КАТА́Р ВЕ́РХНІХ ДЫ́ХАЛЬНЫХ ШЛЯХО́Ў,
вострае запаленне з пашкоджаннем слізістых абалонак дыхальнага тракту (бранхіт, ларынгіт, рыніт, трахеіт, фарынгіт). Іншы раз спалучаецца з запаленнем слізістай абалонкі вока (кан’юнктывіт) і запаленнем лёгкіх. Прычыны: вірусы, адэнавірусы, бактэрыі, патагенныя грыбы, алергены, уздзеянне хім. фактараў (хлор, фармалін і інш.), пыл, злоўжыванне алкаголем, курэннем і інш. Ускладненні: запаленні прыдаткавых пазух носа (гаймарыт, франтыт і інш.), сярэдняга вуха (атыт), хранічныя формы хваробы. Лячэнне тэрапеўтычнае.
т. 8, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНУСІ́Т,
вострае або хранічнае запаленне слізістай абалонкі прыдаткавых пазух носа (напр., гайморавай — гаймарыт). Развіваецца пры інфекцыях дыхальных шляхоў, пашкоджанні касцей чэрапа, карыесе і інш. Зрэдку бывае пансінусіт (пашкоджанне ўсіх пазух). Хранічны С. з утварэннем паліпаў і кіст бывае пры парушэнні адтоку запаленчага эксудату з пазухі носа пры вострым С., пры скрыўленні перагародкі носа і інш. Прыкметы: боль у вобласці вачніц, ілба і інш. частак галавы, дыханне праз нос абцяжарваецца. Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.
І.М.Семяненя.
т. 14, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫДА́ТКАВЫЯ ПА́ЗУХІ, каляносавыя пазухі,
паветраносныя поласці, якія размешчаны ў касцях чэрапа і злучаюцца з поласцю носа праз вузкія каналы або шчыліны; рэзанатары голасу. Верхнясківічная, або гаймарава пазуха (у целе верхняй сківіцы) адкрываецца ў сярэдні насавы ход. Лобная пазуха размешчана ў лобнай косці, злучаецца з поласцю носа праз лобна-насавы канал. Рашэцісты лабірынт (у рашэцістай косці) адкрываецца ў сярэдні і верхні насавыя хады. Клінападобная пазуха (асн.) размешчана ў целе клінападобнай косці, адкрываецца ў поласць носа ззаду. Унутр. паверхня П.п. выслана тонкай слізістай абалонкай, падобнай на слізістую поласці носа, але больш тонкай і беднай крывяноснымі сасудамі і залозамі. Запаленне слізістай абалонкі і сценак П.п. — сінусіт (гаймарыт, франтыт).
А.С.Леанцюк.
т. 13, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)