помнік рэнесансава-раннебарочнай архітэктуры. Пабудавана ў 1654 у в. Быцень (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.) пры базыльянскім кляштары. З 1845 — Успенская царква. Прамавугольны ў плане мураваны будынак накрыты вальмавым дахам з драўляным васьмігранным купальным барабанам у цэнтры (надбудаваны ў 2-й пал. 19 ст.). Плоскасныя фасады лаканічна крапаваны шырокімі лапаткамі, прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі. Сіметрычна-восевая пабудова гал. фасада падкрэслена прамавугольным уваходным праёмам і вял. арачным акном над ім. Па перыметры будынак апяразаны ўступам нізкага цокаля і прафіляваным карнізам у завяршэнні. Унутраная зала З парамі слупоў падзелена на 3 нефы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПА́ТАЧНАЯ МАШЫ́НА, лопасцевая машына,
механічная канструкцыя для пераўтварэння энергіі патоку вадкасці або газу ў энергію вярчальнага вала (гідраўлічная турбіна, газавая турбіна) ці наадварот (цэнтрабежная або восевая лопасцевая помпа, вентылятар).
Асн. рабочы орган Л.м. — рабочае кола, якое складаецца з лапатак, замацаваных на ўтулцы. Л.м. бываюць: адна- і шматступенныя; актыўныя і рэактыўныя (напр., актыўная турбіна, рэактыўная турбіна); восевыя, радыяльна-восевыя (дыяганальныя) і радыяльныя. Прынцып Л.м. вядомы са старажытнасці (паравая турбіна Герона Александрыйскага, рымскія гідраўл. турбіны), здаўна выкарыстоўваліся вадзяныя колы, ветрарухавікі. У канцы 19 ст. створаны восевы кампрэсар. Тэорыю Л.м. распрацоўвалі Л.Эйлер, М.Я.Жукоўскі і С.А.Чаплыгін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНІЯ А́ЛЬПЫ,
частка горнай сістэмы Альпаў на тэр. Італіі, Францыі і Швейцарыі. Размешчаны на З ад умоўнай лініі, якая злучае азёры Бодэнскае і Кома. Утвараюць выпуклую на ПнЗ дугу даўж. каля 500 км, шыр. да 130 км. Вылучаюць Прыморскія, Коцкія, Грайскія, Савойскія, Бернскія, Пенінскія, Лепанцінскія Альпы, масівы Веркор, Пельву і інш. У З.А. самыя высокія хрыбты і масівы Альпаў і ўсёй Зах. Еўропы, выш. да 4807 м (г. Манблан), шэраг вяршынь вышэй за 4000 м (Монтэ-Роза, Матэргорн, Юнгфрау), дзе пашыраны горналедавіковыя формы рэльефу. Восевая зона ЗА. складзена пераважна з крышт. парод, перыферыйныя хрыбты — з асадкавых парод. Ад Усх. Альпаў адрозніваюцца меншай шырынёй, больш выяўленым дугападобным распасціраннем, стромкасцю схілаў, глыбокай тэктанічнай і рачной расчлянёнасцю, выразнай вышыннай пояснасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛІ́ШКАЎСКІ КАСЦЁЛ ІАА́НА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1769 з цэглы ў в. Васілішкі (Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.) пры кляштары базыльян. У 1832 пераасвячоны пад царкву, з 1919 зноў касцёл. Мураваная 3-нефавая базіліка пад 2-схільным дахам з паўкруглай апсідай і сакрысціяй. Гал. фасад фланкіраваны 3-яруснымі вежамі з паўцыркульным шчытом паміж імі. Пластыку ствараюць увагнутасці і акругласці вежавых граняў, слаістыя лапаткі, пілястры з валютамі, цягі і карнізы, прамавугольныя філёнгі. Сіметрычна-восевая трохчасткавая кампазіцыя фасада падкрэслена лучковымі ўваходнымі і аконнымі праёмамі, нішамі, круглымі люкарнамі. У інтэр’еры каларыстычна насычаныя, пластычна вырашаныя алтары (галоўны, 2 бакавыя, 4 кулісныя), выкананыя ў стылі ракако, упрыгожаныя пазалочанай лепкай. Перад касцёлам — мураваная 3-арачная брама, абрыс якой адпавядае пластыцы яго гал. фасада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЬНАЗО́РКАСЦЬ, гіперметрапія,
адхіленне ад нармальнай рэфракцыі вока, што перашкаджае выразна бачыць на блізкай адлегласці. Бывае рэфракцыйная (ад слабай пераламляльнай здольнасці аптычнай сістэмы вока) ці восевая (ад занадта кароткай пярэдне-задняй восі вока). Д. — звычайная рэфракцыя вока нованароджаных, пры росце паступова развіваецца суразмерная эметрапічная рэфракцыя вока. У дальназоркім воку прамяні святла, якія ідуць ад далёкіх і блізкіх прадметаў, перасякаюцца і збіраюцца за сятчаткай вока, таму прадметы відаць невыразна.
