прылада для фільтравання, дзеянне якой заснавана на стварэнні вакуумнай помпай рознасці ціскаў па абодва бакі фільтравальнага матэрыялу. Бываюць перыядычнага і безупыннага дзеяння. Выкарыстоўваюцца для раздзялення суспензій, якія маюць цвёрдыя часціцы ва ўзважаным стане, прапампоўваннем іх праз тканіну, сетку, керамічныя пліткі. Пашыраны ў хім. прам-сці, металургіі (пры абагачэнні карысных выкапняў) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ МЕТАЛУРГІ́Я,
металургія, у якой атрыманне металаў і сплаваў, наданне ім патрэбных уласцівасцяў заснавана на выкарыстанні вакууму. Пры выплаўцы і тэрмічнай апрацоўцы ў вакууме адсутнічае шкоднае ўзаемадзеянне металаў з газамі навакольнага асяроддзя, лепш праходзяць дэгазацыя, раскісленне і рафінаванне металаў, іншыя тэхнал. працэсы. Вакуумная металургія дае магчымасць атрымліваць высакаякасныя металы і сплавы, у т. л. рэакцыйна-актыўныя і тугаплаўкія, выплаўляць спец. сплавы. Метады вакуумнай металургіі выкарыстоўваюцца пры рафінаванні металаў, іх вакуумна-дугавым пераплаве, у працэсах вакуумавання сталі, вакуумнай плаўкі, вакуумнага ліцця, нанясення вакуумных пакрыццяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЕ ЛІЦЦЁ,
атрыманне адлівак ліццём вадкага металу ў ліцейную форму пад вакуумам (40—0,3 Па). Ажыццяўляецца вакуумным усмоктваннем металу ў форму, вакуумна-цэнтрабежнай заліўкай, ліццём у вакууме пад ціскам, заліўкай формы свабодна падаючым струменем у вакуумнай камеры і інш. Пры вакуумным ліцці з формы выдаляюцца газы, што дае магчымасць атрымаць шчыльныя, з гладкай паверхняй высакаякасныя адліўкі. Вакуумнае ліццё выкарыстоўваецца ў вытв-сці нікелю, тытану, цырконію, урану, берылію, іншых каляровых металаў і іх сплаваў. У спалучэнні з вакуумнай плаўкай пашыраны пры вырабе фасонных адлівак са спец. сплаваў і сталяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗО́ЙЛЬ,
сумесь вуглевадародаў рознай будовы (пераважна з 12—35 атамамі вугляроду ў малекуле); фракцыі нафты, якія выкіпаюць пры 200—500 °C. Атрымліваюць пры атмасфернай (атм. газойль tкіп 270—360 °C) ці вакуумнай (вакуумны газойль tкіп 350—500 °C) перагонцы нафты. Выкарыстоўваюць як кампанент дызельнага паліва і сыравіну для каталітычнага крэкінгу і гідракрэкінгу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗУ́Т,
астатак пасля атм.перагонкі нафты (адгонкі бензінавых, газавых і газойлевых фракцый). Густая вадкасць цёмна-рудога колеру, шчыльн. 890—1000 кг/м³, т-ра застывання 10—40 °C, цеплата згарання 39,4—40,7 МДж/кг. Выхад М. складае 50% ад масы нафты. Выкарыстоўваюць як вадкае кацельнае паліва, прадукты вакуумнай дыстыляцыі М. — як сыравіну для атрымання маторнага паліва, змазачных масел. Гл. таксама Гудрон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКУУМАВА́ННЕбетону,
выдаленне (адсмоктванне) залішняй вады з укладзенай у апалубку бетоннай сумесі. Ажыццяўляецца з дапамогай шчытоў (маюць т.зв. вакуум-поласці), якімі ўкрываюць забетанаваную канструкцыю. У выніку разрэджвання, якое ствараецца ў вакуум-поласці вакуумнай помпай, шчыты прыціскаюцца да паверхні бетону і з яго адсмоктваецца вада. Павышае трываласць і марозаўстойлівасць бетону, зніжае патрэбу ў цэменце. Вакуумаванне сталі — апрацоўка сталі вакуумам перад разліўкай. Робіцца ў каўшах, спец. камерах, інш. прыстасаваннях у працэсе вакуумна-дугавога пераплаву, вакуумнай плаўкі і інш. Садзейнічае выдаленню са сталі шкодных газаў, лятучых прымесяў і неметал. уключэнняў, яе раскісленню, атрыманню высакаякасных сталяў. Вакуумаванне матэрыялаў (вадкіх і паўвадкіх) робіцца з мэтай выдалення газавых прымесяў, што паляпшае іх тэхнал. і эксплуатацыйныя ўласцівасці. Вакуумуюць керамічныя і ферытавыя шлікеры перад ліццём або прасаваннем з іх вырабаў, кампаўнды перад прапіткай, электраліты і інш. Вакуумаванне вядзецца ў герметычнай пасудзіне (баку), з перамешваннем матэрыялу, часам з падагрэвам. Вакуумаванне пашырана таксама ў тэхнал. працэсах хім., фармацэўтычнай і харч. прам-сці.
