ГІСТА... (ад грэч. histos тканка),

першая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які адносіцца да тканак жывёльнага арганізма, напр., гісталогія, гістагенез.

т. 5, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ ЗУБАЎРАЧЭ́БНАЯ ШКО́ЛА,

прыватная навуч. ўстанова. Існавала ў 1907—16. Мела 1-ы разрад і падпарадкоўвалася МУС. Прымаліся асобы з 17 гадоў пасля заканчэння 6 класаў сярэдняй агульнаадук. навуч. установы. Тэрмін навучання 2,5 года. Вучэбны курс падзяляўся на тэарэт. частку і практычныя заняткі. Вывучаліся: хімія, фізіка, анатомія, фізіялогія, гісталогія, агульная паталогія, хірургія, дыягностыка і тэрапія, пламбіраванне і гігіена зубоў, пратэзная тэхніка.

Н.​Я.​Новік.

т. 10, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАГЕНЕ́З (ад гіста... + ...генез),

працэс развіцця ў шматклетачным арганізме, які забяспечвае ўзнікненне, існаванне, перабудову і аднаўленне тканак з іх спецыфічнымі для кожнага арганізма і яго органаў марфалагічнымі і фізіёлага-біяхім. асаблівасцямі; адна з фаз антагенезу. Настае пасля або ў працэсе арганагенезу; уключае клетачнае размнажэнне, дэтэрмінацыю, клетачны рост, міграцыі клетак, адгезію, дыферэнцыроўку клетак і пазаклетачных вытворных, міжклетачныя і міжтканкавыя ўзаемадзеянні, адміранне клетак. Спецыялізацыя клетак спадчынна замацоўваецца, таму адна тканка ў другую не ператвараецца. Гістагенез абумоўлены эвалюцыйным развіццём, залежыць ад унутры- і міжтканкавых узаемаадносін, ад узаемадзеяння арганізма з навакольным асяроддзем. Неадначасовае развіццё клетак пры гістагенезе забяспечвае захаванне маладыферэнцыраваных элементаў, якія служаць крыніцай папаўнення клетак на працягу жыцця арганізма і аднаўлення тканкі пасля яе пашкоджання (рэгенерацыі). У тканках з высокім узроўнем дыферэнцыроўкі (мышачная, нервовая) магчымасці рэгенерацыі больш абмежаваныя. Рэпаратыўны гістагенез у постнатальным перыядзе антагенезу складае аснову аднаўлення часткова страчаных або пашкоджаных тканак (напр., фізіялагічная рэгенерацыя клетак крыві). Якасныя змены гістагенезу могуць прывесці да ўзнікнення і росту пухліны. Нармальны і паталагічны гістагенез вывучае гісталогія.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАТО́МІЯ (ад грэч. anatomē рассячэнне, расчляненне),

навука пра форму і будову асобных органаў, сістэм і арганізма ў цэлым; раздзел марфалогіі. Адрозніваюць анатомію чалавека (антрапатомію), анатомію жывёл (заатомію) і анатомію раслін (фітатомію). Самастойнай з’яўляецца параўнальная анатомія жывёл. Разам з фізіялогіяй анатомія складае аснову тэарэт. і практычнай медыцыны і ветэрынарыі.

