ГА́БЕР, Хабер (Haber) Фрыц (9.12.1868, г. Брэслаў, Германія, цяпер г.Вроцлаў, Польшча — 29.1.1934), нямецкі хімік-неарганік і тэхнолаг. Скончыў Берлінскі ун-т (1891). З 1894 у Вышэйшай тэхн. школе ў Карлсруэ (з 1898 праф.). У 1911—33 дырэктар Ін-та фіз. хіміі і электрахіміі ў Берліне. З 1933 у Швейцарыі. Навук. працы па хіміі і тэхналогіі аміяку, электрахіміі. Распрацаваў фізіка-хім. асновы прамысл. спосабу сінтэзу аміяку і арганізаваў завод па фіксацыі атм. азоту (1913). Нобелеўская прэмія 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЛЕБЕН ((Witzleben) Эрвін фон) (4.12.1881, г. Брэслаў, Германія, цяпер г.Вроцлаў, Польшча — 8.8.1944),
германскі военачальнік. Ген.-фельдмаршал. У арміі з 1901, удзельнік 1-й сусв. вайны. Камандаваў пяхотнай дывізіяй (з 1934), 2-й групай армій (з вер. 1939), 1-й арміяй (з ліст. 1939), удзельнічаў у Французскай кампаніі 1940. З кастр. 1940 камандуючы групай армій «Д» у Францыі, з ліст. 1942 генерал для даручэнняў пры Стаўцы. Адзін з кіраўнікоў ваен. змовы супраць А.Гітлера 20.7.1944; у выпадку поспеху павінен быў стаць галоўнакамандуючым. Пакараны смерцю паводле прыгавору ваен. трыбунала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ФМАНСВА́ЛЬДАЎ ((Hofmannswaldau) Крысціян Гофман фон) (25.12.1616, г. Брэслаў, цяпер г.Вроцлаў, Польшча — 18.4.1679),
нямецкі паэт, адзін з буйных прадстаўнікоў барока; стваральнік т.зв. другой сілезскай школы паэтаў, блізкай да марынізму. Скончыў Лейдэнскі ун-т (Нідэрланды). Дэбютаваў перакладамі з італьян. паэзіі. Дыяпазон лірыкі Гофмансвальдаў (надрукавана пасмяротна) вельмі шырокі: ад галантнай любоўнай паэзіі (эратычныя оды, мадрыгалы, рандо) да трагічнай філас. лірыкі, эпітафій і эпіграм, дзе геданістычныя матывы спалучаюцца з адчуваннем марнасці, тленнасці быцця. Вядомасць Гофмансвальдаў прынеслі «Гераічныя лісты» (1679), узорам для якіх паслужылі «Гераіды» Авідзія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТЭ́ЛА, Вітэлій (Witelo, Vittelio) Эразм (каля 1230, каля г.Вроцлаў, Польшча — каля 1280), польскі прыродазнавец і філосаф. Вучыўся ў Парыжы і Падуі. Філасофію трактаваў як своеасаблівую навуку аб прыродзе, яго навук. дзейнасць звязана з развіццём эмпірычнага прыродазнаўства, пачатак якому дала оксфардская школа. Аўтар вядомага ў сярэднія вякі трактата па оптыцы «Перспектыва» (1270—73), тройчы выдадзенага ў Нюрнбергу (1535, 1551, 1572). У гэтым творы выкладаюцца элементы геам. оптыкі, вядомыя Эўкліду, Пталамею і Альхазену, а таксама прыводзіцца закон абарачальнасці прамянёў пры пераламленні святла, даказваецца, што парабалічныя люстэркі маюць адзін фокус, разглядаюцца будова вока і ўласцівасці зроку, тлумачыцца прырода вясёлкі на аснове пераламлення святла ў вадзяных кроплях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВРО́ЦЛАЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Wrocławskie),
у паўднёва-заходняй частцы Польшчы. Пл. 6287 км², нас. 1130,7 тыс.чал. (1992), гарадскога 74%. Адм. ц. — г.Вроцлаў. Рэльеф пераважна раўнінны. На Пн Жмігрудская катлавіна і Тшабніцкая града (257 м), у сярэдняй ч. Вроцлаўская раўніна, на Пд — перадгор’і Судэтаў (г. Шленжа 718 м). Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -1 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 500—900 мм. Гал. рака — Одра з прытокамі Відава, Алава, Шленза і інш. Хвойныя і мяшаныя лясы. Гаспадарка прамысл.-аграрная. Развіта маш.-буд., харч., фармацэўтычная, хім., металургічная прам-сць. Найб.прамысл. цэнтры: Алясніца, Ельч-Ляскавіцы, Бжэг Дольны, Алава. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кармавыя травы, тэхн. культуры. Гадуюць свіней. Санаторна-курортныя цэнтры: Тшабніца і Абарнікі-Шлёнске.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬФ ((Wolff) Крысціян) (24.1.1679, г. Брэслаў, Германія, цяпер г.Вроцлаў, Польшча — 9.4.1754),
