ГРЭ́СКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у Грэскім р-не Мінскай вобл. пад кіраўніцтвам Грэскага падп. РК КП(б)Б. Арганізатар і кіраўнік У.І.Заяц. Налічвала каля 80 чал., 4 групы: у бальніцы в. Грэск (кіраўнік Ю.Г.Войчык), вёсках Стараселле (А.В.Вадап’ян), Гацук (Заяц), Вобчае (І.І.Каско). Падпольшчыкі вялі сярод насельніцтва агітац. работу, распаўсюджвалі звесткі Саўінфармбюро, перадавалі партызанам звесткі пра рух варожага транспарту, папярэджвалі пра карныя аперацыі акупантаў, псавалі тэлеф. сувязь праціўніка, спалілі некалькі мастоў на шашэйных дарогах, пусцілі пад адхон варожы эшалон, разграмілі апорны пункт фашыстаў у в. Вобчае, захапілі абоз з прадуктамі і пераправілі партызанам.
т. 5, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЭАРЫ́ТЫ,
малыя целы Сонечнай сістэмы, якія трапляюць на Зямлю з міжпланетнай прасторы; часткі метэорных цел, якія не паспелі згарэць у атмасферы (гл. Метэоры).
У залежнасці ад канечнай масы і скорасці, а таксама характару грунту ў месцы падзення М. застаюцца ляжаць на паверхні ці пранікаюць у глебу на глыбіню да 6,5 м, утвараючы лейкападобную выемку Адрозніваюць М.: каменныя (92% агульнай колькасці), жалезакаменныя (2%) і жалезныя (6%). Складаюцца пераважна з алюмінію, жалеза, кальцыю, кіслароду і інш. і не маюць у сабе якіх-н. невядомых на Зямлі хім. элементаў. Форма ў асноўным няправільная абломкавая, радзей — арыентаваная (завостраная з аднаго боку і расшыраная і прытупленая з другога). Звычайна М. з усіх бакоў пакрытыя тонкай коркай плаўлення таўшчынёй не болей за 1 мм, колер чорны (матавы ці бліскучы), радзей светлы і паўпразрысты. На М., якія доўга праляжалі ў зямлі, кара акісляецца і робіцца цёмнага чырвона-бурага колеру. Паверхня М. мае своеасаблівыя паглыбленні — рэгмагліпты. Колер унутр. рэчыва — светла-шэры, цёмна-шэры, зусім чорны ці амаль белы. Маса М. — ад доляў грама да дзесяткаў тон, самы буйны — М. Гоба (маса каля 60 т, Афрыка). На 1 млн. км² паверхні Зямлі падаюць 3 М. ў год. У сусветны рэестр занесена больш за 2 тыс. М. На Беларусі вядома 5 М.: «Брагін», «Грэск», «Жмены», «Заброддзе», «Чорны Бор». Бел. калекцыя М. захоўваецца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі. Гл. таксама Тунгускі метэарыт, Сіхатэ-Алінскі метэарыт.
Літ.:
Кринов Е.Л. Вестники Вселенной. М.,1963;
Вуд Дж.А Метеориты и происхождение солнечной системы: Пер. с англ. М., 1971;
Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982.
У.Я.Бардон.
т. 10, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)