ВАЛТАСА́Р,

сын і суправіцель апошняга цара Вавілона Набаніда. Загінуў у 539 да н. э. ў час захопу Вавілона персамі. Паводле іудаісцкіх і хрысц. легенд (адлюстраваны ў Бібліі, у працах стараж.-грэч. гісторыка Герадота) у час балю («валтасараў баль»), які Валтасар наладзіў у ноч, калі персы захапілі Вавілон, на сцяне з’явіліся таямнічыя словы, якія былі растлумачаны як прароцтва гібелі Валтасара і падзелу Вавілонскага царства. Гэта тэма знайшла адлюстраванне ў мастацтве.

т. 3, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РДУК,

у старажытна-вавілонскай рэлігіі і міфалогіі бог-апякун г. Вавілон, пасля 18 ст. да н.э.вярх. бажаство. Паводле вавілонскага міфа, М. — сын бога Эа (у шумерскай міфалогіі Энкі), выбраны царом на савеце багоў, узначаліў іх вайну з войскам першабытных пачвар і забіў правадырку апошніх Тыямат, пасля чаго стварыў зямлю і людзей для абслугоўвання багоў. Атаясамліваўся з Энлілем. У сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. ўсе божаствы вавілонскага пантэона лічыліся ўвасабленнямі М.

т. 10, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШУРБАНІПА́Л, Ашурбанапал,

цар Асірыі ў 669 — каля 633 да нашай эры. Сын Асархадона. Пры ім імперыя дасягнула найб. магутнасці, але страціла Егіпет (655). Перамог свайго брата Шамашумукіна (з 652 паўстаў супраць Ашурбаніпала) і заняў яго рэзідэнцыю Вавілон (648), пакарыў Элам (639) і інш. Увайшоў у гісторыю і як збіральнік стараж. пісьмовых помнікаў; яго б-ка мела больш за 20 тыс. клінапісных гліняных таблічак (знойдзена ў 1849—54 на месцы апошняй асірыйскай сталіцы Ніневіі).

Ашурбаніпал у святочным адзенні з кап'ём. Алебастравы рэльеф з Ніневіі.

т. 2, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБАПАЛАСА́Р, Набу-аплаўцур,

заснавальнік Новававілонскага царства і дынастыі халдзейскіх цароў; правіў у 626—605 да н.э. Напачатку асірыйскі палкаводзец, потым намеснік Вавілоніі. У 626 да н.э. ўзначаліў паўстанне вавіланян супраць Асірыі (пад яе ўладай Вавілонія была з 729 да н.э.). Захапіў Вавілон (626), Урук (620), Ніпур (615). З 614 у саюзе з мідыйскім царом Кіяксарам вёў вайну супраць Асірыі, якая завяршылася падзеннем Ніневіі (612), разгромам асірыйскіх войск і іх егіп. саюзнікаў у бітве каля Кархемыша (605). Атрымаў у валоданне паўд. ч. Асірыі.

т. 11, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІР II Вялікі

(? — 530 да н.э.),

першы цар [558—530 да н.э.] стараж.-перс. Ахеменідаў дзяржавы. У 558 узначаліў саюз перс. плямён, якія ў 553 паўсталі супраць мідыйцаў. У 550—549 да н.э. заваяваў Мідыю, у 546 — Лідыю і грэч. гарады М. Азіі, паміж 545 і 539 — значную ч. Сярэдняй Азіі, у 539 — Вавілонію (Вавілон зрабіў адной з рэзідэнцый) і Месапатамію. Загінуў у час паходу ў Сярэднюю Азію. Вобраз К. адлюстраваны ў стараж.-ўсх. і ант. л-ры («Гісторыя» Герадота, «Кірапедыя» Ксенафонта і інш.).

т. 8, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЕРКС I (стараж.-перс. Хшаяршан, грэч. Xerxēs; ? — 465 да н.э.),

старажытнаперсідскі цар [486—465 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. Сын Дарыя I (гл. Дарый) і Атосы, дачкі Кіра ІІ. Задушыў паўстанне егіпцян (486—484 да н.э.). Пасля пачатку ў 482 паўстання вавіланян разбурыў г. Вавілон, а Вавілонію ператварыў у перс. сатрапію (правінцыю). Няўдачы К. ў грэка-персідскіх войнах (паражэнні каля Саламіна ў 480, Мікале ў 479, Платэяў у 479) аслабілі магутнасць Ахеменідаў дзяржавы. Каб умацаваць цэнтралізацыю дзяржавы, правёў рэліг. рэформу. Забіты ў выніку дварцовай змовы.

