КОРБ ((Korb) Іаган Георг) (каля 1670, г. Ноймаркт, Германія — каля 1742),
дыпламат, падарожнік. Сакратар пасольства аўстр. імператара Леапольда I у Расію (1698—99). У 1700 выдаў у Вене на лац. мове «Дзённік падарожжа ў Масковію», у якім ёсць звесткі пра Вільню, Ашмяны, Баруны, Мінск, Барысаў, Друцк, Шклоў і інш.бел. гарады і вёскі, побыт іх жыхароў, пра касцёлы, кляштары, шляхі зносін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГВАЛО́Д БАРЫ́САВІЧ, Рагвалод Рагвалодавіч (у хрышчэнні Васіль),
князь полацкі і друцкі ў 2-й пал. 12 ст. Сын Рагвалода Усяславіча. У 1129 разам з інш. полацкімі князямі высланы кіеўскім кн.Мсціславам Уладзіміравічам у Візантыю, адкуль вярнуўся ў 1139. Каля 1144 стаў полацкім князем. У 1151 выгнаны вечам з Полацка і сасланы ў Мінск да яго ворага Расціслава Глебавіча. Па патрабаванні Юрыя Далгарукага вызвалены і з’ехаў у Чарнігаў да Святаслава Ольгавіча, які дапамог яму войскам у вяртанні зямель. У 1158 (у летапісе 1159) па запрашэнні жыхароў Друцка «з вялікай пашанай увайшоў у горад» (на радзіму вяртаўся са Слуцка), потым пры дапамозе сваіх прыхільнікаў зноў выбраны вечам на княжанне ў Полацку (сеў «на столе деда своего и отца своего с честью великою»), Зрабіў некалькі паходаў на Мінск і Гарадзец супраць Расціслава Глебавіча, у 1161 разбіты мінскім кн.Валадарам Глебавічам, пасля чаго вярнуўся ў Друцк, а «Полотьску не сме ити, занеже множьство погибе полочан». У 1171 паводле загаду Р.Б. высечаны надпіс на вял. камяні (т.зв. Рагвалодаў камень).
Літ.:
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЦКІЯ-ГО́РСКІЯ,
княжацкі род герба «Друцк», адгалінаванне роду кн.Друцкіх. Найб. вядомыя:
Васіль Пуцяціч (каля 1430 — да 1495), валодаў маёнткам Горы ў Аршанскім пав. (адсюль 2-я частка прозвішча). Ежы (каля 1600—43), харужы аршанскі (1639), староста упіцкі (1640). Рыгор Ежы (каля 1585—1659), староста цэльскі, аршанскі (1635—50). Атрымаўшы прызначэнне мсціслаўскім ваяводам (1650), перадаў Аршанскае староства сыну Міхаілу. Другі яго сын Еранім быў старостам суражскім. На ўнуках Рыгора Ежы род Д.-Г. згас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д РАСЦІСЛА́ВІЧ (1140 — 23.4.1197),
князь наўгародскі, таржоцкі, віцебскі, вышгарадскі, смаленскі. Сын кіеўскага кн. Расціслава Мсціславіча. Княжыў у Ноўгарадзе ў 1154—55, Таржку ў 1158—60, Віцебску ў 1165—67. У 1167 вытрымаў аблогу менскага кн.Валадара Глебавіча і захапіў у палон шмат яго дружыннікаў. У 1168 княжыў у Вышгарадзе, у 1180—97 — у Смаленску, ваяваў з Полацкам. У 1180 дапамагаў кн.Глебу Рагвалодавічу абараняць Друцк. У 1195 ва ўладаннях Давыда Расціславіча адбылася бітва кааліцыі чарнігаўскіх князёў і палачан з кааліцыяй смаленскіх князёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБ УСЯСЛА́ВІЧ (? — 13.9.1119),