У сваім развіцці анатомія чалавека і жывёл як навука прайшла шэраг этапаў. Першапачатковы, апісальны, этап узнік пры выкарыстанні метаду расчлянення, калі збіраліся і апісваліся факты пра будову цела чалавека і жывёл. Заснавальнік яе — фламандзец А.​Везалій (16 ст.). Апісальную анатомію падзяляюць на сістэматычную (вывучае органы па сістэмах), тапаграфічную (разглядае будову і форму органаў і іх узаемаразмяшчэнне) і пластычную (даследуе статыку і дынаміку вонкавых формаў цела). Новы этап у развіцці анатоміі — функцыянальны — тлумачэнне назапашаных фактаў з пункту гледжання антагенезу і філагенезу і функцыянальнага назначэння органаў і сістэм. Сучасны этап — эксперыментальны — аналіз структурна-функцыянальнай арганізацыі органаў і сістэм у сувязі з рознымі фактарамі навакольнага асяроддзя. Вылучаюць таксама анатомію дынамічную, узроставую, мікраскапічную (гісталогія і цыталогія) рэнтгенаанатомію і інш. Заснавальнікі анатоміі: Арыстоцель, К.​Гален, Везалій, Леанарда да Вінчы, У.​Гарвей і інш. У Расіі найб. значныя даследаванні ў 18—19 ст. па пытаннях будовы і функцыі страўніка (А.​П.​Пратасаў), будовы нырак (А.​М.​Шумлянскі), стварэнні тапаграфічнай анатоміі (М.​І.​Пірагоў), рус. анат. тэрміналогіі (М.​І.​Шэін). У 19 ст. засн. першая рус. анат. школа (П.​А.​Загорскі, 1807), складзены анатамічны слоўнік (Н.​М.​Амбодзік-Максімовіч). Прагрэсу анат. навукі спрыялі таксама працы П.​С.​Лесгафта, Дз.​М.​Зёрнава, У.​А.​Беца, В.​П.​Вараб’ёва, У.​М.​Танкова, Дз.​А.​Жданава, Б.​М.​Долга-Сабурава і інш.

На Беларусі 1-е анатаміраванне цела праведзена ў 1586 у Гродне для ўдакладнення прычыны смерці караля Стафана Баторыя. Станаўленне сучаснай анат. навукі звязана з арганізацыяй у 1921 кафедры анатоміі на мед. ф-це БДУ. Заснавальнік — С.​І.​Лябёдкін, які стварыў нац. школу марфолагаў. Н.-д. работа вядзецца на кафедрах анатоміі Віцебскага, Гомельскага, Гродзенскага, Мінскага мед. ін-таў, Бел. акадэміі фізічнай культуры і спорту, у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, БДУ і інш. Значную ролю ў развіцці анатоміі адыгралі працы Д.​М.​Голуба па праблемах эмбрыягенезу чалавека і жывёл, вывучэнні структурнай арганізацыі вегетатыўнай нерв. сістэмы, нерв. шляхоў і дапаўняльных цэнтраў інервацыі. Высветлена анатомія сімпатычнага ствала, нерваў наднырачнікаў, крывяносных сасудаў і інш. органаў (А.​С.​Леанцюк, А.​П.​Амвросьеў, П.​І.​Лабко і інш.). Даследуюцца будова лімфатычных сасудаў касцей і суставаў (У.​І.​Ашкадзёраў), касцявы і перапончаты лабірынты чалавека і жывёл (З.​І.​Ібрагімава), узроставыя асаблівасці галаўнога мозга чалавека і яго артэрыяльных сасудаў (А.​М.​Габузаў). Існуе навук. т-ва анатамаў, гістолагаў і эмбрыёлагаў.

Літ.:

Анатомия человека. Т. 1—2. 2 изд. М., 1993;

Акаевский А.И. Анатомия домашних животных. 3 изд. М., 1975.

П.​І.​Лабко.

т. 1, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛО́ГІЯ (ад бія... + ...логія),

сістэма навук пра жывую прыроду. Даследуе ўсе праяўленні жыцця: будову і функцыю жывых істот і іх прыродных згуртаванняў, пашырэнне, паходжанне і развіццё, сувязі паміж імі і з нежывой прыродай. Тэрмін «біялогія» прапанаваны франц. прыродазнаўцам Ж.Б.Ламаркам і ням. вучоным Г.​Р.​Трэвіранусам (1802). Адны з першых у біялогіі склаліся комплексныя навукі па аб’ектах даследавання: пра жывёл — заалогія, расліны — батаніка, бактэрый — мікрабіялогія, вірусы — вірусалогія, прасцейшых — пратысталогія. Будову арганізмаў вывучаюць цыталогія, гісталогія, анатомія, функцыі жывых сістэм — фізіялогія жывёл, раслін, чалавека, узаемаадносіны жывых істот паміж сабой і з умовамі навакольнага асяроддзя — экалогія, заканамернасці спадчыннасці і зменлівасці — генетыка, індывід. развіццё — біялогія развіцця, гіст. развіццё жывога — эвалюцыйнае вучэнне. На стыку біялогіі з іншымі навукамі ў 20 ст. ўзніклі і развіваюцца біяхімія, біяфізіка, біёніка, біягеаграфія, радыебіялогія і інш.