нямецкі філосаф, ідэолаг ранняга Асветніцтва. Праф. філасофіі і матэматыкі ў Гале (1706—23 і з 1740) і Марбургу (1723—40). Вучань Т.В.Лейбніца. Абараняў зыходныя палажэнні тэорыі натуральнага права, адстойваў абстрактныя гуманіст. ідэалы, сваю філасофію разглядаў як сродак для дасягнення «ўсеагульнага шчасця людзей» («Логіка, ці Разумныя думкі пра сілы чалавечага розуму», 1712). Бога лічыў істотай, якая валодае абсалютнай сілай і розумам, з’яўляецца творцам прыроды («Разумныя думкі пра Бога, свет і душу чалавека, а таксама пра ўсе рэчы ўвогуле», 1720). У творах «Палітыка, ці Разумныя думкі пра грамадскае жыццё людзей» (1721), «Разумныя думкі пра дзеянні прыроды» (1723), «Філасофія маралі, ці Этыка» (1750—53) імкнуўся распрацаваць усёабдымную сістэму ведаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЕР, Меер (Meyer) Эдуард (25.1.1855, г. Гамбург, Германія — 31.8.1930), нямецкі гісторык антычнасці. Праф.стараж. гісторыі ва ун-тах Лейпцыга (з 1884), Брэслаў (з 1885; цяпер г.Вроцлаў, Польшча), Гале (з 1889), Берліна (1902—23). Даследаваў гісторыю Стараж. Усходу, Грэцыі і Рыма з пазіцый мадэрнізму і цыклічнасці тэорыі, увёў у гіст. навуку паняцце «культ. комплекс», якое разумеў як вынік узаемадзеяння матэрыяльнай і духоўнай культуры народаў. Аўтар прац «Гісторыя Троі» (1877), «Гісторыя Пантыйскага царства» (1879), «Гісторыя старажытнасці» (т. 1—5, 1884—1902; асн. праца, у якой гіст. падзеі даведзены прыбл. да 336 да н.э.), «Гісторыя Старажытнага Егіпта» (1887), «Даследаванні па гісторыі Гракхаў» (1894), «Узнікненне іудзейства» (1896), «Да тэорыі і методыкі гісторыі» (1902), «Егіпецкая храналогія» (1904), «Манархія Цэзара і прынцыпат Пампея» (1918), «Паходжанне і пачаткі хрысціянства» (т. 1—3, 1921—23) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОРН ((Born) Макс) (11.12.1882, г.Вроцлаў, Польшча — 5.1.1970),
нямецкі фізік-тэарэтык, адзін са стваральнікаў квантавай механікі. Замежны чл. Расійскай (1924) і АНСССР (1934) і інш. акадэмій. Скончыў Гётынгенскі ун-т. Праф. ун-таў у Берліне і Гётынгене (1915—33), у Кембрыджы і Эдынбургу (1933—53). Навук. працы па дынаміцы крышт. рашоткі, квантавай і кінетычнай тэорый кандэнсаваных газаў і вадкасцяў, атамнай фізіцы і тэорыі адноснасці, філас. праблемах фізікі і тэорыі пазнання. Упершыню (1926) даў імавернасную інтэрпрэтацыю хвалевай функцыі, прапанаваў спосаб разліку электронных абалонак атама, распрацаваў метад рашэння квантава-мех. задач аб сутыкненні часціц, заснаваны на тэорыі ўзбурэнняў (борнаўскае прыбліжэнне), разам з Н.Вінерам увёў у квантавую механіку паняцце аператара. Заснаваў гётынгенскую школу тэарэт. фізікі. Нобелеўская прэмія 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ДРА, Одэр (чэш. і польск. Odra, ням. Oder),
рака ў Чэхіі (вярхоўі), Польшчы і Германіі (часткова служыць мяжой паміж імі). Даўж. 854 км, пл. басейна 119 тыс.км². Пачынаецца ў паўд. адгор’ях Усх. Судэтаў, цячэ па Сярэднееўрапейскай раўніне, упадае 2 рукавамі ў Шчэцінскі зал. Балтыйскага м. Каналізавана паміж гарадамі Кендзежын-Козле і Бжэг-Дольны (на 186 км). Гал. прытокі: Барыч, Варга (справа), Бубр, Ныса-Лужыцка (злева). Веснавое разводдзе, летне-асенняя межань з асобнымі ліўневымі паводкамі, павышаная воднасць зімой. Сярэдні расход вады 580 м³/с. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт (7 электрастанцый, найб. ў г. Бжэг-Дольны). Суднаходная (на 711 км). Каналамі злучана з рэкамі Эльба і Вісла. На О. гарады Острава (Чэхія), Аполе, Вроцлаў, Шчэцін (Польшча), Франкфурт-на-Одэры (Германія). У міжрэччы Віслы і Одэра ў Вял.Айч. вайну адбылася Вісла-Одэрская аперацыя 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НЦЭЛЬ ((Menzel) Адольф фон) (8.12.1815, г.Вроцлаў, Польшча — 9.2.1905),
нямецкі жывапісец і графік. Вучыўся літаграфіі ў свайго бацькі (з 1832 кіраваў яго майстэрняй) і ў Берлінскай АМ (1830). У творчасці часта звяртаўся да адлюстравання гісторыі і значных тагачасных падзей Прусіі: 200 дрэварытаў для ілюстравання «Гісторыі Фрыдрыха Вялікага» Ф.Куглера (1839—42), карціны «Ушанаванне загінуўшых у сакавіцкія дні» (1848), «Круглы стол у Сан-Сусі» (1850), «Канцэрт Фрыдрыха II у Сан-Сусі» (1852), «Фрыдрых Вялікі ў Гохкірсе» (1856), «Прамова Фрыдрыха II перад яго генераламі перад боем пад Лойтэнам» (1858—60), «Ад’езд Вільгельма I у армію ў 1870 годзе» (1871) і інш. Ствараў таксама пейзажы, інтэр’еры, жанравыя карціны: «Пакой з балконам» (1845), «Сястра мастака са свечкай у інтэр’еры» (1847), «Тэатр Жымназ у Парыжы» (1856), «У садзе Цюільры» (1867) і інш. Адзін з першых у еўрап. мастацтве звярнуўся да індустр. тэмы («Жалезапракатны завод», 1875). Майстар малюнка, акварэлі, гуашы, афорта, літаграфіі.