ГРАВЕ́Т (франц. Gravettian),

археалагічная культура эпохі верхняга палеаліту, якая каля 25 тыс. г. да н. э. змяніла арыньяк. Назва ад грота Ла-Гравет у Дардоні (Францыя), дзе знойдзены першыя крамянёвыя прылады тыпу гравет. У сучаснай тэрміналогіі лічыцца найб. ранняй фазай верхняга перыгору. Для гравету характэрны невял. вострыя крамянёвыя пласціны з прытупленым краем (т.зв. гравецкія вастрыі). Тэрмін «гравет» часам выкарыстоўваюць у дачыненні да матэрыялаў усяго верхнеперыгорскага перыяду.

А.​В.​Іоў.

т. 5, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫСЕ́Й, Уліс,

у грэч. міфалогіі цар вострава Ітака, гал. герой паэмы «Адысея». Праславіўся як удзельнік Траянскай вайны. Вызначаўся адвагай, хітрасцю, розумам. Існуюць 2 версіі смерці Адысея: паводле адной яго смяротна параніў сын Тэлегон, па другой Адысей памёр у Этоліі ці Эпіры, дзе шанаваўся як герой, надзелены дарам прароцтва. Прыгоды Адысея адлюстраваны ў л-ры (Гамер, Сафокл, Эўрыпід і інш.) і выяўл. мастацтве (малюнкі на ант. вазах, фрэскі ў Пампеі і інш.).

Галава Адысея. фрагмент скульптурнай групы э грота ў Сперлонгу. Канец 2 ст. да н.э.

т. 1, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАМБАЛО́НЬЯ (Giambologna),

Джавані Балонья (Giovanni Bologna; сапр. Жан дэ Булонь; Jean de Boulogne; 1529, г. Дуэ, Францыя — 13.8.1608), італьянскі скульптар, прадстаўнік маньерызму. У 1554 або 1555 прыехаў у Рым, дзе, верагодна, вучыўся ў Мікеланджэла. Працаваў у Фларэнцыі пры двары Медычы, а таксама ў Балонні, Генуі. Выконваў багата дэкарыраваныя фантаны, скульпт. групы і статуі, статычныя конныя помнікі («Нептун», Балоння; «Козіма I Медычы», 1593, Фларэнцыя). Развіваючы ідэі Б.Чэліні, імкнуўся да стварэння «ідэальна круглай» скульптуры з уласцівай ёй прасторавай свабодай і магчымасцю ўсебаковага агляду (спіралепадобная па кампазіцыі група «Выкраданне сабінянак», 1583, Фларэнцыя), да арган. сувязі з прыродным асяроддзем («Алегорыя Апенін», Праталіна). Манерная вытанчанасць прапорцый і рухаў, дынамічнасць кампазіцыі, віртуозная дакладнасць апрацоўкі матэрыялу («Меркурый», 1564, Балоння, і 1580, Фларэнцыя) спалучаюцца ў Дж. з натуралістычнымі эфектамі (статуі птушак для грота вілы ў Кастэла, Фларэнцыя).

Джамбалонья. Меркурый. Бронза. 1580.

т. 6, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)