—76 выкладчык Грозаўскай школы-інтэрната (Капыльскі р-н Мінскай вобл.). З 1976 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі (з 1992 вучоны сакратар). Даследуе дэкар.-прыкладное мастацтва. Аўтар кніг: «Сучасная беларуская кераміка. Тэндэнцыі развіцця» (1984), «Традыцыі і наватарства ў беларускім савецкім дэкаратыўна-прыкладным мастацтве» (1985) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1996 (за ўдзел у выданні «Гісторыі беларускага мастацтва», т. 1—6, 1987—94).

Н.В.Грэская.

т. 6, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУК (Сяргей Якаўлевіч) (4.4.1892, Кіеў — 1.3.1957),

савецкі вучоны ў галіне гідратэхнікі; адзін з заснавальнікаў школы сав. гідратэхнікаў. Акад. АН СССР (1953), ген.-маёр інж.-тэхн. службы (1943), Герой Сац. Працы (1952). Скончыў Петраградскі ін-т інжынераў шляхоў зносін (1917). З 1942 дырэктар ін-та «Гідрапраект» (з 1957 імя Ж.). Кіраваў вышукальнымі і н.-д. работамі, праектаваннем і буд-вам Беламорска-Балтыйскага канала, канала імя Масквы, Волга-Данскога комплексу, Волга-Балтыйскага воднага шляху, Угліцкай, Рыбінскай, Волжскай імя У.І.Леніна і інш. ГЭС на Волзе. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951.

С.Я.Жук.

т. 6, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУК (Анатоль Аляксандравіч) (н. 20.5.1949, в. Ярэмічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Працаваў у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі (Бабруйск). З 1975 у Т-ры юнага гледача Беларусі. Выконвае камедыйныя і вострахарактарныя ролі. Сярод іх: Важак («Бэмбі» паводле Ф.Зальтэна, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980), Каваль («Рыгорка — ясная зорка» А.Вярцінскага), Білі Бонс («Востраў скарбаў» паводле Р.Стывенсана), Заслонаў («Паядынак» М.Матукоўскага), Міканор («Подых навальніцы» паводле І.Мележа), Чалавек у чорным («Выбар» А.Дударава), Трыгорын («Чайка» А.Чэхава), Хорыя («Імем зямлі і сонца» І.Друцэ), Фабіян («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра). Здымаецца ў тэлепастаноўках.

т. 6, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУК (Уладзімір Іосіфавіч) (н. 2.1.1941, в. Засулле Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мастак-плакатыст. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Творы вылучаюцца лаканізмам выяўл. мовы, філасафічнасцю, часам у іх жорсткі сарказм, гумар: «Пабудаваны ў 18 ст. Рэканструяваны ў 20 ст.» (1974), «Лес — магутная крыніца здароўя» (1977), «Перабудова» (1987), «Мазыр. Віцебск» (1988), «26.IV. Чарнобыль» (1989), «Трэба любіць усё: звяроў, птушак, расліны, у гэтым — прыгажосць жыцця. А.Купрын», «За Радзіму, за Сталіна!» (абодва 1990), «Адраджэнне» (1992), «Што наша жыццё? Гульня!» (1995) і інш. Аўтар афіш для спектакляў «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава (1979) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, «Пінская шляхта» (1980) нар. т-ра г. Слонім і інш.

У.Жук. Афіша спектакля «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава ў Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі. 1979.

т. 6, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУК (Алесь) (Аляксандр Аляксандравіч; н. 1.4.1948, в. Клешаў Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1970). Працаваў у выд-ве «Мастацкая літаратура», час. «Маладосць», у апараце ЦК КПБ, гал. рэд. газ. «Літаратура і мастацтва», у час. «Полымя». З 1997 гал. рэд. час. «Нёман». Друкуецца з 1965. Аўтар кніг прозы «Асеннія халады» (1972), «Паляванне на старых азёрах» (1975), «Зоркі над палігонам» (1977, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978), «Не забывай мяне» (1978), «Па саннай дарозе» (1979), «Паўстанак вяртання» (1981, Літ. прэмія імя І.Мележа 1982), «Паляванне на Апошняга Жураўля» (1982), «Чорны павой» (1986), «На дазорнай сцяжыне» (1990), «Помста матылькоў» (1991), «Праклятая любоў» (1991, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1992). Раскрывае праблемы сучаснасці ва ўсёй іх вастрыні і складанасці. Творы Ж. адметныя апісаннем багатага спектра чалавечых характараў і ўзаемаадносін, роздумам над пытаннямі жыцця і лёсу, неспакоем за стан навакольнага асяроддзя, лірычна-спавядальнай манерай перадачы некаторых аўтабіяграф. фактаў, выкарыстаннем міфічна-казачнай сімволікі. На бел. мову пераклаў аповесці і апавяданні М.Кацюбінскага, А.Упіта, Г.Траяпольскага, В.Астаф’ева і інш., раманы Ж.Жубера, Н.Сафарава, Т.Джумагельдыева, раман М.Булгакава «Майстар і Маргарыта» (1994).

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1993—94.

А.А.Пашкевіч.

А.Жук.

т. 6, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Жук1 ’від насякомага’ (ТСБМ), мн. л. жукарэ (Сл. паўн.-зах.). Рус., укр. жук ’тс’, польск. zuk ’від насякомага, Geotrupes’, в.-луж. žuk ’від насякомага, Bruchus’, палаб. zauk ’від насякомага, Roßkewaar’. Параўн. чэш. žukati, славен. žučati ’гусці (пра насякомых)’. Ст.-рус. жукъ. Утворана з суф. ‑к ад гукапераймальнай асновы *žu‑ < *geu̯‑ (Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 298; Фасмер, 2, 64; Праабражэнскі, 1, 237; Ільінскі, AfslPh, 29, 1908, 496; Брукнер, 667). Аснову *geu̯‑, відаць, трэба суадносіць з дадзенай у Покарнага (1, 403) асновай gou‑ (гл. гук, гаварыць, гутарыць).

Жук2 ’пранырлівы чалавек’ (ТСБМ). Рус., укр. жук ’тс’. Відаць усх.-слав. сем. перанос ад жук1 па паводзінах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

жук-носоро́г зоол. жук-насаро́г, род. жука́-насаро́га м.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

жук-оле́нь зоол. жук-але́нь, род. жука́-але́ня м.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)