перга́ментны, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены з пергаменту (у 1 знач.). На стале, на крэслах, проста на падлозе ляжалі жаўтаватыя, пергаментныя, і белыя, папяровыя, скруткі карт, стальныя і гусіныя пер’і, чарніліцы з атрамантам. Караткевіч. // Які мае адносіны да пергаменту. Пергаментная майстэрня.

2. перан. Які нагадвае сваім выглядам пергамент; жаўтаваты. Пергаментны твар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нае́дак, ‑дку, м.

Разм. Тое, чым можна наесціся; пажыўнасць яды. Яблыкі — не вялікі наедак. Які з цукерак наедак? □ Даўгулевіч.. абсмоктваў гусіныя лапкі. Наедак, праўда, невялікі, але Даўгулевіч не мог ад яго адарвацца. Гурскі. [Цешча:] — Ат, кідай сёрбаць, які з таго варыва наедак. Я табе, Міхаська, лепш драчонаў.. дам. Б. Стральцоў. // Пажыва. У засені зараснікаў нерухома стаяць вялізныя, як плашкі, шчупакі, пільнуючы сабе наедку. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Каўду́н ’вантрабянка’ (Сцяшк. МГ). Параўн. у Фасмера, 2, 288, колдуны́ ’пельмені’; параўн. далей польск. kołdun ’піражок з сырога мяса’, чэш. kaldounгусіныя вантробы’. Падрабязны агляд у слав. мовах у Слаўскага, 2, 35. Запазычанне з с.-в.-ням. крыніцы: kaldūneпольск. мове ўжо ў XIV ст.), ням. Kaldaunenням. мове ўзята з с.-лац. caldūna: да cal(i)dus ’цёплыя вантробы толькі што забітай жывёлы’). Гл. Фасмер, там жа; Слаўскі, там жа; Бернекер, 1, 472.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГУСЕПАДО́БНЫЯ, пласціністадзюбыя (Anserformes),

атрад вадаплаўных птушак. 2 сям.: паламедэі (Anhimidae, 2 роды, 3 віды; жывуць у Паўд. Амерыцы па ўзбярэжжах мелкаводных вадаёмаў) і качыныя (43 роды, 147 відаў, пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды). У сям. качыных 3 падсям.: паўлапчатыя гусі, гусіныя (лебедзі, казаркі, гусі, дрэвавыя качкі) і качыныя (крахалі, пяганкі, качкі). У Чырв. кнізе МСАП 15 відаў гусепадобных. На Беларусі 30 відаў з сям. качыных, з іх 14 відаў гняздуюцца, 11 пралётных, 5 выпадкова залётных. У Чырв. кнігу занесена 8 відаў: белавокі нырэц, свіязь, шылахвостка, вялікі і даўгадзюбы крахалі, звычайны гогаль (гл. Гогаль), лебедзь-шыпун, чырвонаваллёвая казарка.

Даўж. цела гусепадобных 38—180 см, маса ад 300 г (чырок-траскунок) да 13 і больш кг (лебедзь-шыпун). Цела ўкрыта густым пухам і пер’ем і змазваецца сакрэтам копчыкавай залозы. Афарбоўка разнастайная, розная ў самцоў і самак. Шыя доўгая, ногі кароткія, з плавальнай перапонкай. Дзюба падоўжаная, плоская. Большасць відаў — манагамы. Гняздуюцца парамі. Гнёзды каля вады на беразе або на вадзе сярод расліннасці, зрэдку ў дуплах дрэў і інш. Нясуць 2—15 яец. Вывадкавыя птушкі. Корм раслінны і жывёльны. Многія — аб’екты палявання, птушкагадоўлі. Гл. таксама Гусі свойскія.

Л.​В.​Кірыленка.

т. 5, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Патрахі́, па́трахі, по́трахі, по́трохі, по́трох ’вантробы’ (маладз., глус., Янк. Мат.; КЭС, лаг.; ТС; Чач.), па́трашыць ’выварочваць вантробы’ (Касп., Нас.; КЭС, лаг.), патрашы́ць ’вымаць вантробы’ (ТСБМ, Шат.), даўг. патрушы́ць ’патрашыць (курыцу)’ (Сл. ПЗБ), віц. патыршы́ць ’раздзяляць тушу на часткі’ (Шн. 2). Укр. по́трух, потрушо́к, потрухи́, потрушити, патроха́ти, рус. по́трох, потроши́ть, польск. patrochy ’тс’. Да троха, трошкі, трохі (гл.). Аналагічна польск. podróbki, podróbce ’патрахі’ > drobny ’дробны’, ням. Gänsekleinгусіныя патрахі’ < …klein ’малы’ (Брукнер, 576; ён жа, KZ, 43, 304; Праабражэнскі, 2, 117; Фасмер, 3, 346). Сюды ж кам. потроша́нка ’вантрабянка’ (Сл. Брэс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

недаро́стак, ‑тка, м.

1. Чалавек, які не дасягнуў паўналецця; падлетак. Сталыя мужчыны прыносілі з дому сала, курыныя яйкі і гарэлку, падшывальцы і недаросткі, якіх не бралі старэйшыя ў свой гурт, рабавалі качыныя і гусіныя гнёзды. Асіпенка.

