ПЕРАМО́ГІ ПЛО́ШЧА ў Віцебску.

Ансамбль плошчы сфарміраваўся ў 1970-я г. (аўтары праекта забудовы арх. А.​Бельскі, В.​Данілаў, З.​Конаш, З.​Озерава, А.​Расейкін, А.​Фрыдман, Ю.​Шпіт, праекта планіроўкі і добраўпарадкавання — А.​Данілава, З.​Даўгяла, Р.​Княжышча, інж.-азеляніцель Л.​Нячай). Прастора прамавугольнай у плане плошчы (380 × 190 м) абмежавана Маскоўскім праспектам, вул. Жасткова і набярэжнай Зах. Дзвіны. Плошча мае функцыян. і арх.-маст. значэнне для грамадскага цэнтра і горада ў цэлым. З’яўляецца цэнтрам вял. новага раёна забудовы, мемар. ансамблем, комплексам абслугоўвання і месцам адпачынку. Своеасаблівае аблічча плошчы ствараецца горадабудаўнічымі і ландшафтнымі ўмовамі, цэласнасцю арх.-маст. задумы, падпарадкаванай тэме Вял. Айч. вайны. Кампазіцыйны цэнтр ансамбля — Помнік вызваліцелям на беразе ракі. У аснове азелянення плошчы ландшафтны прынцып, пераважае зялёны газон з маляўнічымі групамі кустоў і невысокіх дрэў. Ён дапаўняецца «альпійскімі горкамі», групамі натуральнага каменю, дэкар. тэматычнай скульптурай і інш. малымі арх. формамі, у цэнтры — фантан.

А.​А.​Воінаў.

Перамогі плошча ў Віцебску.

т. 12, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАПЕ́ЛЬКА Зінаіда Ігнатаўна (25.12.1918, г.п. Багушэўск Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 27.5.1997),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1972). Скончыла студыю Бел. т-ра імя Я.​Коласа (1938), працавала ў гэтым т-ры. Выканаўца лірыка-драм. і вострахарактарных роляў. Творчасць адметная эмацыянальнасцю, адкрытым тэмпераментам, яркасцю тэатр. формы пры дакладнай псіхал. распрацоўцы характараў. З лепшых роляў у бел. рэпертуары: Насця і Мальвіна, Ганна («Несцерка», «Машэка» В.​Вольскага), Галя («Алазанская даліна» І.​Дорскага і К.​Губарэвіча), Насця Вярбіцкая, Вікця, Ганна Ціханаўна («Пяюць жаваранкі», «Людзі і д’яблы», «Блытаныя сцежкі» К.​Крапівы), Аксіння і Вольга («Крыніцы» і «Снежныя зімы» паводле І.​Шамякіна), Маці («Бацькаўшчына» К.​Чорнага і «Парог» А.​Дударава), Паліна («Трыбунал» А.​Макаёнка), Лявоніха («Лявоніха» П.​Данілава), Яўхіміха («Кастусь Каліноўскі» У.​Караткевіча), у класічным рэпертуары: Цалаваньева, Антаніна («Зыкавы», «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Наташа («Тры сястры» А.​Чэхава), Марыя Антонаўна («Рэвізор» М.​Гогаля), Разалія Паўлаўна («Клоп» У.​Маякоўскага), Лізавета, лэдзі Мільфард («Марыя Сцюарт», «Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Генерылья («Кароль Лір» У.​Шэкспіра) і інш.

Т.​Я.​Гаробчанка.

З.І.Канапелька.
З.Канапелька ў ролі Насці.

