Дзянісаў В. М., гл. Дэні В. М.

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

А́НЕНКАЎ (Юрый Паўлавіч) (23.7.1889, Петрапаўлаўск-Камчацкі — 3.5.1974),

рускі жывапісец і графік. Вучыўся ў вучылішчы А.​Штыгліца ў Пецярбургу (1909—11), у Ф.​Валатона і М.​Дэні ў Парыжы (1911—12). Аўтар вострахарактарных партрэтаў, часта з элементамі гратэску. Адзін з заснавальнікаў сав. кніжнай ілюстрацыі («Дванаццаць» А.​Блока, 1918). Мастак тэатра і кіно. Выпрабаваў шэраг кірункаў мастацтва 1-й чвэрці 20 ст., у т. л. кубізм. З 1924 за мяжой (Германія, Францыя). Напісаў «Дзённік маіх сустрэч» (рус. пер. 1991).

т. 1, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮРСА́ ((Lurçat) Андрэ) (27.8.1894, г. Бруер, Францыя — 12.7.1970),

французскі архітэктар. Вучыўся ў школах прыгожых мастацтваў у Нансі і Парыжы. Чл. Акадэміі архітэктуры ў Парыжы (1939). Практык і тэарэтык рацыяналізму. Яго работы вылучаюцца выразнай планіроўкай, гарманічнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй: у прадмесцях Парыжа — школьны комплекс імя К.​Маркса (1931—33), рэканструкцыя раёна Сен-Дэні (1946—62), жылы комплекс у Блан-Меніле (1950—67) і інш. У 1934—37 працаваў у СССР (неажыццёўленыя праекты бальнічных комплексаў для Масквы, Смаленска, Ніжняга Ноўгарада).

т. 9, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЕ́Н, Папін (Papin) Дэні (22.8.1647, Шытнэ, каля г. Блуа, Францыя — 1714, паводле інш. звестак 1712), французскі фізік і інжынер, адзін з вынаходнікаў цеплавога рухавіка. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1680) і Парыжскай АН. Скончыў Анжэрскі ун-т (1669). З 1675 у Лондане, у 1688—1707 у Германіі. Вынайшаў паравы кацёл з засцерагальным клапанам (1680), выкарыстаў вадзяную пару для падняцця поршня і апісаў замкнёны тэрмадынамічны цыкл паравога рухавіка (1690). Вынайшаў некалькі машын для падняцця вады, прапанаваў канструкцыю цэнтрабежнай помпы, сканструяваў печ для плаўкі шкла і інш.

Літ.:

Радциг А.А. История теплотехники. М.; Л., 1936.

т. 12, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРМІЁН ((Marmion) Сімон) (каля 1420—25, г. Ам’ен, Францыя — 24.12. 1489),

французскі жывапісец і мініяцюрыст. Зазнаў уплыў паўд.-нідэрл. жывапісу 15 ст. Яго мініяцюры, стылістычна блізкія да станковага жывапісу, вызначаліся вытанчанасцю стылю, гарманічным каларытам, дэталізаванай кампазіцыяй, жыццёвай канкрэтнасцю і элегантнасцю партрэтных характарыстык, тонкасцю пейзажных фонаў: мініяцюры, якія захоўваюцца ў Каралеўскай б-цы ў Бруселі, «Вялікай хронікі Сен-Дэні», «Вялікіх французскіх хронік» (каля 1454—58). М. прыпісваюць аўтарства жывапісных рэліг. кампазіцый для алтара з абацтва св. Бертэна ў Сент-Амеры: 2 пано «Сцэны з жыцця св. Бертэна» і 2 пано «Анёлы» (завершаны ў 1459).

т. 10, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОСТІМПРЭСІЯНІ́ЗМ (ад пост... + імпрэсіянізм),

умоўная збіральная назва некалькіх кірункаў франц. мастацтва канца 19 — пач. 20 ст. (неаімпрэсіянізм, сімвалізм і інш.). Узнік у сярэдзіне 1880-х г., калі майстры імпрэсіянізму пачалі шукаць новыя выяўл. сродкі, якія дазваляюць адлюстроўваць не імгненныя ўражанні, а працяглыя, сутнасныя станы жыцця. Перыяд П., для якога характэрны актыўнае ўзаемадзеянне кірункаў і індывідуальных творчых сістэм, стаў сувязным звяном паміж мастацтвам 19 і 20 ст. Найб. ярка выявіўся ў творчасці П.Гагена, В. ван Гога, М.Дэні, П.Сезана, А.Тулуз-Латрэка, мастакоў групы «Набі» і інш.

Літ.:

Прокофьев В.Н. Постимпрессионизм: [Альбом]. М., 1973.

Да арт. Постімпрэсіянізм. В. ван Гог. Дарога з кіпарысамі і зоркамі. 1890.
Да арт. Постімпрэсіянізм. М.​Дэні. Пейзаж з зялёнымі дрэвамі. 1893.

