ВАСА́ДЗЕ Акакій Аляксеевіч

(6.8.1899, г. Кутаісі — 23.3.1978),

грузінскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1936). Праф. Тбіліскага тэатр. ін-та (1949). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1917. З 1920 у Груз. т-ры імя Ш.Руставелі (Тбілісі; у 1935—55 гал. рэжысёр). З 1958 гал. рэжысёр Груз. т-ра імя Л.Месхішвілі (Кутаісі). З 1969 акцёр груз. т-ра ў г. Руставі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў і пастановак: Ахма («Анзор» С.Шаншыяшвілі), Пэпія («Апавяданне жабрака» І.Чаўчавадзе), Яга («Атэла» У.Шэкспіра), Франц Моар («Разбойнікі» Ф.Шылера), Шуйскі («Вялікі гасудар» У.Салаўёва; і рэж.), Шмага («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага; і рэж.). З 1924 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946, 1951; Дзярж. прэмія Грузіі імя Руставелі 1975 (усе за тэатр. работы).

т. 4, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Во́лат ’гігант, асілак’ (БРС, Касп., Гарэц., КТС). Рус. волот, дыял. велет ’тс’, укр. ве́лет, велетень ’тс’, ст.-рус. волотъ, ц.-слав. влатъ ’гігант’, зах.-слав. Veletabi ’племя вільцы ў Макленбургу’ (= *veletove). Было некалькі спроб высветліць этымалогію гэтага слова, але галоўная цяжкасць — хістанне o/e — застаецца нявырашанай. Брукнер (AfslPh, 42, 138) велет звязвае са ст.-слав. велии ’вялікі’, а варыянт волот лічыць больш позняй аналагічнай формай. Сабалеўскі (РФВ, 64, 117) спрабаваў тлумачыць хістанне галосных як розныя асіміляцыі, але гэтага недастаткова. Міклашыч (394) супастаўляе з с.-лац. Veletabi, назвай заходнеславянскага племені. Дапускаецца роднасць з лац. valeo ’я ў сілах, здаровы’, тахар. A wäl‑ ’панаваць’, тахар. B walo, wlo ’пан, гасудар’ (Бенвеніст, Festschr. Н. Hirt, 2, 234). Версія Шахматава (AfslPh, 33, 87 і наст.), паводле якой слова запазычана з кельц. (параўн. ірл. flaith ’валадар’), памылковая па фанетычных прычынах (Фасмер, 1, 344). Аб сувязі тэрмінаў волот, велет з волос, велес гл. Іванаў, Тапароў, Иссл., 62 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БО́РДЖА,

Борджыя (ісп. Borja, італьян. Borgia), арыстакратычны род іспанскага паходжання, які ў 15 — пач. 16 ст. адыгрываў значную ролю ў гісторыі Італіі. Пачатак яго ўзвышэнню даў Алонса (31.12.1378—6.8.1458), які стаў папам (1455—58) пад імем Калікста III. Яго пляменнік Радрыга (1430—18.8.1503) — папа Аляксандр VI (1492—1503), са сваім сынам Чэзарэ (1475 ці 1476—12.3.1507) імкнуліся стварыць у Сярэдняй Італіі вял. дзяржаву, дзе Чэзарэ меў бы абсалютную ўладу. Дзеля гэтага выкарыстоўвалі подкупы, забойствы. У 1499 Чэзарэ стаў правіцелем Раманьі. Пасля смерці Аляксандра VI пазбаўлены ўлады, уцёк у Іспанію. Загінуў у баі ў час міжусобных войнаў. Чэзарэ — прататып правіцеля ў творы Н.Макіявелі «Гасудар». Дачку Аляксандра VI Лукрэцыю (18.4.1480—24.6.1519) бацька і брат Чэзарэ тройчы выдавалі замуж з паліт. мэтамі. У 1501 Лукрэцыя стала жонкай герцага Ферары Альфонса д’Эстэ. Пры яе двары ў Ферары працавалі вучоныя, паэты, мастакі Л.Арыёста, П.Бемба, Тыцыян і інш.

т. 3, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)