нонфігуратыўнае мастацтва, плынь у выяўленчым мастацтве многіх краін, у аснову якой пакладзены метад абстракцыянізму. Узнікла ў 1910—13 у выніку расслаення кубізму, экспрэсіянізму, футурызму. Першыя абстрактныя кампазіцыі стварылі рус. мастак В.Кандзінскі, які працаваў у Германіі, француз Р.Дэланэ, іспанец Ф.Пікабія, чэх Ф.Купка, у Нідэрландах П.Мондрыян, у Расіі К.Малевіч, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова і інш. Пасля 1-й сусв. вайны тэндэнцыі абстрактнага мастацтва праяўляліся ў некат. творах дадаізму і сюррэалізму, у архітэктуры, дэкар. мастацтве, дызайне (эксперыменты групы «Стыль» і «Баўгауз»).
Практыка абстрактнага мастацтва зводзіцца да складання з дапамогай адцягненых элементаў маст. формы (каляровая пляма, лінія, аб’ём і г.д.) нявыяўленых кампазіцый, імпульсіўна-стыхійных ці рацыяналістычна ўпарадкаваных. Да сярэдзіны 20 ст. вызначаліся 2 асн. кірункі — экспрэсіянісцкі і геаметрычны абстракцыянізм. Прадстаўнікі першага (Кандзінскі, Дж.Полак, Дэланэ і інш.) імкнуліся да самаст. гучання колеру, лірызму, пошуку вечнай духоўнасці і беспрадметнага свету. Мастакі другога кірунку (Малевіч, Мондрыян) карысталіся абстрактна ўпарадкаванымі, амаль што геам. формамі, пабудовамі, канструкцыямі. У сярэдзіне 20 ст. ў ЗША узнікла школа т.зв. «абстрактнага экспрэсіянізму» (Полак, М.Тобі), які развіўся ў многіх краінах (пад назвай ташызм або «бясформеннае мастацтва») і абвясціў сваім метадам «чысты псіхал. аўтаматызм», вынікам якога стала абсалютызацыя самога працэсу творчасці мастака. Абстрактнае мастацтва садзейнічала развіццю дызайну, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, паўплывала на развіццё тэатра і кінамастацтва, новых яго відаў і кірункаў (оп-арт, поп-арт, мінімалізм і інш.).
Да арт. Абстрактнае мастацтва. П.Мондрыян. Кампазіцыя. 1930.Да арт. Абстрактнае мастацтва. Дж.Полак. Лічба 1. Фрагмент. 1950.Да арт. Абстрактнае мастацтва. В.Кандзінскі. Эскіз I да «Кампазіцыі VII». 1913.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЛЁВЫ ЦЭНТР,
комплексны тып грамадскіх будынкаў, у складзе якіх прадпрыемствы гандлю, грамадскага харчавання, быт. абслугоўвання і інш. Часта аб’ядноўваюцца з культ.-асв., відовішчнымі, спарт., трансп. і інш. ўстановамі, утвараючы т.зв. грамадска-гандл. цэнтры. Пры ўключэнні ў іх склад адм.-дзелавых устаноў, офісаў, банкаў, прадпрыемстваў сувязі, гасцініц і інш. ствараюцца шматфункцыянальныя грамадска-дзелавыя цэнтры. У залежнасці ад кантынгенту абслугоўвання бываюць гандлёвыя цэнтры раённыя (крамы харч. і прамысл. тавараў, сталоўкі, кавярні, рэстараны, пошта, аптэка, банк) і агульнагарадскія (універмаг, спецыялізаваныя крамы, супермаркеты, Дамы быту, крытыя рынкі).
Гістарычна гандлёвыя цэнтры развіліся са старых рынкаў і кірмашоў, гасціных двароў 17—19 ст. Сучасныя гандлёвыя цэнтры з’явіліся ў 1930-я г. ў ЗША («Рузвельтфілд» каля Нью-Йорка) і звязаны з канцэнтрацыяй гандлю ў руках буйных манаполій і канкурэнцыяй паміж імі на ўнутр. рынку, а таксама з працэсам дэцэнтралізацыі насельніцтва буйных гарадоў, перасяленнем часткі яго на ўскраіны і ў загарадныя зоны, развіццём грамадскага і індывід. транспарту. У Зах. Еўропе пашыраны з 1950-х г. у сувязі з рэканструкцыяй старых гар. цэнтраў і буд-вам новых гарадоў («Лейнбан» у Ротэрдаме). У 1960-я г. ўзведзены буйныя грамадска-гандл. цэнтры ў Франкфурце-на-Майне, Парыжы, Манчэстэры, Токіо і інш.