князь менскі, сын полацкага кн.Усяслава Брачыславіча. У 1104 абараняў Менск ад аб’яднаных сіл паўд.-рус. князёў. У 1106 з братамі ўдзельнічаў у няўдалым паходзе на земгалаў. Праводзіў палітыку аб’яднання вакол Менска шэрагу гарадоў Полацкай зямлі: далучыў да свайго княства Копысь, Оршу і Друцк. У 1116 напаў на Слуцк, за што кіеўскі кн. Уладзімір Манамах з аб’яднанымі сіламі Кіева, Смаленска, Чарнігава і Пераяслава рушыў на Менск. Глеб Усяславіч вымушаны быў падпісаць мір з Манамахам, страціўшы ўплыў на Падняпроўе і Верхняе Панямонне. Паміж 1116 і 1118 зрабіў спробу вярнуць страчаныя тэрыторыі. Таму Манамах у 1118 паслаў на Менск свайго сына Мсціслава, які прыступам узяў горад, паланіў Глеба і адвёз у Кіеў, дзе той раптоўна памёр. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЦКІЯ,
старажытны княжацкі род герба «Друцк». Паходзяць, верагодна, ад кн.Рагвалода Рагвалодавіча, які пасля паражэння ў 1161 у барацьбе за полацкі трон замацаваў за сабой Друцкае княства (адсюль прозвішча яго нашчадкаў). У 1-й пал. 14 ст. Д. падзяліліся на 2 лініі: старэйшую (ад кн. Васіля Міхайлавіча), прадстаўнікі якой пасля ўдзелу ў Глінскіх мяцяжы 1508 выехалі ў Маскву, і малодшую (ад кн. Сямёна Міхайлавіча), прадстаўнікі якой засталіся ў ВКЛ і падзяліліся на некалькі галін, атрымаўшы другія прозвішчы ад сваіх маёнткаў (Д.-Азярэцкія, Друцкія-Горскія, Друцкія-Любецкія, Друцкія-Сакалінскія і інш.) і ад мянушак заснавальнікаў асобных галін роду (Д.-Адзінцэвічы, Д.-Бабічавы, Д.-Каноплі, Д.-Пуцяцічы і інш.).
Літ.:
Насевіч В.Л. Род князёў Друцкіх у гісторыі Вялікага княства Літоўскага (XIV—XVI стст.) // Старонкі гісторыі Беларусі. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЦКІЯ-ЛЮБЕ́ЦКІЯ,
княжацкі род герба «Друцк», адгалінаванне роду кн.Друцкіх. Сыны Васіля Рыгоравіча Друцкага Багдан (каля 1450—да 1500) і Раман (каля 1450—да 1525) набылі маёнтак Любчу на Валыні (адсюль 2-я частка прозвішча). Валодалі таксама часткай Друцкага княства з Відунічамі (Відзенічамі), таму некат. прадстаўнікі роду называліся кн. Відуніцкімі. Найб. вядомыя:
Шыман (каля 1665—1710), стольнік оўруцкі (1709), перад смерцю прызначаны мінскім кашталянам. Францішак (каля 1735—1806), суддзя земскі (1765), харужы (1773), маршалак (1782) і кашталян (1793) пінскі. У 1794 заснаваў мураваны касцёл у Луніне. Францішак Ксаверы (1778—1846). Вучыўся ў Пецярбургскім кадэцкім корпусе, удзельнічаў у 1799 у паходзе А.В.Суворава ў Італію і Швейцарыю. Маршалак Гродзенскай губ. (1812). У 1816 часовы гродзенскі губернатар, з 1821 міністр скарбу Царства Польскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЦКІЯ-САКО́ЛІНСКІЯ.
