ПІРАПЛАЗМІДО́ЗЫ,

група кровапаразітных хвароб млекакормячых жывёл, птушак, земнаводных, рыб, зрэдку чалавека, якія выклікаюцца піраплазмідамі. У ліку П. — бабезіёзы, нуталіёзы, піраплазмозы, тэйлерыёзы. Сезонныя хваробы, часцей рэгіструюцца ў вяснова-летні перыяд. Смяротнасць 30—60%.

На Беларусі спарадычна адзначаецца нуталіёз, тэйлерыёз у коней, сабак.

т. 12, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАПЛАЗМО́З,

інвазійная трансмісіўная хвароба буйной і дробнай рагатай жывёлы, якая выклікаецца паразітаваннем у крыві анаплазмаў. Пераносчыкі — іксодавыя кляшчы і крывасосныя насякомыя. Адзначаецца ўсюды, часцей у вяснова-восеньскі перыяд. Характарызуецца гарачкай пераменнага тыпу, прагрэсіўнай анеміяй, павелічэннем паверхневых лімфавузлоў, ацёкамі, атаніяй страўнікава-кішачнага тракту. Смяротнасць невялікая. Лячэнне тэрапеўтычнае. У мэтах прафілактыкі жывёл у летні час апрацоўваюць акарыцыднымі сродкамі.

т. 1, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАДЭКО́З, залозніца,

інвазійная хвароба чалавека і жывёлы з генералізаваным ці мясц. пашкоджаннем скуры. Выклікаецца кляшчом залозніца, які паразітуе ў валасяных фалікулах, сальных і потавых залозах. Лакалізацыя — найчасцей скура твару. Прыкметы: дробныя вузельчыкі і гнайнічкі на пачырванелым фоне, іншы раз лушчэнне. Цячэнне хваробы хранічнае, абвастрэнні ў вяснова-летні перыяд. Д. мае цяжкую форму ў буйн. раг. жывёлы, свіней, сабак.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 6, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮРА́НС (Durance),

рака на ПдУ Францыі, левы прыток Роны. Даўж. 350 км, пл. бас. 14,2 тыс. км². Пачынаецца ў Коцкіх Альпах, перасякае адгор’і Праванскіх Альпаў, у нізоўі цячэ па Ронскай нізіне. Сярэдні расход вады 190 м³/с. Жыўленне ў вярхоўі снегавое, на астатнім працягу — дажджавое. Вяснова-летнія высокія паводкі; бываюць навадненні. Каскад ГЭС. Выкарыстоўваецца для арашэння. У вусці — г. Авіньён.

т. 6, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗІ́МЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

аднагадовыя расліны, якім для нармальнага развіцця неабходна працяглае ўздзеянне нізкай тэмпературы на раннім перыядзе росту. Сеюць увосень, ураджай збіраюць у наступным годзе. Маюць перыяды актыўнай вегетацыі: асенні (45—50 сут), у час якога расліны фарміруюць каранёвую сістэму і надземныя вегет. органы, і вяснова-летні (75—100 сут), калі развіваюцца генератыўныя органы. Выспяваюць раней і даюць больш стабільны ўраджай, чым яравыя культуры, лепш паглынаюць веснавую вільгаць з глебы; добрыя папярэднікі для інш. палявых культур. Да азімых культур належаць азімыя жыта, пшаніца, ячмень, рапс, свірэпіца, рыжык, віка. У сусв. земляробстве найб. пашырана азімая пшаніца — гал. збожжавая расліна Еўропы і ЗША. На Беларусі вырошчваюць азімыя жыта, пшаніцу, віку, рапс.

