АЛІГАФРЭНАПСІХАЛО́ГІЯ (ад аліга... + грэч. phrēn розум + псіхалогія),

раздзел спец. псіхалогіі, які вывучае псіхічнае развіццё і магчымасць яго карэкцыі ў дзяцей з інтэлектуальнымі недахопамі, распрацоўвае метады і прыёмы выхавання і навучання такіх дзяцей. Даныя алігафрэнапсіхалогіі выкарыстоўваюць у алігафрэнапедагогіцы. На Беларусі пытанні алігафрэнапсіхалогіі распрацоўваюць у Бел. пед. ун-це, Ін-це павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі. Даследаваны асаблівасці мыслення (Т.​А.​Працко), моўнай дзейнасці (К.​Г.​Ярмілава, Л.​Г.​Алексіна) разумова адсталых дзяцей, выяўленчай дзейнасці вучняў дапаможных школ (З.​А.​Апацкая), псіхал. структура затрымкі псіхічнага развіцця ў дзяцей дашкольнага ўзросту (А.​С.​Сляповіч).

т. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т імя М.​Танка.

Засн. ў 1922 як пед. ф-т БДУ, з 1931 Бел. дзярж. вышэйшы пед. ін-т, з 1935 Мінскі пед. ін-т, з 1993 ун-т, з 1995 імя М.​Танка. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: матэматычны, рус. філалогіі, дашкольнага выхавання, педагогікі і методыкі пач. навучання, муз.-пед., дэфекталогіі, сацыяльнай педагогікі і практычнай псіхалогіі, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае. Аспірантура з 1934, дактарантура з 1992. З 1993 рыхтуе бакалаўраў і магістраў. Выдае час. «Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта», газ. «Настаўнік».

Будынак Беларускага педагагічнага універсітэта.

т. 2, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУАЕРЫ́ЗМ, візіянізм, скапафілія,

форма палавой разрадкі, якая заключаецца ў схільнасці да разглядання палавых органаў або палавога акта інш. асоб; від палавой ненармальнасці. Неадольнае жаданне ўбачыць забароненае падштурхоўвае візіяніста на падглядванне ў туалетах, інтэрнатах, бальніцах і інш. Назіраецца таксама ў чвэрці дзяцей дашкольнага ўзросту, ва ўзросце 7—11 гадоў выяўляецца ў кожнага трэцяга хлопчыка і прыкладна ў 6% дзяўчынак. Замацоўванню дзіцячага вуаерызму спрыяюць цяжкасці ў адносінах з равеснікамі, асабліва процілеглага полу, стойкая фіксацыя ў нясталай псіхіцы дзіцяці ўбачанай ім сцэны інтымнай блізкасці і г.д. Да разнавіднасцей вуаерызму можна аднесці захапленне стрыптызам, вар’етэ, эратычнымі шоу, фотаздымкамі і інш.

т. 4, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАЗЫ́РЫНА (Ларыса Дзмітрыеўна) (н. 1.2.1942, г. Брэст),

бел. педагог. Д-р пед. н. (1993), праф. (1995). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1963). Працавала настаўніцай у школе г. Мінска. З 1969 у Мінскім пед. ін-це, з 1976 у Бел. ін-це фіз. культуры, з 1992 заг. кафедры тэорыі і методыкі фіз. выхавання і спорту. З 1996 гал. спецыяліст аддзела гуманіт. навук дзярж. Вышэйшага атэстацыйнага камітэта Рэспублікі Беларусь. Даследуе тэорыю і методыку фіз. выхавання дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. Аўтар прац «На шляху да фізічнага ўдасканалення» (1987) і інш.

Тв.:

Очарование: Путешествие малышей со взрослыми по природе. Мн., 1996.

т. 5, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́РДАЛЬ ((Myrdal) Альва) (31.1.1902, г. Упсала, Швецыя — 1.2.1986),

шведскі грамадскі дзеяч, сацыёлаг. Скончыла Стакгольмскі ун-т (1924). З 1932 член С.-д. партыі. У 1936—48 дырэктар засн. ёю сац.-пед. семінара (Пед. ін-та дашкольнага навучання) у Стакгольме. З 1956 пасол у Індыі, Бірме і на Цэйлоне. У 1962—72 кіраўнік швед. дэлегацыі на Жэнеўскай канферэнцыі па раззбраенні. У 1966—72 міністр па пытаннях раззбраення. Аўтар прац «Крызіс у праблеме насельніцтва» (1934; у сааўт. з мужам Г.Мюрдалем), «Гульня ў раззбраенне: як Злучаныя Штаты і Расія раздуваюць гонку ўзбраенняў» (1977) і інш. Нобелеўская прэмія міру 1982 (разам з А.Гарсія Роблесам).

А.Мюрдаль.

т. 11, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сад, -а і -у, М -дзе, мн. сады́, -о́ў, м.

1. -у. Участак зямлі, засаджаны дрэвамі, кустамі, кветкамі.

