ПЕРЭ́ (Perret) Агюст (12.2.1874, Брусель — 4.3.1954),

французскі архітэктар.

Ганаровы прэзідэнт Міжнар. саюза архітэктараў (з 1948). Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. З 1928 выкладаў у спец. школе архітэктуры ў Парыжы (праф.). Адзін з першых пачаў будаваць цалкам жалезабетонныя дамы: жылы дом на вул. Франкліна (1903), т-р Елісейскіх палёў (1911—13), царква Нотр-Дам у Ле-Рэнсі (1922—23) — усе ў Парыжы. Пры рэканструкцыі г. Гаўр (з 1947) выкарыстоўваў індустр. метады і стандартызацыю буд-ва.

А.Перэ. Жылы дом на вул. Франкліна ў Парыжы. 1903.

т. 12, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ.

Існаваў у 1680—1832 у Мінску. Засн. мінскім падкаморым Т.​К.​Горскім, які ахвяраваў францысканцам пляц для забудовы. Комплекс кляштара размяшчаўся на вул. Францысканскай (цяпер Леніна), уключаў драўляны крыжападобны ў плане 2-вежавы касцёл св. Антонія, інтэр’ер якога ўпрыгожвалі 4 драўляныя разныя алтары. Мураваны жылы будынак кляштара ўзведзены ў 18 ст. на месцы драўлянага будынка 2-й пал. 17 ст. — 2-павярховы Г-падобны ў плане корпус пад 2-схільным чарапічным дахам. Паўн.-зах. тарцовы фасад завяршаўся трохвугольным франтонам са скульптурамі 2 анёлаў і рэльефнай выявай сонца з прамянямі (у тымпане). Комплекс быў абнесены высокай мураванай агароджай з брамамі. У 1798—99 францысканцы пераведзены ў будынкі Мінскага касцёла і кляштара кармелітаў (як установа М.к.ф. скасаваны ў 1832). Драўляны касцёл св. Антонія перанесены на мінскія Кальварыйскія могілкі (не захаваўся). Пабудовы кляштара на Францысканскай вул. ў пач. 19 ст. перададзены Мінскай каталіцкай семінарыі, якая знаходзілася там да 1843, потым мураваны будынак належаў кансісторыі Мінскай рымска-каталіцкай епархіі. У 2-й пал. 19 ст. перабудаваны пад Мінскую гар. ўправу. У Вял. Айч. вайну ён пашкоджаны, у канцы 1940-х г. пры рэканструкцыі вул. Леніна разбураны.

У.​М.​Дзянісаў.

т. 10, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГАРЭ́ЛАЎ Леў Мікалаевіч (н. 27.6.1929, г. Ачакаў Мікалаеўскай вобл., Украіна),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1973). Скончыў Адэскі інж.-буд. ін-т (1954). У 1954—91 працаваў у ін-це «Мінскпраект» (з 1964 кіраўнік майстэрні). Асн. работы (у Мінску): жылыя дамы па вуліцах Казлова, Енісейскай, Апанскага, Партызанскім праспекце, у мікрараёне Чыжоўка (1960—70-я г.), па вул. М.​Танка (1977—84, у сааўт.), Омскім зав., на Велазаводскай пл.; масты цераз р. Свіслач па вуліцах Кастрычніцкай і Аранскай (1962); будынкі Цэнтр. н.-д. і праектна-тэхнал. ін-та арг-цыі і тэхнікі кіравання (1973), ін-та «Мінскпраект» (1975, абодва ў сааўт.), гасцініц «Турыст» (1972); «Кастрычніцкая» (1980) і «Беларусь» (1987), Мінскі аўтавакзал «Усходні» (1983, у сааўт.), будынак Епархіяльнага ўпраўлення па вул. Вызвалення (1984); станцыі метрапалітэна «Маскоўская» (1984) і «Пралетарская» (1990), б. Дом паліт. асветы (цяпер канцэртная зала «Мінск»; 1987, усе ў сааўт.), і інш. Паводле праектаў П. будуюцца комплекс Дома міласэрнасці (з 1997; царква, дом для састарэлых, школа для дзяцей-інвалідаў, мед. цэнтр), храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у нашай Айчыне па вул. Каліноўскага (з 1998).

т. 11, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЙДУКЕ́ВІЧ Станіслаў Сільвестравіч (13.5.1876, Мінск — 25.5.1937),

бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1910). З 1910 у Мінску. У 1921—27 заг. праектнага аддзела К-та дзярж. пабудоў пры СНК БССР, у 1929—37 выкладаў у Мінскім арх.-буд. тэхнікуме. У 1937 рэпрэсіраваны. Асн. работы ў Мінску: жылыя дамы па вул. Захар’еўскай (сучасная вул. Савецкая), даходны дом Е.​Кастравецкай, будынак польск. банка (не зберагліся), Дом селяніна (1929, у сааўт; разбураны ў Вял. Айч. вайну). Удзельнічаў у распрацоўцы праекта 1-й Усебеларускай с.-г. і прамысл. выстаўкі (1930, гал. ўваход, асн. павільёны) і інш. У яго творчасці выразна прасочваецца імкненне да адраджэння бел. арх. традыцый і ансамблевай забудовы горада.