т. 7, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧАРБАКО́Ў Георгій Барысавіч (22.8.1917, Масква — 9.6.1989),

бел. рэжысёр, акцёр, педагог. Нар. арт. Беларусі (1963). Праф. (1977). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1939). Працаваў у т-рах Масквы, Вільнюса і інш. У 1966—89 выкладаў у Маскоўскім ін-це культуры. З 1958 гал. рэжысёр Бел. т-ра імя Я.​Коласа, у 1962—64 — Бел. т-ра імя Я.​Купалы. Яго рэжысуры ўласціва спалучэнне наватарскіх пошукаў з нац. традыцыямі сцэн. мастацтва, выразнае пастановачна-відовішчнае ўвасабленне задумы. Паставіў спектаклі: у т-ры імя Я.​Коласа — «Пачатак жыцця» К.​Фіна, «Навальніца будзе» паводле трылогіі Я.​Коласа «На ростанях» (абодва 1958), «Бітва ў дарозе» паводле Г.​Нікалаевай (1959), «Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава, «Лявоніха» П.​Данілава (абодва 1960), «Крыніцы» паводле І.​Шамякіна (1961), «Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча (1967); у т-ры імя Я.​Купалы — «Першая старонка» Н.​Івантар, «Сябры і гады» Л.​Зорына, «Рускія людзі» К.​Сіманава (усе 1963), «Канец — справе вянец» У.​Шэкспіра (1964), «Працяг» Д.​Валеева (1973).

Літ.:

Халип В. Строка, прочтенная театром. Мн., 1973.

Б.​І.​Бур’ян.

Г.Б.Шчарбакоў.

т. 17, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУХАВЕ́Й Святлана Іванаўна (н. 28.10.1952, г. Мазыр Гомельскай вобл.),

бел. актрыса тэатра і кіно. Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1973). З 1973 на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1981 актрыса Т-ра-студыі кінаакцёра. У кіно з 1967. Знялася ў фільмах: «Бабіна царства» (1967), «Сыны ідуць у бой» (1970), «Камандзір шчаслівай «Шчукі» (1972), «Фронт без флангаў», «Незабытая песня» (абодва 1974), «Порт» (1975), «Памяць зямлі» (тэлефільм, 5 серый; 1976), «Фронт за лініяй фронту» (1977), «Мужнасць» (тэлефільм, 7 серый; 1979—80), «Аўкцыён» (1982), «Не хачу жаніцца» (1994), «Любіць па-руску — 2» (1996), «Любіць па-руску — 3» (1999) і інш. Сярод роляў у Т-ры-студыі кінаакцёра: Раіса, Смельская («Жаніцьба Бальзамінава», «Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага), Мар’я Антонаўна («Фантазіі паводле Гогаля»), Наташа («Мы ідзём глядзець «Чапаева» А.​Данілава), Алена Пятроўна («Феномены» Р.​Горына), Каця («Карнавал у Венецыі» А.​Галіна), Мілюкова («Нябачны сябар» Ю.​Оснаса), Валянціна («Выкраданне Алены» Л.​Вернейля), Мама, Каралева («Шчаўкунок» А.​Палешчанковай), місіс Хігінс («Пігмаліён» Б.​Шоу), Элізабет («Стрэмка» Ф.​Саган) і інш.