Пасадзіць с.

2. -а. Тое, што і дзіцячы сад.

Забраць з сада дзяцей.

Батанічны сад — сад, у якім з навуковай мэтай вырошчваюць розныя расліны.

Дзіцячы сад — выхаваўчая ўстанова для дзяцей дашкольнага ўзросту.

Зімні сад — спецыяльнае цёплае, зашклёнае памяшканне для вырошчвання кветак, раслін; аранжарэя.

|| памянш. садо́к, -дка́, мн. -дкі́, -дко́ў, м. і са́дзік, -а, мн. -і, -аў, м.

|| прым. садо́вы, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

БІБЛІЯТЭ́КА ДЗІЦЯ́ЧАЯ,

бібліятэка, якая абслугоўвае дзяцей дашкольнага і школьнага (1—9-ы кл.) узросту, настаўнікаў, работнікаў дашкольных устаноў, бацькоў. Сетка самастойных бібліятэк дзіцячых у СССР, у т. л. на Беларусі, пачала стварацца з 1934. На 1.1.1995 на Беларусі 279 бібліятэк дзіцячых, сукупны іх фонд 7867 тыс. адз. З’яўляюцца структурнымі падраздзяленнямі цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм (ЦБС), за выключэннем Мінска, дзе дзейнічае адзіная на Беларусі самаст. цэнтралізаваная сістэма дзіцячых б-к (аб’ядноўвае 14 філіялаў). Фонды бібліятэк дзіцячых складаюць зборы кніг і інш. носьбіты інфармацыі універсальнага зместу, арыентаваныя на выкананне школьных заданняў і самаадук. чытанне. Абслугоўванне дзяцей дыферэнцыраванае ў залежнасці ад узросту. Пры бібліятэках дзіцячых ствараюцца пакоі казак, лялечныя тэатры, гульнятэкі і інш.

Н.​М.​Касілава.

т. 3, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖУРНА́Л ОТДЕ́ЛА НАРО́ДНОГО ОБРАЗОВА́НИЯ ЗА́ПАДНОЙ О́БЛАСТИ»,

навукова-педагагічны часопіс. Орган аддзела нар. асветы Зах. вобласці. Выдаваўся ў 1918 у Смаленску на рус. мове 1 раз у тыдзень. Друкаваў урадавыя распараджэнні, загады Нар. камісарыята асветы РСФСР і аддзела нар. асветы Зах. вобласці. Змяшчаў планы, справаздачы і агляды дзейнасці аддзела і яго падраздзяленняў: тэзісы пра дашкольнае выхаванне, прынятыя на Віцебскім губ. з’ездзе настаўнікаў (7.4.1918), справаздачу пра дзейнасць школьнага і план работы дашкольнага пададдзелаў; агляд дзейнасці ўстаноў і грамадскіх арг-цый Зах. вобласці па ахове помнікаў старажытнасці, іх даследаванні. Сярод публікацый артыкулы пра дашкольнае выхаванне і пазашкольную работу, пра рэформу пач. і сярэдняй школ. Знаёміў з новай л-рай па нар. асвеце. Выйшла 10 нумароў.

У.​У.​Грамовіч.

т. 6, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАЧЭ́НКА (Галіна Гаўрылаўна) (20.1.1924, в. Бярозаўка Кармянскага р-на Гомельскай вобл. — 12.2.1993),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Канд. пед. н. (1954), праф. (1983). Скончыла Астраханскі (1945) і Ленінградскі (1948) пед. ін-ты. З 1948 у Мін-ве асветы БССР. У 1953—93 у Бел. пед. ун-це (з 1966 заг. кафедры). Навук. працы па псіхолага-пед. асновах дашкольнага выхавання і праблемах адукацыі дашкольнікаў.

Тв.:

Задачи и упражнения по дошкольной педагогике. 2 изд. М., 1970 (разам з Т.​М.​Курыленка);

Развитие детей 6—7 лет и подготовка их к школе. 2 изд. Мн., 1982;

Педагогические ситуации в дошкольной педагогике. Мн., 1984;

Aufgaben und Übungen zur Vorschulpadagogik. 5 Aufl. Berlin, 1986 (разам з Т.​М.​Курыленка);

Ситуативные задачи в педагогике. Мн., 1990.

т. 12, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ра́нішнік, ‑а, м.

1. Ранішні збор, спектакль для дзяцей-дашкольнікаў і малодшых школьнікаў. Навагодні ранішнік. □ Назаўтра на ранішнік сабраліся малодшыя класы і ўсе вясковыя дзеці дашкольнага ўзросту. Васілевіч. Распускаючы вучняў дахаты, настаўнікі аб’явілі пра ранішнік, які меўся адбыцца на другі дзень Новага года. Навуменка.

2. Ранішні мароз, які бывае да ўсходу сонца ўвосень і вясной. Увосень ранішнік з’явіўся, У госці завітаў суровы лістапад, І малады дубок ад лісця агаліўся. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)