БІЯСКЕ́Н (ад бія... + грэч. skene першапачатковая палатка),
найменшая гарыз. структурная адзінка мазаічнай экасістэмы, якая характарызуецца аднароднымі абіятычнымі ўмовамі і ўласным, спецыфічным для яе наборам відаў раслін, жывёл і мікраарганізмаў (напр., пясчаныя дзюны, дробныя вадаёмы, паверхня ліста або каменя і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКАШО́Н (Arcachon),
кліматычны курорт на беразе Біскайскага заліва ў Францыі. На ПдЗ ад г. Бардо. Узнік у 19 ст. Мяккі марскі клімат без рэзкіх ваганняў т-ры, пляж даўж. каля 6 км, дзюны, хвойнікі. Шматлікія санаторыі і гасцініцы. Буйнейшы ў Еўропе цэнтр па здабычы вустрыц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РНХАЛЬМ (Bornholm),
востраў на ПдЗ Балтыйскага м., тэр. Даніі. Пл. 588 км². Нас. 47,2 тыс.чал. (1994). Складзены ў паўн.ч. з гранітаў, у паўднёвай — з пясчанікаў, сланцаў, вапнякоў. Паверхня — узвышаная раўніна выш. да 162 м. Дзюны. Хваёвыя і шыракалістыя лясы, лугі. Рыбалоўства, рыбаперапрацоўка. Жывёлагадоўля. Вытв-сць керамікі. Турызм. Адм. ц. і гал. порт — Роне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАДА́ ў геамарфалогіі, агульная назва невысокіх, выцягнутых узвышшаў рознага памеру і паходжання. У ледавіковых абласцях (Бел. Паазер’е) утварыліся марэнныя грады (марэны) з нагрувашчванняў ледавіковых адкладаў і озавыя (озы). У абласцях пашырэння пясчаных адкладаў (Бел. Палессе, Каракумы, узбярэжжа Балтыйскага м.) узніклі пясчаныя грады ветравога паходжання (дзюны, барханы). У выніку размыву нахіленых у адзін бок пластоў горных парод рознай цвёрдасці ўтварыліся куэставыя грады (куэсты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РШСКАЯ КАСА́, Куршы-Нерыя,
пясчаны паўвостраў на паўд.-ўсх. узбярэжжы Балтыйскага м., у Літве (паўн.-ўсх.ч.) і Калінінградскай вобл. Расіі (паўд.-зах.ч.). Даўж. 98 км. Шыр. 0,4—3,8 км. Характэрны дзюны (выш. да 70 м), б.ч. парослыя лесам (з хвоі, чорнай вольхі, з дамешкамі дуба, ліпы, вяза і інш.). Прыродны нац. парк. На К.к. — г. Нерынга (Літва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПІНО́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК (Kampinoski Park Narodowy),
у Польшчы, на левым беразе р. Вісла, паблізу Варшавы. Засн. ў 1959. Пл. каля 22,4 тыс.га, у т. л. 1,9 тыс.га — запаведнікі. У стараж. даліне Віслы — дзюны, укрытыя хваёвымі лясамі (рэшткі Кампіноскай пушчы), і балоты. Трапляюцца ласі, казулі, дзікі, гняздуюцца буслы, жураўлі, чаплі і інш. На тэр. парку 10 запаведнікаў; музей, стараж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОРФАСКУЛЬПТУ́РА (ад морфа... + скульптура),
адносна невял. формы рэльефу (яры, лагчыны, марэнныя грады, дзюны, карставыя паглыбленні і інш.), утвораныя пераважна экзагеннымі працэсамі; звычайна з’яўляюцца дэталямі морфаструктуры. Паводле працэсаў акумуляцыі і дэнудацыі адрозніваюць М., абумоўленую дзейнасцю водных патокаў, ледавікоў, ветру і інш. Падзяляецца на сучасную (адлюстроўвае існуючыя морфакліматычныя ўмовы) і рэліктавую, у якой захоўваецца палеазанальнасць. Пры стабільнасці фізіка-геагр. умоў, цыклічнасці іх характару развіваецца спадчынная М. На Беларусі пераважае рэліктавая ледавіковая М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Вы́дма ’дзюна, пясчаны ўзгорак’ (БРС), вы́дзьма ’тс’ (Яшк., капыл.); ’частка засеянага поля, занесеная пяском, пясчанае поле’ (Выг. дыс., малар.). Укр.вы́дма ’пясчанае месца, з якога ў ветраную пагоду заносіць пяском суседнія палі’, польск.wydma ’дзюна, асабліва на марскім беразе; месца, занесенае пяском’, каш.vidma ’гарыстае і неўрадлівае поле’. Да дзьмуць, выдзьмуць (гл. Брукнер, 86). Форма выдма (параўн. рэгулярнае выдзьма ад выдзьмуць) можа быць і запазычаннем з польск.wydma. Параўн. яшчэ польск.dmy ’дзюны’ ад таго ж кораня.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БАРХА́НЫ (цюрк.),
мацерыковыя дзюны, паўмесяцавыя або серпападобныя ўзгоркі з сыпкага, навеянага ветрам пяску. Характэрныя для пясчаных пустыняў. Наветраны схіл барханаў выпуклы ў плане, доўгі, пакаты (5—14°), падветраны — увагнуты, кароткі, стромкі (30—33°), пераходзіць у выцягнутыя «рогі». Выш. да 10—20 м, зрэдку 40 м. Звіваючыся, утвараюць барханныя ланцугі. Пад уздзеяннем ветру перамяшчаюцца да сотняў метраў за год.
Барханы наступаюць на аазіс у Сахары.Да арт. Барханы. Пясчаны бархан у пустыні Каракумы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́НДРЫ (ісланд. адз. л. sandr ад sand пясок),
раўнінныя паверхні паблізу ўскраін стараж. і сучасных ледавікоў, складзеныя перамытым і пераадкладзеным матэрыялам марэны (пераважна пяском). Шырока развіты ў абласцях плейстацэнавага зледзянення. Утвараюцца пры зліцці краявых частак плоскіх конусаў вынасу падледавіковых патокаў. Незамацаваныя расліннасцю зандравыя пяскі нярэдка перавеяны ў дзюны. На тэр. Беларусі займаюць вял. плошчы на Палессі, у вярхоўях рэк Бярэзіна, Вілія і інш. У далінах горных ледавіковых рэк часта ўтвараюцца зандравыя тэрасы.