КУПА́ЛЬСКІЯ ПЕ́СНІ, купалка, купалле, купайло,

янаўскія песні, песні летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Адносяцца да летняга сонцавароту («калі сонца паварочвае на зіму, а лета на жару»). Спяваюць іх перад Купаллем і на само свята. Найб. пашыраны ў славян, літоўцаў, латышоў. Паводле стараж. уяўленняў, заснаваных на язычніцкім адухаўленні прыроды (як і на вопыце практыка-земляроба), у гэты перыяд у найб. ступені разгортваюцца жыццёвыя сілы прыроды, якія могуць быць амбівалентна спрыяльнымі і варожымі. Адсюль важкасць у купальскай абраднасці катарсічнай («ачышчальныя» вогнішчы, рытуальнае купанне) і апатрапеічнай (абходы жыта і інш. засцярогі ад злых сіл) магіі, а таксама асаблівае ў земляробчым календары значэнне купальскага культу як пакланення сонцу (у сімвалічных агнях) і ўшанавання расліннага свету. Паэзія К.п. працягвае вобразна-эмацыянальную атмасферу цыкла веснавых песень, але мае і яскравую адметнасць, абумоўленую загадкавасцю самай таямнічай на працягу года купальскай ночы і карнавалізаваным светаадчуваннем святкавання сонцаваротаў.

Тыповы купальскі сюжэт — нарматыўнае «скліканне на купалу» з асуджэннем (нярэдка ў карнавалізаваных фарбах) таго, «хто не выйшаў на купалу» («Параска, Аксіння, Наталка ... на купалах не была // То-то — ведзьма была // До Кіёва летала на Йвана»).

Для К.п. характэрна тэматыка чарадзейства са збіраннем цудадзейных траў (зёлак), з незвычайным усходам сонца («Будзем сонца пільнаваці // Да як будзе сонца граці»). Гэтым абумоўлены таямнічы флёр, які абвалаквае персаніфікаваную Купалку ў адрозненне ад вясёлай, адкрыта разухабістай Каляды, пышна маляўнічай Вясны або пазнейшых персаніфікацый хрысц. святых — пастаянных працаўнікоў Юр’я, Пятра, Ільі. Само з’яўленне Купалы некалькі загадкавае, маскіраванае («ішла Купалка сялом, сялом // Закрыўшы вочкі чабром, чабром»). Цудадзейна-таямнічы аспект інтэрпрэтацыі каляндарнай абраднасці ў К.п. садзейнічае замацаванню менавіта ў іх баладных сюжэтаў і матываў, сярод якіх выкрышталізаваліся і тыповыя купальскія, як балада аб сястрыцы і браціку, што ператварыліся ў кветку Іван-ды-Мар’я. Пашыраная ў К.п. (як і ў веснавых) шлюбна-любоўная тэматыка нярэдка карнавалізуецца («Ссохлі, здохлі дзецюкі // На дзевачак гледзючы»), Для К.п., як і для ўсіх традыц. абрадавых песень, характэрны тыповыя палітэкставыя напевы, якія ў пэўным арэале набываюць знакава-сімвалічнае значэнне. Бел. этнамузыказнаўцы вызначаюць 7—9 песенна-меладычных тыпаў такіх напеваў. Пры дастатковай стабільнасці рытма-структурных прымет напевы К.п. вызначае інтанацыйна-меладычная мабільнасць: ад падкрэслена «галасных» мелодый святочна-ўзнёслага характару («У нас сягоння Купалачка») і сціслай формульнасці прыглушаных прыпеваў-паўтораў («Ночка мала, купальная») да лірыкі паліжанравых вяснова-купальскіх мелодый з тыповымі зачынамі, дзе звароты да купалачкі, вясняначкі, русалачкі ўзаемазамяняльныя. К.п. найб. пашыраны ў Паазер’і і паўд.-зах. раёнах Беларусі. У інш. рэгіёнах іх прыметы выяўляюцца ў веснавых, траецкіх і русальных песнях.

