ІРА́СЕК ((Jirásek) Алоіс) (23.8.1851, г. Гронаў, Чэхія — 12.3.1930),
чэшскі пісьменнік. Скончыў Карлаў ун-т у Празе (1876). У гіст. раманах «Скалакі» (1875), «Псаглаўцы» (1884), эпапеях «Паміж плынямі» (т. 1—3, 1887—90), «Ф.Л.Век» (т. 1—5, 1888—1906), «Супраць усіх» (1893), «У нас» (1896—1903), «Брацтва» (т. 1—3, 1898—1908), «Цемра» (1915), «Гусіцкі кароль» (1916—20) стварыў летапіс найважнейшых падзей у гісторыі чэш. народа, сярод якіх гусіцкія войны, нар. паўстанні і інш. Яго творам уласцівы падзейна-часавая маштабнасць, глыбокі псіхалагізм у раскрыцці масавай свядомасці, даставернасць апісання побыту і нораваў розных эпох і народаў, вастрыня канфліктаў. Аўтар зб. «Горныя апавяданні» (1878), гіст.драм. («Ян Жыжка», 1903, «Ян Гус», 1911, «Ян Рогач», 1914), аповесцей, апавяданняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСІ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ,
нацыянальна-рэліг. барацьба чэш. народа за рэформу каталіцкай царквы, супраць ням. засілля і іншаземнай інтэрвенцыі ў 1-й пал. 15 ст. Прычынай Гусіцкіх войнаў стаў крызіс, які ахапіў каталіцкую царкву на мяжы 14—15 ст. і выклікаў падзенне яе аўтарытэту. Вышэйшае чэш. духавенства сканцэнтравала ў сваіх руках велізарныя багацці, жыло ў раскошы, чым выклікала да сябе нянавісць у народзе. З рэзкай крытыкай царквы і існуючых у ёй парадкаў выступіў мысліцель і прапаведнік Ян Гус, асуджэнне якога Канстанцкім царк. саборам і спаленне выклікалі абурэнне ва ўсёй Чэхіі і сталі штуршком да Гусіцкіх войнаў. 30.7.1419 пражскія гусіты (назва ўсіх прыхільнікаў ідэй Гуса) на чале з Я.Жэліўскім узнялі паўстанне і захапілі ўладу ў горадзе. Пасля смерці караля Вацлава IV (1419) паўстала ўся Чэхія, народ распраўляўся з патрыцыятам (у асноўным нямецкім) і каталіцкімі прэлатамі, граміў кляштары. Ужо ў першыя месяцы вайны адбылося размежаванне сярод гусітаў. Дробнае рыцарства і бюргерства ўтварылі памяркоўнае крыло гусітаў — чашнікі (чаша — сімвал царк. рэформы), якія задачы рэфармацыі каталіцкай царквы вызначылі ў Пражскіх артыкулах 1420. Гар. нізы і сялянства ўтварылі радыкальнае крыло, што атрымала назву табарыты (ад гары Табар). Табарыты патрабавалі рэфармацыі, заклікалі да ліквідацыі феад. парадкаў. Вясной 1420 пераемнік Вацлава IV Сігізмунд І арганізаваў супраць гусітаў крыжовы паход і ўзяў у аблогу Прагу. На дапамогу гораду прыйшлі гусіцкія атрады на чале з Я.Жыжкам і 14.7.1420 разграмілі крыжакоў на Віткавай гары. Земскі сейм (1421) пазбавіў Сігізмунда І чэш. прастола і стварыў часовы ўрад. Восенню 1421 Сігізмунд І арганізаваў 2-і крыжовы паход, захапіў Маравію і частку Усх. Чэхіі. У студз. 1422 крыжакі двойчы былі разбіты гусітамі каля Кутна-Гары і Нямецкі-Броду. У пошуках саюзнікаў супраць крыжакоў чашнікі прапанавалі чэш. карону вял.кн.ВКЛ Вітаўту. Замест сябе Вітаўт паслаў кн. Жыгімонта Карыбутавіча, які на чале 5-тысячнага бел.-літ. войска ў маі 1422 увайшоў у Прагу і быў каранаваны чэш. сеймам. Але з-за пазіцыі рымскага папы Вітаўт вымушаны быў адклікаць Жыгімонта Карыбутавіча. Пасля смерці Я.Жыжкі (1424) войска табарытаў узначаліў Пракоп Вялікі (Голы). На чале з ім табарыты і чашнікі 16.6.1426 каля Усці-над-Лабай разбілі войска папы і ням. курфюрстаў (3-і крыжовы паход). 4-ы крыжовы паход таксама скончыўся паражэннем крыжакоў пад Тахавам у жн. 1427. З гэтага моманту перавага гусітаў была неаспрэчнай. У 1427—33 гусіты здзейснілі паспяховыя паходы ў Аўстрыю, Баварыю, Маравію, Сілезію, Саксонію і інш. У 1431 папскі нунцый Дж.Чэзарыні арганізаваў 5-ы, самы буйны крыжовы паход; 14.8.1431 каля Домажліцы крыжакі панічна адступілі ў ням. землі. Супярэчнасці паміж чашнікамі і табарытамі ў 1434 выліліся ў ваен. супрацьстаянне. 30.5.1434 войска чашнікаў у бітве пад Ліпанамі разбіла табарытаў. 5.7.1436 у Іглаве чашнікі заключылі мір з Сігізмундам І і Базельскім саборам і падпісалі т.зв. кампактаты (пагадненні), у якіх са значнымі агаворкамі была легалізавана гусіцкая царква, праведзена секулярызацыя царк. маёмасці. У ходзе Гусіцкіх войнаў чэш. гарады пашырылі свае правы, б. каралеўскія гарады дамагліся поўнага самакіравання. Гусіцкія ідэі сталі правобразам еўрап.Рэфармацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРАДЖЭ́ННЕ, Рэнесанс,
эпоха станаўлення ў Еўропе духоўнай культуры Новага часу (14—1-я пал. 17 ст.). Абумовіла прагрэс. змены ў эканам. і сац.-паліт. жыцці еўрап. краін: развіццё гарадоў, зараджэнне элементаў бурж. адносін і таварна-грашовай гаспадаркі, фарміраванне нац. дзяржаў і абсалютных манархій, актывізацыю антыфеад. рухаў і рэліг. барацьбы, секулярызацыю духоўнага жыцця грамадства. У паняцце «Адраджэнне» ўключаюць таксама грамадска-культ. рух у еўрапейскіх, у т. л. славянскіх, народаў, знітаваных агульным духоўна-культ. уздымам, вызв. барацьбой, абуджэннем нац. свядомасці і станаўленнем дзяржаўнасці (каралінгскае Адраджэнне, балгарскае Адраджэнне і інш.). М.Багдановіч, аўтар паняцця «беларускае Адраджэнне», уключаў у гэты працэс і нац.-культ. развіццё бел. народа ў 16 — пач. 20 ст. (гл.Адраджэнне нацыянальнае). Характэрная асаблівасць Адраджэння — зварот да культуры антычнасці як зыходнага пункта для фарміравання новай, пераважна свецкай, еўрап. культуры, апорай якой станавіліся гарады, двары і маёнткі феадалаў, багатых мяшчан, а выразнікамі — прадстаўнікі новай інтэлігенцыі, перадавыя грамадскія і паліт. дзеячы і інш. У іх асяроддзі фарміраваўся рэнесансава-гуманіст. светапогляд, аснову якога складалі тры вядучыя прынцыпы: вучэнне пра абсалютную свабоду (неабмежаваныя магчымасці чалавека ў яго адносінах да свету, самога сябе, пазнання і творчасці); уяўленне пра самакаштоўнасць чалавечага жыцця, або рэнесансавы антрапацэнтрызм; натуралізм як пераважны спосаб інтэрпрэтацыі прыродна-сац. рэчаіснасці і чалавека. У культуры і светапоглядзе рэнесансавых гуманістаў побач з раннебурж., саслоўна-класавымі сцвярджаліся вечныя, агульначалавечыя каштоўнасці; свецкія элементы цесна перапляталіся з рэліг., хрысціянскія — з язычніцкімі, натуралістычныя і навук. — з містычнымі і астралагічнымі, ідэі «агульнага дабра» — з гранічным індывідуалізмам і амаралізмам; вучэнне пра высокую годнасць чалавека. — з усведамленнем яго бяссілля ў існуючых грамадскіх умовах. Эпоха Адраджэння адметная вял.геагр. адкрыццямі, буйнымі дасягненнямі ў развіцці тэхнікі, навукі і мастацтва, узнікненнем кнігадрукавання.
У розных краінах Адраджэнне не супадала храналагічна і тыпалагічна. У адрозненне ад класічнага італьян. Адраджэння, рэнесансавую культуру ў некаторых краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы (Германія, Скандынаўскія краіны, Англія і г.д.) называюць Паўночным Адраджэннем, асаблівасці якога: кампраміс з сярэдневяковымі традыцыямі, сувязь з рэліг. і нац.-культ. рухамі, Рэфармацыяй і інш. Да такога тыпу належыць і ўсходнееўрап. Адраджэнне (Беларусь, Украіна, Літва), дзе інтэнсіўна развіваліся нац. самасвядомасць, навука і культура, значных поспехаў дасягнулі л-ра і мастацтва.
Навука і тэхніка. Адной з адметных рысаў эпохі Адраджэння было ўзнікненне навук. прыродазнаўства. Гэтаму спрыялі практычныя патрэбы грамадства (гандаль, мараплаванне, буд-ва, ваен. справа), а таксама ўзнікненне новага, антыдагматычнага светапогляду.
Найб. значныя адкрыцці ў астраноміі, геаграфіі, тэхніцы, Вялікія геаграфічныя адкрыцці (Х.Калумба, Васка да Гамы і інш.) пацвердзілі шарападобнасць Зямлі і стымулявалі станаўленне геалогіі, батанікі, заалогіі і этнаграфіі. Адкрыццё М.Капернікам геліяцэнтрычнай сістэмы свету дало новы імпульс развіццю дакладнага прыродазнаўства, што прывяло да стварэння ў канцы 17 ст. механікі І.Ньютана. Італьян. вучоны А.Везалій працай «Пра будову чалавечага цела» (1543) заклаў асновы анатоміі. Ісп. вучоны М.Сервет блізка падышоў да адкрыцця кругавароту крыві ў арганізме. Хім. даследаванні ўласцівасцяў розных мінералаў (Ф.Парацэльс і інш.) далі пачатак навук. фармакалогіі, садзейнічалі ўзнікненню клінічнай медыцыны і новых метадаў лячэння хваробаў. У выніку адкрыццяў у матэматыцы, механіцы і астраноміі знойдзены спосабы рашэння агульных ураўненняў 3-й і 4-й ступеняў (італьян. матэматыкі Дж.Кардана, Н.Тарталья, Л.Ферары), распрацавана сучасная літарная сімволіка (франц. матэматык Ф.Віет), уведзены дзесятковыя дробы і адкрыты закон раўнавагі сіл на нахільнай плоскасці (галандскі вучоны С.Стэвін). Эксперыментальна вывучаліся законы падзення целаў (Г.Галілей), руху планет (І.Кеплер), стваралася тэорыя простых механізмаў. Леанарда да Вінчы сканструяваў ткацкі станок, прадзільную і землечарпальную машыны, прапанаваў праекты лятальнага апарата, парашута і вял. гідратэхн. збудаванняў. Дасягненні матэматыкі і механікі спрыялі развіццю буд. справы, архітэктуры і караблебудавання. Вырабляліся машыны і механізмы для падымання грузаў і інш. работ, гідраўлічныя рухавікі, такарныя станкі, агнястрэльная зброя, удасканальваліся працэсы выплаўкі металаў і шліфавання шкла. Вынаходства падзорнай трубы і мікраскопа ўзбагаціла эксперым. метады даследаванняў. Усё гэта спрыяла аб’ектыўнаму пазнанню рэчаіснасці, развіццю філас. думкі, пашырэнню асветы і адукацыі.