т. 1, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАСНЫ́ СПЕЎ,

гучнае спяванне на адкрытым паветры. Вядомы ў многіх народаў свету, чый побыт звязаны з працай на вольным паветры (напр., іодлі альпійскіх горцаў і інш.). На Беларусі на працягу стагоддзяў выпрацаваўся ў своеасаблівую школу нар. выканання са сваімі эстэт. заканамернасцямі і крытэрыямі майстэрства. Галоўныя з іх: уменне «голасна весці» (спяваць працяжна, на вял. дыханні), а таксама «падняць» песню (распець яе са звонкай грудной падводкай). Для галаснога спеву характэрны шматлікія гукавыя фарбы, якія арганічна ўплятаюцца ў меладычную лінію напеву (глісандуючыя ўзлёты і спады, воклічы на асобных фанемах). У манеры галаснога спеву выконваюцца звычайна каляндарныя песні вяснова-летняга цыкла, пазаабрадавыя лірычныя песні працяжнага характару. Найб. выразна галасны спеў прадстаўлены на Палессі, а таксама на Магілёўшчыне і ў паўд. раёнах Міншчыны. Выдатныя яго майстры сустракаюцца пераважна сярод пастухоў, леснікоў, аб’ездчыкаў; у мінулым майстэрствам галаснога спеву валодалі плытагоны.

Літ.:

Можейко З.Я. Песенная культура Белорусского Полесья. Село Тонеж. Мн., 1971;

Яе ж. Традиціїний білоруський народний спів сьогодні // Нар. творчість та етнографія. 1970. N° 1;

Цитович Г.Н. Украинско-белорусские связи в народной музыке // Цитович Г.Н. О белорусском песенном фольклоре. Мн., 1976.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 4, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІНДУКУ́Ш,

горная сістэма Азіі, у Афганістане, Пакістане і Індыі. Даўж. каля 800 км, шыр. 50—350 км. Найб. выш. 7690 м (г. Тырычмір у Пакістане). Цягнецца з ПдЗ на ПнУ, утварае водападзел паміж бас. рэк Амудар’я, Інд і Гільменд. Асн. хрыбты — Баба, Пагман і ўласна Гіндукуш, які падзяляецца на Зах., Цэнтр. і Усх. Гіндукуш. Заходні Гіндукуш (выш. 3500—4000 м), мае рысы сярэдневысокіх апустыненых гор. Хрыбты Цэнтральнага Гіндукуша (выш. да 6059 м) знаходзяцца на У і ПнУ ад г. Кабул. Усходні Гндукуш самы высакагорны (выш. больш за 6000 м), з магутнымі сучаснымі зледзяненнямі (пл. каля 6200 км²). Зах. працягласць Гіндукуша — горы Парапаміз. Сфарміраваўся Гіндукуш у працэсе альпійскай складкавасці. Восевая зона складзена са з дакембрыйскіх метамарфічных парод (гнейсаў, крышт. сланцаў і кварцытаў), па перыферыі — з палеазойскіх вапнякоў і гліністых сланцаў. Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал. і поліметал. руды, берылій, золата, лазурыт, барыт, сера, графіт, цэлесцін, тальк. Клімат кантынентальны, сухі, з добра выяўленай вертыкальнай пояснасцю, ад паўпустыннага і стэпавага паясоў у перадгор’ях і шырокіх міжгорных далінах да высакагорнага нівальнага. Ападкаў 300—800 (на ПдУ — 1000 м) за год. Рэкі Гіндукуша маюць горны характар, вяснова-летнія паводкі, абумоўленыя снегава-ледавіковым жыўленнем. Горныя пустыні з рэдкімі калючымі хмызнякамі або сухі стэп; на паўд.-ўсх. схілах — участкі лістападных, шыракалістых і хвойных лясоў, на высокіх пласкагор’ях — ландшафты халодных пустынь. Жывёльны свет: снежны барс, горны воўк, леапард, горны і безааравы казлы, маркхоры, куку-яманы і інш.; на ПдУ — гімалайскі мядзведзь, рысь, куніца, дзік і інш.; з птушак — грыф, тыбецкі улар, горны гусак.

З.​Я.​Андрыеўская.

т. 5, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕНІСЕ́Й (па-эвенкійску Іаанэсі літар. вялікая вада, рака),

рака ў Сібіры, у Краснаярскім краі (вярхоўі ў Рэспубліцы Тува), Расія. Адна з самых вялікіх рэк на зямным шары (7-е месца). Утвараецца пры зліцці Вялікага Енісея (Бій-Хем) і Малога Енісея (Ка-Хем) каля г. Кызыл. Даўж. 3487 км (ад вытокаў Малога Е. 4102 км), пл. бас. 2580 тыс. км². Упадае ў Енісейскі зал. Карскага м.