В.​М.​Чарнатаў.

т. 5, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕ́ЎСКІ (Pniewski) Богдан (26.7.1897, Варшава — 5.9.1965),

польскі архітэктар, адзін са стваральнікаў польскай арх. школы 20 ст. Ганаровы чл. франц. Акадэміі архітэктуры (з 1952). Скончыў політэхн. ін-т у Варшаве (1923). З 1932 праф. Акадэміі выяўл. мастацтваў, з 1945 — політэхн. ін-та. Для творчасці П. характэрна спалучэнне рыс неакласіцызму і функцыяналізму. Яго пабудовы адметныя рацыянальнай прастатой форм, манументальнасцю аб’ёмаў, фактурнай выразнасцю: жылыя дамы на вул. Мадалінскага (1925—26), віла на вул. Клёнавай (1935—37), будынкі Польскага радыё (1939), Мін-ва шляхоў зносін (1946—47), Дом селяніна (1957—61, з М.​Гандзялевіч), перабудова комплексу будынкаў Сейма (1948—51), Вял. т-ра (1954—65, у сааўт.; усе ў Варшаве); віла «Патрыя» ў г. Крыніца (1934). Дзярж. прэмія Польшчы 1952.

Б.Пнеўскі. Віла «Патрыя» ў г. Крыніца. 1934.

т. 12, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТКАЧУ́К Аксана Фёдараўна (н. 10.6.1933, С.-Пецярбург),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1976). Скончыла Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе (1958). З 1960 працавала ў ін-це «Мінскпраект», у 1977—83 гал. мастак Мінска, адначасова нам. гал. архітэктара горада. Кіраўнік аўтарскага калектыву праектаў будынкаў Ін-та нар. гаспадаркі (1964—74), жылых дамоў па вул. Старавіленскай (1977—79), будынка Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі ((1981), Палаца культуры вытв. тонкасуконнага аб’яднання (1984), планіроўкі і забудовы мікрараёнаў Ракаўская шаша 6 і 7 у Мінску. Сярод інш. работ (у сааўт.): праекты рэстарана «Журавінка» (1969) у Мінску, рэканструкцый Бел. т-ра імя Я.​Коласа ў Віцебску (1985), будынкаў 19 ст. па вул. Камсамольскай у Мінску (1999) і інш.

т. 15, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ Валерый Францавіч (н. 25.2.1947, Мінск),

бел. архітэктар і гісторык архітэктуры. Канд. архітэктуры (1987). Скончыў БПІ (1971). З 1971 працаваў у ін-це «Мінскпраект», з 1974 выкладае ў БПА (з 1988 дацэнт), Бел. АМ, Еўрап. гуманіт. ін-це ў Мінску. Асн. работы: праекты комплексу будынкаў праектных ін-таў па вул. Варвашэні, гандл.-грамадскага цэнтра па вул. Прытыцкага (абодва 1971—74), будынка Дома архітэктараў (1972, усе ў сааўт.) у Мінску. Даследуе архітэктуру Беларусі 18—19 ст.

Тв.:

Атлас памятников архитектуры и мемориальных комплексов Белоруссии. Мн., 1988 (у сааўт.);

Палац у Гомелі. Мн., 1991;

Палац у Жылічах. Мн., 1992;

Гомель классический: Эпоха. Меценаты. Архитектура. Мн., 1997;

Działalność architektów warszawskich i wileńskich na Białorusi w końcu XVIII i 1. połowie XIX wieku // Biuletyn Historii Sztuki. 1990. № 3—4;

Cechy klasycyzmu w planach posiadłości królewskich ekonomii grodzieńskiej końca XVIII wieku // Klasycyzm i klasycyzmy. Warszawa, 1994.

т. 10, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТА́ПАЎ Юрый Фёдаравіч (н. 3.9.1930, г. Сяміпалацінск, Казахстан),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1985). Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1954). Працаваў у Свярдлоўску, Маскве, Мінску, Гродне. З 1980 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект». З 1990 кіраўнік творчай майстэрні. Асн. работы на Беларусі (усе ў сааўт.): забудова мікрараёнаў № 1, 2, вул. Леніна, 9-павярховы жылы дом, адм. будынак (усе 1960-я г.) у г. Салігорск; добраўпарадкаванне прывакзальнай плошчы (1974—85), 16-павярховая гасцініца па вул. Савецкіх пагранічнікаў (1982) у Гродне; мост цераз Зах. Дзвіну (1973) і добраўпарадкаванне плошчы імя 1000-годдзя Віцебска (1985) у Віцебску; забудова цэнтра в. Расна Камянецкага р-на (1976—85); тыпавыя праекты жылых дамоў для індывід. буд-ва (1975) і дзіцячых дашкольных устаноў (1980—85); Мінскі лядовы палац спорту (1998). Сярод інш. работ водалячэбніца санаторыя «Беларусь» (1984) у г. Друскінінкай (Літва).