Філасофія Адраджэння процістаяла схаластыцы, хоць і не парывала з сярэдневяковай традыцыяй. Вылучаліся яе этыка-гуманіст., неаплатанічная і натурфілас. лініі. Першая (Калуна Салютацы, Леанарда Бруні, Ларэнца Вала, Піка дэла Мірандала, Эразм Ратэрдамскі, Ф.Скарына, М.Мантэнь) вылучалася цікавасцю да чалавека, яго прызначэння, унутр. свету, магчымасцяў і свабоды, выкарыстаннем сац.-этычных ідэй памяркоўнага стаіцызму (у духу «грамадзянскага гуманізму») і эпікурэізму (у духу раннебурж. індывідуалізму). Для прадстаўнікоў Паўночнага Адраджэння характэрна спроба гуманіст. перапрацоўкі хрысц. этыкі (Эразм Ратэрдамскі, Скарына і інш.). Неаплатанічная лінія Адраджэння (М.Кузанскі, Марсіліо Фічына) знітавана з пастаноўкай радыкальных анталагічных праблем, стварэннем пантэістычнай карціны свету, распрацоўкай дыялектычных ідэй. Прадстаўнікі натурфілас. лініі (Ф.Парацэльс, Дж.Кардана, Б.Тэлезіо, А.Доні, Ф.Патрыцы, Дж.Бруна, Т.Кампанела) разглядалі свет і чалавека, зыходзячы пераважна з «уласных пачаткаў», абапіраючыся на вопыт, навук. дасягненні, гіст. практыку і нар. мудрасць. Найб. значны вынік філасофіі Адраджэння — натураліст. пантэізм (Бруна), і яго аналаг — містычны пантэізм (Т.Мюнцэр, Я.Бёме). У эпоху Адраджэння ўзнікла і новае прыродазнаўства (Леанарда да Вінчы, М.Капернік). Геліяцэнтрычнае вучэнне абумовіла радыкальны перагляд філас. уяўленняў пра сусвет. На яго падставе Бруна распрацаваў касмалагічнае вучэнне пра бясконцасць Сусвету. У той жа час рабілася намаганне аднавіць аўтэнтычнае вучэнне Арыстоцеля, скажонае схаластыкай і натуралістычнай інтэрпрэтацыяй арыстоцелізму (П.Пампанацы). Узнікла сац. утопія (Т.Мор, Кампанела, развівалася новая паліт. думка (Н.Макіявелі, Ж.Бадэн, А.Маджэўскі, А.Волан), у якой гісторыя трактавалася як вынік мэтанакіраванай дзейнасці людзей, дзярж. палітыка аддзялялася ад рэлігіі і маралі (Макіявелі) або шчыльна звязвалася з імі (Ж.Кальвін, Волан). Сац.-паліт. філасофія Адраджэння зыходзіла з перакананняў неабходнасці ўдасканальваць існуючае грамадства, дзяржаву, царкву, норавы. Рэнесансавыя ідэі адлюстраваліся ў рэфармац. вучэннях, у якіх сцвярджалася суверэннасць індывід.рэліг.-маральнай свядомасці чалавека (М.Лютэр, Скарына).
На Беларусі ў 15 — 1-й пал. 17 ст. ўжо існавалі пэўныя перадумовы для развіцця культуры Адраджэння: эканам. і сац.-паліт. ўзмацненне гарадоў, актывізацыя прагрэс. рэфармісцкага руху (агр., адм., суд., ваен. рэформы 1550—80-х г.), у выніку якіх адбывалася паліт. цэнтралізацыя і дзярж.-прававая стабілізацыя бел.-літоўскага грамадства. Сведчаннем Адраджэння на Беларусі было фарміраванне бел. народнасці і рост яе самасвядомасці, пашырэнне міжнар.культ. сувязяў, гуманіст. і рэфармацыйны рух. Секулярызацыя духоўнага жыцця тут выявілася ў развіцці адукацыі, кнігадрукавання, прытоку разнастайнай кніжнай прадукцыі з-за мяжы і камплектаванні айч. бібліятэк, мецэнацтва і ўзнікнення гуманіст. цэнтраў пры дварах буйных феадалаў (Слуцкіх, Радзівілаў, Хадкевічаў, Кішкаў, Глябовічаў і інш.), захапленні ант. культурай, станаўленні бел. л-ры і літ. мовы, развіцці гістарыяграфіі, філас. і грамадска-паліт. думкі, прававой тэорыі і практыкі, выяўл. мастацтва, архітэктуры, музыкі. На Беларусі Адраджэнне адбывалася ў спецыфічных умовах узаемадзеяння ўсх. і зах.рэліг.-царк. і духоўна-культ. тэндэнцый, станаўлення бел. культуры ў складзе поліэтн. і рознарэліг. дзярж. ўтварэння (ВКЛ, Рэчы Паспалітай), незавершанасці працэсаў нац. і дзярж. дыферэнцыяцыі бел., укр. і літ. народаў. Характэрнымі рысамі айч. Адраджэння была наяўнасць у ВКЛ адноснай рэліг. талерантнасці, узаемадзеянне і ўзаемапранікненне бел., укр., літ., польскай і рус. культур, развіццё і функцыянаванне рэнесансавай культуры ва ўмовах каталіцкай экспансіі і Контррэфармацыі. Рэнесансавы гуманізм тут часцей выяўляўся як «хрысціянскі гуманізм»: захоўваліся асн. прынцыпы хрысціянства і рэвізаваліся некаторыя яго традыцыйна-сярэдневяковыя ўяўленні і паняцці: фарміраваўся бел. менталітэт — спецыфічны спосаб светаўспрымання і светаадчування, які вызначаў нац. характар і своеасаблівасць духоўнай культуры Беларусі; развівалася айч.філас. і грамадска-паліт. думка, л-ра, архітэктура, выяўл. мастацтва, музыка, тэатр.
У развіцці айч. грамадскай думкі эпохі Адраджэння вылучаюць 3 перыяды: 1-ы (пач. 16 ст. — 1550-я г.; ад Скарыны да Рэфармацыі) звязаны з пранікненнем у грамадскую свядомасць ідэі аднаўлення; 2-і (сярэдзіна — канец 16 ст.) — з сінтэзам рэфармацыйна-гуманіст. тэорыі і сац.-дзярж. практыкі; 3-і (канец 16 ст. — 1-я пал. 17 ст.) — з рацыяналізацыяй рэнесансава-гуманіст. думкі і выхадам яе на агульнаеўрап. арэну (сацыніянства), акумуляцый рэнесансавых ідэй дзеячамі грамадска-рэліг. барацьбы, якая разгарнулася пасля Брэсцкай уніі 1596, культурай айч. барока. У галіне анталогіі, гнасеалогіі і метадалогіі ідэі Адраджэння выяўляліся пераважна ў рэліг.-тэалагічнай форме (рацыяналізм С.Буднага і інш.). Існаваў і ўласна філас. спосаб фармулёўкі асн. уяўленняў (С.Лован, К.Лышчынскі), у якіх аналізаваліся пытанні сутнасці Бога, натуры Хрыста, паходжання свету (Брэсцкая біблія, «Хроніка» М.Стрыйкоўскага), разуменне цудаў, несмяротнасці душы, замагільнага жыцця, суадносін ідэальнага і матэрыяльнага, пазнання, веры і розуму, багаслоўя і філасофіі і інш. Вучэнне айч. мысліцеляў пра мараль было заснавана на прызнанні натуральнай прыроды чалавека, перакананні ў магчымасці яе ўдасканалення праз індывід. намаганні. Гуманізаваліся і набліжаліся да рэальнага жыцця ідэі хрысц. этыкі, адраджаліся філас.-этычныя вучэнні стоікаў, Цыцэрона, эпікурэйцаў, па-новаму інтэрпрэтавалася платонаўскае і арыстоцелеўскае вучэнне пра мараль. У рамках праблемы чалавека, яго адносін да Бога, навакольнага асяроддзя, грамадства ўзнімаліся пытанні шчасця, сэнсу жыцця, агульнага і індывід. дабра, свабоды выбару, адказнасці, маральнага і інтэлектуальнага ўдасканалення, грамадз. абавязку і інш. (Скарына, М.Гусоўскі, М.Літвін, С.Кашуцкі, Волан, Якуб з Калінаўкі, М.Чаховіц, Сімяон Полацкі). Асн. праблема сац.-паліт. і прававой думкі айч. Адраджэння — удасканаленне грамадства і дзяржавы (Скарына, С.Будны, А.Валовіч, Л.Сапега, Волан). Геніяльным прадбачаннем Гусоўскага сталі ідэі экалагічнага выхавання чалавека. У працэсе станаўлення нац. самасвядомасці на 1-м этапе (16 ст.) пераважалі этнакульт. кампанент і секулярызаваная канцэпцыя нац. каштоўнасцяў (Скарына, С.Будны, В.Цяпінскі); на 2-м этапе (канец 16 — 1-я пал. 17 ст.) нац. свядомасць выяўлялася пераважна ў працэсе рэліг.-канфесіянальнага самавызначэння (С.Зізаній, М.Сматрыцкі, І.Пацей і інш.). Праблемы нац.-культ. суверынітэту бел. народа вырашаліся ў барацьбе за сцвярджэнне ў грамадстве і дзяржаве прынцыпу талерантнасці, верацярпімасці (С.Будны, Сапега, Сматрыцкі).
Літаратура. У адрозненне ад саслоўнай л-ры сярэднявечча, якая стваралася на мясц. дыялектах або на латыні, у эпоху Адраджэння ўзніклі першыя нацыянальныя (паводле мовы і значэння) літаратуры.
Росквіт італьян. л-ры ў 14—16 ст. (лірыка Ф.Петраркі, навелы Дж.Бакачыо, этычныя і паліт. трактаты палемістаў ад Петраркі да Н.Макіявелі, паэмы Л.Арыёста і Т.Таса) вылучылі італьян. культуру як трэцюю (побач з дзвюма антычнымі) класічную для інш. краін. У Германіі і Нідэрландах л-ра Адраджэння развівалася паралельна з Рэфармацыяй і знайшла ўвасабленне ў публіцыстыцы і антыклерыкальнай сатыры («Карабель дурняў» С.Бранта, «Пахвала дурасці» Эразма Ратэрдамскага, «Пісьмы цёмных людзей» У. фон Гутэна). Рэнесансавая л-ра Францыі акрамя антычнай і італьян. культуры абапіралася і на нар. «гальскую» традыцыю вальнадумства (лірыка Ф.Віёна, К.Маро); яе вяршыня — раман Ф.Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль», лірыка П.Рансара. Помнікам позняга Адраджэння (перыяду рэліг. войнаў 2-й пал. 16 ст.) сталі «Вопыты» М.Мантэня. Са слав. л-р Адраджэнне найб. яскрава праявілася ў паўд.-славянскай (т.зв. далмацінска-дуброўнідкае Адраджэнне) і ў польскай. У Дуброўніку і інш. вольных гарадах з канца 15 ст. развівалася далмацінская л-ра, блізкая да суседняй італьянскай. У Польшчы Адраджэнне звязана пераважна з узвышэннем шляхты ў 16 ст. і з Рэфармацыяй (абаронца шляхецкай дэмакратыі М.Рэй — аўтар першых твораў на польск. мове). У Англіі росквіт гуманіст. л-ры канца 16 ст. звязаны з творчасцю Ф.Сідні, Э.Спенсера, Дж.Лілі. Сусв. славу англ. Адраджэнню прынёс тэатр канца 16 — пач. 17 ст. Цікавасць да «тытанічнай» асобы, паэтызацыя нац. мінулага, народнасць ідэй, вольная форма драмы характэрныя драматургіі У.Шэкспіра. Фінальнай з’явай ісп. і ўсяго еўрап. Адраджэння стала творчасць М.Сервантэса, асабліва яго раман пра Дон Кіхота, заснаваны на трагікамічным канфлікце паміж гераічнай асобай і варожай яму сістэмай грамадскага жыцця.
Характэрная рыса літ. працэсу Беларусі эпохі Адраджэння — узаемадзеянне ўсх., візантыйска-праваслаўных і зах., лаціна-каталіцкіх традыцый, сярэдневяковых і рэнесансавых тэндэнцый. Побач з царк.-рэліг.л-рай у 15—16 ст. Усё больш выкарыстоўвалася жывая нар. мова, якая падрывала манаполію царк.-слав. мовы. З’явіліся бел. пераклады свецкіх твораў замежнай л-ры («Жыціе Аляксея, чалавека Божага», «Аповесць пра трох каралёў»), кніг Бібліі. Вял. ролю ў станаўленні нац. л-ры Беларусі адыграла свецкае дзелавое пісьменства на старабел. мове (матэрыялы велікакняжацкай і інш. канцылярый, дзярж. прывілеі, граматы, Статуты ВКЛ і інш.), новыя бел. летапісы («Беларуска-літоўскі летапіс 1446», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хроніка Быхаўца» і інш.), якія адначасова былі і гіст. аповесцямі. Высокімі літ.-маст. якасцямі вызначаліся «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага, Баркулабаўскі летапіс. Здабыткам бел. л-ры эпохі Адраджэння стала творчая спадчына паэтаў-лаціністаў пач. 16 ст. М.Гусоўскага («Песня пра зубра») і Я.Вісліцкага («Пруская вайна»). Важным этапам у развіцці айч. л-ры эпохі Адраджэння была дзейнасць Ф.Скарыны, заснавальніка ўсходнеслав. кнігадрукавання. Яго прадмовы і пасляслоўі да біблейскіх кніг — высокамаст. і арыгінальныя творы бел. л-ры пач. 16 ст. Яны сведчаць пра талент Скарыны як пісьменніка, паэта, гімнографа, рытара, мастака. На працягу 15 — пач. 17 ст. ў ВКЛ утварыўся шэраг культ.-асв. цэнтраў з буйнымі сховішчамі рукапісных і друкаваных кніг, скрыпторыямі, друкарнямі, школамі (Заблудаў, Брэст, Нясвіж, Заслаўе, Лоск, Вільня, Полацк, Слуцк, Любча і інш.), дзе працавалі кнігавыдаўцы, перакладчыкі, паэты, публіцысты. Тут выдаваліся тэалагічныя і літургічныя творы розных канфесій, гіст., філас., паліт. трактаты, творы ант. пісьменнікаў, падручнікі па граматыцы, рыторыцы, паэтыцы. Рэфармацыйна-гуманіст. рух, рэліг.-грамадская барацьба 16 — 1-й пал. 17 ст. спрыялі дзейнасці многіх таленавітых літаратараў, якія пісалі на бел., польск., лац. мовах (С.Будны, В.Цяпінскі, С.Кашуцкі, А.Волан, Л.Сапега, С. і Л.Зізаніі, І.Пацей, Л.Карповіч, М.Сматрыцкі, Я.Пашкевіч, І.Руцкі, Афанасій Філіповіч, Б.Будны, А.Рымша, Я.Радван, С.Грахоўскі, Я.Казаковіч, Л.Мамоніч, Г.Пельгжымоўскі, Ф.Іяўлевіч, Я.Пратасевіч, М.Сарбеўскі, Сімяон Полацкі і інш.). Росквіту дасягнула публіцыстыка — палемічная л-ра розных жанраў: ліст (пасланне), адказ (водпаведзь), слова (казанне), лямант (плач), прадмова. У паэзіі дамінаваў жанр эпіграмы, якой надавалася актуальнае маральнае і грамадскае гучанне, а таксама вершаваныя звароты да чытача, эпітафіі і інш. З’явіліся вершаваныя паэмы Рымшы «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы... Крыштофа Радзівіла», Пельгрымоўскага «Пасольства да вялікага князя маскоўскага», Іяўлевіча «Лабірынт, або Заблытаная дарога», парадыйна-сатыр. творы, напісаныя сакавітай нар. мовай («Прамова Мялешкі»). Цікавасць да прыватнага жыцця чалавека абумовіла развіццё мемуарнай л-ры (Ф.Еўлашоўскі, Ф.Кміта-Чарнабыльскі, А.Каменскі-Длужык, Я.Цадроўскі і інш.). Разам са школьным тэатрам узнікла драма (Сімяон Полацкі). Зараджалася тэорыя вершаскладання (Л.Зізаній, Сматрыцкі). Помнікамі айч. прозы сталі трактаты па паэтыцы, рыторыцы, тэорыі л-ры выкладчыкаў бел. калегіумаў, віленскай акадэміі («Пра дасканалую паэзію» Сарбеўскага, «Практычнае красамоўства» С.Лаўксміна і інш.).
