ВАГАРША́Н (сапр. Пагасян) Вагарш Багданавіч

(14.2.1894, г. Шуша, Нагорны Карабах — 6.5.1959),

армянскі акцёр, рэжысёр, драматург. Нар. арт. СССР (1954). З 1923 у армянскім т-ры імя Г.​Сундукяна (Ерэван). Праф. Ерэванскага тэатр. ін-та (з 1946). Акцёр шырокага творчага дыяпазону, майстар пераўвасаблення. З роляў: Гагік («Краіна родная» Д.​Дэмірчана), Арбенін («Маскарад» М.​Лермантава), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра). Сярод пастановак: «Дасцігаеў і іншыя» (1934) і «Васа Жалязнова» (1937) М.​Горкага, «Каварства і каханне» Ф.​Шылера (1938). Аўтар п’ес «У кальцы» (1930), «Давід Сасунскі» (1940) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1952.

т. 3, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ АБЛАСНЫ́ РУ́СКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР, Другі дзяржаўны рускі тэатр БССР. Існаваў у Гомелі з 1939 да чэрв. 1941 і ў 1945—46. Створаны з выпускнікоў студыі курса Л.​Леанідава Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва ў Маскве. Маст. кіраўнік Я.​Сакалоў. У рэпертуары т-ра «Рэвізор» М.​Гогаля, «Васа Жалязнова» М.​Горкага, «Чайка» А.​Чэхава, «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, п’есы К.​Гальдоні, А.​Астроўскага, М.​Пагодзіна, А.​Афінагенава. У 1941 з акцёраў т-ра сфарміравана франтавая брыгада, якая з 1942 існавала як франтавы т-р. У чэрв. 1945 т-р аднавіў работу ў Гомелі, кіраўнік М.​Нікіцін. У 1946 пераведзены ў Магілёў (гл. Магілёўскі драматычны тэатр).

У.​В.​Мальцаў.

т. 5, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́РМАН (Серафіма Германаўна) (10.8.1890, Кішынёў — 11.5.1976),

руская актрыса, рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1946). Скончыла драм. курсы А.​І.​Адамава ў Маскве (1911). Працавала ў МХТ, МХАТ 2-м (1924—36), т-рах Ленінскага камсамола (1938—58) і Массавета (з 1959). Створаныя ёй вобразы вызначаліся выразнасцю і глыбінёй псіхал. вырашэння, яркай тэатральнасцю: Халдзейка («Ляўша» паводле М.​Ляскова) Карпухіна («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.​Дастаеўскага), Мары Сент-Экзюперы («Жыццё Сент-Экзюперы» Л.​Малюгіна), Маці («Салют, Іспанія!» А.​Афінагенава). Сярод пастановак: «Васа Жалязнова» (1936, выканаўца гал. ролі) і «Зыкавы» (1940) М.​Горкага, «Жывы труп» Л.​Талстога (1942), «Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана (1943). Здымалася ў кіно (з 1925): «Закройшчык з Таржка», «Іван Грозны» (за роль Ефрасінні Старыцкай Дзярж. прэмія СССР 1946), «Звычайны чалавек» і інш.

т. 3, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНФІ́ЛАЎ (Глеб Анатолевіч) (н. 21.5.1934, г. Магнітагорск Чэлябінскай вобл., Расія),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. Расіі (1984). Вучыўся ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (1960—63), скончыў Уральскі політэхн. ін-т, Вышэйшыя рэжысёрскія курсы (1966). Працаваў на кінастудыі «Ленфільм», з 1976 на «Масфільме». У 1971—90 сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў СССР. Фільмам, якія вызначаюцца парадаксальнасцю рэжысёрскага мыслення, цікавасцю да незвычайных характараў, уласцівы рэзкія зломы апавядальнасці, раптоўныя пераходы ад з’едлівай іроніі да трагедыі, ад тонкага псіхал. малюнка да адкрытай эксцэнтрыяды: «У агні броду няма» (1968), «Пачатак» (1970), «Прашу слова» (1976), «Тэма» (1979, вып. 1987), «Валянціна» (1981), «Васа» (1983), «Маці» (1990), «Раманавы. Венцаносная сям’я» (2000) і інш. У Маскоўскім т-ры «Ленком» паставіў «Гамлета» У.​Шэкспіра (1986), «Sorry» А.​Галіна (1992). Дзярж. прэмія Расіі 1985.