На Беларусі будуюцца з 1960-х г.: у Мінску — на вул. Талбухіна (арх. Ю.Шпіт, Я.Саманчук), «Паўднёвы Захад» (арх. В.Хрышчановіч, М.Сірата), у Гродне — «Вясёлка» (арх. Л.Мельнік), у Брэсце — на вул. Маскоўскай (арх. С.Неўмывакін, у сааўт.), вёсках Расна Брэсцкай вобл. (арх. Г.Бяганская), Сарачы Мінскай вобл. (арх. Г.Заборскі) і інш. У арх.-маст. вырашэнні выкарыстоўваюць прыёмы дызайну, рэкламы, малыя арх. формы, элементы добраўпарадкавання (кветнікі, газоны, фантаны), каркасныя канструкцыйныя схемы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНАЯ АРХІТЭ́КТУРА,
мастацтва гарманічна спалучаць прыродныя і створаныя чалавекам элементы ландшафту; галіна архітэктуры і горадабудаўніцтва. Уключае садова-паркавае мастацтва і азеляненне. Задачы Л.а.: вырашэнне ландшафтных пытанняў буйнога тэр. маштабу ў праектах і схемах раённай планіроўкі, фарміраванне водна-зялёных сістэм населеных месцаў, арг-цыя здаровага і прыгожага асяроддзя, жылых вытв. і рэкрэацыйных утварэнняў, эстэт. распрацоўка арх. элементаў ландшафту. Л.а. займаецца таксама стварэннем паркаў, садоў, бульвараў. Задачы яе вырашаюцца метадамі ландшафтнага планавання і ландшафтнага дызайну. Найб. важны прынцып сучаснай Л.а. — узаемазвязанае вырашэнне пытанняў аховы і рацыянальнага пераўтварэння прыродных ландшафтаў.
На Беларусі Л.а. як асобная галіна арх. навукі і практыкі вылучылася ў 1960-я г. Распрацаваны схемы асабліва ахоўных ландшафтаў, развіцця і размяшчэння курортаў, месцаў адпачынку, інструкцыя па аднаўленні старадаўніх паркаў — помнікаў садова-паркавага мастацтва, рэкамендацыі па праектаванні рэкрэацыйных сістэм ва ўмовах Беларусі, аднаўленні садова-паркавых комплексаў і інш. Сродкамі Л.а. створаны мемар. (Хатынь, Дальва, Курган Славы ў Смалявіцкім р-не, Зыслаў, урочышча Гай каля г. Баранавічы і інш.) і рэкрэацыйныя (воз. Нарач, Заслаўскае вадасх. і інш.) комплексы, водна-зялёныя сістэмы гарадоў (Мінска, Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна), аўтамаб. дарогі (Мінск—Хатынь, Мінск—Віцебск, Ракаў—Дзяржынава), асобныя арх. аб’екты (спарт. комплекс «Раўбічы» Мінскага р-на). У арг-цыі гар. жыллёвага асяроддзя выяўляюцца тэндэнцыі развіцця ад дробнай квартальнай забудовы з другасным фрагментарным азеляненнем да мікрараёнаў з арган. уключэннем сістэм зялёных насаджэнняў і свабодных маляўнічых арх.-ландшафтных кампазіцый. Л.а. выразна рэалізуецца пры стварэнні новых жылых раёнаў (напр., мікрараёны Зялёны Луг 5, 6 і Усход 1, 2, Серабранка 3, 8, 9, Паўднёвы Захад і інш. ў Мінску; Румлева ў Гродне, Валатава ў Гомелі), пры праектаванні і буд-ве сельскіх населеных месцаў (вёскі Малеч Бярозаўскага, Мышкавічы Кіраўскага, Верцялішкі Гродаенскага р-наў і інш.). Пытанні Л.а. распрацоўваюцца ў Бел.дзярж. НДІП горадабудаўніцтва, ін-тах «Мінскпраект», «Белдзіпрадар», БелНДІдзіпрасельбуд, абл. праектных арг-цыях, Бел.політэхн. акадэміі і тэхнал. ун-це (арх. Э.Афанасьева, І.Рудэнка, А.Сычова, В.Шальнікоўская, І.Шпіт, Б.Юрцін і інш).
Літ.:
Залесская Л.С., Микулина Е.М. Ландшафтная архитектура. 2 изд. М., 1979;
Сычева АВ. Архитектурно-ландшафтная среда: Вопр. охраны и формирования. 2 изд. Мн., 1982;
Яе ж. Ландшафтное проектирование: Учеб. пособие. Ч. 1—2. Мн., 1993.
А.В.Сычова.
Да арт.Ландшафтная архітэктура. Фрагмент Сляпянскай водна-зялёнай сістэмы ў Мінску.Да арт.Ландшафтная архітэктура. Ландшафт у раёне праспекта Машэрава ў Мінску.Ландшафтная архітэктура.