Першыя працы па сістэматыцы жывёл вядомы з 4 ст. да н.э. (Арыстоцель), раслін — з 4—3 ст. да н.э. (Тэафраст), пра ўнутр. будову жывёл і чалавека — з 5—2 ст. да н.э. (Гіпакрат, Гален). У сярэднія вякі ішло паступовае назапашванне біял. ведаў. У эпоху Адраджэння праведзена анатаміраванне чалавечага цела (А.​Везалій, 1543), у 17 ст. апісаны кругі кровазвароту чалавека (У.Гарвей, 1628), шырока разгарнуліся мікраскапічныя даследаванні раслін (Р.Гук, 1665, М.Мальпігі, 1675—79) і жывёл (А.Левенгук, 1673). У 1735 упершыню ўведзена бінарная наменклатура і найб. поўная штучная класіфікацыя жывёл і раслін (К.Ліней). Пазней былі адкрыты цытаплазма (Я.​Пуркіне, 1825) і ядро (Р.Броўн, 1837) клетак, а ў 1839 сфармулявана клетачная тэорыя (Т.Шван), якая мела вял. значэнне ў развіцці тэорыі эвалюцыі арган. свету. Эвалюцыйная тэорыя распрацавана Ламаркам («Філасофія заалогіі», 1809) і Ч.​Дарвінам («Паходжанне відаў...», 1859). Сфармуляваныя ў 1865 Г.Мендэлем асн. генет. заканамернасці наследавання атрымалі пацвярджэнне і тлумачэнне на аснове храмасомнай тэорыі спадчыннасці (Т.Морган, 1911). Вызначэнне структуры малекулы ДНК (Дж.Уотсан, Ф.Крык, 1953) прывяло да развіцця малекулярнай біялогіі. У галіне фізіялогіі жывёл І.П.Паўлавым (1903) распрацавана вучэнне аб умоўных рэфлексах і вышэйшай нерв. дзейнасці. У 1920—30-я г. створана эвалюцыі сінтэтычная тэорыя (С.С.Чацверыкоў, Дж.​Холдэйн, Р.​Фішэр, С.​Райт, Ф.​Г.​Дабржанскі). Вял. дасягненне біялогіі — стварэнне вучэння пра біясферу (У. І.Вярнадскі, 1926) і біягеацэнозы (У.М.Сукачоў, 1942). Значныя заслугі ў развіцці біялогіі належаць рус. вучоным К.А.Ціміразеву, У.А.Кавалеўскаму, А.А.Кавалеўскаму, І.І.Мечнікаву, І.М.Сечанаву, А.М.Северцаву, І.І.Шмальгаўзену і інш.

Развіццё біял. навукі на Беларусі пачалося пасля 1917. Тэарэт. і практычныя праблемы біялогіі распрацоўваюць навук. ўстановы Аддз. біял. навук АН Беларусі, ВНУ, НДІ Мін-ваў аховы здароўя, сельскай гаспадаркі і харчавання, лясной і рыбнай гаспадаркі Беларусі. Даследаваліся ферменты глебы і іх уплыў на рост раслін (В.Ф.Купрэвіч), працэс фотасінтэзу і роля інш. пігментаў у раслін (Ц.М.Годнеў, М.М.Ганчарык). Распрацаваны навук. асновы гетэрозісу і вынікі ўздзеяння іанізавальнымі выпрамяненнямі (М.В.Турбін), колькасныя заканамернасці спадчыннасці і механізм хім. мутагенезу (П.Ф.Ракіцкі). Вывучалася будова перыферычнай нерв. сістэмы і знойдзены шляхі аднаўлення функцыі ўнутр. органаў пры яе пашкоджаннях (Д.М.Голуб), даказана існаванне асобнага тыпу адчувальных нерв. праваднікоў, якія з’яўляюцца асновай вегетатыўных рэфлексаў (І.А.Булыгін). Праведзены даследаванні ў галіне аграхіміі (А.К.Кедраў-Зіхман, С.Н.Іваноў, Т.Н.Кулакоўская), зялёных угнаенняў (Я.К.Аляксееў), меліярацыі (С.Г.Скарапанаў), селекцыі раслін (П.І.Альсмік, А.І.Лапо) і жывёл (М.М.Замяцін). Распрацоўваюцца спосабы аховы насельніцтва ад уздзеяння выпрамяненняў радыенуклідаў на тэрыторыях, забруджаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (Я.Ф.Канапля).

