АРМЕНО́ПУЛ (Armenopulos) Канстанцін (1310 — 80 ці 1383),

візантыйскі юрыст, складальнік практычнага дапаможніка па рымскім праве «Настаўленне да законаў, або Шасцікніжжа» (5 кніг пра розныя пытанні цывільнага права і адна пра злачынствы і пакаранні). Некаторыя палажэнні «Шасцікніжжа» мелі сілу закону (у Грэцыі) або былі крыніцай мясцовага права (у Бесарабіі).

т. 1, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТАНЦІ́Н V (719—14 або 23.9.775),

візантыйскі імператар [741—775). З Ісаўрыйскай дынастыі. У 743 задушыў паўстанне сталічнай знаці. Атрымаў перамогі над арабамі (746, 752) і балгарамі (763). Умацаваў ваен. і эканам. становішча Візантыі. Узначальваў іканаборскі рух (гл. Іканаборства), дамогся асуджэння царк. саборам 754 іконашанавання, пачаў барацьбу супраць апазіц. манаства (закрываў манастыры, канфіскоўваў іх багацці).

т. 7, с. 593

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕАФА́Н СПАВЕ́ДНІК (Theophanēs Homologētēs; каля 752, Стамбул — 818),

візантыйскі храніст. Манах Сігрыянскага манастыра. Стаяў на пазіцыях артадаксальнага манаства, варожа ставіўся да іканаборства; ідэалізаваў рым. імператара Канстанціна I. Яго «Хранаграфія» (нап. 810—814) — пагадовае апісанне падзей за 284—813; для перыяду 769—813 з’яўляецца адзіным паслядоўным пераказам гісторыі Візантыі і сумежных краін. Кананізаваны царквою.

т. 16, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЎ VI (Leōn) Мудры, Леў VI Філосаф (1.9.866, г. Канстанцінопаль — 11.5.912), візантыйскі імператар [886—912]. З Македонскай дынастыі. Пацярпеў шэраг паражэнняў у войнах з балгарамі (893), арабамі (907), Кіеўскай Руссю (у 911 заключыў з кіеўскім князем Алегам дагавор, які гарантаваў рускім свабоду гандлю ў Канстанцінопалі). У 887—893 выдаў заканад. зборнік Васілікі і больш за 100 заканад. пастаноў, якія дапаўнялі Кодэкс Юсцініяна.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 9, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕО́РГІЙ АМАРТО́Л (Geōrgios Amartōlos), Георгій Манах,

візантыйскі храніст. Манах. Аўтар «Хронікі» (каля 867). Складалася з 4 кніг, ахоплівала перыяд ад «стварэння свету» да 842. Асвятляла ў асн. пытанні багаслоўя і гісторыі царквы, мела звесткі пра паўстанне Фамы Славяніна. У 10—11 ст. «Хроніка» перакладзена на стараж.-рус. мову.

Літ.:

Афиногенов Д.Е. Композиция хроники Георгия Амартола // Византийский временник. 1991. Т. 52;

Яго ж. Представления Георгия Амартола об идеальном императоре // Византийские очерки. М., 1991.

т. 5, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЎ ДЫЯ́КАН (Leōn Diakonos; каля 950, Калоэ, М. Азія — каля 1000),

візантыйскі гісторык. Вучыўся ў Канстанцінопалі. З пач. 980-х г. імператарскі прыдворны дыякан, суправаджаў імператара Васілія II у ваен. паходах супраць балгар. Аўтар «Гісторыі» ў 10 кн. (нап. 990—991), прысвечанай падзеям 959—979; у твор уключана і апісанне паходаў кіеўскага кн. Святаслава Ігаравіча на Балканы. Аўтар эканомій (панегірыкаў) імператару Васілію II (994—996).

Тв.:

Рус. пер. — История. М., 1988.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 9, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕАФІЛА́КТ СІМАКА́ТА (канец 6 — 1-я пал. 7 ст.),

візантыйскі гісторык. Нарадзіўся ў Егіпце. Вучыўся ў Александрыі і Афінах. Саветнік імператара Іраклія. У яго гал. працы «Гісторыі» (ці «Усеагульная гісторыя»; 8 кн.) на аснове хронік і дакументаў апісаны гісторыя Візантыі канца 6 — пач. 7 ст., краін Пярэдняй Азіі, візантыйска-іран. адносіны і славяна-аварскія войны з Візантыяй у канцы 6 ст. Аўтар твора па алхіміі «Пытанні фізікі», лістоў (перакладзены на лац. мову М.Капернікам).

т. 16, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ФАР III Ватаніят

(каля 1010 — пасля 1081),

візантыйскі імператар [1078—81]. Паходзіў з малаазійскай знаці. З сярэдзіны 11 ст. палкаводзец і намеснік шэрагу ваен.-адм. акруг. Узначаліў мяцеж малаазійскай знаці супраць імператара Міхаіла VII Дукі. У студз. 1078 абвешчаны імператарам, у сакавіку ўступіў у Канстанцінопаль. Беспаспяхова ваяваў з туркамі-сельджукамі, якія заснавалі на б. візант. землях Канійскі султанат (1080). Пры Н. III рэзка абвастрылася саперніцтва паміж малаазійскай і еўрап. ваен. знаццю. Скінуты Аляксеем I Камнінам, пастрыжаны ў манахі.

т. 11, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РВАРСКІЯ ПРА́ЎДЫ (лац. Leges barbarorum літар. законы варвараў),

запісы звычаёвага права герм. плямён, складзеныя паміж 5 і 9 ст. Забяспечвалі парадак жыцця ў варварскіх каралеўствах (гл. Варвары). Мелі форму судзебнікаў, тлумачылі пераважна пытанні суда і пакарання. Вядомыя Вестгоцкая (2-я пал. 5 ст.), Салічная (канец 5 ст.), Бургундская (пач. 6 ст.), Рыпуарская (6—7 ст.), Баварская (сярэдзіна 7 ст.), Алеманская (7—8 ст.) варварскія праўды. Паводле свайго характару да іх набліжаюцца візантыйскі Земляробчы закон (мяжа 7—8 ст.) і Руская праўда.

т. 4, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ФАР I (Nikēphoros; ?—26.7.811),

візантыйскі імператар [802—811]. Быў скарбнікам пры двары імператрыцы Ірыны. Пасля яе звяржэння абвешчаны імператарам. Для ўмацавання фін. становішча дзяржавы ўвёў новыя падаткі, у т. л. з царкоўнай маёмасці. Умацаваў флот, развіваў гандаль шляхам прадастаўлення купцам дзярж. пазыкі. Задушыў паўстанне славян у г. Патры (Пелапанес) і пачаў іх хрысціянізацыю. З 802 ваяваў з араб. халіфам Харунам-ар-Рашыдам, у 804 пацярпеў паражэнне ў Фрыгіі, у 807 падпісаў зневажальны для Візантыі мір. Забіты ў час вайны 809—11 з Балгарыяй.

т. 11, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)