т. 18, кн. 1, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́ЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала са жн. 1941 да ліп. 1944 у Рагачове і Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл. пад кіраўніцтвам Рагачоўскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ. Складалася з 17 арг-цый (больш за 160 чал.): 2 у Рагачове (кіраўнікі М.​Я.​Данілава і К.​К.​Гардзіеўскі), 3 у в. Турск (А.​А.​Ганчароў, В.​Ф.​Ярмоленка, Л.​А.​Кудраўцава), у пасёлках Дняпроўскі (Г.​А.​Фядосава), Масткі (М.​С.​Філіпаў) і Лавы (Ф.​Р.​Сідарэнка), вёсках Азяраны (А.​К.​Мальцаў), Гадзілавічы (І.​В.​Гранкова), Забалацце (В.​К.​Парфёнава), Красніца (А.​І.​Шукевіч), Слабада (А.​А.​Канавалава), Станькаў (У.​Я.​Крапніцкая), Філіпкавічы (Р.​П.​Лукашэвіч), Церахоўка (У.​Ф.​Мазепіна) і на ст. Салтанаўка (В.​А.​Ашмянскі, У.​В.​Лабачоў) Жлобінскага р-на. Падпольшчыкі запісвалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, здабывалі і перадавалі партызанам зброю і боепрыпасы, зімой 1943 пераправілі ім абсталяванне зубаўрачэбнага кабінета і ўрачоў-стаматолагаў; рэгулярна псавалі абсталяванне на лесазаводзе, сянных прэсаў, апаратуру сувязі, водаправодную сістэму чыг. станцыі Рагачоў і гарнізона праціўніка, разам з партызанамі ўдзельнічалі ў дыверсіях на чыгунцы, у баі з ням. гарнізонам у в. Гадзілавічы; аказвалі дапамогу разведгрупам Чырв. Арміі ў зборы інфармацыі пра перадыслакацыі праціўніка.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 13, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́НІМСКІ БЕЛАРУ́СКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Створаны 1.1.1990 у г. Слонім Гродзенскай вобл. на базе Слонімскага нар. тэатра. Заснавальнік і першы кіраўнік М.​Варвашэвіч. У рэпертуары пераважаюць спектаклі камед. жанру, пастаўленыя ў традыцыях бел. нар. тэатра: «Прымакі» Я.​Купалы, «Не забыцца і паспець на сябе хамут адзець» Л.​Родзевіча, «Лекі ад кахання» і «Каханне з падманам» У.​Галубка. Ставяцца п’есы сучасных бел. драматургаў: «Сабака з залатым зубам» У.​Сауліча, «Жаніх па перапісцы» А.​Федарэнкі, «Чужыя грошы» У.​Бутрамеева, «Камедыя» У.​Рудава паводле твораў К.​Марашэўскага і Ф.​Аляхновіча, «Чарнакніжнік» С.​Кавалёва паводле твораў Я.​Баршчэўскага. Значнае месца ў рэпертуары тэатра займаюць п’есы класічнай і сучаснай рус. і замежнай драматургіі: «Жаніцьба Бальзамінава» і «На бойкім месцы» А.​Астроўскага, «Сямейны партрэт з чужым» С.​Лабазёрава, «Пакуль яна памірала» Н.​Птушкінай, «Мы ідзём глядзець «Чапаева» А.​Данілава, «Гаспадыня гасцініцы» К.​Гальдоні, «Непаразуменне» А.​Камю, «Жарты Парыжа» К.​Манье. Сярод пастановак для дзяцей: «Чарадзейныя суніцы», «Хітрыкі бабы Ягі», «Апошні дыназаўрык», «Добры змей», «Маўглі» А.​Якімовіча, «Драўляны рыцар» Кавалёва, «Прынцэса і салдат» У.​Ягоўдзіка, «Дзед Мароз і Лясун» Л.​Рублеўскай, «Зайка-зазнайка» С Міхалкова, «Папялушка» Т.​Габэ, «Кот у ботах» С.​Пракоф’ева і Г.​Сапгіра.

С.​М.​Чыгрын.

Слонімскі беларускі драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Непаразуменне» А.​Камю.
Слонімскі беларускі драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Пакуль яна памірала» Н.​Птушкінай.

т. 15, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ АРХІТЭ́КТАР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровае званне, якое прысвойваецца высокапрафес. архітэктарам, якія працуюць у галіне архітэктуры 15 і больш гадоў, асабліва вызначыліся ў развіцці бел. архітэктуры, выявілі выдатную творчую дзейнасць у галіне горадабудаўніцтва, у стварэнні грамадз., прамысл., сельскіх арх. комплексаў, будынкаў і збудаванняў, што атрымалі ўсенароднае прызнанне, у рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. Устаноўлена законам ад 13.4.1995, прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. З 14.6.1968 існавала званне засл. архітэктар Беларускай ССР, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР.

