машына для ахаладжэння газаў шляхам іх расшырэння з аддачай знешняй работы. Бываюць поршневыя (падобныя да кампрэсара або паравой машыны) і турбінныя (актыўныя ці рэактыўныя турбадэтандэры). Выкарыстоўваюцца ў прамысл. устаноўках для звадкавання газаў (азоту, кіслароду, гелію і інш. з нізкай т-рай кіпення), раздзялення газавых сумесей метадам глыбокага ахаладжэння, у крыягенных рэфрыжэратарах, у некаторых сістэмах кандыцыянавання паветра і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАРОДНІНАСУШЫ́ЛКА,
машына для правяльвання і сушкі агародніны, садавіны, ягад, грыбоў, траў, а таксама насення агароднінных і інш. культур. Найб. пашыраны агароднінасушылкі камернага і стужкавага тыпаў. Крыніца цяпла — электранагравальнікі, паравыя каларыферы, паветранагравальнікі. Выкарыстоўваюцца пераважна стужкавыя агароднінасушылкі, у якіх нарэзаная агародніна на рухомай стужцы з дробнаячэйкавай сеткі высушваецца падагрэтым паветрам. Прадукцыйнасць прамысл. агароднінасушылкі да 0,2 т/гадз. Існуюць канструкцыі агароднінасушылак бытавых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЧНАГАВАРЫ́ЦЕЛЬ,
электраакустычная ці мех. прылада для моцнага ўзнаўлення гукаў (мовы, музыкі і інш.). Бывае эл.-дынамічны (найб. пашыраны), эл.-магн., п’езаэл., кандэнсатарны, пнеўматычны, рупарны. Эл.-акустычны гучнагаварыцель пераўтварае падведзеныя эл. ваганні ў гукавыя з дапамогай рухомай мех. сістэмы (дыфузара, дыяфрагмы). Асн. параметры: намінальная магутнасць і паласа ўзноўленых частот, сярэдні гукавы ціск і інш.; накіраванасць выпрамянення ствараецца рупарам ці выкарыстаннем гукавых калонак. Па эл.-акустычных параметрах адрозніваюць шырока- і вузкапалосныя, высока- і нізкачастотныя, нізка- і высакаомныя, паводле канструкцыі — адно- і двухдыфузарныя, кааксіяльныя, круглыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФЛЕ́КТАР (ад лац. deflecto адхіляю, адводжу),
1) прыстасаванне для змены напрамку патоку газаў, вадкасцей, сыпкіх матэрыялаў, гукавых хваль.
2) Выцяжное прыстасаванне на вентыляцыйнай шахце (для адсмоктвання забруджанага паветра з памяшканняў) або коміне. Дзеянне заснавана на выкарыстанні энергіі патоку паветра (ветру), які абдзімае Д.
3) Прылада для вымярэння і ўстаранення дэвіяцыі магнітных компасаў. Вымярае гарыз. і верт. складальныя напружанасці магнітнага поля, якія дзейнічаюць на стрэлку компаса.
4) У оптаэлектроніцы прыстасаванне для змены паводле пэўнага закону напрамку распаўсюджвання аптычнага выпрамянення. Бываюць механічныя (сканеры) і оптаэлектронныя (у т. л. вадкакрышталічныя). Найб. пашыраны электрааптычныя і акустааптычныя. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах аптычнай апрацоўкі інфармацыі, у аптычных запамінальных прыстасаваннях, у лазерных друкавальных прыстасаваннях і інш.
Дэфлектары: а — механічны круглай формы (1 — патрубак, 2 — дыфузар, 3 — парасон-каўпак); б — электрааптычны дыскрэтны (1 — мадулятары святла, 2 — двухпраменепраламляльныя крышталі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНТЫЛЯ́ТАР (ад лац. ventilare веяць, махаць),
машына для перамяшчэння пад ціскам паветра або інш. газу. Бываюць цэнтрабежныя, восевыя і дыяметральныя; нізкага (да 1 кПа), сярэдняга (да 3 кПа) і высокага (да 12 кПа) ціску; ад долей вата (бытавыя) да тысяч кілават (прамысловыя). Выкарыстоўваюцца для вентыляцыі аб’ектаў, транспартавання аэрасумесей па трубаправодах, сушкі матэрыялаў, ахалоджвання дэталей машын і электрарухавікоў, падачы паветра ў топачныя агрэгаты і інш.
Цэнтрабежны вентылятар мае спіральны кажух, у сярэдзіне якога знаходзіцца рабочае кола з лопасцямі. Паветра або газ уцягваецца праз уваходную адтуліну, праходзіць у каналах паміж лапаткамі рухомага кола і праз кажух выкідваецца. У восевых вентылятарах паветра перамяшчаецца паміж уваходнай і выхадной адтулінамі ў восевым напрамку, у дыяметральных — двойчы праходзіць паміж лапаткамі колаў у дыяметральным напрамку і выходзіць праз дыфузар. Вентылятары звычайна злучаюцца з вентыляцыйнымі каналамі будынкаў (прытокавыя напампоўваюць паветра, выцяжныя ўсмоктваюць).