Пардва ’белая курапатка’ (Дэмб. 1, 457; Інстр. II), парба ’тс’ (Інстр. II). Рус. пирдва ’балотны бакас, Scolopax gallinago’, польск. pardwa ’белая курапатка’, ст.-чэш. pardva ’птушка Totanus’. Пэўнай этымалогіі няма. Брукнер (396) дэфінуе яго запазычанне з рус. Фасмер (3, 205), наадварот, лічыць магчымым (з-за наяўнасці ‑ар‑) яго польскае паходжанне і рэканструюе як pbrdy, pbrdwe, якое аналагічна грэч. семантычнай мадэлі πέρδιξ ’курапатка’: πέρδομαι (гл. пярдзець) і ўзыходзіць да гукапераймання (ад шума крылаў пры ўзлёце). Пардва існуе ўжо у ст.-бел.; паводле Булыкі (Даўн. запазыч., 236), гэта запазычанне з польск.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ве́рша ’прылада лавіць рыбу’ (БРС, Гарэц., Сцяшк. МГ); ’венцер’ (Мат. Гом.); ’рыбалоўная прылада з дубцоў або дроту (ніцей) з конусападобным уваходам’ (КТС, Крыв., Шатал.). Укр. ве́рша ’сплеценая з лазы рыбалоўная прылада, якая мае форму лейкі’, рус. ве́рша, арханг. верш, польск. wiersza, даўн. wirsza, в.-луж., н.-луж. wjerša, чэш. vrše ’тс’, славац. vrša, vrška ’прылада для лоўлі рыб, птушак’, славен. vrša, серб.-харв. вр̑ш, вр̑ша, вр̑шка, вр̑шва, балг. връша, макед. врша ’рыбалоўная прылада, верша’. Прасл. vьrža < vьrz‑ja ад vьrzti ’вязаць’ < *u̯erg̑ʼh‑si̯a (Покарны, 1154; Траўтман, 355; Махэк₂, 701), а не ад vьrša < vьrx‑ja, як сцвярджаюць Фасмер, 1, 302; Шанскі, 1, В, 70; КЭСРЯ, 57; Рудніцкі, 367, і не звязана са ст.-слав. врѣщи ’малаціць’ (Праабражэнскі, 1, 78).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ветраго́н 1 ’прыстасаванне для ўтварэння моцнага патоку паветра’ (КТС, БРС), вітрагон ’прыстасаванне ў веялцы’ (Яўс.), укр. вітрого́н ’вентылятар’, рус. ветрогон: варон. ’флюгер’, урал. ’ручны вентылятар у шахце’. Усходнеславянскае ўтварэнне ад вецер і гнаць (гл.). У прыметніка ветрагонны (мед.) першая частка ветра- (< вецер) ужыта ў пераносным значэнні ’газы’. Серб.-харв. ветро̀гон і вјетро̀гон ’падвей асаковы, Eriophorum, Cyperaceae’, балг. ветрогон ’сінегаловік’ утварыліся, відавочна, самастойна і не звязаны з бел. ветрагон 1.

