у антычнай літаратуры 2-радковая страфа верша, у якой 1-ы радок — гекзаметр, 2-і — пентаметр. Звычайна выражаў закончаную думку. Ужываўся ў элегіях, эпіграмах, эпітафіях, афарыстычных выказваннях. Шырока выкарыстоўваўся ў лацінамоўнай паэзіі Беларусі («Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага). У еўрап. паэзію перайшоў у змененым выглядзе (згодна з законамі сілаба-тонікі на месцы ранейшых доўгіх складоў у гекзаметры і пентаметры сталі націскныя, на месцы кароткіх — ненаціскныя). Да Э.д. звярталіся І.Гётэ, Ф.Шылер, А.Пушкін, А.Фет, І.Франко і інш. У бел. паэзію яго ўвёў М.Багдановіч:
З нізкага берага дно акіяна
вачам не даступна, —
Глуха ўкрыла яго
сіняя цемень вады.
Але ўзбярыся ўгару на вяршыну
прыбрэжнай страмніны, —
Кожны каменьчык на дне, пэўна,
пабачыш ты стуль.
(«Пентаметры»)
У сучаснай бел. паэзіі Э.д. амаль не сустракаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТЭ́ВІЧ Анатоль Іванавіч (літ.псеўд.Валошка Максім; н. 15.6.1948, в. Баяры Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),
бел.дзярж. дзеяч, дзіцячы пісьменнік, перакладчык, публіцыст, крытык. Скончыў БДУ (1971). Працаваў нам. рэдактара газ. «Чырвоная змена» (1975—80), інструктарам сектара маст. л-ры аддзела культуры, заг. сектара маст. л-ры, нам.заг.ідэалаг. аддзела ЦККПБ (1980—86, 1987—90), дырэктарам выд-ва «Мастацкая літаратура» (1986—87). У 1990—92 старшыня Дзярж.к-та Беларусі па друку, міністр інфармацыі (1992—94), у 1994—96 міністр культуры і друку. З 1996 генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Гданьску. Друкуецца з 1969. У апавяданнях і казках для дзяцей — веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне займальна і даступна гаварыць з чытачом, адчуванне нар. слова. Перакладае з польск. (С.Лем «Прыгоды Піркса», 1992; «Салярыс», 1994), рус. і ўкр. моў, з бел. на рус. мову (В.Гігевіч «Марсіянскае падарожжа», 1992). У перакладзе Бутэвіча ішлі п’есы на сцэне Бел.т-ра юнага гледача, Віцебскага лялечнага тэатра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УВЯДЗЕ́НСКІ (псеўд.Басаргін) Аляксей Іванавіч
(26.5.1861, г. Серпухаў, Расія — 8.3.1913),
расійскі філосаф. Д-р багаслоўя (1902). Скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію (1886), з 1887 працаваў у ёй (з 1892 узначальваў кафедру). У працы «Пра задачы сучаснай філасофіі ў сувязі з пытаннем пра магчымасці і кірункі філасофіі самабытна-рускай (pia desideria)» (1893) разглядаў праблемы спецыфікі рус. філасофіі і магчымых шляхоў яе развіцця. Сцвярджаў, што гал. месца ў рус.філас. светасузіранні належыць пытанню пра сэнс і каштоўнасць жыцця, якое, на яго думку, складае перадумову аналізу ўсіх інш.філас. пытанняў. Лічыў, што рус. філасофія звяртаецца да розных праблем, але і ў яе аснове ляжыць рэліг.-царк. пачатак ці «саборнасць свядомасці». У вырашэнні праблемы суадносін матэрыяльнага і ідэальнага светаў зыходзіў з прынцыпу дуалізму матэрыі і духу; выступаў супраць матэрыяліст. і ідэаліст. манізму, абмежаванасць якіх, на яго думку, пераадольваецца трансцэндэнтальным манізмам, што аб’ядноўвае матэрыяльны і духоўны пачаткі. Лічыў, што спасціжэнне ісціны даступна не індывід., а калект. розуму; ступень разумення ісціны ў грамадстве звязваў са стварэннем умоў для зладжанай калект. працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКО́ВІЧ Васіль Аляксеевіч (н. 7.11.1940, в. Забалацце Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Брэсцкі пед.