Літ.:

Лункевич В.В. От Гераклита до Дарвина: Очерки по истории биологии. Т. 1—2. 2 изд. М., 1960;

Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;

История биологии с начала XX века до наших дней. М., 1975;

Кемп П., Армс К. Введение в биологию: Пер. с англ. М., 1988.

Р.​Г.​Заяц.

т. 3, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЫЦЫ́НА (лац. medicina ад medeor лячу),

сістэма навуковых ведаў і практычных прыёмаў, накіраваных на зберажэнне і ўмацаванне здароўя людзей, папярэджанне, распазнаванне і лячэнне хвароб, падтрыманне актыўнага даўгалецця; састаўная ч. аховы здароўя. Вывучае будову, працэсы жыццядзейнасці арганізма ў норме і паталогіі, уплыў фактараў прыроднага і сац. асяроддзя на здароўе і хваробы чалавека; выкарыстоўвае біял., мех., хім., фіз., псіхал. фактары для зберажэння і ўмацавання здароўя. На стан і ўзровень развіцця М., змест і метады мед. дзейнасці ўплываюць матэрыяльныя ўмовы жыцця грамадства, узровень развіцця эканомікі, агульны ўзровень культуры, дасягненні навукі і тэхнікі. Праблемы здароўя звязаны са згубнымі прывычкамі людзей (алкагалізм, курэнне, ужыванне наркотыкаў, таксічных рэчываў і інш.). Найважнейшы кірунак дзейнасці М. — фарміраванне здаровага ладу жыцця. М. падзяляецца на 3 групы дысцыплін: медыка-біялагічныя (анатомія, біяфізіка, біяхімія, вірусалогія, генетыка медыцынская, гісталогія, паразіталогія, паталагічная анатомія, паталагічная фізіялогія, таксікалогія, фармакалогія, фізіялогія), клінічныя (акушэрства, анкалогія, артапедыя, афтальмалогія, венералогія, гастраэнтэралогія, гематалогія, герыятрыя, дэрматалогія, інфекцыйныя хваробы чалавека, курарталогія, лячэбная фізічная культура, неўрапаталогія, нейрахірургія, нефралогія, педыятрыя, псіхіятрыя, радыялогія медыцынская, рэаніматалогія, стаматалогія, траўматалогія, уралогія, эндакрыналогія і інш.) і гігіенічныя (гігіена, мікрабіялогія, эпідэміялогія і інш.). Асобна вылучаюць навукова-практычныя комплексы мэтавага прызначэння: ваенная медыцына, касмічная медыцына, спартыўная медыцына і інш.

Звесткі пра М. вядомы з глыбокай старажытнасці. Ужо ў першабытным грамадстве людзі ўжывалі лекі расл., жывёльнага, мінер. паходжання, умелі памагаць пры родах, раненнях, рабілі некат. аперацыі (нават трэпанацыю чэрапа). У часы язычніцтва лекарамі пераважна былі вешчуны, знахары, жрацы. Асновы народнай медыцыны мелі эмпірычны і стыхійна-матэрыяліст. характар. Багатая мед. спадчына Стараж. Кітая і Індыі. Дасягненні М. ў Стараж. Грэцыі абагульніў Гіпакрат (5 ст. да н.э.). У сярэдневяковай Еўропе М. падпарадкоўвалася царкве, знаходзілася пад уплывам схаластыкі, што тармазіла яе развіццё. У эпоху Адраджэння ў М. ўмацаваліся клінічны і эксперым. метады, развівалася анатомія (А.Везалій) і інш. У 17 ст. У.Гарвей распрацаваў вучэнне аб кровазвароце, М.Мальпігі — аб кровазвароце ў капілярах. З 18 ст. развіваўся даследчы кірунак у М. У 19 ст. распрацаваны метады фіз. дыягностыкі, заснаваны тэорыя клетачнай паталогіі (Р.Вірхаў) асновы бактэрыялогіі і імуналогіі (Л.Пастэр, І.І.Мечнікаў), ваенна-палявой хірургіі (М.І.Пірагоў), удасканалены хірург. аперацыі (М.В.Скліфасоўскі, М.​А.​Вельямінаў), вучэнне пра ролю нерв. сістэмы пры хваробах (С.​Ч.​Боткін) і інш. У 20 ст. распрацаваны вучэнне пра вышэйшую нерв. дзейнасць (І.П.Паўлаў), фізіял., гігіенічныя і біял. асновы тэрапіі, сувязь арганізма з навакольным асяроддзем (Боткін, Р.​А.​Захар’ін, А.​А.​Астравумаў), пра вітаміны, хіміятэрапеўтычныя сродкі. Укаранёны ў практыку гіпатэрмія, пераліванне крыві, трансплантацыя і інш.