Ветраго́н 2 ’легкадумны, пусты чалавек’ (КТС, БРС, Яўс., Растарг.), укр. вітрогон, рус. ветрогон, польск. даўн. wiatrogon ’вясёлы, дасціпны, легкадумны чалавек’, серб.-харв. ветро̀гоња ’пустаслоў, легкадум’, макед. ветрогон, балг. ветрогон ’тс’. Да вецер і гнаць (гл.). Узнікла ў выніку пераносу значэння па функцыі лексемы ветрагон 1. Сюды ж ветрагонка ’легкадумная жанчына’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́жань, ле́жэнь, ле́жынь, лэ́жэнь ’сусветны гультай, абібок; нярупны, які любіць паспаць’ (КЭС, лаг., Арх. Гом., Мат. Гом., Бяльк., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.; паўд.-усх., КЭС), ’галец, Nemachilus barbalulus L.’ (басейн р. Сож, Жук.), ’ляжачае гнілое дрэва’ (жытк., лоеў., ЛАПП), ’ляжачы вулей-калода’ (слаўг., Нар. сл.; паст., в.-дзв., Сл. паўн.-зах.; паст., З нар. сл.), ’птушка ляляк, Caprimulgus europeus’ (Маш., Анік., Дэмб. 1, Фед.–Долб., Птицы 1; паўн.-зах., КЭС; маг., Працы, 6; Нар. сл.; лоеў., калінк., Мат. Гом.), ’птушка’ — …ні гнязда не ўе, нічога, а лежыць і лежыць (Ян.). Укр. ле́жень ’гультай’, ’падруба’, ’ляжачы вулей’, рус. лежень, ст.-рус. ’ляжачы хворы’, ’гультай’, ’ляжачая бэлька’, польск. даўн. leżeń ’гультай’, ’вартаўнік галеры’. Прасл. lež‑ьnjь ’чалавек, які любіць ляжаць’, ’ляжачы прадмет’ (Слаўскі, 4, 198) < і.-е. leg‑e‑nis (Аткупшчыкоў, Из истории, 246).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́па 1 ’вярхоўны галава рымска-каталіцкай царквы і дзяржавы Ватыкан’ (ТСБМ). Рус., укр. па́па, ст.-рус. папа. З лац. pāpa ’тс’ < pāpa ’бацька’ (Міклашыч, 231; Праабражэнскі, 2, 13; Фасмер, 3, 200). Ст.-бел. папа з XV ст. (Булыка, Даўн. запазыч., 235).

Па́па 2 дзіцяч. ’хлеб’ (Нас., Касп., Шат., Гарэц., Янк., Янк. 2, Янк. БП, Сцяшк. МГ, Бяс., Клім.), па́пка. Рус., укр. па́па, чэш. pápa, papa, славац. papa ’дзіцячая ежа’. Паводле Махэка₂ (432), з падвоенага дзіцячага па‑па. Слова шырока распаўсюджана ў іншых мовах: параўн. лац. pappa ’каша’, нов.-в.-ням. Pappe ’дзіцячая каша’, сяр.-в.-ням., гал., англ. pap ’каша’ (гл. Фасмер, 3, 200; там жа і інш. літ-ра).

Па́па 3 ’бацька’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом.; Яшкін, Назвы). З рус. па́па ’тс’, якое, верагодна, з франц. papa. Слова дзіцячай мовы, якое набліжаюць да папа 2 (гл. Фасмер, 3, 200).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЕ́НА (Wien),

горад, сталіца Аўстрыі. Адм. ц. зямлі Ніжняя Аўстрыя; самастойная адм. адзінка. Размешчана на р. Дунай, каля падножжа адгор’я Усх. Альпаў — горнага масіву Венскага Лесу. 1540 тыс. ж. (1991). Адзін з найб. трансп. вузлоў Еўропы. Рачны порт на Дунаі. Міжнар. аэрапорт Швехат. Гал. прамысл., гандл., фін., навук. і культ. цэнтр краіны. У Вене — больш за ⅓ прамысл. вытв-сці Аўстрыі. Вядучыя галіны: машынабудаванне (эл.-тэхн. і трансп., вытв-сць прамысл. абсталявання і с.-г. машын), радыёэлектроніка, дакладная механіка і оптыка, прылада- і станкабудаванне, хім., швейная, паліграф., харчасмакавая прам-сць. Развіта таксама нафтахімія, якая з’яўляецца базай для вытв-сці фотахім., фармацэўтычных і інш. тонкахім. вырабаў. Вытв-сць на экспарт моднага адзення, трыкатажу, капелюшоў, мадэльнага абутку, элегантнай мэблі, муз. інструментаў, цацак і інш. Метрапалітэн. Міжнар. цэнтр ААН (ЮНІДА, МАГАТЭ і інш.). Цэнтр міжнар. турызму.