Выяўленчае мастацтва і архітэктура. Народжанае адмаўленнем сярэдневяковай умоўнасці і сімволікі, мастацтва Адраджэння несла ідэі гуманізму, узвышала чалавека-мысліцеля. У цэнтры яго — гарманічна развіты чалавек.
У перыяд ранняга Адраджэння (15 ст.) мастацтва Італіі развівалася ў рамках Фларэнційскай, Умбрыйскай, Падуанскай і Венецыянскай школ жывапісу. Мастакі гэтых школ у сваёй творчасці спалучалі ідэі ант. гуманізму і рэалізму, заснаваныя на вывучэнні натуры, уяўленні пра фіз. хараство і духоўную веліч чалавека. Яны ўзбагацілі мастацтва дакладным веданнем будовы чалавечага цела, перадачай перспектывы, ракурсаў, святлаценяў і г.д. Гэта найб. яскрава выявілася ў разнастайнай па характары творчасці жывапісцаў Мазачыо, Д.Гірландайо, А.Мантэнья, П’ера дэла Франчэска, С.Батычэлі, Анджэліка, П.Перуджына, сем’яў Беліні, Ліпі, скульптараў Л.Гіберці, Данатэла, Якопа дэла Кверча, Лука дэла Робія, А.Верок’ё. Апрача станковага жывапісу шырока развівалася мастацтва фрэскі. Рэалізм высокага Адраджэння (канец 15 — 1-я чвэрць 16 ст.) дасягнуў класічнай яснасці, манументальнасці вобразаў і абагульнення (Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Мікеланджэла, А.Карэджа, Тыцыян, Джарджоне, П.Веранезе, Я.Тынтарэта, Джуліо Рамана і інш.). У перыяд феад. рэакцыі і Контррэфармацыі (з пач. 16 ст.) у Італіі ўзнікла мастацтва маньерызму, якое вызначалася суб’ектывізмам, манернасцю, вытанчанасцю формы (Я.Панторма, А.Бранзіна, Ф.Парміджаніна, Б.Чэліні). У дэкар. мастацтве створаны ўзоры тканін, эмаляў, шкла, маёлікі, вырабаў з металу, кашт. камянёў і інш. З 15 ст. развіваецца мастацтва залочанай разьбы, «чартазіянская мазаіка». На новай аснове фарміравалася і архітэктура. Распрацоўваліся і ажыццяўляліся прынцыпы рэгулярнай забудовы гарадоў, у якіх акрамя культавых збудаванняў ствараліся характэрныя для італьян. Адраджэння манум. палацца, вілы, шпіталі, фантаны і інш.Ант. ордэрная сістэма ўзбагаціла тэктоніку будынкаў, унесла ў дойлідства лагічную суразмернасць і гарманічную яснасць (Ф.Брунелескі, Л.Б.Альберці і інш.). На пач. 16 ст. ў Рыме пачаў складвацца агульна-італьян.арх. стыль (Д.Брамантэ, Дж. да Віньёла, Дж.Вазары). У Венецыі працавалі арх. М.Санмікелі, Я.Сансавіна, А.Паладыо. У Нідэрландах мастацтва Адраджэння супала з росквітам позняй готыкі, узнікла грамадз. архітэктура.З сярэдзіны 16 ст. тут фарміраваўся арх. стыль, які арыентаваўся на ант. і італьян. дойлідства эпохі Адраджэння. У жывапісе развіваецца пераважна партрэт і пейзаж, асаблівая ўвага звяртаецца на перадачу навакольнага асяроддзя (Рагір ван дэр Вейдэн, Хуга ван дэр Гус, Г.Мемлінг, Лука Лейдэнскі, Х.Босх, К.Масейс). Ян ван Эйк залажыў асновы, на якіх пасля развівалася нідэрл. мастацтва. У Германіі мастацтва Адраджэння высокага росквіту дасягнула ў канцы 15 — пач. 16 ст., асабліва ў жывапісе і гравюры (А.Дзюрэр, А.Альтдорфер, Г.Гольбейн Малодшы і інш.). У франц. мастацтве Адраджэння адметна творчасць мастакоў Ж.Фуке, Клуэ, скульптараў Ж.Гужона, Ж.Пілона; для архітэктуры каралеўскіх і дваранскіх замкаў характэрны вытанчаны стыль (замак Шамбор). Своеасаблівыя рысы набыло мастацтва Іспаніі, Чэхіі, Славакіі, Польшчы, Венгрыі.
Пад уплывам рэнесансавай культуры Зах. Еўропы ў выяўл. мастацтве Беларусі 16 — сярэдзіны 17 ст. склаліся асяродкі гуманіст. культуры (двары Жыгімонта Аўгуста ў Вільні, Радзівілаў у Нясвіжы, Алелькавічаў у Слуцку), развіваліся новыя віды і жанры мастацтва. У жывапісе пашыраўся партрэт, у якім праявілася рэнесансавае разуменне асобы чалавека. На аснове сінтэзу зах.-еўрап. формаў і візант.маст. спадчыны ўзнік нац. варыянт параднага партрэта (партрэт Міхаіла Барысавіча). Пэўны час ён існаваў побач з рэпрэзентатыўным (партрэт Ю.Радзівіла) і надзеленым рысамі псіхалагізму паўфігурным (партрэт К.Слуцкай-Радзівіл). Складваўся жанравы і батальны жывапіс (А.Вейдэ). Рэлігійнае мастацтва развівалася ў некалькіх кірунках. Алтарная карціна вызначалася пластычнасцю формаў, яркасцю палітры, элементамі лінейнай перспектывы, атрыбутамі гіст. моды («Пакланенне вешчуноў», пасля 1514). У іканапісе з яго поствізантыйскай традыцыяй з’явілася наватарская плынь: у сюжэтную канву ўводзіліся быт. і этнагр. дэталі, арх. краявіды («Тройца» з Дастоева, «Нараджэнне Марыі» з Маларыцкага р-на), узбагачаўся эмац. каларыт, арнаментыка фонаў («Параскева Пятніца», Слуцкі р-н; «Лука і Сымон», Лунінецкі р-н). Высокага ўзроўню дасягнула паліхромная драўляная скульптура і разьба алтароў (Іакім і Ганна, Жабінкаўскі р-н; Праабражэнскі касцёл у в. Новая Мыш, Баранавіцкі р-н). Пашыралася партрэтная пластыка надмагілляў (А.Гаштольда ў Вільні, М.К.Радзівіла ў Нясвіжы). Складалася медальерная школа (Я.Энгельгарт і інш.). Дасягнуў росквіту дрэварыт, з канца 16 ст. — медзярыт. Дасканаласцю выканання вылучаліся тытульныя лісты, застаўкі, ініцыялы, канцоўкі і ілюстрацыі ў выданнях Ф.Скарыны (Біблія, 1517—19), у Брэсцкай бібліі (1563), Статуце ВКЛ 1588. Узніклі графічныя партрэты (Скарыны, Жыгімонта III, М.Р.Радзівіла, В.Цяпінскага), геральдычныя кампазіцыі. Т.Макоўскі і інш. выконвалі арх. пейзажы, карты, ілюстрацыі да навук. трактатаў. З 16 — 1-й пал. 17 ст. дайшлі творы жывапісу, у якіх адлюстраваны тыповыя рысы еўрап. Адраджэння, асабліва ў пашыраным на бел. землях парадным (сармацкім) партрэце (Грызельда Сапега, Юрыя Радзівіла, Софіі Алелькаўны Радзівіл і інш.). У дэкар.-прыкладным мастацтве стылістыка Адраджэння выявілася ў арнаментацыі абкладаў абразоў (Будслаўская шата), царк. начыння і параднай зброі эмалямі, кашт. камянямі, літымі і чаканенымі накладкамі. З’явілася кафля з сюжэтнымі, гербавымі і партрэтнымі выявамі (Лагойск, Заслаўе), з каляровым глазураваным пакрыццём. З заснаваннем мануфактур (15 ст.) пашыраўся асартымент вырабаў са шкла. У бел. мастацтве 1-й пал. 17 ст. формы Адраджэння працягвалі суіснаваць з рысамі маньерызму, але ўсё больш саступалі месца стылістыцы барока.
У архітэктуры і горадабудаўніцтве Беларусі з эпохай Адраджэння звязаны спробы комплекснай рэканструкцыі гарадоў на аснове рэгулярнага плана, які формамі набліжаўся да прамавугольніка, авала, паўавала (Нясвіж, Быхаў, Слуцк). Цэнтрам яго кампазіцыі звычайна была плошча з ратушай і храмамі. Будаваліся таксама палацы, шпіталі, дамы цэхавых брацтваў і інш. Напачатку рысы рэнесансу спалучаліся з элементамі готыкі, але гатычныя формы збудаванняў пач. 17 ст. набывалі пластычны дэкор (Мірскі замак, Сынковіцкая царква-крэпасць, Мураванкаўская царква-крэпасць). Свецкая і культавая архітэктура паступова траціла суровыя абарончыя рысы: палацы афармляліся аркаднымі галерэямі (палац у Рагачове), з’явіліся храмы на ўзор ратонды з купалам (Смаргонскі кальвінскі збор), вежы некаторых храмаў аздабляліся дэкар. элементамі (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). Інтэр’ер узбагачаўся разнымі алтарамі, скляпенні — ляпнымі нервюрамі, якія ўтваралі дэкар. ўзор (Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл, Вішнеўскі касцёл Марыі).
Тэатр. У еўрап. т-ры 2-й пал. 15—16 ст. адбываўся паступовы пераход ад аматарскіх тэатр. формаў, звязаных з патрэбамі каталіцкай царквы, да прафес. т-ра, які існаваў як самастойная эстэт. і эканам. сістэма і абапіраўся на здабыткі ант.тэатр. мастацтва і тэорыю драмы.
Першыя спробы аднаўлення тэатра на ант. ўзор (напачатку стараж.-рымскі) зрабілі італьян. гуманісты. З канца 15 ст. ў Рыме, Ферары, Фларэнцыі на лац., потым і на італьян. мове ставілі творы П.Тэрэнцыя, Ц.М.Плаўта, Л.А.Сенекі; на пач. 16 ст. — творы нац. драматургіі («Куфэрак» Л.Арыёста, «Каляндра» Б.Давіцы, «Мандрагора» Н.Макіявелі), якія былі першай формай арыгінальнага рэнесансавага т-ра — італьян. вучонай камедыяй. Потым у рэпертуары з’явіліся трагедыя і пастараль. Пры дварах арыстакратаў, дзе звычайна адбываліся тэатр. паказы, пачыналі ўзводзіць і першыя тэатр. будынкі, арыентаваныя на рэстаўрацыю рымскай традыцыі. Пад уплывам рэнесансавага жывапісу развіваліся перспектыўныя дэкарацыі. З канца 16 ст. фарміруецца прынцыпова новы тып сцэны — сцэна-скрыня, які развіўся ў тэатры барока. Ант. мастацтва паўплывала на традыцыйныя нар.тэатр. формы многіх краін Еўропы, найперш на т-р Італіі, дзе створана камедыя дэль артэ, якая, не маючы сваёй сталай драматургіі, абапіралася на стараж.-рымскія традыцыі імправізацыйнага т-ра масак. У Англіі і Іспаніі ўздым познарэнесансавага еўрап. т-ра звязаны з драматургіяй У.Шэкспіра, М.Сервантэса, Лопэ дэ Вэгі. Працэс стварэння нац. т-ра ў Францыі і на ням. землях ішоў запаволена. У эпоху Адраджэння (да пач. 17 ст.) склаліся асн. прынцыпы драматургіі, арганізацыі тэатр. прасторы, акцёрскага майстэрства, функцыянавання тэатр. труп, якія надоўга вызначылі еўрап.тэатр. традыцыі і ў многім захаваліся да сучаснасці.