т. 12, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНІ́ЦКІ (Барыс Васілевіч) (30.3.1891, с. Чарнабай Чаркаскай вобл., Украіна — 24.8.1988),

украінскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1944). Скончыў Кіеўскую муз.-драм. школу (1915). З 1913 выступаў у трупе П.​Саксаганскага. У 1922 адзін з заснавальнікаў і маст. кіраўнік (да 1948), акцёр і рэжысёр Укр. т-ра імя М.​Занькавецкай у Львове. Вастрынёй характарыстык, разнастайнасцю фарбаў вылучаюцца ролі: Чалы («Сава Чалы» І.​Карпенкі-Карага), Мікола Задарожны («Украдзенае шчасце» І.​Франко), Гайдай («Гібель эскадры» А.​Карнейчука), Вайніцкі («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Храпаў («Васа Жалязнова» М.​Горкага), Карл («Разбойнікі» Ф.​Шылера), Атэла («Атэла» У.​Шэкспіра). Паставіў спектаклі «Гібель эскадры» Карнейчука (1933), «На вялікую зямлю» А.​Хіжняка (1949). Аўтар кн. «Украінскі тэатр у мінулым і сучасным» (1950). Дзярж. прэмія СССР 1950. Дзярж. прэмія імя Т.​Шаўчэнкі 1974.

т. 13, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЛО́ВІЧ (Алена Мікалаеўна) (10.5.1906, г. Разань, Расія — 8.11.1957),

руская і бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1955). З 1923 працавала ў т-рах Расіі. З 1934 у Бел. трэцім дзярж. т-ры (БДТ-3), з 1937 у Мазырскім т-ры рабочай і калг. моладзі і створаным на яго базе ў 1938 Палескім абл. драм. т-ры. У 1945—46 дырэктар Брэсцкага абл. драм. т-ра імя ЛКСМБ. З 1946 актрыса Палескага і створаных на яго аснове Пінскага і Магілёўскага (1954) абл. драм. т-раў. Характарная актрыса.

Сярод роляў: Мальвіна («Несцерка» В.​Вольскага), пані Яндрыхоўская («Партызаны» К.​Крапівы), Марына Сямёнаўна («Алазанская даліна» К.​Губарэвіча і І.​Дорскага), Франя («Калі зацвітаюць сады» В.​Палескага), Baca («Васа Жалязнова» М.​Горкага), Гурмыжская («Лес» А.​Астроўскага), Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.​Гогаля).

т. 6, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАР’Я́НЕНКА (сапр. Петлішэнка) Іван Аляксандравіч

(9.6.1878, хутар Сачэванаў Кіраваградскай вобл., Украіна — 4.11.1962),

украінскі акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1944). З 1946 праф. Харкаўскага ін-та тэатр. мастацтва. З 1 895 у прафес. трупе М.​Крапіўніцкага, з 1899 у розных трупах, у Другім Кіеўскім гар. рус. драм. т-ры, з 1917 дырэктар, рэжысёр і акцёр Нац. ўзорнага т-ра, акцёр Дзярж. драм. т-ра (абодва ў Кіеве). У 1923—58 у Харкаўскім драм. т-ры імя Т.​Шаўчэнкі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, выконваў гераічныя, характарныя і камедыйныя ролі: Гонта («Гайдамакі» паводле Шаўчэнкі), Прохар («Васа Жалязнова» М.​Горкага), Багдан Хмяльніцкі (аднайм. п’еса А.​Карнейчука), князь Яраслаў («Яраслаў Мудры» І.​Качаргі), Макбет (аднайм. п’еса У.​Шэкспіра) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1947.

Літ.:

Тернюк П.И. Иван Марьяненко. М. 1977.