Заслужаныя архітэктары Рэспублікі Беларусь

1969. В.​М.​Аладаў, М.​І.​Бакланаў, С.​Б.​Баткоўскі, Г.​М.​Бенядзіктаў, В.​І.​Гусеў, В.​Б.​Ладыгіна, М.​Н.​Ліўшыц, Г.​А.​Парсаданаў, Ю.​В.​Шпіт.

1970. А.​Ю.​Данілава, П.​С.​Рудзік.

1971. З.​М.​Леўчанка.

1973. І.​І.​Боўт, С.​С.​Мусінскі, Л.​М.​Пагарэлаў, Г.​В.​Сысоеў.

1974. Н.А.​Э.​Шпігельман.

1976. Г.​А.​Бяганская, Ю.​П.​Грыгор’еў, Л.​М.​Тамкоў, А.​Ф.​Ткачук.

1978. В.​М.​Волчак.

1979. Ю.​М.​Градаў, У.​Э.​Сакалоўскі, В.​П.​Шыльнікоўская.

1980. В.​І.​Анікін, Я.​Л.​Заслаўскі, А.​П.​Калніньш.

1982. Я.​Л.​Ліневіч.

1983. В.​М.​Малышаў.

1984. Б.​М.​Ларчанка.

1985. В.​Н.​Емяльянаў, Я.​К.​Казлоў, Л.​В.​Маскалевіч, Ю.​Ф.​Патапаў, Р.​А.​Шылай.

1988. Я.​К.​Дзятлаў, У.​М.​Еўдакімаў, Л.​М.​Левін.

1989. С.​І.​Пеўны.

1990. А.​А.​Беразоўскі, І.​М.​Мазнічка.

1991. В.​С.​Бялянкін, А.​А.​Воінаў, Э.​М.​Гальдштэйн, А.​У.​Жалдакоў, Э.​П.​Левіна, С.​Б.​Неўмывакін, Н.​М.​Нядзелька, М.​М.​Пірагоў, А.​А.​Сабалеўскі.

1997. І.​І.​Некрашэвіч.

1998. У.​Р.​Ісачанка.

т. 6, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭНДАКРЫНАЛОГІЯ

Найбольш раннія звесткі ў гэтай галіне медыцыны вядомы з рукапісных «Медыцынскіх навін» 1600 з Нясвіжскай бібліятэкі, дзе змешчаны рэцэпт «парашку ад дыябету». Першае паведамленне аб хірургічным лячэнні валляка (Л.​К.​Навумовіч, г. Магілёў) датавана 1812. Аперацыі на наднырачніках упершыню на Беларусі праводзіліся ў 1920-я г. (Орша, Гомель). Вядомыя рас. эндакрынолагі 1-й пал. 20 ст. С.​М.​Лейцес, І.​Б.​Хавін, М.​А.​Шарашэўскі, С.​М.​Эскін родам з Беларусі.