Цячэнне Е. падзяляецца на 3 ч.: верхняе (ад зліцця Бій-Хема і Ка-Хема да ўпадзення р. Абакан), сярэдняе (паміж рэкамі Абакан і Ангара), ніжняе (ад р. Ангара да вусця). У вярхоўі Е. цячэ па ўзгорыстым стэпе Тувінскай катлавіны пад назвай Верхні Е. (Улуг-Хем). Рэчышча падзелена на асобныя рукавы і пратокі, спакойныя плёсы чаргуюцца з перакатамі. Ад упадзення р. Хемчык на працягу 280 км Е. праразае хрыбты Зах. Саяна. Даліна тут вузкая. месцамі каньёнападобная, шыр. да 100 м. У рэчышчы шмат камяністых перакатаў і парогаў. Пры выхадзе Е. ў Мінусінскую катлавіну даліна расшыраецца, шмат астравоў. Паміж гарадамі Мінусінск і Краснаярск у адгор’ях Усх. Саяна даліна звужаецца, ніжэй Краснаярска даліна расшыраецца пасля ўпадзення р. Ангара, левы бераг нізінны, правы ўзвышаны. Пры перасячэнні адгор’яў Енісейскага кража Е. утварае Казачынскі і Асінаўскі парогі. Ніжэй г. Дудзінка цячэ па Паўн.-Сібірскай нізіне. У нізоўях разбіваецца на рукавы: шырыня рэчышча да 15—20 км, глыб. больш за 15 м. Асн. прытокі: Оя, Туба, Мана, Кан, Ангара, Падкаменная Тунгуска, Ніжняя Тунгуска, Курэйка (справа), Абакан, Сым, Турухан (злева). Жыўленне снегавое, дажджавое і грунтавое. Для б.ч. Е. характэрна высокае веснавое разводдзе і ўстойлівая асенне-зімовая межань, частыя летнія дажджавыя паводкі, у вярхоўях — вяснова-летняе разводдзе. Ледастаў у ніжнім цячэнні 3 канца кастр. да канца мая — пач. чэрв.; у сярэднім цячэнні з пач. ліст. да канца крас. — сярэдзіны мая; у горнай ч. з канца ліст.снеж. да канца красавіка. Е. — самая мнагаводная рака Расіі. Сярэднегадавы расход вады каля г. Ігарка 18 100 м³/с, у вусці — 19 800 м³/с.

На Е. Саяна-Шушанская, Майнская і Краснаярская ГЭС з вадасховішчамі. Суднаходства на вадасховішчах і ад г. Краснаярск да вусця. Для праводкі суднаў з ніжняга б’ефа ў Краснаярскае вадасховішча і назад пабудаваны суднапад’ёмнік. Да г. Ігарка (973 км ад вусця) паднімаюцца марскія судны. Рыбныя промыслы (асетр, сцерлядзь, омуль, селядзец, нельма, бялуга і інш.). У бас. Е. запаведнікі Саяна-Шушанскі і Слупы. Гал. гарады і парты: Кызыл, Саянагорск, Мінусінск, Абакан, Дзіўнагорск, Краснаярск, Енісейск, Ігарка, Дудзінка.

Літ.:

Гнедовский Б.В., Добровольская Э.Д. Вверх по Енисею. М., 1980;

Колесов А.Н. По Енисею. 3 изд. Красноярск, 1990.

В.​П.​Кісель.

