БАРКО́ЎСКІ (Мікалай Нічыпаравіч) (н. 11.3.1944, Мінск),

бел. габаіст. Засл. арт. Беларусі (1984). Скончыў Бел. кансерваторыю (1968). З 1966 саліст аркестра Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Выконвае сола ў оперных і балетных спектаклях («Князь Ігар» А.​Барадзіна, «Аіда» Дж.​Вердзі, «Лебядзінае возера» і «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага, «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева і інш.).

т. 2, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЛЕ́ГІНА (Марыя Агасаўна) (н. 9.8.1959, г. Адэса, Украіна),

спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыла Адэскую кансерваторыю (1983). З 1983 салістка Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае гнуткім прыгожым голасам шырокага дыяпазону, высокай каларатурнай тэхнікай. Ёй уласцівы яркая эмацыянальнасць, моцны тэмперамент. Сярод партый на бел. сцэне: Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Таццяна («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Лізавета, Аіда («Дон Карлас», «Аіда» Дж.​Вердзі), саліруючае сапрана ў вак.-харэаграфічным прадстаўленні «Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа. З 1990 працуе па кантрактах у буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Метраполітэн-опера», Гамбургская і Венская оперы). Партыі: Тоска, Манон («Тоска», «Манон Леско» Дж.​Пучыні), Амелія («Баль-маскарад»), гал. партыі ў операх «Два Фаскары» і «Сімон Баканегра» Вердзі і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​Глінкі (1984, Ерэван), Міжнар. конкурсу спевакоў (1985, Рыо-дэ-Жанейра), міжнар. конкурсу вакалістаў імя П.​Чайкоўскага (1986, Масква).

т. 5, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБА́САЎ (Азад Зінатавіч) (н. 19.1.1925, г. Елабуга),

татарскі спявак (тэнар). Нар. арт. СССР (1977). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1950). З 1950 саліст Тат. т-ра оперы і балета. Сярод партый: Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Герцаг («Рыгалета» Дж.​Вердзі), Самазванец («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Джык, Джаліль, Цюляк («Алтынчэч», «Джаліль», «Цюляк» Н.​Жыганава).

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РДЗІНА (Вольга Васілеўна) (н. 23.12.1932, г. Каршы, Узбекістан),

руская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар. арт. СССР (1978). Скончыла Ташкенцкую кансерваторыю (1959). У 1962—84 салістка Саратаўскага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Таццяна, Ліза («Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Яраслаўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Аіда («Аіда» Дж.​Вердзі), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні). Выступае ў канцэртах.

т. 2, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІРАНАШВІ́ЛІ (Пётр) (Петрэ) Варламавіч (16.11.1907, с. Нігаіты Ланчхуцкага р-на, Грузія — 26.12.1976),

грузінскі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1950). Бацька М.П.Аміранашвілі. Пасля сканчэння Тбіліскай кансерваторыі (1930) саліст Грузінскага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Кіазо («Даісі» З.​Паліяшвілі), Аўтандзіл («Сказанне аб Тарыэлі» Ш.​Мшвелідзе, Дзярж. прэмія СССР 1947), Князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Яга («Атэла» Дж.​Вердзі).

т. 1, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́РАС ((Carreras) Хасэ) (н. 5.12.1946, г. Барселона, Іспанія),

іспанскі спявак (лірычны тэнар). Выступае ў «Метраполітэн-опера», «Ла Скала», «Ковент-Гардэн» і інш. т-рах свету. Валодае голасам прыгожага тэмбру, вылучаецца ярка індывідуальным стылем выканання. Вядомы як выканаўца лірычных партый у операх (у т. л. малавядомых) Г.​Даніцэці, Дж.​Вердзі, Дж.​Пучыні. Выступае ў ансамблях з М.Кабалье, П.Дамінга, Л.Павароці.

Х.Карэрас.

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБІ́Й (Зіновій Іосіфавіч) (27.1.1935, в. Падсадкі Пустамытаўскага р-на Львоўскай вобласці — 28.7.1984),

бел. спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. Беларусі (1964). Вучыўся ў Кіеўскай (1957—59), скончыў Бел. кансерваторыю (1981). З 1954 саліст ансамбля Прыкарпацкай ваен. акругі, з 1957 у Кіеўскім, з 1960 у Львоўскім т-рах оперы і балета. У 1963—77 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Яго творчай індывідуальнасці найб. адпавядалі партыі героіка-драм. і трагедыйнага плана. Лепшая роля — Атэла ў аднайм. оперы Дж.​Вердзі. Сярод інш. партый: Сяргей («Алеся» Я.​Цікоцкага), Манрыка, Радамес, Герцаг («Трубадур», «Аіда», «Рыгалета» Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Каварадосі («Тоска» Дж.​Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Арэст («Арэстэя» С.​Танеева). Канцэртны рэпертуар спевака ўключаў 18 сольных праграм з твораў розных эпох і стыляў, у т. л. творы бел. кампазітараў, неапалітанскія песні.