т. 8, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАВІЛО́НСКАЯ ВЕ́ЖА,

свяшчэнная вежа (зікурат) у гонар бога Мардука, пабудаваная ў г. Вавілон. Буд-ва адносіцца да 2-га тыс. да н.э., канчатковы выгляд Вавілонская вежа набыла ў 6 ст. да н.э. Паводле Герадота і археал. знаходак, уяўляла сабой масіўнае мураванае збудаванне з сямі ступеняў (даўж. 92 м, выш. 91 м); на верхнім ярусе знаходзілася свяцілішча, дзе быццам бы жыў Мардук. Знёс вежу Аляксандр Македонскі, які планаваў пабудаваць на яе месцы гал. свяцілішча імперыі. Паводле Бібліі, буд-ва і разбурэнне вежы цесна звязаны са змяшаннем моў розных народаў (гл. Вавілонскае стоўпатварэнне). Грэкі лічылі Вавілонскую вежу адным з дзівосаў свету.

т. 3, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКВІ́Н (Андрэй Мікалаевіч) (14.2.1901, г. Пушкін, Расія — 28.2.1961),

расійскі кінааператар; адзін з заснавальнікаў рас. аператарскай школы. Засл. дз. маст. Расіі (1935). Працаваў з рэж. Р.​Козінцавым і Л.​Траўбергам. Мастацтву М. ўласцівы графічная і ракурсная выразнасць кадра, маляўнічая трактоўка матэрыялу, вобразнае ўвасабленне атмасферы падзей. Сярод фільмаў: «Д’ябальскае кола» (1926), «С.В.Д.» (1927), «Новы Вавілон» (1929), «Адна» (1931), «Юнацтва Максіма» (1935), «Вяртанне Максіма» (1937), «Выбаргская старана» (1939, разам з Г.​Філатавым), «Іван Грозны» (1-я серыя, 1945, Дзярж. прэмія СССР 1946; 2-я серыя, 1958, разам з Э.​Цісэ; рэж. С.​Эйзенштэйн), «Пірагоў» (1947, Дзярж. прэмія СССР 1948; у сааўт.), «Над Нёманам світанак» (1953), «Авадзень» (1956), «Дон Кіхот» (1957, у сааўт.), «Дама з сабачкам» (1960, разам з Дз.​Месхіевым) і інш.

Г.​В.​Ратнікаў.

т. 10, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМО́К,

1) прыстасаванне для запірання памяшканняў, ёмістасцей, скрынь, шафаў і інш. Вядомы з 2-га тыс. да н.э. (Асірыя, Вавілон, Егіпет). Бываюць бессувальдныя (сакрэт забяспечваецца ў асн. профілем замочнай шчыліны), сувальдныя (з наборам рознафігурных рухомых пласцінак — сувальд, якім адпавядаюць выступы ключа), цыліндравыя (сувальды зроблены ў выглядзе штыфтоў), сакрэтныя (з літарным або лічбавым шыфрам); здымныя (у т. л. вісячыя) і нерухомыя (убудаваныя, уразныя, накладныя), а таксама спец. З. для ювелірных вырабаў.

2) Прыстасаванне, якое забяспечвае стопаранне рухомых частак машын і механізмаў. Напр., З. гаечны перашкаджае самаадкручванню гаек і інш. разьбовых дэталей пры рабоце машын.

3) Спец. злучэнне нерухомых частак драўляных канструкцый, зрубаў.

4) У агнястрэльнай зброі прыстасаванне для запальвання кідальнага снарада пры выстрале. Зброевыя З.: кнотавы (вядомы з 15 ст.), калясцовы (з вярчальным колам для высякання іскраў з крэменю, канец 15 — пач. 16 ст.), ударна-крамянёвы (16 ст.), ударнакапсульны (пач. 19 ст.).

т. 6, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЗІНЦАЎ (Рыгор Міхайлавіч) (22.3.1905, Кіеў — 11.5.1973),

расійскі кіна- і тэатр. рэжысёр. Нар. арт. СССР (1964). Вучыўся ў Вышэйшых маст. майстэрнях АМ у Петраградзе. Адзін з арганізатараў творчай майстэрні «Фабрыка эксцэнтрычнага акцёра» (ФЭКС, 1921). З 1924 на кінастудыі «Ленфільм». З 1922 выкладаў у ФЭКС, Ленінградскім ін-це сцэн. мастацтваў, у 1941—64 праф. Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі. Імкненнем да пошукаў вострай новай кінематаграфічнай выразнасці вылучаюцца нямыя фільмы «Шынель» (1926, паводле М.​Гогаля), «Новы Вавілон» (1929; абодва з Л.​Траўбергам). Грамадз. пафасам прасякнута кінатрылогія «Юнацтва Максіма» (1935), «Вяртанне Максіма» (1937), «Выбаргская старана» (1939; усе з Траўбергам). Ставіў біягр. фільмы: «Пірагоў» (1947), «Бялінскі» (1953). Экранізаваў трагедыі У.​Шэкспіра «Гамлет» (1964, Ленінская прэмія 1965) і «Кароль Лір» (1971), раман М.​Сервантэса «Дон Кіхот» (1957). Паставіў у Ленінградскіх т-рах «Кароль Лір» (1941), «Атэла» (1943), «Гамлет» (1954) Шэкспіра. Даследаваў творчасць Шэкспіра, С.​Эйзенштэйна, Ч.​Чапліна, У.​Меерхольда. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1948.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. Л., 1982—1986.

т. 8, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)