псеўдатуберкулёз
(ад псеўда- + туберкулёз)
інфекцыйная хвароба свойскіх жывёл, якая характарызуецца ўтварэннем ва ўнутраных органах і лімфатычных вузлах гнойных бугаркоў, якія знешне нагадваюць туберкулёзныя вузялкі вузельчыкі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АБСЦЭ́СЫ МНО́ЖНЫЯ ў дзяцей, псеўдафурункулёз,
хвароба, якая характарызуецца гнойным запаленнем экрынавых потавых залоз. Узбуджальнік — залацісты стафілакок. Узнікненню спрыяюць расшыраныя і ўкарочаныя вывадныя пратокі потавых залоз у грудных дзяцей. На скуры ў вусцях праток з’яўляюцца пустулы (як шпілечная галоўка), якія прарываюцца з утварэннем гнойнай скарынкі. Адначасова ўзнікаюць шматлікія вузельчыкі і вузлы (памерам ад гарошыны да яйца) чырвона-бардовага колеру, якія потым размнажаюцца і прарываюцца з вадкім гноем. Высыпанні бываюць прыступамі і суправаджаюцца агульнай слабасцю, ліхаманкай, паносам. Хвароба працяглая; пры загойванні застаюцца рубцы. Лечаць УФ-апрамяненнем, пераліваннямі крыві маці, ін’екцыямі пеніцыліну; абсцэсы ўскрываюць, прамываюць антысептыкамі.
т. 1, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГРЫ́,
хвароба тлушчавых залоз скуры і іх праток. Бываюць ад себарэі, парушэння дзейнасці страўнікава-кішачнага тракту, залоз унутр. сакрэцыі, абмену рэчываў, пры спадчыннай схільнасці. Найчасцей назіраюцца ў юнацкім узросце ў перыяд палавой спеласці. На скуры твару, спіны, грудзей з’яўляюцца чорныя кропкі са скурнага сала, рагавых скурачак і пылу. Вакол іх (іншы раз па-за імі) з’яўляюцца запаленчыя вузельчыкі (2—4 мм) ружовага колеру, у цэнтры якіх фарміруюцца гнайнічкі; пры загойванні іх утвараецца скурачка, іншы раз рубец. Пры распаўсюджванні працэсу ўтвараюцца пустулы; ачагі могуць злівацца. Лячэнне: ліквідацыя асн. хваробы, дыета, тэрапеўтычныя сродкі, фізіятэрапія.
М.З.Ягоўдзік.
т. 4, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСАРАПТО́З, наскурная кароста,
інвазійная хвароба жывёл, якая выклікаецца кароставымі кляшчамі з роду наскурнікаў. Хварэюць буйная і дробная раг. жывёла, коні, трусы, ласі, алені і інш. Узбуджальнікі спецыфічныя для пэўных відаў жывёл. Пашырана ўсюды, у т. л. на Беларусі.
Хвароба часцей рэгіструецца ў асенне-зімовы перыяд, у цёплы час года набывае скрытае, запаволенае цячэнне. Заражэнне адбываецца пры кантакце з хворымі жывёламі, праз прадметы догляду, подсціл і інш. Праяўляецца неспакоем, моцным свербам, жывёлы знясільваюцца, у іх выпадае поўсць, на скуры ўтвараюцца жаўтавата-чырв. вузельчыкі, напоўненыя вадкасцю. У авечак паталаг. працэсы развіваюцца ў вобласці паясніцы і спіны, у буйн. раг. жывёлы — на карку, шыі, каля кораня хваста.
т. 13, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРМАТАМІЯЗІ́Т (ад дэрмата... + міязіт),
сістэмнае пашкоджанне папярочна-паласатай і гладкай мускулатуры з парушэннем рухальнай функцыі, а таксама скуры, пераважна на адкрытых участках цела. Вял. значэнне ва ўзнікненні хваробы надаецца алергічным і аўтаімунным механізмам: Д. бывае вострым (ліхаманка з дрыжыкамі, хутка парастае генералізаванае пашкоджанне шкілетнай мускулатуры), падвострым (цячэнне хваробы маруднае) і хранічным. Прыкметы: пашкоджанне шкілетных мышцаў (хворы не можа самастойна ўставаць, садзіцца, падняць нагу, трымаць прадмет у руцэ, падае пры хадзе), парушаецца глытанне, на адкрытых участках скуры развіваецца эрытэма, ацёк, вузельчыкі, пухіркі, кровазліццё, узмацненне ці аслабленне пігментацыі, пачырваненне скуры (найчасцей вакол вачэй, носа, на шчоках), развіваецца сухасць скуры, ломкасць пазногцяў, выпаданне валасоў. Лячэнне: агульнаўмацавальная і дэзінтаксікацыйная тэрапія, гарманальныя прэпараты, імунасупрэсары.
М.З.Ягоўдзік.
т. 6, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСАНТО́МА (ад грэч. xanthos жоўты + ...ома),
паталагічнае ўтварэнне, што ўзнікае ў скуры пры парушэннях ліпіднага абмену і ўяўляе сабой назапашванне фагацытаў, якія ўтрымліваюць халестэрын і трыгліцэрыды. Адрозніваюць 3 яе разнавіднасці: ксанталазма (найчасцей бывае ў пажылых жанчын) — сіметрычна размешчаныя каля ўнутр. краю вока плоскія, мяккія ўтварэнні жаўтавата-аранжавага колеру, авоіднай ці стужкападобнай формы; множная вузельчыкавая — бязбольныя, сіметрычна размешчаныя на скуры галавы, твару, каленных і локцевых суставаў, ягадзіцах вузельчыкі ад жоўтага да карычневага адцення (па краях ружова-чырвоныя); туберозная пухлінападобная (бывае ў нованароджаных і малых дзяцей, радзей у дарослых) — бязбольныя, дольчатыя, шчыльныя ўтварэнні на локцевых і каленных суставах памерам з вішню ці грэцкі арэх жоўтага колеру з бурым ці фіялетавым адценнем. Развіваецца павольна, прагрэсіруе. Лячэнне тэрапеўтычнае (печані, падстраўнікавай залозы, нырак), хірургічнае.
М.З.Ягоўдзік.
т. 8, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)