На Беларусі першыя еўрап.тэатр. формы (літургічная драма, школьны тэатр) з’явіліся ў 16 ст. праз дзейнасць каталіцкай царквы. Пазней, у эпоху барока, яны разам з прыдворным т-рам сталі важнымі кампанентамі бел.тэатр. культуры.
Музыка. У 14 — 1-й пал. 17 ст. ў муз. мастацтве адбыліся істотныя змены.
З’явілася нотадрукаванне, павялічылася роля свецкіх жанраў (шансон, мадрыгал, мадрыгальная камедыя, у канцы 16 ст. — опера, балет), пашырылася аматарскае музіцыраванне, самастойнай стала інстр. музыка (харальныя апрацоўкі, рычэркары, канцоны, прэлюдыі, такаты, фантазіі); адрадзілася цікавасць да танц. мастацтва. У традыцыйных царк. жанрах месе і матэце побач з грыгарыянскімі сталі выкарыстоўваць свецкія мелодыі. З пашырэннем храматызму, фарміраваннем мажору і мінору, гарманічнай функцыянальнасці, устанаўленнем новай трохгучнай канцэпцыі вертыкалі зазнала істотныя змены тэхніка кампазіцыі. На аснове агульнастыліст. заканамернасцяў адбывалася актыўнае фарміраванне нац. школ — нідэрландскай (Г.Дзюфаі, І.Окегем, Я.Обрэхт, Жаскен Дэпрэ), італьян. (Палестрына, К.Джэзуальда ды Веноза, Л.Марэнцыо), франц. (К.Жанекен), ням. (Г.Фінк, Б.Рэзінарыус), англ. (Дж.Данстэйбл, У.Бёрд), ісп. (К. дэ Маралес, Т.Л. дэ Вікторыя), чэш. (Я.Т.Турноўскі, К.Гарант), польск. (Вацлаў з Шамотул, М.Гамулка). Тэорыю музыкі развівалі ў Італіі І.Тынкторыс, у Швейцарыі Гларэан, у Іспаніі Ф.Салінас і інш.
На Беларусі асн. асяродкамі муз. Адраджэння з’яўляліся брацкія школы, каталіцкія калегіумы, дзе была добра пастаўлена муз. адукацыя, практыкаваліся шматгалосыя харавыя спевы па 5-лінейнай нотнай сістэме. Асн. узорам новага нотнага запісу стаў псалтыр Яна Гуса, які засведчыў з’яўленне нотадрукавання. Пратэстанцкія канцыяналы, выдадзеныя ў Брэсце (зб. «Песні хвал боскіх», 1558), Нясвіжы і Любчы, побач з духоўнымі творамі змяшчалі свецкія песні. Сярод муз. дзеячаў Адраджэння на Беларусі — Вацлаў з Шамотул, Ц.Базылік, В.Бакфарк. У гэты час зарадзілася самабытная культура бел.канта, што стала значнай з’явай у прафес. свецкім і царк. мастацтве.
Літ.:
Культура эпохи Возрождения и Реформация. Л., 1981;
Лосев А.Ф. Эстетика Возрождения. М., 1978;
Баткин Л.М. Итальянские гуманисты: Стиль жизни и стиль мышления. М., 1978;
Культурные связи народов Восточной Европы в XVI в.: Проблемы взаимоотношений Польши, России, Украины, Белоруссии и Литвы в эпоху Возрождения. М., 1976;
Горфункель А.Х. Философия эпохи Возрождения. М., 1980;
Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1990;
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму: (Становление эстет. мысли Белоруссии в XVI—XVIII вв.). Мн., 1978;
Сокол С.Ф. Политическая и правовая мысль в Белоруссии XVI — первой половины XVII в. Мн., 1984;
Галенчанка Г.Я. Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Мн., 1993;
Голенищев-Кутузов И.Н. Итальянское Возрождение и славянские литературы XV—XVI веков. М., 1963;
Саверчанка І.В. Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст.Мн., 1992;
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979;
Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925. Мн., 1926;
Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці. Мн., 1975;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII ст.Мн., 1984;
Шрамкова Г. Искусство Возрождения: Италия, Нидерланды, Германия, Франция: [Альбом]. М., 1977;
Бенеш О. Искусство Северного Возрождения: Пер. с англ.М., 1973;
Шчакаціхін М. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Мн., 1928;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1. Мн., 1987;
Чантурыя В.А. История архитектуры Белоруссии. 2 изд. Мн., 1977;
Трусов О.А. Памятники монументального зодчества Белорусии XI—XVII вв. Мн., 1988;
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978;
Бернсон Б. Живописцы итальянского Возрождения: Пер. с англ.М., 1965;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. М., 1975;
Евдокимова Ю.К., Симакова Н.А. Музыка эпохи Возрождения. М., 1982.
С.А.Падокшын (агульная частка, філасофія, літаратура), А.Ю.Хадыка (выяўл. мастацтва і арх.), В.М.Арэшка (тэатр).
Да арт. Адраджэнне. С.Батычэлі. Вясна. Каля 1477-78.Да арт. Адраджэнне. Мікеланджэла. П’ета. 1498-1500.Да арт. Адраджэнне. Леанарда да Вінчы . Мадонна ў скалах. Каля 1497—1511.Да арт. Адраджэнне. Рафаэль. Мадонна з шчыглянём. 1507.Да арт. Адраджэнне. Джарджоне. Навальніца. 1506—07.Да арт. Адраджэнне. П.Перуджына. Мадонна з дзіцем і святымі. 1496.Да арт. Адраджэнне. Замак Шамбор у Францыі. Арх. Ж. і Д.Сурдо, П.Нево і інш. 1519—40.Да арт. Адраджэнне. Сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі. Купал арх. Ф.Брунелескі. 1420—36.Да арт. Адраджэнне. Палац Дукале ва Урбіна (Італія). Унутраны двор. Каля 1470—1653.Да арт. Адраджэнне. Г.Гольбейн Малодшы. Партрэт Ш.Марэта. 1536.Да арт. Адраджэнне. А.Дзюрэр. Чатыры коннікі. «Апакаліпсіс». Гравюра на дрэве. 1498.Да арт. Адраджэнне. Апостал. Дрэва. Канец 16 ст. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.Да арт. Адраджэнне. Фрагмент арната з Пінска. Канец 15—16 ст.Да арт. Адраджэнне. Партрэт Грызельды Сапега. Невядомы мастак. 1630-я г. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.Да арт. Адраджэнне. Партрэт Юрыя Радзівіла. Мастак невядомы. 1590-я г. Нацыянальны мастацкі музей.Да арт. Адраджэнне. Тройца. Гравюра Ф.Скарыны з кнігі «Быццё». 1519.Да арт. Адраджэнне. Тэатральны паказ на плошчы ў Лувене (Бельгія). З гравюры 1594.Да арт. Адраджэнне. Кальвінскі збор у г. Смаргонь Гродзенскай вобласці. 16 ст. (злева); Спаса-Праабражэнская царква ў г. Заслаўе. 2-я пал. 16 ст.Да арт. Адраджэнне. Пацір. Канец 15 — пач. 16 ст. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі (злева); заслаўская кафля. Сярэдзіна 16 ст.Да арт. Адраджэнне. Майсей перад народам. Гравюра Ф.Скарыны з тытульнага ліста кнігі «Другі закон». 1519.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДЫ (Nederland),
Каралеўства Нідэрландаў (Koninkrijk der Nederlanden), неафіц. назва Галандыя, дзяржава на зах. узбярэжжы Зах. Еўропы. На Пн і 3 абмываецца Паўночным м., на У мяжуе з Германіяй, на Пд — з Бельгіяй. Пл. 41,5 тыс.км², без унутр. водаў — 33,9 тыс.км². Нас. 15 808 тыс.чал. (1999). Сталіца — г.Амстэрдам, рэзідэнцыя ўрада — г.Гаага. Падзяляецца на 12 правінцый. Афіц. мова — нідэрландская (галандская). Н. валодаюць в-вам Аруба і Нідэрландскімі Антыльскімі астравамі. Нац. свята — Дзень Каралевы (30 крас.).
Дзяржаўны лад. Н. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1983. Кіраўнік дзяржавы — манарх, пры якім ёсць дарадчы орган — Дзярж. савет (яго члены назначаюцца манархам). Заканад. ўлада належыць манарху і Генеральным штатам (парламент у складзе 2 палат (Першай і Другой). Першая палата (75 дэпутатаў) выбіраецца правінцыяльнымі штатамі на аснове прапарцыянальнага прадстаўніцтва тэрмінам на 4 гады. Другая палата (150 дэпутатаў) выбіраецца насельніцтвам на тых жа падставах на той жа тэрмін. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць манарх і кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Тэр. Н. нізінная — працяг Паўн.-Германскай нізіны, сярэдняя выш. 20—30 м, значная частка (прыкладна 27%) ніжэй узр. мора (да -7 м). Для аховы ад затаплення пабудаваны дамбы. Нізіны ніжэй узр. мора, адгароджаныя ад мора дзюнамі, плацінамі і дамбамі, асушаны і ператвораны ва ўрадлівыя польдэры. Вядзецца далейшае асушэнне мелкаводдзяў. На крайнім Пд адгор’і Ардэнаў (выш. да 321 м). Карысныя выкапні: прыродны газ (запасы 2,5 трлн. м³, 4-е месца ў свеце), нафта, каменны вугаль, кухонная соль, буд. матэрыялы. Клімат умерана цёплы, марскі. Сярэдняя т-растудз. ад 1 °C (Пн) да 3 °C (Пд), ліп. адпаведна 16,3—17,1 °C. Ападкаў 600—800 мм за год. Шмат паўнаводных рэк, каналаў, азёр. На ПдЗ дэльты Рэйна, Шэльды, Мааса. Пад ворывам, садамі, лугамі і пашай 50% тэр. Пад лесам і хмызнякамі 8% тэр. Ёсць дубовыя і букавыя гаі, пасадкі хвоі і таполі, хмызнякі з абляпіхі, верасовыя пусткі. У жывёльным свеце дробныя млекакормячыя (вавёрка, заяц, куніца), шмат птушак. У краіне 3 нац. паркі, больш за 500 невял. прыродных рэзерватаў (агульная пл. каля 100 тыс.га).
Насельніцтва. Пераважаюць галандцы, або нідэрландцы (96%). Да карэннага насельніцтва адносяцца фламандцы (на Пд) і фрызы (на Пн), ёсць выхадцы з Сурынама і Інданезіі, немцы, яўрэі, мараканцы, туркі. Сярод вернікаў пераважаюць католікі і пратэстанты, мусульман 3%. Натуральны прырост блізкі да нулявога. Сярэдняя шчыльн. 466 чал. на 1 км², на ПдЗ дасягае 2000 чал. на 1 км². У гарадах жыве 83,3%. Найб. гарады (1998, тыс.чал.): Амстэрдам — 1103, Ротэрдам — 1070, Гаага — 495, Лейдэн — 116. Усе гэтыя гарады і шмат інш. уваходзяць у канурбацыю Рандстад, якая аб’ядноўвае гарады і пасёлкі на ПдЗ краіны (каля 6 млн.ж.). У прам-сці і буд-ве занята 23% эканамічна актыўнага насельніцтва. У сельскай гаспадарцы — 4%, у абслуговых галінах — 73%.