Адрозніваюць 3 ступені Д.: слабую, сярэднюю і высокую. Пры слабай і сярэдняй хворыя добра бачаць блізкія і далёкія прадметы, бо акамадацыйная здольнасць вока (магчымасць мяняць крывізну і таўшчыню крышталіка) добрая. На высокай ступені Д. хворыя кепска адрозніваюць прадметы здалёку і зблізку, нават з карэкцыяй. Некарэгіраваная Д. у дзяцей можа прывесці да развіцця касавокасці. Выпраўляюць Д. акулярамі з выпуклымі (збіральнымі) шкельцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДУ́ЗЫ,
асобіны палавога пакалення кішачнаполасцевых жывёл, якія свабодна плаваюць. Характэрны для сцыфоідных і многіх гідроідных. Некат. сцыфоідныя (стаўрамедузы) жывуць на дне, прымацаваныя да субстрату. Пашыраны ў морах, часам у прэсных водах. М. ўзнікаюць пры адпачкаванні ад прымацаваных да субстрату асобін бясполага пакалення — паліпаў. У некат. гідроідных (трахіліды) і сцыфоідных чаргаванне пакаленняў страчана, М. развіваецца з яйца.
Дыяметр ад некалькіх міліметраў да 2,3 м. М. уласціва гетэрапалярная радыяльна-восевая сіметрыя. Цела паўпразрыстае, у форме парасона або звона; па краях шчупальцы (даўж. да 30 м), у некат. з жыгучымі клеткамі, і органы пачуццяў. Ротавая адтуліна ў сярэдзіне ніжняга боку парасона. Рухаюцца рэактыўным спосабам (выкідваюць ваду з поласці парасона). Кормяцца планктонам. Раздзельнаполыя. Палавыя прадукты выкідваюць у ваду, дзе яны апладняюцца і развіваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНКО́ВАЯ КАНСТРУ́КЦЫЯў архітэктуры,
сістэма драўляных вянкоў (гарыз. радоў бярвён, брусоў, плах, дыляў), звязаных у вуглах урубкамі, укладзеных адзін на адзін, што ўтвараюць зруб. Пашырана ў лясных раёнах Еўропы з жал. веку. На Беларусі вядома з 2—3 ст.н.э. ў плямён культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай, з 9 ст. — асн. канструкцыя драўляных будынкаў. На такой аснове будавалі жыллё, гасп. і вытв. пабудовы, абарончыя збудаванні (гародні, тарасы, вежы), грамадскія і культавыя будынкі. Вядомы зрубы прамавугольнай, квадратнай (клеці), 8-граннай (гл.Васьмярык), 6-граннай формаў, пастаяннага або пераменнага па вышыні сячэння, ярусныя (чацвярык на чацверыку, васьмярык на васьмерыку і інш.). Спалучэннем некалькіх зрубаў утвараліся падоўжна-восевая, глыбінна-прасторавая, крыжова-цэнтрычная, жывапісна-асіметрычная і інш. кампазіцыі. Вянковую канструкцыю мелі не толькі зрубы, але і іх завяршэнні (гл. ў арт.Закот, Верх, Шацёр). Цяпер вянковую канструкцыю выкарыстоўваюць пераважна ў традыц.нар. жыллі і гасп. пабудовах.
С.А.Сергачоў.
Да арт.Вянковая канструкцыя. Вянковы двор. Беларускі музей народнай архітэктуры і побыту. Сектар «Цэнтральная Беларусь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАСТРУМЕ́ННЫЯ ВЫПРАМЯНЯ́ЛЬНІКІ,
механічныя генератары гукавых (або ультрагукавых) ваганняў, крыніцай энергіі якіх з’яўляецца высокаскарасны газавы струмень. Адрозніваюць свісткі (напр., Гальтана свісток), генератары (Гартмана генератар) і сірэны. Выкарыстоўваюцца ў кантрольна-вымяральнай і сігналізавальнай апаратуры, для распылення вадкасцей, атрымання або асаджэння аэразоляў, у розных тэхнал. устаноўках для інтэнсіфікацыі цепла- і масаабмену і інш.