т. 6, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ЛЬСКІЯ ПЕ́СНІ, купалка, купалле, купайло,

янаўскія песні, песні летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Адносяцца да летняга сонцавароту («калі сонца паварочвае на зіму, а лета на жару»). Спяваюць іх перад Купаллем і на само свята. Найб. пашыраны ў славян, літоўцаў, латышоў. Паводле стараж. уяўленняў, заснаваных на язычніцкім адухаўленні прыроды (як і на вопыце практыка-земляроба), у гэты перыяд у найб. ступені разгортваюцца жыццёвыя сілы прыроды, якія могуць быць амбівалентна спрыяльнымі і варожымі. Адсюль важкасць у купальскай абраднасці катарсічнай («ачышчальныя» вогнішчы, рытуальнае купанне) і апатрапеічнай (абходы жыта і інш. засцярогі ад злых сіл) магіі, а таксама асаблівае ў земляробчым календары значэнне купальскага культу як пакланення сонцу (у сімвалічных агнях) і ўшанавання расліннага свету. Паэзія К.п. працягвае вобразна-эмацыянальную атмасферу цыкла веснавых песень, але мае і яскравую адметнасць, абумоўленую загадкавасцю самай таямнічай на працягу года купальскай ночы і карнавалізаваным светаадчуваннем святкавання сонцаваротаў.

Тыповы купальскі сюжэт — нарматыўнае «скліканне на купалу» з асуджэннем (нярэдка ў карнавалізаваных фарбах) таго, «хто не выйшаў на купалу» («Параска, Аксіння, Наталка ... на купалах не была // То-то — ведзьма была // До Кіёва летала на Йвана»).

Для К.п. характэрна тэматыка чарадзейства са збіраннем цудадзейных траў (зёлак), з незвычайным усходам сонца («Будзем сонца пільнаваці // Да як будзе сонца граці»). Гэтым абумоўлены таямнічы флёр, які абвалаквае персаніфікаваную Купалку ў адрозненне ад вясёлай, адкрыта разухабістай Каляды, пышна маляўнічай Вясны або пазнейшых персаніфікацый хрысц. святых — пастаянных працаўнікоў Юр’я, Пятра, Ільі. Само з’яўленне Купалы некалькі загадкавае, маскіраванае («ішла Купалка сялом, сялом // Закрыўшы вочкі чабром, чабром»). Цудадзейна-таямнічы аспект інтэрпрэтацыі каляндарнай абраднасці ў К.п. садзейнічае замацаванню менавіта ў іх баладных сюжэтаў і матываў, сярод якіх выкрышталізаваліся і тыповыя купальскія, як балада аб сястрыцы і браціку, што ператварыліся ў кветку Іван-ды-Мар’я. Пашыраная ў К.п. (як і ў веснавых) шлюбна-любоўная тэматыка нярэдка карнавалізуецца («Ссохлі, здохлі дзецюкі // На дзевачак гледзючы»), Для К.п., як і для ўсіх традыц. абрадавых песень, характэрны тыповыя палітэкставыя напевы, якія ў пэўным арэале набываюць знакава-сімвалічнае значэнне. Бел. этнамузыказнаўцы вызначаюць 7—9 песенна-меладычных тыпаў такіх напеваў. Пры дастатковай стабільнасці рытма-структурных прымет напевы К.п. вызначае інтанацыйна-меладычная мабільнасць: ад падкрэслена «галасных» мелодый святочна-ўзнёслага характару («У нас сягоння Купалачка») і сціслай формульнасці прыглушаных прыпеваў-паўтораў («Ночка мала, купальная») да лірыкі паліжанравых вяснова-купальскіх мелодый з тыповымі зачынамі, дзе звароты да купалачкі, вясняначкі, русалачкі ўзаемазамяняльныя. К.п. найб. пашыраны ў Паазер’і і паўд.-зах. раёнах Беларусі. У інш. рэгіёнах іх прыметы выяўляюцца ў веснавых, траецкіх і русальных песнях.

Публ.:

Беларускія народныя песні / Запіс Р.​Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;

Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.​Цітовіч. 2 выд. Мн., 1975;

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Купальскія і пятроўскія песні / Уклад. А.​Ліс, Г.​Таўлай. Мн., 1985.

Літ.:

Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Тавлай Г.В. Белорусское купалье. Мн., 1986;

Гл. таксама літ. да арт. Каляндарныя песні.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 9, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)