дэцыме́тр

(ад дэцы- + метр)

адзінка даўжыні, роўная 1/10 метра.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДО́ЛЬНЫЯ АДЗІ́НКІ,

складаюць вызначаную частку (долю) ад устаноўленай адзінкі фізічнай велічыні. У Міжнар. сістэме адзінак (СІ) уведзены наступныя прыстаўкі для ўтварэння найменняў Д.а. (гл. табл.).

Напр., 10 ​3 м = 1 мм (міліметр), 10​−6 Дж = 1 мкДж (мікраджоўль), 10​−12 с = 1 пс (пікасекунда), 10​−18 Кл = 1 аКл (атакулон). Гл. таксама Кратныя адзінкі.

Дольнасць Прыстаўка Абазначэнне
бел. міжнар.
10​−1 дэцы д d
10​−2 санты с c
10​−3 мілі м m
10​−6 мікра мк μ
10​−9 нана н n
10​−12 піка п p
10​−15 фемта ф f
10​−18 ата а a

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁРЭЛЕ́ЙНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

від радыёсувязі, які грунтуецца на рэтрансляцыі радыёсігналаў на дэцы- ці сантыметровых хвалях. Выкарыстоўваецца для многаканальнай перадачы даных, тэлеф., тэлевізійных і факсімільных сігналаў і інш. паведамленняў.

Бывае актыўная і пасіўная. Актыўная Р.с. уключае прыём, пераўтварэнне, узмацненне і перадачу радыёсігналаў па радыёрэлейнай лініі сувязі. На кожнай прамежкавай радыёрэлейнай станцыі можа быць некалькі камплектаў прыёмна-перадавальнай апаратуры. якія ўтвараюць шэраг т.зв. ствалоў, ёмістасць кожнага з якіх дасягае некалькіх тысяч тэлеф. каналаў (гл. Многаканальная сувязь). Пры пасіўнай Р.с. толькі змяняецца напрамак распаўсюджвання радыёхваль з дапамогай люстранай антэны ці інш. пасіўнага адбівальніка.

А.​П.​Ткачзнка.

т. 13, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

галасні́к, ‑а, н.

1. Рэзанатарная адтуліна ў верхняй дэцы струнных музычных інструментаў для павелічэння працягласці і сілы гуку.

2. звычайна мн. (галаснікі́, ‑оў). Медныя або керамічныя пасудзіны ў форме гаршкоў, якія ўмуроўваюцца ў сцены сваімі адтулінамі ўнутр і служаць для паляпшэння акустыкі памяшкання. Галаснікі Каложскай царквы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дэцыбе́л

(ад дэцы- + бел)

лагарыфмічная адзінка адносін энергіі, сілы ў радыётэхніцы, электратэхніцы, акустыцы, роўная 1/10 бела.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

РАДЫЁСПЕКТРАСКАПІ́Я,

раздзел спектраскапіі, які вывучае спектры паглынання рэчывам радыёхваль высокачастотнага дыяпазону. Паглынанне абумоўлена квантавымі пераходамі магн. момантаў электронаў (гл. Электронны парамагнітны рэзананс) і ядзер (гл. Ядзерны магнітны рэзананс) атамаў рэчыва, эл. квадрупольных момантаў ядзер (гл. Ядзерны квадрупольны рэзананс) ці вярчальных момантаў малекул у газах (гл. Вярчальныя спектры).

Пачаткам развіцця Р. з’явілася стварэнне ў 1940-я г. тэхн. сродкаў генерацыі і метадаў выкарыстання радыёхваль дэцы-, санты- і міліметровага дыяпазонаў, а таксама адкрыццё заканамернасцей іх паглынання рэчывам. Выкарыстоўваюць у фізіцы, хіміі, біялогіі, тэхніцы для даследавання ўнутр. структуры і атамна-малекулярнай дынамікі цвёрдых цел, вадкасцей і газаў, кінетыкі і механізму хім. і біяхім. рэакцый, вызначэння структуры і канфігурацыі малекул, структуры прымесей і дэфектаў, вымярэння магн. палёў, т-ры, ціску, для неразбуральнага кантролю матэрыялаў і вырабаў, а таксама ў медыцыне для атрымання дыягнастычных здымкаў унутр. органаў (гл. Тамаграфія).

На Беларусі метады Р. развіваюцца і выкарыстоўваюцца пры навук. даследаваннях у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН, БДУ і інш.

Літ.:

Таунс Ч., Шавлов А. Радиоспектроскопия: Пер. с англ. М., 1959;

Абрагам А. Ядерный магнетизм: Пер. с англ. М., 1963;

Физические основы квантовой радиофизики. Л., 1985.

П.​А.​Апанасевіч.

т. 13, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́РА (грэч. lyra),

назва струнных муз. інструментаў, струны якіх нацягнуты паралельна паверхні рэзанансавага корпуса і прымацаваны зверху да перакладзіны, т.зв. ярма. 1) Стараж.-грэч. струнны шчыпковы муз. інструмент. Мела плоскі закруглены корпус са скураной мембранай, 3—11 струн. У суправаджэнні Л. выконвалі творы эпічнай і лірычнай паэзіі (адсюль лірыка). Сярод шматлікіх разнавіднасцей — удасканаленая кіфара. Падобны тып інструмента быў пашыраны ў многіх стараж. цывілізацыях.

2) Струнныя смычковыя інструменты тыпу лютні, віёлы, фібулы, скрыпкі ў Зах. Еўропе 15—18 ст. 3) Струнны фрыкцыйны муз. інструмент — Л. колавая, вядомы ў Зах. і Усх. Еўропе з 11 ст. Мае драўляны корпус віёльнай, скрыпічнай, гітарнай формы, да верхняй часткі якога прымацавана скрынка (ці галоўка) з калкамі. 1—3 меладычныя струны нацягнуты ўнутры прадаўгаватай скрынкі, размешчанай на верхняй дэцы. Даўжыня іх гучальнай часткі і вышыня тону змяняецца пры націсканні выступаў на другім канцы клавіш. 1—4 бурдонныя струны размешчаны па-за скрынкай. Гук узнікае пры трэнні аб струны кола, якое прыводзіцца ў рух з дапамогай ручкі. Колавая Л. выкарыстоўвалася ў манастырах, пры двары (менестрэлі), у нар. побыце. Творы для колавай Л. пісалі В.​А.​Моцарт, І.​Гайдн, Г.​Даніцэці і інш.

На Беларусі вядома з канца 16 — пач. 17 ст. Мясц. назвы лера, рэля, рыля, на бел.-ўкр. памежжы — кобза, бандура, на Чэрвеньшчыне — старэцкая скрыпка. Была звязана пераважна з побытам жабракоў (лірнікаў). Выйшла з нар. ўжытку ў 1930—40-я г. У наш час удасканаленая Л. з дыяпазонам у 2 актавы і храматычным гукарадам выкарыстоўваецца ў Дзярж. акад. нар. аркестры, інстр. групе Дзярж. акад. нар. хору Беларусі, у шматлікіх прафес. («Песняры», «Харошкі», «Свята») і самадз. («Крупіцкія музыкі») ансамблях.

Літ.:

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.

І.​Дз.​Назіна.

Ліра колавая.

т. 9, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)