Устаноўка для вакуумавання вадкіх і паўвадкіх матэрыялаў: 1 — бак; 2 — вакуумавальная вадкасць; 3 — награвальныя элементы электрападагрэву; 4 — прыстасаванне для перамешвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНА-ДУГАВЫ́ ПЕРАПЛА́Ў,
паўторная плаўка (пераплаў) металу ў вакуумнайдугавой печы. Метал плавіцца цяплом эл. дугі і сцякае ў крышталізатар, які ахалоджваецца вадой. Вакуум ствараецца ў пячах з дапамогай вакуумных помпаў. Магутнасць эл. дугі ўстанаўліваюць такую, каб утварыць шчыльную бездэфектную макраструктуру. Пераплаўлены метал вызначаецца высокімі вязкасцю і пластычнасцю, павышанай стомленаснай трываласцю і інш. Вакуумна-дугавым спосабам пераплаўляюць сталь, сплавы на аснове нікелю, а таксама тытан, цырконій, малібдэн і інш. тугаплаўкія металы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМЕТЫЗА́ЦЫЯ (ад імя егіп. мудраца Гермеса, якому прыпісвалася здольнасць шчыльна закаркоўваць пасудзіны),
забеспячэнне непранікальнасці сценак і злучэнняў апаратаў, машын, збудаванняў, ёмістасцей для вадкасцей, газаў і інш. Дасягаецца зваркай, пайкай, выкарыстаннем літых дэталей, спец. вакуумных матэрыялаў (гетэраў і інш.), герметыкаў, ушчыльняльнікаў і г.д. Пашырана ў вакуумнай тэхніцы, электра- і радыётэхніцы, ядз. фізіцы, у вытв-сці шкодных і выбуховых рэчываў, пры пабудове карпусоў падводных лодак, касм. караблёў, свідраванні нафтавых пластоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ва́куум-фі́льтр
(ад вакуум + фільтр)
апарат для фільтравання, дзеянне якога заснавана на стварэнні вакуумнай помпай рознасці ціскаў па абодва бакі фільтравальнага матэрыялу.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВА́КУУМ-ФАРМАВА́ННЕ,
спосаб атрымання вырабаў з ліставых тэрмапластаў з дапамогай вакууму. Ліст герметычна замацоўваюць па контуры формы, награюць да т-ры размякчэння і ствараюць вакуумнай помпай разрэджванне (50—85 кПа) паміж лістом і паверхняй формы. Выраб афармляецца ў выніку выцяжкі ліста і фіксуецца пры ахаладжэнні ў форме. Вакуум-фармаваннем вырабляюць дэталі аўтамабіляў, халадзільнікаў, карпусы прылад, сан.-тэхн. арматуру, дэкар. панэлі, шкло для гадзіннікаў, тару, шкляць самалёты. Свабодным (без формы) Вакуум-фармаваннем атрымліваюць аптычна празрыстыя вырабы (каўпакі самалётных кабін і інш.).