Гісторыя. Чалавек засяліў тэр. сучасных Н. у неаліце. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. тут рассяліліся кельты і тэўтонскія плямёны — фрызы, батавы і інш. У 1 ст. да н.э. — 5 ст.н.э. большасць гэтай тэр. належала Стараж. Рыму. З 5 ст.н.э. землі сучасных Н. (акрамя населеных фрызамі) у складзе Франкскай дзяржавы; пашырылася хрысціянства, фарміраваліся феад. парадкі. Пры распадзе Франкскай дзяржавы тэр. Н. паводле Вердэнскага дагавора 843 увайшла ў склад уладанняў Лотара I (сына Карла Вялікага), паводле Мерсенскага дагавора 870 — у склад Усх.-Франкскага каралеўства. У 10—11 ст. тут утварыўся шэраг феад. уладанняў, залежных ад «Свяшчэннай Рым. імперыі». Адно з іх — графства Галандыя — дасягнула вял. поспехаў у развіцці рамяства. рыбалоўства, сельскай гаспадаркі і ў 13—14 ст. падпарадкавала сабе шэраг суседніх зямель. З 12 ст. хутка раслі гарады, будаваліся плаціны і дамбы для адваявання зямлі ў мора і балот. У 14 ст. з’явіліся першыя мануфактуры. У 1433 Галандыю, потым шэраг інш.феад. уладанняў захапілі герцагі Бургундыі. У межах Бургундскай дзяржавы адбылося аб’яднанне феад. уладанняў (яны сталі наз. правінцыямі) на б.ч.тэр.Нідэрландаў гістарычных (сучасныя Н., Бельгія, Люксембург, ч.Паўн.-Усх. Францыі). У 1463 тут упершыню склікана агульная прадстаўнічая ўстанова — Генеральныя штаты. Пасля распаду Бургундскай дзяржавы нідэрл. землі ўвайшлі ў склад уладанняў Габсбургаў (1482). У 1520—40-я г. імператар Карл V захапіў апошнія самастойныя нідэрл. землі — Фрысландыю, Утрэхт, Аверэйсел, Дрэнтэ, Гронінген, Гелдэрн, якія з раней далучанымі правінцыямі склалі ў 1548 комплекс з 17 правінцый пад агульнай назвай Нідэрланды. Пасля распаду імперыі Карла V гэтыя землі апынуліся (з 1556) пад уладай Іспаніі. У ходзе Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. 7 паўн.-нідэрл. правінцый (Галандыя, Зеландыя, Гелдэрн, Утрэхт, Фрысландыя, Аверэйсел і Гронінген) утварылі (1579) незалежную дзяржаву — Рэспубліку Злучаных правінцый на чале з Ген. штатамі, Дзярж. саветам і штатгальтэрам (кіраўніком выканаўчай улады). Па назве гал. правінцыі яе наз. таксама Галандскай рэспублікай або проста Галандыяй. Паўд. правінцыі (сучасныя Бельгія, Люксембург і асобныя раёны Францыі) засталіся пад уладай Іспаніі, з якой Рэспубліка Злучаных правінцый да 1609 і ў 1621—48 вяла працяглыя войны. Паводле Вестфальскага міру /648 Іспанія фармальна прызнала яе незалежнасць. Вызваленне ад улады ісп.феад.-абсалютысцкай манархіі стварыла спрыяльныя ўмовы для капіталіст. развіцця і стварэння шматгаліновай эканомікі. У 1-й пал. 17 ст. невял. краіна (25 тыс.км², 2 млн.чал.) ператварылася ў буйнейшую гандл.-прамысл. і калан. дзяржаву, фін. цэнтр свету. Гандаль усё больш набываў пасрэдніцкі характар і рабіўся асновай галандскай эканомікі.
У 17 ст. створана галандская калан. імперыя, якая ўключала калоніі Новая Галандыя (Паўн. Амерыка, да 1667), Гвіяна (Паўд. Амерыка, атрымана ў 1667 ад Англіі ў абмен на Новую Галандыю), Капская калонія (Паўд. Афрыка), Галандская Індыя (цяпер Інданезія), в-аў Цэйлон (Шры-Ланка) і інш.Гал. ролю ў калан. палітыцы адыгрывалі манапольныя гандл. кампаніі. што атрымлівалі выключныя правы на гандаль з вял. рэгіёнамі свету, ваен.-адм. кіраванне калоніямі, захоп новых тэрыторый. З іх найбольшыя Ост-Індская (1602—1798) і Вест-Індская (1621—1791) кампаніі. Гандл. і эканам. саперніцтва Галандыі з Англіяй прывяло да Англа-галандскіх войнаў 17 стагоддзя (1652—54, 1665—67, 1672—74), агульным вынікам якіх было аслабленне ваен. і паліт. моцы Галандыі. Цяжкімі для яе былі і войны з Францыяй (1672—78, 1688—97, 1702—13). У 18 ст. Галандская рэспубліка ўступіла ў паласу эканам. заняпаду. Купецкія вярхі, якія кіравалі дзяржавай, асн. ўвагу аддавалі пасрэдніцкаму гандлю, а не вытворчасці. Таму ўжо ў канцы 17 ст. Галандыя саступіла Англіі першынство ў прам-сці, а да сярэдзіны 18 ст. — і ў мараплаўстве, і ў знешнім гандлі. Апошні штатгальтэр Рэспублікі Злучаных правінцый Вільгельм V [1766—95] уцягнуў краіну ў кааліцыйную вайну супраць рэв. Францыі (1793). Акупацыя франц. войскамі (1795) паклала канец існаванню рэспублікі. Ў маі 1795 на тэр. Галандскай рэспублікі абвешчана залежная ад Францыі Батаўская рэспубліка, улады якой скасавалі аўтаномію правінцый, прывілеі дваран і рэшткі прыгонніцтва. У 1806 яна пераўтворана ў Галандскае каралеўства, далучанае ў 1810 да Францыі. Эканоміка краіны была падарвана напалеонаўскімі войнамі і кантынентальнай блакадай. У выніку паражэнняў Напалеона I і нац.-вызв. паўстання да ліст. 1813 франц. панаванне ў Н. скінута. На тэр.б. Галандскай рэспублікі ўтварылася новая канстытуцыйна-манархічная дзяржава. урад якой запрасіў на пасаду кн. Вільгельма Аранскага (сына Вілыельма V). Галандыі былі вернуты Інданезія і некаторыя інш. калоніі, захопленыя Вялікабрытаніяй і яе саюзнікамі ў ходзе войнаў з Францыяй, але Капская калонія, Цэйлон і ч. Гвіяны засталіся за Вялікабрытаніяй. Венскі кангрэс 1814—15 злучыў тэр.б. Галандскай рэспублікі і Бельгіі ў адзінае Нідэрландскае каралеўства (афіцыйна абвешчана 31.5.1815), або Н., на чале з Вільгельмам Аранскім. які пачаў кіраваць як кароль Вільгельм 1 [1815—40], Да каралеўства на падставе асабістай уніі далучыўся Люксембург. У перыяд «Ста дзён» Напалеона I нідэрл. войскі ўдзельнічалі ў бітве сіл антыфранц. кааліцыі з франц. арміяй пры Ватэрлоо (18.6.1815). Канстытуцыя Н. 1815 устанавіла роўнае прадстаўніцтва галандскіх і бельг. правінцый у ніжняй палаце парламента, але Вільгельм I фактычна праводзіў палітыку нац. прыгнёту бельг. насельніцтва, што выклікала Бельгійскую рэвалюцыю 1830, у выніку якой Бельгія стала незалежным каралеўствам. Спроба Н. зноў падпарадкаваць Бельгію ў вайне 1831—33 поспеху не мела. У 1890, пасля смерці караля Вільгельма III (1849—90], спынілася персанальная унія Н. і Люксембурга, які стаў незалежным. Такім чынам, сфарміравалася сучасная тэр. Н. У 1-й пал. 19 ст. заняпад эканомікі Н. пераадолены, але яе развіццё ішло марудна, асабліва ў цяжкай прам-сці. Больш дынамічна развіваліся тэкст.прам-сць і суднабудаўніцтва Сельская гаспадарка заставалася высокаразвітой галіной эканомікі. Паскоранаму эканам. развіццю Н. у 2-й пал. 19 ст. спрыялі прыток капіталу з калоній, даходы ад транзітнага гандлю і вывазу капіталу, дзейнасці Амстэрдамскага, Ротэрдамскага, Нідэрл.-Інд. і інш. банкаў. У выніку зрошчвання банкаўскага і прамысл. капіталу ўзніклі буйныя манаполіі, у т. л. электратэхн. аб’яднанне «Філіпс» (1891), канцэрн «Алгемене кюнстзейдэ юні» (1907). Актывізавалася паліт. жыццё, узнік шэраг партый рознай рэліг. і паліт. афарбоўкі: Ліберальная партыя буйной гандл.-фін. буржуазіі (1830-я г.), пратэстанцкая Антырэв. партыя (1878), Рым.-каталіцкая дзярж. партыя (1901), пратэстанцкі Хрысц.-гіст. саюз (1908) і інш. У 1850-я г. заснаваны першыя прафсаюзы і рабочыя газеты. У Амстэрдаме ўзніклі секцыя Інтэрнацыянала 1-га (1869), Усеагульны нідэрл. рабочы саюз (1871), С.-д. аб’яднанне (1878) і С.-д. саюз (1881).
У 1-ю сусв. вайну Н. захоўвалі нейтралітэт, іх вытворцы і гандляры ўзбагаціліся на продажы ваюючым краінам прамысл. і харч. тавараў. У 1918 С.-д. рабочая партыя Н. перайменавалася ў Камуніст. партыю Н. і ў 1919 увайшла ў Камуністычны Інтэрнацыянал. У 1918—39 краінай кіравалі правыя кааліцыйныя ўрады Рым.-каталіцкай дзярж., Антырэв. партый і Хрысц.-гіст. саюза. У 1930—36 Н. перажылі эканам. крызіс: на /з зменшылася прамысл.вытв-сць, беспрацоўе перавысіла 30%, у стане хаосу апынулася банкаўская сістэма, масава разараліся дробныя сяляне, адбываліся забастоўкі рабочых і служачых. На фоне крызісу актывізаваўся фаш. рух. У 1931 узнікла найбуйнейшая з фаш. арг-цый Н. — Нац.-сацыяліст. рух. У выніку антыфаш. выступленняў працоўных і дзеянняў улад уплыў фаш. арг-цый да 1939 скараціўся, а пасля 2-й сусв. вайны яны забаронены. 10—14.5.1940 Н. захоплены гітлераўскай Германіяй, каралева Вільгельміна [1890—1948] і ўрад эмігрыравалі ў Вялікабрытанію; яп. войскі ў сак. 1942 захапілі Інданезію. Ва ўмовах фаш. акупацыі ў Н. разгарнуўся рух Супраціўлення, праводзіліся масавыя забастоўкі. Да 5.5.1945 брыт. і амер. войскі разам з 5 тыс. змагароў Супраціўлення вызвалілі краіну. У 2-й сусв. вайне загінулі 199 тыс. нідэрландцаў, у т. л. 2,5 тыс.чал. пакараны гітлераўцамі за ўдзел у Супраціўленні. Страты нідэрл. эканомікі склалі 5,6 млрд. долараў, удвая скарацілася вытв-сць. Аднак да 1948 перасягнуты даваен. ўзровень вытв-сці. У пасляваен. час вырасла роля дзярж.-манапал. рэгулявання эканомікі (планаванне на год, рэгіянальнае праграмаванне). На эканоміку Н. станоўча паўплывала адкрыццё багатых радовішчаў газу і нафты. Але распад нідэрл.калан. імперыі працягваўся. У 1945—47 заваявала незалежнасць Інданезія, у 1975 — Нідэрл. Гвіяна (Сурынам). Пад кантролем Н. засталіся Антыльскія (Нідэрл.) а-вы. Адбыліся змены ў паліт. жыцці краіны. Роля бурж. партый, якія скампраметавалі сябе калабарацыянізмам у гады 2-й сусв. вайны, зменшылася, вырас уплыў канфесіянальных арг-цый. На выбарах 1998 найб. колькасць галасоў у 2-й палаце парламента атрымала рэфармісцкая Партыя працы, лідэр якой В.Кок узначаліў кааліцыйны ўрад. З 1980 каралевай Н. з’яўляецца Беатрыкс II з дынастыі Аранскіх-Насаў. Н. — чл.ААН (з 1945), НАТО (з 1949), Савета Еўропы (з 1949), Еўрап. Саюза (з 1992) і інш.міжнар.паліт. і эканам. груповак. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 24.2.1992.