Гальтана свісток мае сапло з вузкай кальцавой шчылінай, перад якой размешчаны пустацелы цыліндрычны рэзанатар з вострымі клінападобнымі краямі. Газ, што выходзіць пад невял. ціскам, накіроўваецца на востры край рэзанатара і ўзбуджае ў ім перыядычныя віхры. У Гартмана генератары з сапла выцякае звышгукавы газавы струмень. Рэзанатар размешчаны сувосна з саплом у зоне няўстойлівасці газавага струменя. Частата выпрамененага гуку залежыць ад памераў рэзанатара і адлегласці паміж ім і саплом. Прынцып дзеяння сірэн заснаваны на мех. перыядычным перарыванні газавага (або вадкаснага) струменя з дапамогай заслонкі, цыліндра або дыска з адтулінамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЙСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,
паўвостраў на У Азіі, паміж Японскім м. на У, пралівамі Карэйскім і Чэджу на Пд і Жоўтым м. на З. Злучаны з мацерыком Карэйскім перашыйкам. Пл. каля 150 тыс.км². Даўж. каля 600 км, пераважная шыр. 200 км. Усх. ўзбярэжжа стромкае, слабарасчлянёнае; на З і Пд берагі моцна парэзаныя, шмат заліваў і бухтаў. Рэльеф пераважна гарысты, на У і ПдУсх.-Карэйскія горы (выш. да 1915 м, г. Чырысан); восеваяч. нізкагорная; на З прыбярэжныя ўзгорыстыя раўніны, нізіны. Рэкі паўнаводныя, найб. Амнакан (Ялуцзян), Туманган (Тумыньцзян), Тэданган, Кымган і інш. Радовішчы вальфраму, графіту, магнезіту. Клімат умераны мусонны, на Пд — субтрапічны. Сярэднія т-ры студз. ад -21 °C на Пн да 4 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 22 °C да 26 °C. Ападкаў 900—1500 мм за год. Лістападныя шыракалістыя лясы змяняюцца на Пд субтрапічнымі вечназялёнымі, вышэй за 900 м — мяшанымі лясамі з карэйскім кедрам. Нац. паркі: Ханро, Чырысан, Сараксан і інш. (Рэспубліка Карэя); рэзерваты Хвангпо, Янгам і інш. (КНДР). Раўніны апрацаваны (рыс, соя, бавоўнік). На К.п. дзяржавы: асн.ч. КНДР і Рэспубліка Карэя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЭНЕ́І (ісп. Pirinéos, франц. Pyrénées),
горная сістэма на ПдЗ Еўропы, у Іспаніі, Францыі і Андоры. Працягласць 450 км ад Біскайскага зал. да Міжземнага м.Найб.выш. да 3404 м (пік Анета). П. — альпійская складкаватая сістэма. Найб. высокая восевая зона гор, складзеная крышт. парод. Характэрна чаргаванне высокіх платопадобных участкаў і скалістых вяршынь з рысамі плейстацэнавага зледзянення. Зах. П. — сярэдневышынныя горы, развіты вапнякі, карст; у цэнтры — пераважна крышт. пароды, альпійскія формы рэльефу, ледавікі (пл. каля 40 км²); на У хрыбты зніжаюцца, чаргуюцца з міжгорнымі ўпадзінамі. З П. бяруць пачатак рэкі Гарона, Адур і левыя прытокі р.Эбра. Важны кліматападзел (на Пн ад П. тэр. з умераным кліматам, на Пд з субтрапічным). На вільготных зах. і паўн. схілах, дзе выпадае 1500—2000 мм ападкаў, пераважаюць букавыя і піхтавыя лясы, субальпійскія хмызнякі і лугі. На паўд. схілах, дзе колькасць ападкаў зніжаецца да 500—750 мм, лясы з вечназялёных дубоў і зараснікі міжземнаморскіх хмызнякоў (маквіс, гарыга, таміляры). Радовішчы баксітаў, жал. руд. У гарах жывёлагадоўля, у далінах вінаградарства і садоўніцтва.