РА́БАЎ (Канстанцін Паўлавіч) (н. 24.4.1910, г. Данецк, Украіна),

бел. вучоны ў галіне гісталогіі і цыталогіі. Д-р мед. н., праф. (1960). Скончыў Новачаркаскі с.-г. ін-т (1932) і Іванаўскі мед. ін-т (1947). З 1963 у Мінскім мед. ін-це (з 1970 заг. кафедры), у 1972—85 у Мінскім пед. ін-це. Навук. працы па эмбрыялогіі, узростава-функцыян. і радыяцыйнай гісталогіі і цыталогіі.

Тв.:

Возрастная адаптация сердца к физической тренировке (в эксперименте). Мн., 1969 (разам з Н.​М.​Патапавай);

Структура и функции ведущих систем растущего организма при физической нагрузке. Мн., 1972.

т. 13, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАЎЯ́НЕНКА (Анатоль Барысавіч) (25.9.1932, г. Данецк, Украіна —29.7.1999),

украінскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арг. СССР (1975). Скончыў Данецкі політэхн. ін-т (1954), Кіеўскую кансерваторыю (1978). У 1965—93 саліст Украінскага т-ра оперы і балета. Валодаў прыгожым голасам шырокага дыяпазону. Выканаўчай манеры ўласцівы шчырасць, задушэўная цеплыня, эмацыянальная ўзнёсласць. Сярод партый: Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Пятро («Наталка Палтаўка» М.​Лысенкі), Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Самазванец («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Альфрэд, Герцаг, Манрыка («Травіята», «Рыгалета», «Трубадур» Дж.​Вердзі), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно) і інш. Ў канцэртным рэпертуары рамансы, рус. і ўкр., неапалітанскія песні. Ленінская прэмія 1980. Нац. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1997.

Літ.:

Терещенко А.К. Анатолий Соловьяненко. 2 изд. Киев, 1988;

Сташевский ЮА Анатолий Соловьяненко: Творческий портрет. М., 1984.

Л.​А.​Шымановіч.

А.Б.Салаўяненка.

т. 14, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЕ́ЦКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН, Данбас,

на тэр. Днепрапятроўскай, Данецкай, Луганскай абласцей Украіны і Растоўскай вобл. Расіі; адна з важнейшых паліўна-энергет. баз Еўропы. Пл. каля 60 тыс. км² (выцягнуты на 650 км у шыротным напрамку, пры макс. шыр. 200 км). Ахоплівае слабаўзвышаную стэпавую раўніну паміж р. Северскі Данец і Азоўскім м. У цэнтр. ч. басейна размешчаны Данецкі краж. Данбас складзены пераважна з асадкавых парод палеазою, мезазою і кайназою, якія залягаюць на крышт. пародах дакембрыйскага фундамента. Пласты і праслоі вуглёў характэрны для ўсяго разрэзу каменнавугальных адкладаў. Агульныя запасы вугалю да глыб. 1800 м — 140,8 млрд. т.

Звесткі пра каменны вугаль у Данбасе вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Сістэматычныя даследаванні з 1820-х г., прамысл. асваенне з канца 19 ст. Сярэдняя магутнасць рабочых пластоў 0,6—1,2 м. Колькасць пластоў у вугляноснай тоўшчы да 300. Вуглі каменныя (антрацыты, газавыя, каксавальныя, бедныя). Цеплыня згарання 21,2—26,1 МДж/кг. Здабыча вядзецца на глыб. 400—800 м, некат. шахты маюць глыб. 1 км і больш. Асн. цэнтры здабычы — гарады Данецк, Макееўка, Горлаўка, Лісічанск, Краматорск, Шахты, Паўлаград і інш.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГА́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на У Украіны. Утворана 3.6.1938. Да 1958 і ў 1970—90 наз. Варашылаўградская вобл. Пл. 26,7 тыс. км². Нас. 2782,8 тыс. чал. (1996), гарадскога 87%. Цэнтр — г. Луганск. Найб. гарады: Севераданецк, Алчэўск, Лісічанск, Стаханаў, Красны Луч.

Прырода. Большая ч. тэрыторыі вобласці — хвалістая стэпавая раўніна, расчлянёная густой сеткай яроў і лагчын. На Пд — Данецкі краж (выш. да 367 м, г. Магіла-Мячэтная). Карысныя выкапні: каменны вугаль (частка Данецкага вугальнага басейна), вапнякі, мергель, мел, вогнетрывалыя і пластычныя гліны, каменная соль. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -6 °C на Пд да -8 °C на ПнУ, ліп. 21—23 °C. Ападкаў за год ад 400—450 мм на ПнУ да 550 мм у межах Данецкага кража. Гал. рака — Северскі Данец з прытокамі Красная, Баравая, Айдар, Дзеркул (злева) і Лугань, Луганчык, Вял. Каменка (справа). Глебы чарназёмныя, дзярнова-падзолістыя, у поймах рэк алювіяльныя. Участкі карэнных стэпаў захаваліся ў межах Луганскага запаведніка. Пад лесам каля 7% тэрыторыі (пераважна ў пойме Северскага Данца). На ПнУ вобласці лясныя палосы, закладзеныя ў канцы 19 ст. В.В.Дакучаевым (Юніцкі бат. заказнік).

