ГЛЕ́БАВЫ ПРО́ФІЛЬ,
вертыкальны разрэз глебавай тоўшчы ад паверхні да мацярынскай пароды. Мае слаістую будову, утварае сукупнасць генетычна ўзаемазвязаных глебавых гарызонтаў і падгарызонтаў. Магутнасць ад дзесяткаў сантыметраў да некалькіх метраў. Паводле глебавага профілю вызначаюцца назвы глеб і іх месца ў глебавай класіфікацыі. Адрозніваюць прыродныя і змененыя дзейнасцю чалавека глебавыя профілі (меліяраваныя, акультураныя і інш.). Кожны від глебы мае свой спецыфічны глебавы профіль і яго будову. Паводле характару суадносін глебавых гарызонтаў глебавыя профілі падзяляюць на простыя і складаныя, сярод якіх вылучаюць некалькі тыпаў будовы: прымітыўныя, нармальныя, слабадыферэнцыраваныя, парушаныя (эрадзіраваныя і перагорнутыя), рэліктавыя і інш.
Н.М.Івахненка.
т. 5, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫ АНА́ЛІЗ,
даследаванне складу і ўласцівасцей глебавых гарызонтаў, іх колькасных характарыстык і хім. саставу. Пры глебавым аналізе вызначаюць грануламетрычны і агрэгатны састаў, структуру глебы, гумус (перагной), колькасць хім. элементаў і іх назапашванне (валавы аналіз), састаў і колькасць водарастваральных рэчываў глебы і яе рэакцыю, паглынальную здольнасць, забяспечанасць злучэннямі азоту, фосфару, калію і інш. рэчывамі, даступнымі для жыўлення раслін, даследуюць склад элементаў глебы, дынаміку размеркавання ў ёй пажыўных рэчываў і дынаміку глебавых працэсаў. На аснове глебавага аналізу складаюць глебавыя карты і картаграмы.
т. 5, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Глебавы паглынальны комплекс 2/592—593; 3/412, 504—505; 5/598
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
гео́лого-по́чвенный гео́лага-гле́бавы.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
по́чвенный гле́бавы;
по́чвенные во́ды гле́бавыя во́ды.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
дэфармава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак. і незак., што.
Змяніць (змяняць) форму, аб’ём, памер якога‑н. цела, уздзейнічаючы на яго. Дэфармаваць глебавы пласт.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зонд, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Медыцынскі інструмент у выглядзе палачкі, трубкі і інш., які ўводзіцца ў глыбіню каналаў і поласць цела з дыягнастычнай ці лячэбнай мэтай. Хірургічны зонд.
2. Металічны шпень, бур для даследавання падглебы. Глебавы зонд.
3. Невялікі паветраны шар з самапішучым прыборам для вывучэння верхніх слаёў атмасферы.
[Фр. sonde.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ІЛ, мул,
тонкадысперсны насычаны вадой няўшчыльнены асадак, які намнажаецца на дне водных басейнаў. Мае ад 30 да 50% часцінак памерам менш за 0,01 мм. Паводле генезісу адрозніваюць І. тэрыгенны (гліністы і інш.), біягенны (дыятомавы, глабігерынавы і інш.), хемагенны (карбанатны і інш.), вулканагенны. З’яўляецца пачатковай стадыяй фарміравання многіх асадкавых горных парод (аргіліты, сланцы). Некаторыя І. (азёрны, сажалкавы, лагунны) выкарыстоўваюць як угнаенне і для мінер. падкормкі с.-г. жывёл, а таксама ў медыцыне для гразелячэння. На Беларусі пашыраны І. азёрны (сапрапель, гіція) і глебавы.
т. 7, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАЛІ́Т (ад мана... + ...літ),
1) геалагічны М. — суцэльная каменная глыба; узор горнай пароды, адабраны без парушэння будовы. Памеры ад некалькіх сантыметраў да некалькіх метраў. Выкарыстоўваецца для помнікаў, у будаўніцтве, лабараторных даследаваннях.
2) М. глебавы — узор глебавага профілю з непарушанай будовай. Уключае генетычныя гарызонты да мацярынскай пароды і выкарыстоўваецца ў вучэбных мэтах для дэманстрацыі ў музеях і ў лабараторных эксперыментах.
3) М. гляцыялагічны — буйны ўзор снегу (лёду), выпілаваны са снегавой (ледзяной) тоўшчы для лабараторных даследаванняў.
4) М. будаўнічы, гл. ў арт. Жалезабетонныя вырабы і канструкцыі.
Р.Р.Паўлавец.
т. 10, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)