Друцкія-Сакалінскія, княжацкі род герба «Друцк», адгалінаванне роду кн.Друцкіх. Найб. вядомыя:
Сямён (? — пасля 1514), намеснік таропецкі (1489), бранскі (1492—94), уладальнік Саколіна каля Друцка (адсюль 2-я частка прозвішча) і інш.Мікалай Мітрафан (каля 1610—90), архімандрыт Браслаўскага базыльянскага манастыра, з 1671 смаленскі уніяцкі архіепіскап. Міхал Леан (каля 1630—90), чашнік (1654) і маршалак аршанскі (1665), пісар ВКЛ, староста вяляціцкі (1685). Кароль Міхал (каля 1660—1713), кашталян смаленскі (1703). Міхаіл (каля 1550—1621), маршалак аршанскі (1591), староста азярышчанскі (1597), кашталян віцебскі (1605), ваявода полацкі (1613) і смаленскі (1621). Крыштоф Міхал (каля 1580—1639), староста азярышчанскі (1621—39), кашталян мсціслаўскі (1623), полацкі (1625). Ян Антоні (?—1662), кашталян мсціслаўскі (1655). Леан Лаўрэн (каля 1680—1726), архімандрыт Гродзенскага базыльянскага манастыра (1713), смаленскі уніяцкі архіепіскап (1718).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1773—1924. Утвораны 2.8.1773 у складзе Магілёўскай правінцыі, з 2.4.1777 — у Магілёўскай, з 23.12.1796 да 27.2.1802 — у Беларускай (з далучэннем часткі Копыскага пав.), з 1807 — у Магілёўскай губ. (з аднаўленнем межаў 1777). З 1861 М.п. падзяляўся на 13 валасцей: Бялыніцкую, Вяйнянскую, Вендаражскую, Княжыцкую, Круглянскую, Нежкаўскую, Палыкавіцкую, Паўлавіцкую, Таўпечыцкую, Царковішчанскую, Цяцерынскую, Чарнаруцкую, Шклоўскую; меў 10 мястэчак: Буйнічы, Бялынічы, Галоўчын, Друцк, Княжыцы, Круглае, Круча, Цяцерын, Шапялевічы, Шклоў. Пл. каля 3425 км² (каля 300 тыс. дзесяцін). Нас. 120,5 тыс.чал. (1885). З 6.10.1919 па 10.8.1920 у М.п. уваходзілі Брадзецкая і Пагосцкая воласці Ігуменскага пав., з 4.5.1922 — Галянёўская, Радамская, Сухарэўская, Чавуская і Чэрнеўская воласці скасаванага Чавускага пав., з 27.6.1922 — Нічыпаравіцкая вол. Горацкага пав., з 14.2.1923 — Гарадзішчанская, Глухаўская, Грудзінаўская і Старабыхаўская воласці скасаванага Быхаўскага пав., 9.5.1923 — Даўгамохская воласць Чэрыкаўскага пав. Пасля ўзбуйнення валасцей у 1923 замест 24 іх засталося 15. 17.7.1924 М.п. скасаваны, тэрыторыя падзелена паміж Аршанскай, Калінінскай і Магілёўскай акругамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАСЛА́Ў УСЕ́ВАЛАДАВІЧ (у хрышчэнні Міхаіл; пасля 1116—27.7.1194),
князь тураўскі, вял. князь кіеўскі. Сын вял.кн. Усевалада Ольгавіча. У 1140 пасланы бацькам княжыць у Ноўгарад, аднак там яго не прынялі. Каля 1142 бацька пасадзіў яго ў Тураве, але хутка туды з Пераяслава пераведзены Вячаслаў Уладзіміравіч, а С.У. атрымаў Уладзімір-Валынскі. У 1146 па загадзе вял.кн.Ізяслава Мсціславіча С.У. разам з Расціславам Мсціславічам выгнаў Вячаслава Уладзіміравіча з Турава. Пасля смерці Ізяслава Мсціславіча (1154) С.У. пільнаваў Кіеў, пакуль туды не прыйшоў княжыць Расціслаў Мсціславіч; за гэту паслугу атрымаў ад яго Тураў і Пінск, аднак праз год іх страціў. У 1162 удзельнічаў разам з інш. князямі ў паходзе на Слуцк супраць Уладзіміра Мсціславіча. У 1164 захапіў Чарнігаўскае княства, а свайго сына Алега паслаў у Гомель. У 1176—94 вял.кн. кіеўскі. У 1180 з наўгародскім войскам удзельнічаў у вял. кааліцыйным паходзе на Друцк, спаліў там астрог. З 1143 жанаты з дачкой полацкага кн.Васількі Святаславіча Марыяй.