ГАНІЯТЫ́ТЫ (Goniatitidae),

атрад вымерлых галаваногіх малюскаў надатр. аманітаў. Каля 300 родаў. Жылі з дэвону да пач. трыясу ў морах. Частка іх свабодна плавала, некаторыя — донныя. На Беларусі рэшткі ракавін пашыраны ў фаменскіх (міжсалявых) адкладах дэвону Прыпяцкай упадзіны.

Мелі плоскаспіральную ракавіну з доўгай жылой камерай. Сіфон краявы, брушны, лопасцевая лінія параўнальна простая. Драпежнікі.

Літ.:

Основы палеонтологии: Моллюски-головоногие. М., 1962;

Богоявленская О.В., Федоров М.Ф. Основы палеонтологии. М., 1990.

т. 5, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЛАМІ́ДЫ (Sarda),

род рыб сям. скумбрыевых атр. акунепадобных. 4 віды. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных водах усіх акіянаў; 2 віды, у т. л. П. атлантычная, або звычайная (S. sarda), заходзяць у воды ўмеранай зоны (трапляецца ў Чорным моры). Чародныя пелагічныя рыбы. Робяць сезонныя міграцыі.

Даўж да 100 (звычайна 60—65) см, маса да 7 (звычайна 3—4) кг. Знешне падобныя на тунцоў. Драпежнікі. Аб’ект промыслу.

Пеламіда атлантычная.

т. 12, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРО́ІДНЫЯ (Hydrozoa),

клас беспазваночных тыпу жыгучых. 2 падкласы, каля 2800 відаў. Пераважна марскія жывёлы, існуюць таксама прэснаводныя формы (каля 20 відаў). На Беларусі з гідроідных трапляюцца гідры. Выкапнёвыя існавалі ў ардовіку — дэвоне.

Цела цыліндрычнае, з 2 слаёў клетак. У большасці гідроідных чаргуюцца бясполае пакаленне (сядзячы паліп) і палавое (плаваючая медуза). У некат. гіброідных паліпы пры пачкаванні ўтвараюць вял. калоніі. Палавыя пакаленні (медузы) раздзельнаполыя, свабодна плаваюць у вадзе. Драпежнікі, жывяцца дробнымі жывёламі.

т. 5, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАПУ́ЗІКІ (Histeridae),

сямейства насякомых агр. жукоў. Каля 3500 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках. На Беларусі 20 родаў, 61 від. Жывуць у мярцвячыне, гнаі, пад карой і ў драўніне, у гнёздах птушак і норах звяроў або мурашніках, трапляюцца ў памяшканнях.

Даўж. да 20 мм. Цела цвёрдае, пукатае. Афарбоўка чорная, бурая, часта з метал. бляскам. Ногі капальныя. Драпежнікі, кормяцца лічынкамі насякомых, кляшчамі.

С.​Л.​Максімава.

Карапузікі: 1 — аднаколерны; 2 — чатырохплямісты.

т. 8, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тэліфо́ны

(н.-лац. thelyphones)

атрад арахнідаў, членістаногія жывёлы даўжынёй да 75 мм з падоўжанымі галавагрудзьмі і членістым брушкам, пашыраныя ў тропіках і субтропіках; начныя драпежнікі, якія паядаюць насякомых.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БУКЦЫ́НУМ (Buccinum),

род марскіх бруханогіх малюскаў атр. стэнаглосных. 86 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ў халодных і ўмераных водах. Асобныя віды трапляюцца ў субтрапічных водах каля берагоў Японіі і ў Міжземным м. Вядомы з алігацэну. У Баранцавым м. пашыраны B. undatum.

Выш. авальнай ракавіны да 16 см. Маюць кароткі сіфанальны выраст, накрыўку. Драпежнікі. Раздзельнаполыя. Адкладваюць яйцы. Лічынкі з добра развітым парусам. Важны аб’ект промыслу ў Вялікабрытаніі; мяса спажываецца ў ежу.

Букцынум.

т. 3, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСУМЕ́НТЫ (ад лац. consumo спажываю),

арганізмы, якія кормяцца жывым арган. рэчывам (жывёлы, большасць мікраарганізмаў, часткова насякомаедныя расліны, драпежныя грыбы). Падтрымліваюць сваё існаванне з дапамогай пераўтварэння рэчываў, якія выраблены прадуцэнтамі. У трафічных (харчовых) ланцугах К. з’яўляюцца другім пасля прадуцэнтаў звяном. Паводле тыпу жыўлення ўваходзяць у групу гетэратрофаў. Адрозніваюць К. першасныя (расліннаедныя арганізмы), другасныя (драпежныя, якія кормяцца расліннаеднымі арганізмамі, заафагі), трацічныя (драпежнікі ў адносінах да арганізмаў з папярэдняй групы — заафагі другога парадку) і больш высокіх парадкаў.

т. 7, с. 600

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАПА́НЫ (Rapana),

род марскіх пярэдняшчэлепных малюскаў сям. пурпуровых смаўжоў. 3 віды. Пашыраны ў морах Д.​Усходу. Від Р. тамазіяна (R. thomasiana, або R. venosa) занесена ў Чорнае м., адкуль пашыраецца ўздоўж узбярэжжа Міжземнага мора.

Ракавіна даўж. да 22 см, шырокаавальнай формы, шаравата-карычняватая, са спіральнымі рэбрамі. Сіфон кароткі, вусце шырокае, часта ярка афарбаванае (белае, жоўтае, аранжавае). Драпежнікі. Выдзяленні гіпабранхіяльнай залозы ядавітыя для двухстворкавых малюскаў (вустрыц, мідый), якімі Р. кормяцца. Раздзельнаполыя.

Ракавіна рапаны тамазіяны.

т. 13, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХАЗА́ЎРЫ (Archosauria),

самы вялікі падклас выкапнёвых паўзуноў. 5 атр.: тэкадонты (зыходная група архазаўраў), кракадзілы, дыназаўры яшчара- і птушкатазавыя, птэразаўры (лятучыя яшчары). Знойдзены ў адкладах верхняй пярмі на ўсіх кантынентах. Насялялі сушу, прэсныя і марскія воды, паветра.

Даўж. да 35 м, маса да 50 т. Пярэднія канечнасці карацейшыя і слабейшыя за заднія. Чэрап з дзвюма скроневымі ўпадзінамі. У многіх скурны панцыр. Драпежнікі і раслінаедныя. У сучаснай фауне прадстаўлены толькі кракадзіламі. Ад архазаўраў паходзяць птушкі.

Да арт. Архазаўры: птушкатазавы дыназаўр ігуанадонт.

т. 1, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Oligotricha),

атрад прасцейшых кл. раснічных інфузорый. Нешматлікія прэснаводныя, марскія (тынтыніды) формы і інфузорыі, якія жывуць у страўніку (рубец, сетка) і тоўстых кішках жвачных млекакормячых — сям. афрыяскаляцыды (каля 120 відаў) і цыклапастыіды.

Форма цела складаная, са шкілетнымі і скарачальнымі элементамі. Суцэльнае раснічнае покрыва адсутнічае. Кормяцца бактэрыямі, грыбкамі, зернем крухмалу, часцінкамі раслін; ёсць драпежнікі. Размнажаюцца шляхам кан’югацыі, асобіны адрозніваюцца будовай шкілета, формай панцыра і інш.

Да арт. Малараснічныя інфузорыі. Афрыяскаляцыды: 1 — афрыясколекс; 2 — анапладыніум; 3 — астракадыніум.

т. 10, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)