Развіццё эндакрыналогіі як навукі на Беларусі пачалося ў 1920-я г. з вывучэння эпідэміялогіі эндэмічнага валляка ў асобных рэгіёнах пад кіраўніцтвам Я.​В.​Корыца, С.​М.​Рубашова. Сістэматызавана яна развівалася пасля стварэння ў 1934 Рэсп. процівалляковай станцыі. Вывучэнне пашыранасці эндэмічнага валляка дазволіла вылучыць рэгіёны з рознай ступенню ёднай недастатковасці і распрацаваць метады процівалляковай прафілактыкі (А.​А.​Грэйман). Гэты кірунак эндакрыналогіі больш актыўна развіваўся ў пасляваенны перыяд (Л.​В.​Лапцёнак, Л.​П.​Фёдарава). Вялося хірургічнае лячэнне валляка з выкарыстаннем арыгінальных методык, прапанаваных В.​Р.​Астапенкам, М.​С.​Гапановічам, І.​М.​Грышыным, Я.​П.​Дзямідчыкам. З 1958 спецыялістаў па эндакрыналогіі рыхтавалі пры ін-це ўдасканалення ўрачоў (зараз Бел. мед. акадэмія паслядыпломнай адукацыі), дзе ў 1960 створана кафедра эндакрыналогіі (першы загадчык Н.​М.​Дразнін, у 1973—85 — М.​С.​Гапановіч, у 1985—98 — А.​А.​Холадава, з 1998 — Л.​І.​Данілава). Кафедра з’яўляецца рэсп. навукова-метадычным цэнтрам не толькі для эндакрынолагаў, а і тэрапеўтаў, педыятраў, рэаніматолагаў, урачоў хуткай і неадкладнай дапамогі (вядучыя спецыялісты Данілава, В.​М.​Дрозд, Г.​В.​Казюк, Холадава, В.​І.​Шутава і інш.). З пачатку 1980-х г. падрыхтоўку эндакрынолагаў вядуць у Бел. мед. ун-це (З.​В.​Забароўская), у Віцебскім (А.​М.​Окаракаў, У.​Р.​Цішкоўскі) і Гомельскім (М.​П.​Капліева) мед. ун-тах. Асноўны навукова-практычны кірунак эндакрыналогіі — праблема цукровага дыябету. Дасягнуты поспехі ў гэтай праблеме ў ранняй дыягностыцы, скрынінгу сасудзістых ускладненняў, распрацоўцы асноў прафілактыкі, мед. і працоўнай рэабілітацыі. У выніку ўкаранення дзярж. праграмы «Цукровы дыябет» на ​1/3 зменшылася колькасць выпадкаў каматозных станаў, слепаты і ампутацый ног, абумоўленых ускладненнямі цукровага дыябету, палепшыліся зыходы цяжарнасці ў жанчын, хворых на цукровы дыябет. Дзярж. праграма «Цукровы дыябет» прызнана Еўрапейскім бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў якасці мадэлі для краін Усх. Еўропы (за стварэнне навукова-практычнай школы эндакрынолагаў Беларусі ў 1999 Холадавай прысуджана званне заслужанага дзеяча навукі). Уклад у развіццё эндакрыналогіі дзіцячага ўзросту зрабілі С.​М.​Астапенка, Л.​М.​Астахава, К.​А.​Радзюк. Структура эндакрыналагічнай дапамогі насельніцтву ўключае кабінеты і спецыялізаваныя ложкі ў раённых і гар. мед. установах, дыспансеры і спецыялізаваныя аддзяленні ў абласных цэнтрах, Рэсп. кансультацыйны эндакрыналагічны цэнтр (гал. ўрач Т.​В.​Мохарт) і гал. ўпраўленне лячэбна-прафілактычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь (А.​К.​Цыбін). Вывучэнне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і рэабілітацыю насельніцтва ажыццяўляе Рэсп. навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі ў Гомелі (дырэктар Э.​К.​Капітонава). Рэсп. навуковае таварыства эндакрынолагаў, створанае ў 1962, у 1997 пераўтворана ў Бел. асацыяцыю эндакрынолагаў, якая супрацоўнічае з адпаведнымі асацыяцыямі Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны, Вялікабрытаніі, Германіі, Японіі і з’яўляецца членам Еўрап. федэрацыі эндакрыналагічных таварыстваў і Міжнар. федэрацыі дыябету. У адпаведнасці з палітыкай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя «Здароўе для ўсіх у 21-м стагоддзі» перспектывы развіцця эндакрыналогіі на Беларусі — у распрацоўцы стратэгіі для забеспячэння паўнацэннага жыцця пры эндакрынных расстройствах на аснове тэхналогій даказальнай медыцыны.