У 1 ст. н.э. на месцы Вены размяшчаўся лагер рым. легіянераў Віндабон. У 11—12 ст. узнік горад (назва Вена ўпершыню згадваецца ў 881). З 12 ст. рэзідэнцыя аўстр. герцагаў Бабенбергаў. У 1221 атрымала гар. самакіраванне. З 1282 рэзідэнцыя Габсбургаў. У 1365 засн. Венскі універсітэт. З 1469 рэзідэнцыя біскупаў (з 1722 архібіскупаў). У 1529 і 1683 горад вытрымаў аблогі туркаў. Месца заключэння міжнар. дагавораў і трактатаў (1515, 1738, 1809, 1864, 1866). З 2-й пал. 18 ст. адзін з гал. еўрап. цэнтраў культуры і мастацтва. У 1-й пал. 19 ст. значнае развіццё атрымала прам-сць (асабліва выраб фарфору). У 1805—06 і 1809 захоплена войскамі Напалеона I. Месца правядзення Венскага кангрэса 1814—15. У рэвалюцыю 1848—49 у Аўстрыі Вена — цэнтр рэв. барацьбы. У 1867—1918 сталіца Аўстра-Венгрыі, з 1918 — Аўстр. рэспублікі. У 1938 у Вену

ўведзены ням. войскі (гл. Аншлюс). Вызвалена ў ходзе Венскай аперацыі 1945, падзелена на сав., амер., англ. і франц. акупац. сектары. У Вене падпісаны дзярж. дагавор 1955 паміж Аўстрыяй і СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй аб суверэннасці Аўстрыі; месца заключэння міжнар. канвенцый (Венскія канвенцыі 1961, 1963, 1969). У Вене размешчаны Аддзяленне і спецыялізаваныя ўстановы ААН.

Адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Еўропы. Большая ч. горада размешчана на правым беразе Дуная, паміж ім і адгор’ямі Усх. Альпаў (Венскі Лес). Гіст. ядро Вены — Стары, або Унутраны, горад, абкружаны 2 паўкольцамі бульвараў (Рынгштрасэ, 1856—88, на месцы гар. сцен 13—16 ст., і Гюртэль, 1894), захаваў сярэдневяковую радыяльна-кальцавую планіроўку, вузкія крывыя вулачкі. Гатычныя сабор св. Стэфана (1304—1454) з паўд. вежай (выш. 136 м) і царква Санкт-Марыя-ам-Гештадэ (1330—1414); б. рэзідэнцыя Габсбургаў — Гофбург («Швейцарскія вароты», 1552; «Стары Гофбург», цяпер Нац. б-ка, 1723—25, арх. І.​Б.​Фішэр фон Эрлах; «Новы Гофбург», 1881—1913, арх. Г.​Земпер, К.​Газенаўэр); барочныя палацы, нярэдка з тэраснымі паркамі, — Яўгена Савойскага (1695—1724, арх. Фішэр фон Эрлах, І.​Л.​Гільдэбрант), Даўн-Кінскі (1713—16), Ніжні (1714—16) і Верхні (1721—22) Бельведэр (арх. Гільдэбрант), барочная царква св. Карла Барамея (1716—39, арх. Фішэр фон Эрлах) і інш. За Гюртэлем палац і парк Шонбрун (1695—1749, арх. Фішэр фон Эрлах, Н.​Пакасі). Парадная забудова Рынгштрасэ ў духу эклектызму і гіст. стыляў — Опера (1861—69), парламент (1873—83, неакласіцызм), ратуша (1872—83, неаготыка); «Бургтэатр» (1874—88, арх. Земпер, Газенаўэр), «Венскі Сецэсіён» (1897—98, арх. І.​Ольбрых) і бальніца Штайнгоф (1904—07, арх. О.​Вагнер) — у духу «югендстылю», дом на Міхаэлерплац (1910, арх. А.​Лоз), Зах. Вакзал (1950—54), вышынны будынак Рынгтурм (1953—55), універсальная зала Штатгале (1955—58), пабудовы Садовай выстаўкі 1964 і інш.