Літ.:

Жураўлёў Дз.М. Зіновій Бабій // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978.

З.І.Бабій.
З.Бабій у ролі Германа.

т. 2, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗВО́РСКА-ЕЛІЗА́Р’ЕВА (Маргарыта Мікалаеўна) (н. 13.2.1946, г. Бяла-Слаціна, Балгарыя),

бел. рэжысёр оперы, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыла Балгарскую (1969) і Ленінградскую (1974) кансерваторыі. У 1975—94 рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1975 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. У бел. т-ры паставіла оперы «Дон Карлас» Дж.​Вердзі (1979), «Служанка-пані» Дж.​Б.​Пергалезі (1981), «Воўк і сямёра казлянят» А.​Уладзігерава (1984), «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні (1986), «Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта (1987), «Тоска» Дж.​Пучыні (1991), камічную кантату «Выбар капельмайстра» І.​Гайдна (1981), фантазію «Шэкспір і Вердзі» (1992), «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» («Кацярына Ізмайлава») Дз.​Шастаковіча (1994); у Бел. акадэміі музыкі — «Паяцы» Р.​Леанкавала, «А досвіткі тут ціхія» К.​Малчанава, «Арфей і Эўрыдыка» К.​В.​Глюка, «Так робяць усе» Моцарта і інш. Як рэжысёру ёй уласцівы тонкае разуменне сцэнаграфічнай эстэтыкі, сучаснае светаадчуванне, сінтэз новай оперна-рэжысёрскай лексікі і класічнай традыцыі.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 7, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМАНО́ВІЧ (Ніна Іосіфаўна) (н. 27.8. 1951, в. Лапічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. харавы дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1999). Скончыла Бел. кансерваторыю (1977, клас А.Кагадзеева). З 1976 хормайстар, з 1991 гал. хормайстар Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Спектаклі, пастаўленыя з яе ўдзелам, вызначаюцца высокай якасцю харавога гучання: «Новая зямля» Ю.​Семянякі, «Дзікае паляванне караля Стаха» У.​Солтана, «Майстар і Маргарыта» Я.​Глебава, «Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі, «Візіт дамы» С.​Картэса, «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.​Шастаковіча, «Князь Ігар» А.​Барадзіна, «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага, «Рыгалета», «Набука», «Дон Карлас» Дж.​Вердзі, «Паяцы» Р.​Леанкавала, «Сельскі гонар» П.​Масканьі, «Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці, «Турандот» Дж.​Пучыні, вак.-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа, балет «Страсці» А.​Мдывані (хар. фінал). У рэпертуары Л. таксама буйныя творы хар. класікі, у т. л. Рэквіем Вердзі. Адна з арганізатараў (1990) Дзіцячага муз. т-ра-студыі пры Нац. т-ры оперы.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛЬНІКАЎ (Алег Уладзіміравіч) (н. 13.7.1961, Мінск),

бел. спявак (бас). Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Адэскую кансерваторыю (1993). З 1993 саліст Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае голасам прыгожага тэмбру поўнага дыяпазону, добрай вак. школай. Сярод партый: Дварэцкі («Візіт дамы» С.​Картэса), дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Спарафучыле і Мантэроне, Рамфіс, Захарыя («Рыгалета», «Аіда», «Набука» Дж.​Вердзі), Грэмін, кароль Рэнэ («Яўген Анегін», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Канчак і Уладзімір Галіцкі («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Сальеры («Моцарт і Сальеры» М.​Рымскага-Корсакава). Барыс і Пімен («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Стары катаржнік («Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.​Шастаковіча). Выканаў таксама партыю баса ў Рэквіеме Вердзі, удзельнічаў у запісе на кампакт-дыск кантаты С.​Рахманінава «Званы» (Дублін, 1996). 1-я прэміі Усесаюзнага конкурсу маладых оперных спевакоў імя Ф.​Шаляпіна (1989), міжнар. конкурсаў вакалістаў у Більбао (Іспанія) і Карлавых Варах (Чэхія; абодва 1988), імя Г.​Отса (1989), «Новыя галасы» (Германія) і SIEM (Жэнева; абодва 1991), імя Л.​Тодзі (Партугалія, 1993) і інш.

т. 10, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)