Літ.:

Вопросы истории медицины и здравоохранения: Материалы 3 науч. историко-мед. конф. Белорусской ССР. Мн., 1968;

Холодова Е.А., Данилова Л.И. Болезни щитовидной железы. Мн., 1991;

Холодова Е.А., Мохорт Т.В., Билодид И.К. Сахарный диабет и беременность // Современные проблемы эндокринологии в акушерстве, гинекологии и неонатологии: Тез. докл. науч. конф. Мн., 1994;

Матвейчик Т.В. Становление и развитие эндокринологической службы в Республике Беларусь // Медицина Беларуси XX в. Тез. докл. 8 респ. науч. конф. по истории медицины. Мн., 1998;

Холодова Е.А. Развитие эндокринологической службы в Республике Беларусь // Мед. новости. 1999. №8.

А.​А.​Холадава.

т. 18, кн. 2, с. 580

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЛА́ЕЎ Яўген Дзмітрыевіч (26.12.1913, Мінск — 30.12.1978),

бел. тэатр. мастак. Нар. маст. Беларусі (1967). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1933). З 1933 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа (з 1944 гал. мастак). Творчасці ўласцівы вобразнасць маст. мыслення, арыгінальнасць формы, рэжысёрскае бачанне сцэн. пляцоўкі, уменне выявіць рысы нац. спецыфікі твора, пачуццё сучаснасці. Аформіў спектаклі «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча (1936), «Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка (1939), «Ірынка» К.​Чорнага (1941), «Лес» (1940), «Позняе каханне» (1944) і «Багна» (1972) А.​Астроўскага, «Рэвізор» М.​Гогаля (1945), «Авадзень» паводле Э.​Л.​Войніч (1948), «Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна, «Алазанская даліна» К.​Губарэвіча і І.​Дорскага (абодва 1949), «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы (1950), «Простая дзяўчына» Губарэвіча (1952) і інш. Значнае месца ў творчасці займала афармленне спектакляў на тэму Вял. Айч. вайны: «Партызаны ў стэпах Украіны» А.​Карнейчука. «Рускія людзі» К.​Сіманава (абодва 1942), «Той, каго шукалі» А.​Раскіна і М.​Слабадскога (1943). Праўдай жыцця адметныя дэкарацыі да спектакляў «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы (1951), «У пушчах Палесся» (1957) і «Навальніца будзе» паводле трылогіі Я.​Коласа «На ростанях» (1958), «Лявоніха» П.​Данілава (1960). Яскравасцю выяўл. мовы, выразнасцю кампазіцыі вызначаюцца дэкарацыі да спектакляў «Крэпасць над Бугам» С.​Смірнова (1956), «Крыніцы» (1961), «Сэрца на далоні» (1966) паводле І.​Шамякіна, «Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча (1967) і інш. Глыбокім разуменнем сутнасці твора, выразнасцю кампазіцыйнага вырашэння вылучаюцца дэкарацыі пастановак «Выбачайце, калі ласка!» (1953) і «Трыбунал» (1970) А.​Макаёнка, «Улада цемры» Л.​Талстога (1969), «Амністыя» М.​Матукоўскага (1971), «Энергічныя людзі» В.​Шукшына (1975), «Укралі кодэкс» А.​Петрашкевіча, «Апошняя інстанцыя» Матукоўскага (абедзве 1976) і інш. У т-ры імя Я.​Купалы аформіў спектаклі «На крутым павароце» Губарэвіча (1956), «Жывы труп» Талстога, «Гаспадар» І.​Собалева (абодва 1961). Дзярж. прэмія Беларусі 1968.

Літ.:

Карнач П. Я.​Дз.​Нікалаеў. Мн., 1975.

П.​А.​Карнач.

Я.​Дз.​Нікалаеў.
Я.Нікалаеў. Дэкарацыя да спектакля «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы. 1951.

т. 11, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭА́ТР-СТУ́ДЫЯ КІНААКЦЁРА Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».