Гаспадарка. Л.в. — важны раён цяжкай прам-сці Украіны. Вядучыя галіны прам-сці: вугальная (здабыча энергет. і каксавальных каменных вуглёў), металургічная (вытв-сць чыгуну, сталі, пракату, ферасплаваў, труб), маш.-буд. (вытв-сць горна-шахтавага абсталявання, цеплавозаў, вагонаў, станкоў, абсталявання для металургічнай, хім. прам-сці, прылад, ЭВМ), хім., коксахім. і нафтахім. (вытв-сць аміяку, мінер. угнаенняў, анілінавых фарбавальнікаў, гумава-тэхн. вырабаў, соды). Вытв-сць электраэнергіі на ЦЭЦ і ДРЭС (Варашылаўградская, Штэраўская, Лісічанская). Развіты лёгкая (трыкат., тэкст., швейная, абутковая), харч. (мясная, масларобная і алейная, мукамольна-крупяная, плодаагароднінакансервавая і інш.), камбікормавая, дрэваапр. (у т. л. мэблевая) прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў (шкло, жалезабетонныя вырабы). С.-г. ўгоддзі займаюць 1872 тыс. га, у т. л. пад ворнымі землямі 1386 тыс. га (1996). Буйныя арашальныя сістэмы (пл. каля 100 тыс. га). Земляробства спецыялізуецца на вытв-сці збожжавых (пшаніца, кукуруза, ячмень) і алейных (сланечнік) культур. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Садоўніцтва, вінаградарства. Жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, птушку. Дапаможныя галіны — пчалярства, трусагадоўля, рыбаводства. Чыг. вузлы: Луганск, Папасная, Родакава і інш. Асн. аўтадарогі: Луганск—Харкаў, Луганск—Данецк, Луганск—Дзябальцава. Аэрапорты ў Луганску і Севераданецку.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 9, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана на Пн Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 28,9 тыс. км². Нас. 1,9 млн. чал. (1996, без г. Кіеў), гарадскога 54%. Цэнтр — г. Кіеў. Найб. гарады: Белая Царква, Бравары, Фастаў, Барыспаль, Ірпень, Васількоў, Пераяслаў-Хмяльніцкі, Ягацін (г. Прыпяць і шэраг гарадоў і сельскіх населеных пунктаў на Пн К.в., якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, поўнасцю адселены).

Прырода. Паверхня раўнінная. На Пн — Палеская нізіна, на У — Прыдняпроўская нізіна, на ПдЗ — адгор’і Прыдняпроўскага ўзв. (выш. да 273 м). Карысныя выкапні: буд. матэрыялы, торф, буры вугаль. Клімат умераны кантынентальны, з мяккай зімой і цёплым летам. Сярэдняя т-ра студз. на Пн -6,5 °C, на ПдЗ -5,5 °C, ліп. адпаведна 17,5 °C і 20 °C. Ападкаў 500—600 мм за год. Гал. р. Дняпро з прытокамі Прыпяць, Цецераў, Ірпень, Рось (правыя), Дзясна, Трубеж, Супой (левыя). У межах К.в. частка Кіеўскага і Канеўскага вадасховішчаў. Глебы на Пн дзярнова-падзолістыя, на Пд чарназёмы і шэрыя ападзоленыя, у далінах рэк дзярнова-глеевыя і алювіяльныя. Пад лесам каля 20% тэрыторыі. На Пн хваёвыя лясы з дамешкамі бярозы і дуба, на Пд невял. масівы шыракалістых лясоў (дуб, граб, ліпа). Па рэках Дняпро, Дзясна, Ірпень, Цецераў значныя плошчы паплавоў. Залеская і Дняпроўска-Цецераўская запаведна-паляўнічыя гаспадаркі.

Гаспадарка. К.в. характарызуецца развітой апрацоўчай прам-сцю, 3/4 якой сканцэнтраваны ў Кіеве Буйная энергетычная база (Кіеўская ЦЭЦ, ГЭС і ГАЭС, Чарнобыльская АЭС, Трыпольская ДРЭС). Машынабудаванне спецыялізуецца на вытв-сці абсталявання для хім., лёгкай і харч. прам-сці, прыбораў, вылічальных сродкаў, с.-г. машын, суднаў, быт. тэхнікі (халадзільнікі, кандыцыянеры) і інш. З-д парашковай металургіі. Хім. і нафтахім. прам-сць выпускае шыны, гумава-тэхн. і гумава-азбеставыя вырабы, хім. валокны, фарбу, быт. хімію, пластмасы. Фармацэўтычная прам-сць. Развіта лёгкая прам-сць (швейная, тэкст., трыкат., гарбарна-абутковая). На харч. прам-сць (цукр., мукамольна-крупяная, спіртавая, плодакансервавая, мяса-малочная) прыпадае 1/3 аб’ёму валавой прадукцыі вобласці. Значнага развіцця дасягнулі дрэваапрацоўка і вытв-сць буд. матэрыялаў. Здабыча граніту. Ёсць паліграф. камбінат. Маст. промыслы (вышыўка, ткацтва). Гал. галіна сельскай гаспадаркі — земляробства Пасяўная пл. займае больш за 1,5 млн. га. Асн. збожжавыя культуры — азімая пшаніца; сеюць жыта, ячмень, авёс, кукурузу, з тэхн. культур — цукр. буракі, сланечнік, лён-даўгунец. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Пашырана садоўніцтва (пл. каля 60 тыс. га). Вял. масівы асушаных зямель. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Пчалярства. Гал. від транспарту — чыгуначны, які звязвае Кв. з гарадамі Харкаў, Днепрапятроўск, Данецк, Львоў, Адэса, Сімферопаль, Масква, Мінск і інш. Даўж. аўтадарог 10,4 тыс. км. Суднаходства па рэках Дняпро, Дзясна, Прыпяць. Курорты: Ворзель, Белая Царква, Пушча-Вадзіца.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 8, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)