На Беларусі ў 15—16 ст. ствараліся шпіталі ў Брэсце (у 1495 і 1508), Мінску (1513), Мазыры (1516), аптэкі. Працы Ф.Скарыны, С.Буднага, Сімяона Полацкага фарміравалі навук. мед.-біял. думку (гл. Медыцынская адукацыя). У склад навук. устаноў Беларусі, якія займаюцца пытаннямі М. (1999), уваходзяць 14 НДІ і 2 навук.-практычныя цэнтры, у т. л. Анкалогіі і медыцынскай радыялогіі НДІ, Аховы мацярынства і дзяцінства Беларускі НДІ, Кардыялогіі Беларускі НДІ і інш., дзе працуюць больш за 3 тыс. навук. супрацоўнікаў, у т. л. 339 д-роў мед. навук, 1356 канд. мед. навук. Бел. вучоныя зрабілі значны ўклад у развіццё М.: І.​А.​Бірыла распрацаваў методыку ажыўлення хворых унутрыартэрыяльным уліваннем крыві, І.С.Лягенчанка, Л.С.Персіянінаў — метады ажыўлення нованароджаных пры асфіксіі, А.Я.Пракапчук — лячэнне чырв. ваўчанкі, І.М.Стальмашонак — аперацыі пластыкі стрававода, Т.В.Бірыч — лячэнне хвароб вачэй кіслародам, М.Я.Саўчанка — аперацыйнае аднаўленне інервацыі ўнутр. органаў, А.​У.​Шот — пратэзаванне клапанаў сэрца, Ц.Е.Гніларыбаў — трансплантацыю эндакрынных залоз і тканак і інш. У канцы 1990-х г. навук. даследаванні па М. выконваліся па 9 дзярж. навук.-тэхн. праграмах: анкалогія, кардыялогія, інфекц. хваробы, стаматалогія і хірургія сківіц і твару, рэабілітацыя, дыягнастычныя і лячэбныя тэхналогіі, дзеці Беларусі, навакольнае асяроддзе, а таксама па 19 асобных навук.-тэхн. праектах. У Мінскім мед. ін-це распрацаваны уніфікаваныя схемы медыкаментознай тэрапіі вострага інфаркту міякарда, прафілактыкі і лячэння плацэнтарнай недастатковасці антыаксідантным комплексам вітамінаў, хірург. лячэння язвенай язвавай хваробы страўніка і інш., у Віцебскім — доследныя ўзоры магн. сепаратараў крыві і інш.; у Гродзенскім — метады кансервацыі біяпластычных тканак для трансплантацыі, у Гомельскім — вывучаны ўплыў злучанага ўздзеяння на арганізм радыенуклідаў і хім. злучэнняў у дародавы і пасляродавы перыяды. У Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў створаны паўаўтааналізатар электралітаў крыві і інш. біял. вадкасцей, фізіятэрапеўт. апаратура, вывучаны ўплыў цяжкіх металаў і мікраэлементаў на здароўе дзяцей.

Літ.:

Крючок Г.Р. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976;

История медицины. М., 1981;

Грицкевич В.П. С факелом Гиппократа. Мн., 1987.

Э.​А.​Вальчук.

т. 10, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)