ін-т (1964). Працаваў у брэсцкай раённай газ. «Заря над Бугом». на Брэсцкай студыі тэлебачання, у газ. «Знамя юности», выд-вах «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Распрацоўвае жанры лірычнага, публіцыст. і жартоўна-гумарыст. верша, байкі. прытчы, эпіграмы і інш. (зб. «Паклон», 1974, «Мелодыя святла», 1976, «Суседства», 1982, «Цана цішыні», 1985, «Твая місія», 1988, «Разняволенне», 1990). Асн. тэмы творчасці — маральна-этычныя праблемы, вясковае дзяцінства і юнацтва, краса роднай прыроды, балючы клопат пра нац. карані беларуса, стан роднай мовы, культуры. У творах для дзяцей — добрае веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне даступна гаварыць з малым чытачом (зб. загадак «Казачны сад», «Крылатыя сябры», «Нашы памочнікі», усе 1976; зб. вершаў, казак, загадак «Тараскаў самакат», 1988, «Гуканне вясны», 1992, «Цудоўная краіна», 1997, «Ад казкі — да спектакля», 1998). Аўтар лібрэта оперы-казкі «Пра тое, што было» (1991, муз. Э.Казачкова). На тэксты Ж. напісаны многія песні. У прозе паказвае героя ў незвычайных абставінах (аповесць для дзяцей «Як адна вясна...», 1980), апавяданні «Дарчыны галубы», «Трывожны верасень», «Кволы». На бел. мову пераклаў зб. апавяданняў П.Цвіркі «Салавейка» (1974), кн. А.Наваі «Лірыка» (1993), паасобныя вершы Махтумкулі, А.Міцкевіча, А.Фета, С.Ясеніна. Т.Шаўчэнкі, Л.Украінкі, І.Франко, П.Грабоўскага, У.Сасюры, Л.Кастэнкі, І.Няходы, Т.Каламіец, П.Маха, Э.Межэлайціса, П.Мацева і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІДЭІ́ЗМ (франц. fidéisme ад лац. fides вера),
рэлігійнае вучэнне, якое абвяшчае прыярытэт веры над розумам, рэліг. пазнання над навук. ведамі. Фідэісты лічаць, што толькі рэліг. вера дае сапраўднае тлумачэнне прынцыпам светабудовы і надае чалавечаму жыццю сэнс і мэту, бо навук. пазнанне абмяжоўваецца аналізам пачуццёва ўспрымальных фактаў і не разглядае звышнатуральныя з’явы.
Найб. яркі прадстаўнік Ф. — Аўгусцін, які прытрымліваўся прынцыпу «без веры няма ведаў, няма ісціны». Паводле аўгусцініянства, ісціна цалкам змешчана ў адкрыцці, што выкладзена ў Бібліі, і не патрабуе навук. доказаў. Фама Аквінскі абвясціў прынцып гармоніі веры і розуму, рэлігіі і навук. ведаў, выступаў за іх узаемнае дапаўненне і лічыў, што навук. пазнанне толькі садзейнічае рацыянальнаму абгрунтаванню рэліг. догматаў. Супраць спроб рацыянальнага абгрунтавання веры выступаў М.Лютэр, які імкнуўся вызваліць хрысціянства ад схаластычнага рацыяналізму. Вытокі правасл. Ф. — у вучэннях візант. багасловаў Грыгорыя Паламы, Грыгорыя Сінаіта і інш., якія гал. сродкамі пазнання божай ісціны прызнавалі малітоўнае сузіранне, містычнае азарэнне, аскетычны подзвіг. У.С.Салаўёў лічыў, што правасл. тэалогія павінна развівацца ў выглядзе «цэльных ведаў», якія спалучаюць сузіральна-рэліг. містычнае пазнанне з навук. эмпірычным і рацыянальным філасофскім; на яго думку, эмпірычнае пазнанне раскрывае знешні бок рэчаў, рацыянальнае — магчымасці самога мыслення, але абсалютная ісціна даступна толькі рэліг. пазнанню. У 20 ст. элементы Ф. характэрны для персаналізму, неатамізму і рэліг.экзістэнцыялізму, таксама для тэалагічных канцэпцый хрысціянства і інш. рэлігій, якія выступаюць супраць разумення навукі як адзінай крыніцы пазнання ісціны, але не адмаўляюць яе ролю, імкнуцца даказаць яе сумяшчальнасць з рэлігіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЙН (ням. Rhein, франц. Rhin, нідэрл. Rijn, лац. Rhenus),
