РАКА́ДА (ад франц. rokade),

ракадныя дарогі (чыг., шашэйныя або грунтавыя), якія праходзяць паралельна лініі фронту і прызначаны для манеўравання войскамі, матэрыяльнымі сродкамі, а таксама адпаведныя лініі сувязі ў прыфрантавой паласе.

т. 13, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЧАЛО́ЧВАННЕ ГЛЕ́БЫ,

вымыванне з глебы і перамяшчэнне ў ніжнія гарызонты і грунтавыя воды растваральных рэчываў (хларыдаў, сульфатаў, нітратаў, карбанатаў і інш.). Развіваецца ва ўмовах прамыўнога рэжыму, увільгатнення, калі паступленне вільгаці з атм. ападкамі перавышае расход яе на выпарэнне і транспірацыю расліннасцю (вышчалачаныя чарназёмы і глебы паўн. шырот).

т. 4, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКРО́ПАЛЬ (ад грэч. nekros мёртвы + polis горад),

назва могільніка ў краінах Стараж. Усходу, антычнага свету, Міжземнамор’я і Прычарнамор’я. Бываюць грунтавыя, падземныя (катакомбы), курганныя, а таксама могілкі, што маюць асаблівы статус (напр., Н. Аляксандра-Неўскай лаўры ў С.-Пецярбургу). Найб. вядомыя Н. — «Даліна цароў» у Егіпце, «Дыпілонскія могілкі» ў Афінах з надмагільнымі скульптурамі 5—4 ст. да н.э. Знаходкі ў Н. даюць уяўленне пра побыт і культуру народа.

т. 11, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАНО́СНЫ ГАРЫЗО́НТ,

слой або некалькі слаёў водапранікальных горных парод, поры, трэшчыны і інш., пустоты ў якіх запоўнены вадой. Фарміруецца на водатрывалым слоі. Першы ад паверхні ваданосны гарызонт безнапорны, у ім утвараюцца грунтавыя воды. Напорныя гарызонты падземных вод абмежаваны водатрывалымі гарызонтамі (гл. Артэзіянскія воды). Некалькі гідраўлічна звязаных ваданосных гарызонтаў утвараюць ваданосны комплекс.

Схема будовы і залягання ваданоснага гарызонту: 1 — пясок; 2 — гліна; 3 — воданасычаны пясок; 4 — крыніца; 5 — узровень грунтавых вод; 6 — напрамак руху грунтавых вод.

т. 3, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНОЧНАКАЎКА́ЗСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі бронзы (2-е тыс. да н.э.) у бас. рэк Кубань і Церак. Аснова гаспадаркі — пастухоўская жывёлагадоўля і земляробства. Пахаванні ў грунтавых ямах, каменных скрынях і скляпах. У стэпах і перадгор’ях могільнікі курганныя, у гарах — грунтавыя. Пахавальны інвентар: гліняны посуд акруглых форм з адбіткамі вяровачкі, штампаў і налепамі ў выглядзе шышак і валікаў, каменныя булавы і сякеры, бронзавыя лістападобныя нажы, цёслы, сякеры, упрыгожанні. З П.к. генетычна звязаны прыкубанская і кабанская культуры.

І.​М.​Язэпенка.

т. 12, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫКАЗА́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура бронзавага веку (16—9 ст. да н.э.), пашыраная на ранніх этапах у Прыказанскім Паволжы і суседніх раёнах Ніжняга Прыкам’я, пазней на велізарных абшарах у бас. рэк Кама, Белая, Вятка, Вятлуга. Склалася на падставе валасоўскай культуры пад уплывам зрубнай культуры; яе змяніла ананьінская культура жал. веку. Плямёны П.к. займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, была развіта апрацоўка медзі і бронзы. Іх паселішчы з паўзямлянкавымі жытламі, могільнікі грунтавыя і курганныя з абрадам трупапалажэння (нябожчыкаў хавалі ў выцягнутым ці скурчаным становішчы). Для керамікі характэрны пласкадонныя (пазней кругладонныя) гаршкі з геам. арнаментам.