Гаспадарка. Н. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна з развітым замежным гандлем і суднаходстам. Па ўзроўні эканам. развіцця займае прыкладна 14-е месца ў свеце, па экспарце і імпарце 7—8-е месца. Валавы ўнутр. даход на 1 чал. за год — 22,2 тыс. долараў (1998). Доля прам-сці складае 21,1%, будаўніцтва — 5,5%, сельскай і лясной гаспадаркі разам з рыбалоўствам — 3,2%, абслуговых галін — 70,2%. Прамысловасць вылучаецца высокім тэхн. узроўнем, высокай кваліфікаванасцю і прадукцыйнасцю працы. Пераважна развіты галіны, якія працуюць на імпартнай сыравіне з наступным экспартам гатовай прадукцыі. Вядучыя пазіцыі ў эканоміцы займаюць буйнейшыя канцэрны «Роял Датч-Шэл» (нафтахімія), «Юнілевер» (быт. хімія і харч. прадукты), «Філіпс» (электратэхніка), «Акза-Нобель» (хім. прадукцыя). Існуе каля 700 тыс. сярэдніх і малых прадпрыемстваў, іх доля ў экспарце 25%. Аснову паліўна-энергет. балансу складаюць (здабыча ў 1997) прыродны газ — 84,5 млрд.м³ (прав. Гронінген) і нафта — 2,1 млн. т. У краіне спажываецца 55% здабытага газу, увозіцца для перапрацоўкі 80—90 млн. т. нафты. Агульная магутнасць нафтаперапр. з-даў каля 100 млн.т, размешчаны яны каля Амстэрдама і Флісінгена. Вытв-сць электраэнергіі 83,3 млрд.кВт∙гадз (1997), каля 7,1 млрд.кВт·гадз імпартуецца. Доля ЦЭС у выпуску электраэнергіі каля 94%, АЭС — каля 5%. У 1997 выплаўлена 5,8 млн.т чыгуну і 6,8 млн.т сталі, гал. ц. Эймёйдэн. Значная выплаўка алюмінію — каля 400 тыс.т (Флісінген, Дэлфзейл), цынку — каля 200 тыс.т (Бюдэл), волава (Арнем). Вядучае месца займаюць машынабудаванне і металаапрацоўка. Асн. галіны: эл.-тэхн. (электраматоры, абсталяванне для электрастанцый, вымяральныя прылады, быт. электратэхніка; цэнтры — Эйндхавен, Ротэрдам, Зволе, Леўвардэн), хім. машынабудаванне (Амстэрдам, Утрэхт), аўтамабілебудаванне (у 1997 грузавых 35 тыс., легкавых 165 тыс., цэнтры Борн і Эйндхавен), авіябудаванне (Калхавен, Папендрэхт). Н. маюць развітое суднабудаванне, прыкладна 50% суднаў ідзе на экспарт. Асн. верфі ў Ротэрдаме, Амстэрдаме, Східаме, Флісінгене. Н. спецыялізуецца на экспарце хім. прадукцыі (каля 10% сусв.хім. экспарту): вытв-сць угнаенняў, этылену, аміяку, сінт. каўчуку, пластмас, фармацэўтычнай і быт.хім. прадукцыі, лакаў, фарбаў, фарбавальнікаў, асн. цэнтры — Утрэхт, Амстэрдам, прав. Лімбург. У 1997 атрымана 1,7 млн.т азотных угнаенняў, 4,5 млн.т пластмас і сінт. валокнаў. У хім. прам-сці выкарыстоўваецца кухонная соль, каля 2—3 млн.т яе штогод здабываюць на Управ. Аверэйсел. Развіта харч. і харчасмакавая прам-сць са спецыялізацыяй па перапрацоўцы мяса-малочнай прадукцыі і імпартнай какавы. Вядучыя пазіцыі ў сусветным экспарце масла, сыру, згушчанага малака, шакаладу; буйныя прадпрыемствы ў Амстэрдаме, Занстадзе, Східаме, Ротэрдаме. Вылучаецца таксама вытв-сць гароднінных і рыбных кансерваў, маргарыну, піва, цукру. У лёгкай прам-сці найб. развіта тэкст. (207 млн.м² тканін, 1997), асабліва шарсцяная, баваўняная і шаўковая. Асн. раёны: усх.ч.прав. Аверэйсел (баваўняная), прав.Паўн. Брабант (шарсцяная) і Гелдэрланд (штучная і сінт. пража і тканіны). Гарбарна-абутковая прам-сць выпускае 6,2 млн. пар абутку (1997). Развіта дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць: вытв-сць (1997) піламатэрыялаў 346 тыс.м³, драўнянавалакністых пліт 2,2 млн. умоўных м³, паперы і кардону 3 млн. т. Вытв-сць цэменту 3,5 млн.т (1997). Ёсць прадпрыемствы швейнай, керамічнай і фарфора-фаянсавай прам-сці (Амстэрдам). Сельская гаспадарка высокаінтэнсіўная. Шырока развіта с.-г. кааперацыя. Па вытв-сці с.-г. прадукцыі на 1 га Н. ў 8 разоў апярэджваюць Вялікабрытанію і ў 5 разоў Францыю і Германію. Пл.с.-г. угоддзяў 2 млн.га, у т. л. 0,8 млн.га пад ворывам. Гал. галіна — жывёлагадоўля. Буйн. раг. жывёлы (1997) 4,4 млн. галоў, сярэдні надой на карову 6,6 тыс.л, вытв-сць малака 11,2 млн. т. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): свіней — 14,3, авечак і коз — 1,7, птушкі — 92. Вытв-сць (1997): мяса ў забойнай вазе 3,5 млн.т, воўны 4 тыс.т, яек 9,9 млрд. штук. У раслінаводстве вылучаецца (1997) вытв-сць бульбы (8,1 млн.т, ураджайнасць 437 ц/га), цукр. буракоў (6,4 млн.т, ураджайнасць 548 ц/га), пшаніцы (1,1 млн.т, ураджайнасць 83,7 ц/га). Сеюць таксама жыта, ячмень, авёс, лён. Добра развіта садоўніцтва (збор пладоў 0,7 млн.т), агародніцтва (збор 3,7 млн.т), сусветную вядомасць мае кветкаводства, прадукцыя якога (кветкі, цыбуліны цюльпанаў, нарцысаў, гіяцынтаў, насенне інш. культур) шырока экспартуецца. Па кошце экспарту с.-г. прадукцыі Н. займаюць 2-е месца ў свеце пасля ЗША. Развіта марское рыбалоўства (каля 400 тыс.т штогод), сажалкавае рыбаводства. Транспартчыг., аўтамаб., унутр. водны, марскі. Даўж. чыгунак 2,8 тыс.км (2 тыс.км электрыфікавана), аўтадарог 127 тыс.км (114,4 тыс.км з цвёрдым пакрыццём), унутр. водных шляхоў 5 тыс.км. Н. маюць гандл. флот грузападымальнасцю 5,4 млн. дэдвейт-т (1998). Парты абслугоўваюць знешні гандаль Н. і суседнія краіны (асабліва Германію). Гал. парты: Ротэрдам (найб. ў свеце, у 1997 прыняў 34 тыс. марскіх і 130 тыс. рачных суднаў, грузаабарот 400 млн.т), Амстэрдам, Дордрэхт, Эймёйдэн, Флісінген. У краіне 28 аэрапортаў. Авіякампанія «КЛМ» займае 7-е месца ў свеце па перавозцы пасажыраў. У Н. 10,2 тыс.км газаправодаў, 965 км прадуктаправодаў, 418 км нафтаправодаў. Развіты замежны турызм (штогод наведвае больш за 3 млн.чал., найб. з Германіі і ЗША, расходы турыстаў у краіне перавышаюць 6 млрд. долараў). У 1998 экспарт склаў 160 млрд.дол., імпарт 142 млрд.дол.Гал. экспартныя тавары: прыродны газ, прадукцыя эл.-тэхн. прам-сці, судны, хімікаты, лекі, харч. прадукты, кветкі і насенне. Імпартуюцца машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, нафта, разнастайная сыравіна, прадукты трапічнага земляробства. Гал.гандл. партнёры: Германія (27% экспарту, 21% імпарту), Бельгія-Люксембург (адпаведна 13 і 11%), Вялікабрытанія (па 10%), Францыя (11% экспарту), ЗША (9% імпарту), Італія (6% экспарту), краіны Цэнтр. і Усх. Еўропы. Экспарт з Беларусі ў 1997—83,2 млн. (прадукцыя хім. і лёгкай прам-сці, фанера), імпарт — 85,2 млн.дол. (харч. прадукты, лекі, тканіны, аргтэхніка, хімікаты). Грашовая адзінка — гульдэн.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (ваен. паліцыя). Агульная колькасць каля 60 тыс.чал. (1998), у т. л. 57 тыс.чал. у рэгулярных узбр. сілах. Вярх. галоўнакамандуючы — манарх. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. У сухап. войсках каля 27 тыс.чал., 600 танкаў, 383 БМП, 269 бронетранспарцёраў, 624 гарматы, 173 мінамёты. У ВПС каля 12 тыс.чал., 170 баявых самалётаў і 12 верталётаў. У ВМС каля 14 тыс.чал., у т. л. 3 тыс.чал. у марской пяхоце, 4 эсмінцы, 12 фрэгатаў, 17 тральшчыкаў, 2 падводныя лодкі; у марской авіяцыі 13 баявых самалётаў і 22 верталёты.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Партыя працы, «Дэмакраты-66», Нар. партыя за свабоду і дэмакратыю, «Зялёныя левыя», Хрысц.-дэмакр. заклік, Рэфармісцкая паліт. федэрацыя, Сацыяліст. партыя і інш.Асн.прафс. цэнтры: Федэрацыя нідэрл. прафсаюзаў (каталіцкая і сацыял-дэмакратычная) і Нідэрл.нац. аб’яднанне хрысц. прафсаюзаў (пратэстанцкае).
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя страхавая і прыватная. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,1, жанчын 81 год (1999). Узровень нараджальнасці 12 на 1 тыс.чал. Смяротнасць 9 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,29%. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 181 чал., урачамі — 1 на 412 чал. Дзіцячая смяротнасць 5 на 1 тыс. нованароджаных.
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Н. уключае пач., прадоўжаную (сярэднюю), вышэйшую і адукацыю дарослых. Да 16-гадовага ўзросту навучанне бясплатнае. Каля 65% школьнікаў Н. вучацца ў прыватных школах. Пач. адукацыя адзіная для дзяцей ва ўзросце 4—12 гадоў. Асн. яе мэта — забеспячэнне развіцця інтэлекту, творчых здольнасцей дзіцяці, сац., культурных і фіз. навыкаў. Выкладаюцца: галандск. і англ. (у апошнія 2 гады навучання) мовы, матэматыка, геаграфія, біялогія, гісторыя, рэліг. і ідэалаг. рухі, музыка, маляванне, фіз. выхаванне, самаабарона, у т. л. дарожная бяспека і інш. Прадоўжаная (сярэдняя) адукацыя (для навучэнцаў ва ўзросце ад 12 да 18—20 гадоў) працягвае стадыю пач. адукацыі, уключае агульнаадук. і прафес. кірункі. У адзінай школьнай сістэме магчыма адначасова з агульнай адукацыяй атрымаць прафес. падрыхтоўку на пач. і сярэднім узроўнях або падрыхтоўку да паступлення ў ВНУ. На працягу першых 3 гадоў навучанне вядзецца па агульнай праграме, якая ўключае 15 абавязковых дысцыплін. Прадоўжаную адукацыю даюць розныя тыпы школ: падрыхтоўчая навуковая (6 гадоў навучання, рыхтуе да паступлення ва ун-т або вышэйшую прафес. ўстанову); вышэйшай агульнай прадоўжанай адукацыі (5 гадоў навучання, рыхтуе да паступлення ў вышэйшую прафес. ўстанову або можна прадоўжыць вучобу ў сярэдняй прафес. установе ці ў 5-м класе падрыхтоўчай навук. школы); у школах сярэдняй агульнай прадоўжанай адукацыі і падрыхтоўчай прафес. тэрмін навучання 4 гады; яны рыхтуюць да пераходу ў сістэму сярэдняй прафес. адукацыі або вытв. вучнёўства. Прадоўжаная адукацыя ўключае таксама асв. работу з моладдзю (арыентацыйныя і адаптацыйныя праграмы для навучэнцаў 16-гадовага ўзросту, якія яшчэ не абралі будучую прафесію або месца навучання), сістэму вытв. вучнёўства (для навучэнцаў 16—20-гадовага ўзросту) і сярэднюю прафес. адукацыю (2—4-гадовыя курсы падрыхтоўкі тэхн., с.-г., аховы здароўя і абслугоўвання, эканам.-адм. кірункаў). Выпускнікі сярэдніх прафес. устаноў могуць прадоўжыць навучанне ў сістэме вышэйшай прафес. адукацыі. У сістэму вышэйшай адукацыі ўваходзіць вышэйшая прафес. (ін-ты, тэрмін навучання 4—6 гадоў; выпускнікі атрымліваюць званне інжынера, бакалаўра) і навук. (ун-ты), якая мае 2 фазы. Тэрмін навучання на 1-й фазе 4 гады. Другая фаза мае абмежавальныя ўмовы прыёму і накіравана на падрыхтоўку да навукова-даследчай дзейнасці. Выпускнікі ун-та атрымліваюць акадэмічную ступень майстра. Далейшае навучанне і абарона дысертацыі даюць права на атрыманне ступені доктара. Адукацыя дарослых вядзецца на ўсіх узроўнях у дзярж. і прыватных установах; форма навучання дзённая, вячэрняя (пагадзінная) і завочная. Да сістэмы адукацыі дарослых належыць Адкрыты ун-т, які дае вышэйшую адукацыю і даступны ўсім з 18-гадовага ўзросту. У 1997/98 навуч.г. ў Н. каля 7 тыс.пач. школ (больш за 1,6 млн. дзяцей), 720 сярэдніх агульнаадук. (больш за 830 тыс. вучняў), 59 ін-таў (каля 260 тыс. студэнтаў), 15 ун-таў, у т. л. Адкрыты ун-т (у іх больш за 169 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты: у Лейдэне (з 1575), Гронінгене (з 1614), Утрэхце (з 1636), Неймегене (з 1923), Тылбургу, Твэнце (з 1961), Маастрыхце, 2 ун-ты ў Амстэрдаме, у т. л.ун-т Фру, Эразмскі ў Ротэрдаме, тэхнал. ў Дэлфце (з 1842) і Эйндховене (з 1956), с.-г. ў Вагенінгене. Буйнейшыя б-кі: Нац. ў Гаазе, універсітэцкія ў Амстэрдаме, Лейдэне, Утрэхце. У 1997 у Н. 1145 грамадскіх б-к і іх філіялаў; 741 музей (аб’яднаны ў Нідэрландскую асацыяцыю музеяў). Буйнейшыя музеі: Рэмбранта (з 1907), Ван Гога (з 1974), Рэкс (з 1808), бат., гіст. (з 1926), кінематаграфіі (з 1946) у Амстэрдаме; Галандскі літ. музей і цэнтр дакументацыі ў Гаазе; Фрызійскі літ. музей і цэнтр дакументацыі (з 1959) у Леўвардэне; прыродна-гіст. ў Леўвардэне (з 1884), Маастрыхце (з 1912), Ротэрдаме (з 1927); Бойманс (з 1847) і Марыціем (з 1873) у Ротэрдаме; мінералогіі і генеалогіі (з 1912) у Дэлфце; тэкст. вытв-сці (з 1958) у Тылбургу. Навук. даследаванні праводзяцца ун-тамі і НДІ.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у Н. больш за 100 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Amsterdamsche Courant» («Амстэрдамскія куранты», з 1619; сучасная назва «De Telegraaf», «Тэлеграф», з 1893), «Algemeen Dagblad» («Усеагульная штодзённая газета», з 1946), «De Volkskrant» («Народная газета», з 1920), «NRC-Handelsblad» («НРК-гандлёвая газета», з 1970), «Het Vrije Volk» («Вольны народ», з 1900), «Het Binnenhof» («Унутраны двор», з 1945), «De Gelderlander» («Гельдэрландзец», з 1848). Інфарм. агенцтвы — Алгемен Недэрландс Персбюро (АНП, каап. аб’яднанне выдаўцоў галандскіх газет, засн. ў 1934), каталіцкае — Каталіск Недэрландс Персбюро (з 1946). Радыёвяшчанне з 1923. Дзейнічаюць 10 агульнанац., 10 рэгіянальных і каля 150 мясц. радыёстанцый. Тэлебачанне з 1951 (з 1967 каляровае, з 1985 спадарожнікавае). Праграмы тэлебачання трансліруюцца на 3 каналах. З 1988 дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе Нідэрл. радыёвяшчальная карпарацыя (засн. ў 1969). Перадачы вядуцца на 7 мовах.