рака ў Зах. Еўропе, на тэр. Швейцарыі, Ліхтэнштэйна, Аўстрыі, Францыі, Германіі, Нідэрландаў. Даўж. 1320 км (ад вытокаў Пярэдняга Р.), пл. басейна 224,4 тыс.км² (без бас.р. Маас). Пачынаецца ў Лепанцінскіх Альпах вытокамі Пярэдні Р. і Задні Р. У верхнім цячэнні працякае праз воз. Бодэнскае, да г. Базель перасякае адгор’і Альпаў Юры, Шварцвальда, дзе ўтварае парогі і вадаспады. На працягу больш як 300 км цячэ па Верхнярэйнскай нізіне ў шырокай даліне (10—12 км). У сярэднім цячэнні (ад г. Бінген да г. Бон) перасякае Рэйнскія Сланцавыя горы ў вузкай і звілістай даліне, ніжэй г. Бон цячэ па Паўн.-Германскай нізіне ў шырокай даліне (25 км), рэчышча пераважна штучнае. Упадае двума рукавамі ў Паўн.м., утварае дэльту. Рукавы Р. (гал. — Лек і Ваал) размешчаны вышэй прылеглай нізіны, таму абгароджаны высокімі дамбамі. Гал. прытокі: Аарэ, Мозель, Маас (злева), Некар, Майн, Лан, Рур, Ліпе (справа). Жыўленне ў верхнім цячэнні пераважна снегавое, у сярэднім і ніжнім дажджавое. У верхнім цячэнні для Р. характэрны вясенне-летняе разводдзе і малы зімовы сцёк, у сярэднім і ніжнім цячэнні, дзе Р. прымае прытокі, рака мнагаводная ўвесь год. Рэжым часткова зарэгуляваны. На ўзровень вады ў рукавах Р. (з павышэннем на 1,5—2 м) уплываюць паўсутачныя марскія прылівы. Не замярзае. Сярэдні расход вады ў вусці 2,5 тыс.м³/с. Сярэдні сцёк за год 79 км³. Р. — важнейшы міжнар. шлях Зах. Еўропы. Рэгулярнае суднаходства на 952 км (да г. Базель і па воз. Бодэнскае); да г. Кёльн даступна для марскіх суднаў. Каналамі Р. звязаны з рэкамі Дунай, Рона, Эльба, Везер, Марна, Эмс. Агульная даўж. суднаходных шляхоў у бас. Р. каля 3 тыс.км. Вял. гідрарэсурсы Р. выкарыстоўваюцца Германіяй, Швейцарыяй, Францыяй. Гал. парты на Р.: Ротэрдам (Нідэрланды), Дуйсбург, Дзюсельдорф, Кёльн, Бон, Майнц, Мангейм, Людвігсгафен (Германія), Страсбур (Францыя), Базель (Швейцарыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕ́НСЕР (Spencer) Герберт (27.4.1820, г. Дэрбі, Вялікабрытанія — 8.12.1903),
англійскі філосаф, сацыёлаг і псіхолаг; адзін з пачынальнікаў пазітывізму, дарвінізму сацыяльнага, арганічнай школы ў сацыялогіі, прадстаўнік асацыянізму. У 1837—41 працаваў інжынерам на чыгунцы. У 1848—53 супрацоўнічаў у час. «Economist» («Эканаміст»). Філас. погляды С. фарміраваліся пад уплывам А.Конта, Д.Юма, Дж.С.Міля, кантыянства, натурфілас. ідэй Ф.В.Шэлінга і шатландскай школы. Пад філасофіяй разумеў максімальна абагульненыя веды, заснаваныя на канкрэтных навуках. Падзяляў свет на пазнавальнае і непазнавальнае і лічыў, што навуцы даступна пазнанне толькі падабенства і адрозненняў паміж з’явамі, а не іх сутнасць. Стрыжань вучэння С. — вучэнне пра ўсеагульную эвалюцыю. Пад эвалюцыяй разумеў бесперапынны рух цялесных часцінак, які прыводзіць да росту ўнутр. дыферэнцыяцыі і адначасова да інтэграцыі. Эвалюцыянізмам тлумачыў усе з’явы — ад неарганічных да сац. і маральных. Свядомасць разглядаў як працэс, які развіваецца ад бязладнай гамагеннасці да гетэрагеннасці і выконвае функцыю адаптацыі