АДЫЯ́НТУМ

(Adiantum),

род папарацяў сям. адыянтавых. Каля 200 відаў, пашыраных у цяністых вільготных лясах трапічных (найб. разнастайнасць відаў у Паўд. Амерыцы), субтрапічных, радзей умераных паясоў амаль усяго зямнога шара. Растуць на зямлі або на скалах. На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і пакоях як дэкар. расліну адыянтум венерын волас (Adiantum capillus veneris).

Лісце звычайна бліскучае, цёмнае і пругкае, перыстае, на доўгіх цёмна-бурых чаранках, асаблівасць іх — воданепранікальнасць. Карэнішча тонкае, паўзучае, укрытае вузкімі карычняватымі лускавінкамі. Размнажаюцца спорамі і дзяленнем кустоў.

т. 1, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

віды раслін, адносна якіх мясцовымі, дзярж. ці міжнар. актамі, пагадненнямі і канвенцыямі агавораны і дзейнічаюць спец. меры аховы. Звычайна гэта рэдкія для пэўнага рэгіёна і тыя, што знікаюць, асабліва карысныя ці каштоўныя па пэўных якасцях віды дзікарослых раслін, якім пад уплывам негатыўных прыродных ці антрапагенных уздзеянняў пагражае скарачэнне колькасці або знікненне з флоры. Асн. частка іх занесена ў міжнар., рэгіянальныя ці нац. Чырвоныя кнігі. У Чырв. кнізе Беларусі 180 відаў ахоўных раслін, у тым ліку 156 сасудзістых (бяроза карлікавая, венерын чаравічак сапраўдны, кадзіла сармацкае, купальнік горны, цыбуля мядзведжая, гарлачык белы, піхта белая, пазнацвет асенні, пярэсна еўрапейская, хвошч вялікі і інш.), 15 мохападобных (андрэя скальная, меркія ірландская, сфагнум мяккі, цынклідотус дунайскі і інш.), 9 водарасцяў (гільдэнбрантыя рачная, нітэла грацыёзная, хара грубая і інш.), 17 відаў грыбоў (пархавік вялізны, спарасіс кучаравы, труфля летняя і інш.) і 17 лішайнікаў (лабарыя ямістая і лёгачная, уснея квітучая і інш.).

Г.У.Вынаеў.

т. 2, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)