Публ.:

Беларускія народныя песні / Запіс Р.​Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;

Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.​Цітовіч. 2 выд. Мн., 1975;

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Купальскія і пятроўскія песні / Уклад. А.​Ліс, Г.​Таўлай. Мн., 1985.

Літ.:

Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Тавлай Г.В. Белорусское купалье. Мн., 1986;

Гл. таксама літ. да арт. Каляндарныя песні.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 9, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Май1 ’пяты месяц каляндарнага года’ (ТС, Бес., Гарэц., Ян., Шат., Касп., Бяльк., драг. КЭС). Укр. май, польск. maj, ст.-рус., ст.-слав. маи ’тс’. Запазычана з лац. māius праз с.-грэч. (μάϊος) і ст.-слав. Магло ўспрымацца непасрэдна праз навучанне ў школах, пашыраючыся сярод простага люду (Фасмер, 2, 559; Бернекер, 2, 8; Брукнер, 317; Махэк₂, 348, БЕР, 3, 615). Сюды ж майскі (ТСБМ), майскі жук (Бяльк.).

Май2 ’першая зелень ліставых дрэў, якой прыбіраюць хаты на сёмуху’ (Нас., ТСБМ, Сержп. Прымхі, Фалют., Янк. 3.. Ян., Шн., Рам. 8, Мядзв., Жд. 1, Шат., Бяльк., Мат. Гом., Растарг.; пух., Бел. дыял.; в.-дзв., Шатал., ТС), ’адзначэнне дзядоў на сёмуху’ (Кліх), ’зялёны аір, які раскідваюць па падлозе і дарожках у дзень Сашэсця Св. Духа’ (Нас.), ’бярозавае галлё, якое падсцілаюць пад стог’ (круп., Нар. сл.), віц. маінка ’галінка, якую ўтыкалі на капусную градку пасля таго, як «развівалі» бярозу на сёмуху’ (Сакалова, Обряды, 190). Укр. зах. май ’зелень’, ’маладое дрэва, прыбранае стужкамі, ці галіны, якімі прыбіраюць хату, падвор’е’, польск. maj ’зялёныя галіны, зелень’, majowy ’зялёны’, majówka (фалькл.) ’май, дрэўца на сёмуху’; н.-луж. maja, в.-луж. meja, mejka ’ўрачыста азлобленае маладое дрэва’, чэш. máje, máj, мар. mája ’высокае стройнае дрэва, якое ставіцца на 1 Мая або ў іншыя святы’, ’перыяд росквіту, свежасці ў прыродзе’, славац. máj ’вясна’, ’сімвал вясны — высокая азлобленая яліна, якую хлопец ставіць перад 1 Мая ля вакна сваёй каханай’, славен. máj, mláj ’аздобленая яліна, пастаўленая з выпадку якой-небудзь урачыстасці’. Хаця вяснова-летні абрад, звязаны з культам зялёнага дрэва, вядомы ўсім славянам, аднак лексема май і вытворныя пашыраны толькі на захадзе слав. тэрыторыі, на Беларусі і Украіне. Можна меркаваць, што лексема запазычана з ням. Mei (тое ж Махэк₂, 348). У бел. і ўкр. гаворкі — з польск. мовы. На Беларусі май2 злілося з май1.

Май3 у выразе буў — і як май змаеў ’раптоўна прапаў’ (саліг., Нар. словатв.; ТС), укр. май‑май‑май ’аб хуткіх рухах, калі махаюць, або што-небудзь уецца’, маяти ’махаць, рухацца туды-сюды’, майдати ’віляць хвастом’, рус. ма́ять ’махаць’ (і інш.: мая́к, мая́чить, маятник); польск. majaczyć ’быць ледзь бачным’, ’кружыцца’, н.-луж. mawaś ’махаць’, в.-луж. majkać ’гладзіць, песціць’, чэш. mávati ’махаць’, славац. mávať ’тс’, славен. májati ’рухацца туды-сюды’, прасл. корань ma‑. Мае балт. адпаведнікі: літ. móti, лат. māt ’махаць’ (Махэк₂, 355; Фасмер, 2, 587). Гл. таксама махаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)