арганізма да асяроддзя. Асн. элементамі свядомасці лічыў адчуванні і эмоцыі, якія шляхам ускладнення ператвараюцца ў прадукты вышэйшага парадку. Дынаміку псіхічных працэсаў тлумачыў прынцыпам асацыяцый: асацыяцыі, звязаныя з пачуццём задавальнення, замацоўваюцца і перадаюцца ў спадчыну наступным пакаленням, а звязаныя з адмоўнымі пачуццямі — нівеліруюцца. Сац. структуру грамадства трактаваў па аналогіі з пабудовай і функцыяй жывога арганізма. На яго думку, сац. арганізм складаецца з 3 сістэм: рэгулятыўнай (сац. кантроль, паліт. кіраванне), вытворчай і размеркавальнай. Сутнасць грамадскага прагрэсу бачыў у дасягненні асобай найб. свабоды і звядзенні да мінімуму механізмаў сац. кантролю і кіравання, у пераходзе ад мех. прымусу індывідаў да іх арган. аб’яднання на аснове агульных інтарэсаў. Выступаў супраць ідэй сацыялізму, рэвалюцыю лічыў небяспечнай хваробай сац. арганізма. Вучэнне С. паўплывала на развіццё сучаснай сацыялогіі (культурантрапалогія, сацыябіялогія, структурна-функцыянальны аналіз) і псіхалогіі (параўнальна-псіхал. даследаванні паводзін, функцыянальная псіхалогія).
Тв.:
Рус.пер. — Синтетическая философия. Киев, 1997;
Основания психологии // Ассоциативная психология. М., 1998;
Опыты научные, политические и философские. Мн., 1999.
Размешчана на Крайняй Поўначы Усх. Сібіры ў Краснаярскім краі Рас. Федэрацыі. Уключае архіпелагі Паўн. Зямля, Нордэншэльда і інш., абмываецца морамі Лапцевых і Карскім. Пл. 862,1 тыс.км². Нас. 44 тыс.чал. (2000), гарадскога 66%. Цэнтр — г.Дудзінка. На тэр. акругі горад краявога падпарадкавання Нарыльск і падпарадкаваныя Нарыльскай гар. адміністрацыі гарады Талнах і Каеркан. Гл. карту да арт.Краснаярскі край.
Займае п-аўТаймыр, паўн.ч. Сярэднесібірскага пласкагор’я з плато Путарана (выш. да 1629 м) і размешчаную паміж імі Паўн.-Сібірскую нізіну. На ПдЗ, на левабярэжжы р. Енісей — ч.Зах.-Сібірскай раўніны. Карысныя выкапні: медна-нікелевыя і спадарожныя руды (малібдэн, кобальт, вальфрам), каменны вугаль, прыродны газ, нафта, кухонная соль. Клімат арктычны і субарктычны. Сярэдняя т-растудз. -32 °C, ліп. 2—13 °C. Ападкаў каля 250 мм за год. Пашырана шматгадовая мерзлата. Гал. рэкі: Енісей, Пясіна, Хатанга, Верхняя і Ніжняя Таймыра. Шмат азёр (Таймыр, Лама, Пясіна, Хантайскае) і балот. Пераважаюць тыповыя тундравыя і тарфяна-глеевыя глебы. Арктычная мохава-лішайнікавая і хмызнячковая тундра зменьваецца на Пд лесатундрай з рэдкастойнымі лістоўнічнымі лясамі і хмызнякамі. Путаранскі і Таймырскі запаведнікі.
Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (каменны вугаль, газ) і рыбная (рыбазаводы ў Дудзінцы, Дыксане, Хатанзе). Усць-Хантайская ГЭС. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на аленегадоўлі. Нязначна развіты мяса-малочная жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Пушны промысел і зверагадоўля (блакітны пясец і серабрыста-чорны ліс). Цяплічная гаспадарка. Суднаходства па рэках Енісей (у межах акругі даступна марскім суднам), Хатанга, Паўночным марскім шляху. Гал. парты: Дудзінка, Дыксан, Хатанга. Чыгунка Дудзінка—Нарыльск—Талнах. Аэрапорты: Алыкель (за 40 км на З ад Нарыльска), Дыксан, Хатанга. Газаправод Месаяха—Дудзінка—Нарыльск. Мясц. перавозкі на аленях і сабаках.
Да арт.Таймырская (Даўгана-Ненецкая) аўтаномная акруга. На Таймыры.