т. 13, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРО́ЖНА-БУДАЎНІ́ЧЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

будаўнічыя матэрыялы (вырабы), якія выкарыстоўваюцца пры буд-ве аўтамабільных дарог, пакрыццяў вуліц і плошчаў. Падзяляюцца на грунтавыя (гліны, суглінкі, пяскі, супескі), каменныя прыродныя (жвір, бутавы камень, друз, брусчатка і інш.) і штучныя (асфальтабетон, цэментны і палімербетон і інш.), керамічныя (клінкер, тратуарныя пліткі, цагляны друз, трубы для дрэнажу), шлакавыя (шлакавы друз, адлітыя з шлакавага расплаву камяні і пліты), арган. і мінер. вяжучыя рэчывы (бітум, дзёгаць, гудрон, смолы, пакосты; цэмент, вапна, гіпс), бетоны і вырабы з іх, палімерныя матэрыялы (ідуць пераважна на плёнкаўтваральныя ахоўныя пакрыцці і ўмацавальныя дабаўкі да грунтоў). Гл. таксама Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць.

т. 6, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,

карты, якія адлюстроўваюць умовы залягання, заканамернасці фарміравання і размяшчэння, уласцівасці і запасы падземных вод. Складаюцца на тапаграфічнай аснове паводле гідрагеал. здымкі. Служаць падставай для гідрагеал. даследаванняў рэгіёнаў, прагнозу і пошукаў радовішчаў падземных вод і інш. На дробнамаштабных картах (драбней за 1:500 000) паказваюць найб. важныя гідрагеал. асаблівасці тэрыторыі — граніца гідрагеалагічных басейнаў (масіваў), вобласці жыўлення, напору і разгрузкі, раёны развіцця розных тыпаў падземных вод. На сярэдне- і буйнамаштабных гідрагеалагічных картах характарызуюцца артэзіянскія і грунтавыя воды. Такія карты выкарыстоўваюць пры эксплуатацыі радовішчаў, праектаванні водазабораў і вадасховішчаў. Асобны тып складаюць карты падземнага сцёку, рэсурсаў, рэжыму, гідрахіміі падземных вод.

т. 5, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ГІЛЬНІК,

група стараж. пахаванняў у адным месцы. Адасобленыя ад паселішчаў М. з’явіліся ў мезаліце. Падзяляюцца на курганныя (гл. Курган) і бескурганныя, або грунтавыя без насыпаў. Паводле пахавальнага абраду адрозніваюць М. з трупаспаленпем і трупапалажэннем. Даследаванне М. дае каштоўны матэрыял для вызначэння арэала этн. груп, археал. культур, храналогіі, палеантрапалогіі, сямейных і сац. адносін; пахавальны інвентар, убранне нябожчыка дапаўняюць уяўленне аб матэрыяльнай культуры розных плямён. На Беларусі самыя стараж. М. адносяцца да бронзавага веку (Рудня-Шлягіна, Ходасавічы). Найб. даследаваны бескурганныя М. ранняга жал. веку Чаплін, курганныя часоў Полацкай дзяржавы Ізбішча, Заслаўскія курганныя могільнікі. Антычны М. звычайна называюць некропалем, хрысц. — могілкамі, мусульманскі — мізар.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 10, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗНЯКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура бронзавага веку, пашыраная ў 2-й пал. 2-га тыс. да н.э. ў бас. Акі, Клязьмы, у верхнім і часткова сярэднім Паволжы. Назва ад паселішча каля с. Пазнякова (паблізу г. Мурама). Паходжанне П.к. звязваюць з прасоўваннем з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. з рэк Дон і Северскі Данец плямён зрубнай культуры і асіміляцыяй імі мясц. насельніцтва. Асн. заняткі плямён П.к. — жывёлагадоўля, земляробства, выплаўка бронзы. Для яе характэрны невял. паселішчы на надпоймавых тэрасах, паблізу ад іх — могільнікі (курганныя для ранняга і грунтавыя для позняга этапаў); I пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы. Каля магіл выяўлены рэшткі вогнішчаў. Знойдзены гліняны посуд, крамянёвыя прылады, у багатых пахаваннях — бронзавыя нажы, кінжалы, упрыгожанні.

т. 11, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)