Створаны ў 1980 як эксперым. творчая лабараторыя з мэтай садзейнічаць захаванню прафес. акцёрскай формы, удасканаленню майстэрства, Аснову т-ра складалі штатныя акцёры кінастудыі «Беларусьфільм», пазней ён папоўнены выпускнікамі Бел. тэатр.-маст. ін-та, Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі (бел. набор, педагог І.​Таланкін), акцёрамі з інш. тэатраў. Гал. рэжысёры: В.​Анісенка (1980—82), Б.​Луцэнка (1982—90); маст. кіраўнік А.​Яфрэмаў (з 1991); гал. мастакі Дз.​Мохаў (1983—94), з 1998 Л.​Пруднікаў.

Спроба арганізаваць т-р зроблена ў 1979; група кінаакцёраў з удзелам акцёраў мінскіх т-раў падрыхтавала і паказала спектакль «Паляванне на качак» А.​Вампілава (рэж. Анісенка). Адкрыўся т-р 30.3.1982 спектаклем «Усё яго жыццё» паводле кінааповесці «Камуніст» Я.​Габрыловіча. У 1980-я — пач. 1990-х г. у рэпертуары т-ра пераважалі п’есы, якія ўзнімалі вострыя маральна-этычныя і сац. праблемы («Глядзіце, хто прыйшоў» У.​Аро, «Шчасце маё...» А.​Чарвінскага, «Не баюся Вірджыніі Вулф» Э.​Олбі і інш.). Адначасова вяліся пошукі арган. спалучэння мастацтва т-ра і кіно, новых сродкаў выразнасці, у т. л. ўключэнне кінафрагментаў у сцэн. дзеянне (кінаканцэрт «Саракавыя», «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» І.​Чыгрынава), прыём «здымачная пляцоўка» на сцэне («Камедыя пра Лісістрату» паводле Арыстафана), «буйны план», патрабаванне арганічнасці ігры пры непасрэдным кантакце акцёраў з гледачом ва ўмовах залы на 220 месцаў.

1990-я — пач. 2000-х г. адметныя ўключэннем у рэпертуар разам з сучаснай драматургіяй («Мы ідзём глядзець «Чапаева» А.​Данілава, «Міленькі ты мой» М.​Варфаламеева) класічных твораў: «Тэатр купца Япішкіна» Е.​Міровіча, «Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага, «Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа, «Пігмаліён» Б.​Шоу; п’ес маладых бел. драматургаў: «Шчаўкунок» А.​Палешчанковай, «Поле бітвы» С.​Бартохавай. Т-р праводзіць канцэрты, аўтарскія і творчыя вечары вядомых майстроў сцэны і экрана. У трупе т-ра (2002); нар. арт. Беларусі У.​Гасцюхін, засл. артысты Беларусі А.​Бяспалы, Л.​Румянцава, С.​Сухавей, А.​Цімошкін, артысты А.​Адзінцова, В.​Арланава, С.​Вількін, У.​Грыцэўскі, А.​Гур’еў, Н.​Жукоўская, С.​Іваноў, А.​Караблёва, А.​Кацянёў, А.​Кашпераў, Л.​Мардачова, Т.​Мужэнка, І.​Нарбекава, Ю.​Палубінская, А.​Проліч, Н.​Разанцава, В.​Рыбчынскі, В.​Сізова, І.​Сцяпанаў, А.​Цярпіцкі, П.​Юрчанкаў старэйшы, П.​Юрчанкаў малодшы. Працуе ў тэатр. зале кінатэатра «Масква».

Літ.:

Брандабоўская Л., Сцяпанава Я. «Мы імкнёмся да гарызонта...» // Беларусь. 1986. № 2;

Арлова Т. Пасярод праблем сусвету: На спектаклях Мінскага тэатра-студыі кінаакцёра // Мастацтва Беларусі. 1987 № 3.

Н.​М.​Шукан.

Тэатр-студыя кінаакцёра. Сцэна са спектакля «Пігмаліён» Б.​Шоу.
Тэатр-студыя кінаакцёра. Сцэна са спектакля «Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа.

т. 16, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)