т. 10, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛІ́НСКАЯ (Марыя Сяргееўна) (22.7.1906, Магілёў — 3.5.1990),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1953). Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). Працавала ў Бел. дзярж. т-рах імя Я.​Коласа (1926—64) і Я.​Купалы (1965—79). Выконвала ролі маладых гераінь, потым — характарныя. Мяккі лірызм арганічна спалучала з узнёсласцю і драматызмам. Сярод роляў: Марына («Вайна вайне» Я.​Коласа), Таццяна Марыч («Над Бярозай-ракой» П.​Глебкі), Старшыня калгаса («Алазанская даліна» К.​Губарэвіча і І.​Дорскага), Глушачыха («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа), Кандраціха («Рудабельская рэспубліка» паводле С.​Грахоўскага), Аксюша («Лес» А.​Астроўскага), Марыя Антонаўна («Рэвізор» М.​Гогаля), Насця, Рашэль («На дне», «Васа Жалязнова» М.​Горкага), Афелія («Гамлет» У.​Шэкспіра), Жаніна («Забаўны выпадак» К.​Гальдоні), маці Віктара («Гульня з кошкай» І.​Эркеня). Здымалася ў тэлевіз. фільмах «Трывожнае шчасце» паводле І.​Шамякіна, «Людзі на балоце» і інш.

М.С.Бялінская.

т. 3, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́РАЎ (Міхаіл Іванавіч) (27.10.1899, Масква — 15.12.1981),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1949). Герой Сац. Працы (1974). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1919. Працаваў у т-рах вандроўным франтавым, імя У.​Меерхольда, Камерным т-рах. З 1938 у Малым т-ры. Стварыў яркахарактарныя, камедыйна-сатыр. і драм. вобразы: Аляксей («Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага), Прохар («Васа Жалязнова» М.​Горкага), Мітрыч («Улада цемры» Л.​Талстога), Варанцоў («Так і будзе» К.​Сіманава) -і інш. З 1924 здымаўся ў кіно. Як і ў тэатры, камедыйная лёгкасць спалучалася ў яго выкананні з псіхал. глыбінёй; пры стварэнні адмоўных персанажаў найб. ярка праяўлялася сатыр. завостранасць: «Пуцёўка ў жыццё», «Пётр I», «Абарона Царыцына», «У імя Радзімы», «Выбаргская старана», «Вяртанне Максіма», «Вясковы дэтэктыў». Здымаўся ў бел. фільмах: «Мядзведзь», «Чалавек у футарале», «Чырвонае лісце». Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1947. Аўтар успамінаў «Жыццё, тэатр, кіно» (1967).

т. 6, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНКРА́Т (Ганна Купрыянаўна) (13.2.1912, г. Полацк Віцебскай вобл. — 4.2.1995),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1962). Скончыла студыю БДТ-1 (1934). З 1933 працавала ў БДТ-1, з 1938 у Бабруйскім калг.-саўг. т-ры, з 1946 у Бабруйскім, у 1947—72 у Гродзенскім абл. драм. т-рах. Выканаўца характарных, драм. роляў. Творчасці ўласцівы спасціжэнне сац. прыроды вобраза, пластычнасць знешняга малюнка ролі. Стварыла яркія праўдзівыя характары: у БДТ-1 — Ульяна («Бацькаўшчына» К.​Чорнага); у Бабруйскім калг.-саўг. т-ры — Настулька, Вера Міхайлаўна («Партызаны», «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы); у Гродзенскім т-ры — Паліна («Трыбунал» А.​Макаёнка), Ганна Іванаўна («Гэта было ў Мінску» А.​Кучара), Паліксена, Купавіна, Уланбекава, Усціння Навумаўна, Курыцына, Кабаніха («Праўда добра, а шчасце лепш», «Ваўкі і авечкі», «Выхаванка», «Свае людзі — паладзім», «Грэх ды бяда на каго не жыве», «Навальніца» А.​Астроўскага), Рашэль, Надзея, Васіліса, Прытыкіна («Васа Жалязнова», «Апошнія», «На дне», «Варвары» М.​Горкага).

Н.​В.​Трацэўская.

т. 12, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)