Літаратура. Адгалоскі нідэрл. героіка-эпічных песень — у эпасах інш.герм. народаў (англ. «Беавульф», ням. «Песня пра Нібелунгаў» і «Кудруна»), На канец 8 — пач. 9 ст. прыпадае творчасць эпічнага песняра Ф.Бернлефа. Першы помнік нідэрл. л-ры на ніжнефранкскім дыялекце — «Каралінгскія псалмы» (9 ст.). Найбуйнейшы прадстаўнік куртуазнай паэзіі 12 ст. — Хендрык ван Велдэке (песні, нідэрл. версія «Рамана пра Энея»), У 13—14 ст. развіваліся рыцарскія раманы і жывёльны эпас («Пра ліса Рэйнарда»), бюргерская дыдактычная (Я. ван Марлант, Я. ван Бундале) і рэліг. (Хадэвейх, Я. ван Руйсбрук) паэзія, нар. балады («Спадар Халевейн») і рамансы. У 14—15 ст. узнікла рэліг. і свецкая драма («Спектакль пра Антыхрыста», «Ланселот Дацкі» і інш.), маральна-дыдактычныя вершы-«спрокі» (Дз.Потэр). Нідэрл. Адраджэнне (15—16 ст.) адметнае лацінамоўнай творчасцю гуманістаў Агрыкалы, Эразма Ратэрдамскага, І.Секунда і інш.Гуманіст. ідэямі прасякнуты творы на нідэрл. мове Дз.В.Корнхерта, Х.Л.Спігела (трактаты, эпічная паэзія), Я. ван дэр Нота (лірыка). Развіваліся драматургія і паэзія рытараў (К.Эверарт, А. дэ Роверэ, М. дэ Кастэлейн, Г.Бейнс), вядомасць набыла рэліг.-палемічная л-ра (творы Ф.Марнікса ван Сінт-Альдэгондэ), ананімныя песні гёзаў, нар. паэзія. На мяжы 16—17 ст. уласна нідэрл. (галандская) і флам. (бельгійская) л-ры пачалі ўспрымацца як самастойныя. У 17 ст.гуманіст. тэндэнцыі выявіліся ў пострэнесансавым рэалізме Г.А.Брэдэра, творах прадстаўнікоў т.зв. Мейдэнскага згуртавання (драматургія і паэзія П.К.Хофта, проза і паэзія К.Хёйгенса, галантная проза І. ван Хемскерка). Падмурак нідэрл. барока стварылі Г.Гроцый, Ю.Ліпсій, Я.Рэфсен (Рэвій), паэт і драматург І. ван дэн Вондэл (трагедыя «Люцыфер»). На духоўнае жыццё Н. істотна паўплывалі філас. ідэі Б.Спінозы. Адметная з’ява канца эпохі нідэрл. барока — бурлескныя творы В.Г. ван Фокенбраха і любоўная лірыка Я.Лёйкена; папулярнасць набыла творчасць песняра нідэрл. мяшчанства Я.Катса. У эпоху Асветніцтва (18 ст.) найвышэйшыя дасягненні нідэрл. л-ры — драматургія П.Лангендэйка, М.Корвера, Р.Фейта, асветніцкія раманы Э.Волф-Бекер і А.Дэкен, эстэтыка-літаратуразнаўчыя працы Ф.Хемстэрхёйса, публіцыстыка Ю.ван Эфена. У 19 ст. творы Фейта, І.Кінкера і інш. паклалі пачатак рамантызму, найбуйнейшыя прадстаўнікі якога драматург і паэт В.Білдэрдэйк, паэты А.К.Старынг, Х.Толенс, паэт, празаік і публіцыст Э.І.Потгітэр, гіст. раманісты Г.Л.Босбам-Тусен, Я.ван Ленеп, крытык Я.Гел. Развіваліся рэаліст. проза (Н.Бетс, Мультатулі), публіцыстыка (К.Бюскен Хют), драматургія (Х.Я.Схімел). Пад уплывам мадэрнізму ўзнікла літ. група «Пакаленне 80-х», прадстаўнікі якой звярталіся да адлюстравання ўнутр. свету чалавека, сац. праблем (В.Клос, Ж.Перк, Х.Гортэр, Ф.В.ван Эдэн, Л.ван Дэйсел, А.Вервей, Ф.ван дэр Гус). У пач. 20 ст. ў падтрымку сац.-дэмакр. і рабочага руху выступілі паэтэса Х.Роланд-Холст ван дэр Схалк, празаік Х.Хеерманс. Псіхал.-рэаліст. прозу з элементамі натуралізму стваралі Л.Куперус, Вервей, М.Эмантс. У прозе А. ван Схендэла, паэзіі А.ван дэр Леу, К.А.ван Схелтэма адчувальныя ўплывы неарамантызму і сімвалізму. У 1920—30-я г. традыцыі паэтаў «Пакалення 80-х» прадоўжыў П.К.Баўтэнс. Вядомасць набыла паэзія традыц. форм М.Нейхафа. Х.Ахтэрберга, экспрэсіянісцкая і экзістэнцыялісцкая паэзія і проза Х.Марсмана, А.Роланд-Холста, псіхал.-містычныя і гіст. раманы Ф.Бордэвейка, Ё.ван Амерс-Кюлер, рэліг.-філас. драма В.Э.Фрысланда, рэаліст. проза ван Схендэла, С.Вестдэйка, крытыка і эсэістыка М. тэр Брака, Я.Грэсхафа. У 1930—40-я г. пашырылася антыфаш. тэматыка (творы Ц. дэ Фрыса, М.Дэкера, Г.Бламан). У 1950-я г. ўзнікла паэт. школа т.зв. эксперыменталістаў (Л.Фроман, Х.Каўвенар, Люсеберт, Р.Камперт), да якой у 1960-я г. прымкнулі і празаікі («эксперыментальныя раманы» С.Полет, Я.Бернлефа). Побач з экзістэнцыялісцкай л-рай (В.Ф.Херманс, А.Косман) развівалася рэаліст. проза Я.Волкерса, Х.Мюліса, Х.Хасе. Спалучэнне мастацтва з навукай, т. зв. новы стыль, — вызначальная рыса «постэксперыменталістаў» (Х.Слётэлар, Г.Верхаген). У 1970-я г. з’явілася новае пакаленне паэтаў і празаікаў («группа 70-х гадоў»), якія ў «Маніфесце для 70-х гадоў» выступілі супраць мадэрнізму, заклікалі ствараць л-ру, блізкую і зразумелую для народа (П.Андрысе, Г.Пломб). У л-ры 1980-х г. адметнае месца заняла традыцыяналісцкая (К.Нотэбам, А.ван Хейдэн, Р.ван Рысен) і афарыстычная (К.Стып) паэзія, наватарская драматургія і філас. паэзія Ю.Херцберг. Сярод сучасных нідэрл. пісьменнікаў Л.Ноленс, Г.Мейсінг, Д.Мейсінг, Х.Партакарэра, М.Харт, В. ван дэр Брук, М. ван Памел і інш. Асобныя творы нідэрл. пісьменнікаў на бел. мову пераклалі Л.Баршчэўскі, У.Шатон.
Архітэктура. На тэр. Н. захаваліся мегалітычныя збудаванні эпохі неаліту, рэшткі стараж.-рым. пабудоў (у Валкенбюргу, Элсце). У эпохі сярэднявечча і Адраджэння архітэктура развівалася ў межах адзінай маст. школы на тэр.гіст. правінцыі Н. (гл.Нідэрландскае мастацтва). У 17 ст. пераважалі грамадскія і гандл.-прамысл. збудаванні, звязаныя з суднаходствам і марскім гандлем (будынкі Адміралцейства і Ост-Індскай кампаніі, кварталы гандл. складоў у Амстэрдаме і інш.). З сярэдзіны 17 ст. пашырыўся галандскі варыянт класіцызму, які вызначаўся практычнасцю і прастатой, яснасцю кампазіцыі, стрыманым пластычным дэкорам (Я. ван Кампен, П.Пост, Ф. і Ю. Вінгбанс). У культавым буд-ве пераважалі сціплыя паводле арх. вырашэння пратэстанцкія цэрквы. У 19 ст. інтэнсіўна забудоўваліся гарады. З 1830-х г. пашырыўся эклектызм, з перавагай рацыянальных арх. форм, звязаных з нац. традыцыямі (Э.Гюгел, П.І.Х.Кёйперс і інш.). У пач. 20 ст. ў горадабудаўніцтве вырашаліся праблемы перанаселенасці, эканам. забудовы. У арх. вырашэнні будынкаў дамінаваў функцыяналізм (Я.І.П.Аўд Х.П.Берлаге, Г.Рытвелд, В.Дзюдак, К.ван Тра, К.ван Эстэрэн). Рамант.-экспрэсіўную тэндэнцыю развівалі Х.П.К.дэ Базел, М. дэ Клерк і інш. На развіццё архітэктуры Н. паўплывала дзейнасць групы «Стыль». З канца 1940-х г. пошукі новых арх. форм змяніліся рацыянальным разуменнем функцыян. задач архітэктуры (І.А.Брынкман, Я.Дзёйкер і інш.). Сярод лепшых пабудоў: гандл. цэнтр «Лейнбан» з вуліцамі для пешаходаў (1949—53, арх. І.Х. ван дэн Брук, Я.Б.Бакема), чыг. вакзал у Ротэрдаме, інтэрнат «Бюргервесхёйс» (1958—60) і аэрапорт Схіпхал (1963—67) у Амстэрдаме, новае крыло музея Кролер-Мюлер (1977) у Отэрла і інш. Стылізатарскі кірунак прадстаўлены работамі дэлфцкіх архітэктараў (малапавярховыя пасёлкі, цэрквы; арх. М.Я.Гранпрэ-Мальер і інш.).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Н. выяўлены неалітычная кераміка, творы мастацтва кельтаў, ювелірныя вырабы стараж. германцаў. У эпохі сярэднявечча і Адраджэння мастацтва развівалася ў межах адзінай маст. школы на тэр.гіст. правінцыі Н. (гл.Нідэрландскае мастацтва). У канцы 16 ст. вызначыліся 2 самаст.нац. школы: фламандская (гл. ў арт.Бельгія) і галандская. У 17 ст. пераважалі станковы жывапіс і графіка; пашырыўся караваджызм (Д. ван Бабюрэн, П.Бор, В.С. дэ Гест, П.Ф. дэ Грэбер, В.П.Крабет, П.Морэлсе, Х.Тэрбруген, Г. ван Хонтхарст і інш.). У 1620—30-я г. склалася нац. школа рэалізму, якая паўплывала і на развіццё еўрап. мастацтва. Імкненне да выяўлення паўнакроўнасці навакольнага жыцця і натуральнай прыгажосці быт. з’яў прывяло да дыферэнцыяцыі жанраў: партрэт (Ф.Халс, Рэмбрант), пейзаж (Х.Аверкамп, Я. ван Гоен, С. і Я. Ройсдал, А.Кёйп, Х.Сегерс, М.Хобема), нацюрморт (А. ван Беерэн, В.Калф, П.Клас, В.Хеда), быт. (А. ван Астадэ, Я.Вермер, Я.Стэн, Г.Тэрбарх, П. дэ Хох), анімалістычны (Кёйп, П.Потэр) жанры і інш. У канцы 17 ст.нідэрл. мастацтва заняпала, у творах пашырыліся рысы сухой апісальнасці, знешняй прыгажосці і ідэалізацыі. Высокім маст. узроўнем у 17—18 ст. вызначалася дэкар.-прыкладное мастацтва: вырабы з серабра, дэлфцкі фаянс (выкарыстоўвалі формы і матывы кіт. фарфору), размаляваная кафля, масіўная разная мэбля, маст. тканіны і інш. У 1-й пал. 19 ст. пашырыліся кампазіцыі і партрэты ў духу акадэмізму (Я.В.Пінеман), рамант. жанравыя і гіст.-быт. сцэны (А.Шэфер, Х. тэн Катэ), пейзажы ў традыц. манеры гал. мастацтва (А.Схелфхаўт). У 2-й пал. 19 ст. развіваліся рэаліст. жывапіс, які працягваў традыцыі мастацтва 17 ст., і імпрэсіянізм. Сярод найб. значных мастакоў Г.Брэйтнер, Я.Х.Вейсенбрух, Іосеф Ісраэлс, Я. і В. Марысы і інш. У 1880-я г. пачаў сваю творчасць В. ван Гог. Жывапіс і графіка мяжы 19—20 ст. адметныя рысамі сімвалізму і мадэрну (Я.Торап, І.Торн-Прыкер). У пач. 20 ст.вял. ўплыў на мастацтва Н. зрабіла групоўка «Стыль». Склалася самаст. школа скульптуры (М.Андрысен, Х.М.Везелар, Л.Зейл, Х.Кроп, І.Мендэс да Коста, Дж.Радэкер, Л.Х.Сондар і інш.). Развіваліся абстрактнае мастацтва (К.Апел, А.Волтэн, Т. ван Дусбург, П.Мондрыян, Б. ван дэр Лек), экспрэсіянізм (Я.Слёйтэрс), сюррэалізм, поп-арт, кінетычнае мастацтва. З 1960-х г. мастацтва Н. развіваецца ў традыцыях пач. 20 ст. У дэкар.-прыкладным мастацтве высокім маст. узроўнем вызначаюцца мэбля, шкло і тканіны па праектах арх. Х.П.Берлаге і Г.Рытвелда, маст. кераміка, дыванаткацтва.