У Вене універсітэт, АН, Вышэйшая тэхн. школа, Ін-т сусв. гандлю, Акадэмія выяўл. мастацтваў і інш. Нац. б-ка. Музеі: прыродазнаўча-гіст., мастацка-гіст., графічны збор Альберціна, Аўстрыйская галерэя, збор Акадэміі выяўл. мастацтваў, Этнагр. музей, Гіст. музей г. Вена, Музей 20 ст., дамы-музеі Л.​Бетховена, І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, Ф.​Шуберта, І.​Штрауса. Тэатры: Венская дзяржаўная опера, «Фольксопер», «Бургтэатр» і інш.

Вена. Ратуша.
Да арт. Вена. Царква св. Карла Барамея. Арх. І.​Б.​Фішэр фон Эрлах. 1716—39.
Да арт. Вена. Помнік прынцу Яўгену Савойскаму перад будынкам «Новага Гофбурга».

т. 4, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ла́яць, ла́іць ’гаўкаць’, ’сварыцца, зневажаць, крычаць на каго-небудзь абразлівымі словамі’, ’ганьбіць, бэсціць’, ’дакараць, рабіць вымову’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Гарэц., Бяльк., Касп., Шат.; горац.-маг., паўн.-усх., КЭС, Сл. паўн.-зах.), лаяцца, лайіцца ’адзін аднаго зневажаць брыдкімі словамі’ (КЭС, лаг.), ’сварыцца’ (Нас., Бяльк., Касп., Шат., Сл. паўн.-зах.), ’скардзіцца, наракаць’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. лаяти ’сварыцца, ганіць’, але ла́я, лая́ ’гайня сабак’, рус. лаять ’брахаць, гаўкаць’, ’выць (пра ваўка)’, ’квакаць’ (аб жабе), ст.-рус. лаяти ’гаўкаць’, ’сварыцца’, ’злавацца, юшыцца’. Польск. łajać ’сварыцца, праклінаць’, паўн.-каш. łajać ’гаўкаць’, славін. łai̯ac ’сварыцца’, ’гаўкаць’, ’балбатаць’, чэш. láti ’сварыцца’, (а значэнне ’гаўкаць’ запазычана паэтамі з рус. мовы), н.-луж. łajaś ’гаўкаць’, ’сварыцца’, славен. lájati, серб.-харв. ла̏јати, макед. лаам, балг. лая ’гаўкаць’, ’сварыцца, ганіць’, ’пляткаваць’, ст.-слав. лаꙗти ’гаўкаць’, ’ганіць, знеслаўляць’. Прасл. lajati генетычна суадносіцца з літ. lóti ’гаўкаць’, лат. lāt ’тс’, ст.-інд. rā́yti ’гаўкае’, асец. ræin, ст.-грэч. λαίειν, лац. latrāre ’гаўкаць’, алб. leh ’гаўкаю’, ірл. líim ’абвінавачваю’, арм. lam ’плачу’, гоц. laílōun ’яны ганьбяць’ (Фасмер, 2, 468–469; Слаўскі, 4, 432–433 з літаратурай; Шустэр–Шэўц, 10, 759–760). Махэк₂ (321) адрознівае два дзеясловы láti: ’сварыць’, якое ён суадносіць з лат. rāt ’ганіць’, і ’гаўкаць’, якое з прасл. lajati. Скок (261–262) і Жарскі (RKJWroc., 9, 185) прасл. lajati выводзяць з і.-е. la — анаматапеічнага гуку для выражэння паняцця ’гаўканне сабакі’. Сюды ж лаянка ’сварка’ (Гарэц., Касп., Бяльк., Шат., ТСБМ) — бел.-укр. ізалекса < ла́ены ’ганебны’ (Нас.). Польск. даўн. łajanka ’лаянка’ з бел. мовы (гл. Слаўскі, 4, 434).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)