Тв.:

Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986 (у сааўт.).

т. 12, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАБУ́НЯ Антон Апалінаравіч (1876—3.2.1920),

бел. паліт. дзеяч; адзін з лідэраў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ, падп. мянушка Фама). Скончыў Маскоўскі ун-т. У 1905—07 працаваў пам. прысяжнага паверанага ў Мінску. Дэлегат 2-га з’езда БСГ (студз. 1906) у Мінску. Яго кватэра па вул. Праабражэнскай (цяпер вул. Інтэрнацыянальная) і фальварак у Ігуменскім пав. (каля г.п. Пухавічы) былі канспіратыўнымі. Адзін з заснавальнікаў кніжнага т-ва «Мінчук». У студз. 1906 мінская жандармерыя завяла справу па абвінавачанні Ш. ў распаўсюджванні «супрацьурадавых выданняў» (спынена ў 1909 за недастатковасцю ўлік).

Літ.:

Каганец К. Творы. Мн., 1979;

Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928): Успаміны аб працы першых бел. паліт. арг.: Бел. рэв. грамада, Бел. сац. грамада. Мн., 1991. С. 9, 22—23;

А[ляксандр] У[ласаў]. Страты інтэлектуальных сіл Менска // Беларусь. 1920. 5 сак.;

Автобиография... Ефима Гальперина // Народны камісарыят сацыяльнай апекі БССР. Мн., 1924. С. 47.

В.​У.​Скалабан.

т. 17, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАМО́ГІ ПЛО́ШЧА ў Мінску

(да 1954 Круглая плошча). Знаходзіцца на перакрыжаванні праспекта Ф.​Скарыны з вул. Захарава і Кісялёва. Займае важнае месца ў арх.-кампазіцыйным абліччы горада. Як арх. ансамбль пачала фарміравацца ў 1939, калі ў адпаведнасці з генпланам Мінска 1932—36 (арх. Ю.​Кілаватаў, кансультант В.​Вітман) тут пабудаваны 2 дугападобныя ў плане жылыя дамы (завершаны ў 1947, арх. Р.​Столер),

павернутыя да цэнтра горада. Далей забудова вялася паводле генплана 1946 (арх. М.​Андросаў, Н.​Трахтэнберг і інш.) і праекта плошчы 1950 (арх. М.​Баршч, Л. і Г. Аранаўскасы, карэкціроўка Г.​Заборскага і Л.​Мацкевіча, 1954). Плошча ў плане — прамавугольнік (225 × 175 м), які з аднаго боку завяршаецца паўкружжам. Яе прастора расчлянёна на 2 часткі — круглую і аванплошчу. Кампазіцыйны цэнтр — манумент Перамогі, размешчаны пасярэдзіне круглай часткі плошчы і замыкае перспектыву праспекта Ф.​Скарыны і вул. Захарава і Кісялёва. Абапал праспекта, ніжэй за яго ўзровень паміж вуліцамі Захарава, Кісялёва, Камуністычнай і Фрунзе, разбіты скверы партэрнага тыпу, уздоўж якіх па 3 жылыя дамы (арх. Баршч, Аранаўскасы, 1950—56), увянчаныя 4-граннымі вежачкамі, з паўд. боку злучаныя паміж сабой ажурнай каланадай. Тарцовую частку плошчы з боку вул. Камуністычнай замыкаюць Дом-музей I з’езда РСДРП, мост цераз р. Свіслач (арх. М.​Паруснікаў, Г.​Баданаў, 1951—53), а з боку вул. Фрунзе — манум. вароты — уваход у Цэнтр. дзіцячы парк імя М.​Горкага (арх. Заборскі, 1953). У 1984 у сувязі з увядзеннем у дзеянне 1-й лініі Мінскага метрапалітэна плошча перад манументам перапланавана (арх. Б.​Ларчанка, Б.​Школьнікаў, К.​Вязгін) і стала 2-узроўневай. Пад зямлёй аснова манумента абкружана кальцавой абходнай галерэяй, звязанай са станцыяй метрапалітэна. Галерэя пераходзіць у круглую глядзельную залу, прысвечаную памяці герояў, што загінулі ў Вял. Айч. вайну. У цэнтры яе вянок, выкананы з маст. шкла з падсветкай знутры (маст. В.​Позняк) — сімвал Вечнага агню. На сцяне бронзавая выява Зоркі Героя Сав. Саюза і пласціны з імёнамі 566 вызваліцеляў Беларусі, удастоеных звання Героя Сав. Саюза. Да манумента вядуць ланцужкі невял. гранітных блокаў (па 6 з кожнага боку) з надпісамі-прысвячэннямі гарадам-героям і выявамі ўзнагарод.

А.​А.​Воіна.

Перамогі плошча ў Мінску.

т. 12, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)