Музыка. Элементы стараж. песень зафіксаваны ў герм. эпасе «Песня пра Нібелунгаў». З сярэднявечча пашыраны эпічныя, абрадавыя, быт., лірычныя нар. песні, песні пратэсту (рух флагелантаў у 15 ст., гёзы ў рэвалюцыю 16 ст.). Бытавалі і нар. танцы. Нар.муз. мастацтва распаўсюджвалі менестрэлі — выканаўцы на шалмеях, арфе, віёле, псалтэрыі. Пачатак прафес. музыкі звязаны з манастырскай культурай, якая мела высокі ўзровень ужо ў 9—10 ст. (Хукбальд). Мясц.муз. традыцыя ўзбагачалася дасягненнямі інш.муз. культур, што садзейнічала ўздыму Нідэрландскай школы ў 15—16 ст. У 17 ст. пашырыліся інстр. жанры, пратэстанцкія псалмы, расквітнела арганная музыка (Я.П.Свелінк). Інтэнсіўна развівалася муз. жыццё гарадоў, ствараліся калегіі аматараў музыкі, аркестры, першыя нідэрл. оперы («Пераможнае каханне» К.Хакварта). У 1-й пал. 19 ст. акрэсліўся ўздым нац. музыкі, павялічылася ўвага да нац. культуры, фальклору (І Ферхюлст, Р.Хол, В.Нікалаі), адкрываліся муз. школы, ствараліся муз. т-вы. На мяжы 20 ст. ўзнікла нац. кампазітарская школа (Б.Зверс, А.Дыпенбрак, І.Вагенар і іх паслядоўнікі). Пачалося выкарыстанне ў творчасці нац.муз. фальклору (Ю.Ронтген). Развіваліся праграмная сімф. музыка (Зверс, Вагенар, К.Допер), нац. опера (Ронтген). Пачала фарміравацца школа нідэрл. дырыжораў, якія выступалі з сімф. аркестрам т-ва «Кансертгебаў» (сярод кіраўнікоў В.Кес, В.Менгельберг, Э.А. ван Бейнум, Э.Іохум, В. ван Отэрла, Б.Хайтынк). Паявіліся оперныя трупы, оперныя артысты (Я.Урлюс, А. ван Рой). Пасля 1-й сусв. вайны ў музыцы Н. узніклі новыя стылістычныя тэндэнцыі, звязаныя з выкарыстаннем еўрап. прынцыпаў кампазіцыі, у т. л. санорыкі, політанальнасці і інш. (Х.Загвейн, М.Фермелён, Д.Ройнеман, С.Дрэсдэн). Сярод найб. значных сучасных кампазітараў В.Пейпер і яго вучні Г.Ландрэ, Х.Бадынгс, Р.Эсхер, Я.Герадс, О.Кетынг, Х.Кокс, Т. дэ Леуў, П.Схат і інш. У Н. праводзяцца міжнар.муз. фестывалі, у т. л. адзін з буйнейшых у Еўропе Нідэрл.муз. фестываль, і конкурсы, у т. л. арганістаў (з 1951), выканаўцаў на карыёне (з 1959). Працуюць: оперны т-р «Дэ Недэрландсе опера», оперныя кампаніі «Дэ Зёйд-Недэрландсе опера» і «Форум», кампанія «Нідэрландскі балет», 12 сімф. аркестраў, у т. л. Амстэрдамскі, Гаагскі каралеўскі арк. «Рэзідэнсі», хар. аб’яднанне «Голас народа», мужчынскі хор «Апола», хор «Гаагскія спевакі» і інш.; 7 кансерваторый, 3 муз. ліцэі, ф-ты гісторыі і тэорыі музыкі ва ун-тах Амстэрдама, Лейдэна, Утрэхта.
Тэатр. З канца 12 ст. на тэр. Н. наладжваліся прадстаўленні царк. і свецкіх драм. твораў. У 2-й пал. 15 ст. ўзніклі аматарскія т-вы л-ры і тэатра, т. зв. камеры рытараў, звязаныя з нац.-вызв. рухам (ставілі містэрыі, міраклі, маралітэ, у 1606 паказы забаронены). У пач. 17 ст. паявіліся першыя пастаянныя т-ры. Цэнтрам тэатр. жыцця стаў «Амстэрдамскі гарадскі тэатр» (1638, створаны на аснове «Нідэрландскай акадэміі», засн. ў 1617 С.Костэрам). У яго рэпертуары п’есы І. ван дэн Вондэла, Г.А.Брэдэра, П.К.Хофта. Існавала шмат вандроўных труп. Сярод вядучых акцёраў таго часу І.К.Ватыр-Зісеніс, А.К. ван Гермез, Г.І.Грэвелінк, Л.Карлсзан, М.Корвер, А.Ноземан, Я.Пюнт, В. ван дэр Хувен. У 18—19 ст.т-р знаходзіўся пад моцным замежным уплывам. Уздыму нац.т-ра садзейнічала арганізацыя ў Амстэрдаме ў 1870 аб’яднання «Сцэнічны саюз Нідэрландаў», пры якім у 1875 адкрыўся т-р «Нідэрландская сцэна» (узначальваў В.Роярдс). У 1888 створаны т-р «Нідэрлацдскае сцэнічнае аб’яднанне» (з 1912 кіраўнік Г.Хеерманс, з 1917 — Э.Феркадэ), у рэпертуары п’есы Хеерманса, М.Эмантса, Ф.В ван Эдэна, А.Стрындберга, Г. фон Гофмансталя, выступалі акцёры Л.Баўместэр, Я.Мюс, Р.Хопер і інш. У 1910—30-я г. свае трупы ўзначальвалі акцёры і рэжысёры Роярдс, Феркадэ, Л.Салбарн і інш. У 1920-я г. пашыраны аматарскія калектывы. У 1920 Хеерманс адкрыў у Амстэрдаме «Карэ тэатр». У 1940—60-я г. вядучымі калектывамі былі «Гаагская камедыя» (кіраўнікі К.Ласёр, П.Стэнберген) і «Нідэрл. камедыя» (пад кіраўніцтвам Х.В. ван дэр Берга і І. дэ Местра) у Амстэрдаме. З 1950-х г. ставяцца п’есы нац. драматургаў Я.Стала, С.Нотэбама, Я. ван дэр Мерве і сусв. класікі. Т-ры працуюць у гарадах Амстэрдам, Арнем, Гаага, Ротэрдам, Эйндхавен, у краіне шмат тэатр. кабарэ, ёсць эксперым. трупа, т-р для дзяцей. Сярод сучасных майстроў сцэны Л. дэ Бур, А. ван Далсюм, К. ван Дэйк, Ф.Карэлсен, Ш.Кёлер, Э. ван Лінген, Ж.Роярдс-Сандберг, В.Фос, Г.Хермюс.
Кіно. У 1898 зняты першы дакумент. фільм-рэпартаж «Каралеўская сям’я» (рэж. Андэрсен), у 1902 — ігравы кароткаметражны фільм «Прыгоды санкюлота» (рэж. А. і В. Муленсы). У 1910—19 у Харлеме існавала першая кінастудыя, якая выпускала дакумент. і кароткаметражныя ігравыя фільмы. У 1920-я г.нац. кінавытворчасць заняпала. У 1927 у Амстэрдаме створана аб’яднанне «Фільм-ліга» на чале з І.Івенсам, якое імкнулася абнавіць мову дакумент. кіно («Мёртвая вада», рэж. Г.Рутэн; «Зёйдэр-Зе», рэж. Івенс, абодва 1934). Сярод інш. твораў дакумент. кіно «Свет крышталёў» (рэж. Я.Мол), «Востраў Вялікадня» (рэж. Дж.Ферну; абодва 1934), «Стары горад» (1935, рэж. В.Тухінскі), «Балада пра цыліндр» (1936, рэж. М. дэ Хас). Для школы дакумент. кіно характэрны пошук сродкаў выразнасці, паэтычнае адлюстраванне рэчаіснасці ў спалучэнні з вострай публіцыстычнасцю. У 1933 зняты першы гукавы ігравы фільм «Бацька радзімы» (рэж. Г.Я.Тэнісен). У 1930-я г.маст. фільмы ставілі пераважна эмігранты з Германіі. У 1945—50 выпускалі дакумент. стужкі, прысвечаныя руху Супраціўлення (рэж. Р.Хорнекер, П.Рота, Ферну, О. ван Неенхаф і інш.). Сярод маст. фільмаў канца 1950—70-х г. «Фанфары» (1958), «Голас вады» (1967, рэж. абодвух Б.Ханстра), «Месье Хавардэн» (1969, рэж. Х.Кюмель), «Калегі, спыніце шум» (1960), «Міра» (1971, сумесна з Бельгіяй), «Макс Хавелаар» (паводле Мультатулі, 1976; рэж. усіх Ф.Радэмакерс), «Франк і Ева» (1973, рэж. П. дэ ла Пара), «Салдат каралевы» (1977, рэж. П.Верхувен) і інш. З 1980-х г. пачаўся ўздым кінематографа Н.: «Задыхаючыся» (1982, рэж. М.Сакс), «Кафэ-марожанае» (1984, рэж. Д.Ф.Франк), «Аранжавы салдат» (1984, рэж. Верхувен). Сярод фільмаў 1980—90-х г. — «Знікненне» (рэж. Дж.Слёйзер), «Моц» (рэж. Ф.Фокеш; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю жаночага кіно ў Мінску, 1999), «Прыгажуня» (рэж. І.Ахтэм), «Эліне Вера» (рэж. Кюмель), «Ава і Габрыэль» (рэж. Ф. дэ Руй), «Флодэр будуе Манхатан» (рэж. К.Хім) і інш. Сярод кінаакцёраў В. ван Алмерай, В.Андэрсен, К.Брусе, І.Блуменг, М. ван дэ Вен, Т.Ленсінк, П.Фабер, Р. дэ Хоер, Э.Хойтынг, Т.Хююрдэман і інш., рэжысёраў — Верхувен, П.Парэ, І.Стэлінг, В.Хаанстра, Х.Хілкем і інш. Буйнейшыя кінакампаніі — «Алартс», «Анімейтэд Піпл», «Скорпіо-філмс» і інш., кінастудыі — «Сінесентрум», «Карылан-філмс» і інш. У Амстэрдаме і Ротэрдаме праводзяцца міжнар. кінафестывалі дакумент. кіно. Кінематаграфістаў рыхтуюць Кінаінстытут у Амстэрдаме (з 1948) і Акадэмія кіно (з 1958).
Літ.:
Чистозвонов А.Н. Реформационное движение и классовая борьба в Нидерландах в первой половине XVI в. М., 1964;
Серебряный Л.Р. Нидерланды: традиции и современность. М., 1990;
Ошис В.В. История нидерландской литературы. М., 1983;
Крашенинникова Н.Л. Современная архитектура Нидерландов (Голландия). М., 1971;
Виппер Б.Р. Становление реализма в голландской живописи XVII в. М., 1975;
Яго ж. Очерки голландской живописи эпохи расцвета (1640—1670). М., 1962;
Ротенберг Е.И. Западноевропейское искусство XVII в. М., 1971;
Герб і сцяг Нідэрландаў.Да арт.Нідэрланды. Газавыя ўстаноўкі ў Слохтэрэне, на поўначы краіны.Да арт.Нідэрланды. Нафтаачышчальны завод на захадзе краіны.Да арт.Нідэрланды. Польдэры.Да арт.Нідэрланды. Рака Рэйн у Ротэрдаме.Да арт.Нідэрланды. Узяцце «марскімі гёзамі» г. Брыл у 1572. Гравюра 1583.Да арт.Нідэрланды. Руіны г. Ротэрдам. Май 1940.Да арт.Нідэрланды. Набярэжная канала ў Амстэрдаме.Да арт.Нідэрланды. Рэмбрант. Начны дазор. 1642.Да арт.Нідэрланды. Я.Вермер. Майстэрня жывапісца. 1665—70.Да арт.Нідэрланды. Кафлянае пано. Дэлфцкі фаянс. Каля 1700.Да арт.Нідэрланды. П.Мондрыян. Кампазіцыя. 1929.