т. 12, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛО́РМ (Delorme, de 1Orme) Філібер (паміж 1510—15, г. Ліён, Францыя — 8.1.1570), французскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры эпохі Адраджэння. У 1533—36 у Рыме вывучаў ант. архітэктуру. З 1541 архітэктар караля. Работам уласціва спалучэнне ордэрных і гатычных элементаў: замак у Анэ 1543—55 (захаваўся часткова), грабніца Францыска I у царкве Сен-Дэні (Парыж, 1547), працы ў замках Фантэнбло (1548—54), Венсан (1558), Ле Мюэт (1550), шматлікія пабудовы ў Парыжы. Аўтар праекта замка Цюільры ў Парыжы (разбураны ў 1871). Увёў франц. калону (з дэкарыраванымі паясамі), «аркі Дэлорма» (драўляныя формы для перакрыцця вял. праёмаў). Аўтар тэарэт. прац «Новыя вынаходніцтвы для добрага ўмацавання гарадоў пры малых затратах» (1561), «Першы том архітэктуры Філібера Дэлорма» (1567), якія паспрыялі ўзнікненню класіцыстычнай плыні ў франц. архітэктуры.

т. 6, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАК-ДАЛЬКРО́З ((Jaques-Dalcroze) Эміль) (Жак; 6.7.1865, Вена — 1.7.1950),

швейцарскі педагог, кампазітар. Вучыўся ва ун-це і адначасова ў кансерваторыі ў Жэневе, потым у А.Брукнера, Л.Дэліба і інш. У 1892—1910 праф. Жэнеўскай кансерваторыі. Распрацаваў сістэму муз.-рытмічнага выхавання, заснаваную на ўвасабленні вобразнага зместу музыкі ў пластычным руху. У 1910 арганізаваў Школу музыкі і рытму ў г. Гелераў (каля Дрэздэна), у 1915 — Ін-т Ж.-Д. ў Жэневе. Падобныя ін-ты і школы былі засн. яго паслядоўнікамі (М.​Вігман, В.Ніжынскі, Р.​Сен-Дэні і інш.) у многіх гарадах Еўропы і Амерыкі (у 1920 у Маскве і Петраградзе). Аўтар 7 камічных опер і аперэт, кантат («Свята ў кантоне Во», 1903 і інш.), арк. твораў, канцэртаў для інструментаў з арк., песень («Раманскія песні» сталі народнымі), а таксама літ. твораў, прысвечаных яго сістэме выхавання.

т. 6, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛО́Н ((Pilon) Жэрмен) (1536—37, Парыж — 3.2.1590),

французскі скульптар і медальер; прадстаўнік Адраджэння. Вучыўся ў П.​Бантана. Працаваў у Парыжы. З 1572 гал. кантралёр Каралеўскага манетнага двара. У ранні перыяд зазнаў уплыў Ж.Гужона. Творы вызначаюцца грацыёзнасцю, тонкай рытмічнасцю, мяккасцю пластычнай формы (група «Тры грацыі» для урны з сэрцам Генрыха II, 1563, і інш.). З 1570-х г. у творах узмацнілася эмац. драматычнасць і напружанасць вобразаў («Маці Божая Засмучаная», 1586, і інш.). Майстар-партрэтыст: скульптуры грабніцы Генрыха II і Кацярыны Медычы ў абацтве Сен-Дэні (1563—70), бюст Генрыха II (1570—75), надмагілле Валянціны Бальбіяні (1583), надмагільная статуя канцлера Рэнэ дэ Бірага (1583—85) і інш. У медалях віртуозную прапрацоўку дэталей спалучаў са строгай гармоніяй кампазіцыі (медалі з партрэтамі Генрыха III, Карла IX, Кацярыны Медычы і інш.).

т. 12, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУАСО́Н ((Poisson) Сімеон Дэні) (21.6.1781, г. Пітыўе, Францыя — 25.4.1840),

французскі матэматык, механік і фізік. Чл. Парыжскай АН (1812). Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1826). Скончыў Політэхн. школу ў Парыжы (1800), дзе і працаваў (з 1806 праф.). З 1809 праф. Парыжскага ун-та. Навук. працы па тэарэт. і нябеснай механіцы, матэм. аналізе, тэорыі імавернасцей, матэм. фізіцы, тэорыі пругкасці, гідрамеханіцы і інш. Даследаваў праблемы устойлівасці Сонечнай сістэмы і рух планет з улікам узбурэнняў. Устанавіў важныя стат. заканамернасці (гл. Вялікіх лікаў закон, Пуасона размеркаванне). Абагульніў ураўненні тэорыі пругкасці на выпадак анізатропных цел, увёў адну з характарыстык пругкасці матэрыялаў (гл. Пуасона каэфіцыент). Прапанаваў адно з ураўненняў матэм. фізікі (гл. Пуасона ўраўненне) і выкарыстаў яго для рашэння задач па гравітацыі і электрастатыцы.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

Д.Пуасон.

т. 13, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)