2. Чалавек, жывёла або расліна нізкага росту. Як паехаў [унук] худым ды бледным недаросткам, такім і [назад] з’явіўся. Ракітны. Дзе-нідзе сустракаюцца бярозкі і асіны, нізенькія, прыгнечаныя сасонкі-недаросткі. В. Вольскі.

3. перан. Той, хто не дасягнуў грамадскай, інтэлектуальнай сталасці. Літаратурныя недаросткі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

не́хаця, прысл.

Неахвотна, без жадання. Працаваў .. [Язэгі] нехаця, .. на яго паласе заўсёды быў самы дрэнны ўраджай. Лупсякоў. [Стары:] — Пірат, на месца! — Сабака ўтуліўся і нехаця пасунуўся ў будку. Грахоўскі. На вуліцы гусіныя чароды паволі і нехаця, з крыкам саступаюць дарогу машынам. Хведаровіч. // Без намеру, незнарок, міжвольна. Штурхнуць суседа нехаця. □ На будоўлі не заснеш, ад брыгады не схаваешся. Гэта не каса і не граблі, што кінуў пад куст, а сам у цянёк. Тут нехаця падставіш плячо, падхопіш бервяно, паможаш таварышу. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацягну́цца, ‑цягнуся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.

1. Выпрастаць стомленыя ў аднастайнай паставе канечнасці, стан. Галас падняўся, пацягнуўся і пазяхнуў. Колас. У паясніцы нібы завесы заржавелі — не разагнуцца. Але пацягнешся моцна да хрусту касцей, лінеш на твар халоднай вады, пройдзеш разы два па хаце і сціхне патроху нудны боль у плячах. Крапіва. [Казік] выцягнуў з-пад посцілкі рукі і з асалодай пацягнуўся. Чарнышэвіч.

2. Падацца корпусам у якім‑н. напрамку, працягнуць руку, галаву да каго‑, чаго‑н. [Гаварушка] пацягнуўся яшчэ, каб злавіць яе [Ніны] руку, але яна адбеглася. Лобан. Васіль узняў галаву, і рука яго міжвольна пацягнулася да пісталета. Шашкоў. Перабіраючы адвіслымі губамі, да .. [Міколы] пацягнулася конская морда. Новікаў. // Пачаць цягнуцца ўгору, расці (пра расліны). І зямля наверх пагнала сокі З тых глыбінь, дзе дбайна берагла, І адразу ясакар высокі Пацягнуўся лісцем да святла. Кірэенка.

3. Пачаць рухацца, накіравацца ў адным напрамку цугам, чарадой. У калгасны склад паплылі цэмент, цвікі, жалеза, пацягнуліся фурманкі з лесам. Сергіевіч. Кароўкі ў парадку, адна за другою, пацягнуліся ў лес. Колас. Пераклікаючыся ў небе, роўнымі шнурамі пацягнуліся на поўдзень гусі. Скрыпка. // Павольна пайсці следам за кім‑, чым‑н., разам з кім‑н. Саўка з начальнікам пайшлі па вёсцы. Паліцэйскія пацягнуліся ўслед. Федасеенка. Табун павольна пацягнуўся за .. [Алесем]. Караткевіч. / Пра думкі, успаміны. Ну, скажы ты, якія чэпкія гэтыя ўспаміны! Успыхне ў памяці адно, за ім пацягнецца другое... Палтаран.

4. Павольна, з цяжкасцю пайсці; паплесціся. Міхал сабраўся, апрануўся і ў лес павольна пацягнуўся. Колас. // Пачаць павольна распаўсюджвацца, рухацца ў якім‑н. напрамку (пра дым, пыл і пад.). Чорныя шлейфы .. дыму [ад месераў] перакрыжаваліся і пацягнуліся да зямлі. Алешка. Гануля і не заўважыла, што не прыкруціла кноту, языкі агню пацягнуліся ўверх, пацямнела шкло. Гурскі.

5. Пачаць павольна, аднастайна праходзіць (пра дні, гадзіны, гады). Дні пацягнуліся аднастайныя, страшэнна падобныя адзін на другі. Навуменка.

6. Працягнуцца, размясціцца на вялікай адлегласці, прасторы, уздоўж чаго‑н. Абапал дарогі пацягнуліся шэрыя, апусцелыя палі. Гамолка. На многія кіламетры пацягнулася камяністая пустыня. Шыцік. // Быць працягнутым у якім‑н. напрамку. Вакол гарнізонаў .. пацягнулася павуцінне калючых дратоў. Брыль. // Пралегчы, выдзяляючыся на чым‑н. Па лужынах пацягнуліся бліскучыя сінія пісягі — ад масла і дыму. Пташнікаў. Гусіныя лапкі маршчакоў пацягнуліся на скроні. Алешка.

7. перан. Адчуць цягу, схільнасць да каго‑, чаго‑н. Ён першы загаварыў у Руднічах пра калгас і першы ўступіў у яго. За бацькам пацягнулася ўся бедната. Курто. Калі прыйшла канчатковая перамога, дзеці былых беднякоў пацягнуліся да навукі. Сергіевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)