Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́Н (шумерскае Кадынгіра, акадскае Бабілу),
у старажытнасці горад у Месапатаміі на р. Еўфрат; руіны — каля сучаснага г. Хіла (Ірак). Упершыню згадваецца пад канец 3-га тыс. да н.э. З пач. 2-га тыс. да н.э.культ. цэнтр Пярэдняй Азіі. Пры цару Хамурапі [1792—50 да н.э.] стаў сталіцай Вавілоніі. Каля 1595 да н.э. захоплены хетамі, каля 1518 — касітамі. Пасля 1250 да н.э. неаднаразова трапляў пад уладу Асірыі. Найб. росквіту дасягнуў у Новававілонскі перыяд (гл.Халдзейскае царства) пры царах Набапаласару [625—605 да н.э.] і Навухаданосару II [605—562 да н.э.]. Пасля заваявання Кірам II (539 да н.э.) і Дарыем І (522 да н.э.) адна са сталіц Ахеменідаў дзяржавы. У 331 да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім. Да 2 ст.н.э. заняпаў.
Раскопкамі ням. археолага Р.Кольдэвея ў 1898—1917 узноўлены план горада 7—6 ст. да н.э. і арх. ансамбль, створаны ў перыяд росквіту Вавілона пры цару Навухаданосару II. У 7—6 ст. да н.э.Вавілон — выцягнуты ў плане прамавугольнік (пл. каля 10 км²), падзелены р. Еўфрат на 2 часткі (Стары і Новы горад), абкружаны цаглянымі вонкавымі і ўнутранымі сценамі з зубчастымі вежамі і 8 варотамі, названымі імёнамі багоў. Галоўныя паўн. вароты Іштар былі абліцаваны паліванай цэглай э рэльефнымі выявамі быкоў і драконаў. Праз іх вяла свяшчэнная дарога працэсій. Сярод гал. помнікаў: храм багіні Нінмах, цэнтр. храм бога Мардука—Эсагіла, 7-ярусны зікурат бога Этэменанкі («Вавілонская вежа», дойлід Арадахешу, сярэдзіна 7 ст. да н.э., зруйнаваны Аляксандрам Македонскім), палац-крэпасць з т.зв. «вісячымі садамі Семіраміды» (адно з 7 дзівосаў свету), па-за горадам — летні палац Навухаданосара II. Гл. таксама Вавілонскае стоўпатварэнне, Вавілона-асірыйская культура.
Літ.:
Кленгель-Брандт Э. Путешествие в древний Вавилон: Пер. с нем. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Эсагіла храм (Вавілон) 2/537
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́НСКАЕ СТОЎПАТВАРЭ́ННЕ,
біблейскі міф пра спробу людзей пабудаваць пасля сусветнага патопу ў зямлі Сенаар (Месапатамія) горад і вежу да нябёс (гл.Вавілон, Вавілонская вежа). Разгневаны дзёрзкасцю людзей, Бог, паводле Бібліі, «змяшаў іх мовы» так, што тыя перасталі разумець адзін аднаго, і «рассеяў іх па ўсёй зямлі, і яны перасталі будаваць горад». Недабудаваны горад назвалі Вавілон. У пераносным значэнні Вавілонскае стоўпатварэнне — мітусня, поўны беспарадак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАРХАДО́Н (асір. Ашурахіддзін),
цар Асірыі ў 680—669 да нашай эры. Уступіў на трон у выніку перамогі ў грамадз. вайне. Аднавіў разбураны яго бацькам Сінахерыбам г.Вавілон, вярнуў шэрагу гарадоў прывілеі, увёў падаткі на карысць храмаў, вёў войны ў Аравіі, Фінікіі і Егіпце. Пасля заваявання г. Мемфіс прыняў егіп. царскія тытулы. У 673—672 да нашай эры рабіў паходы ў Шубрыю (на граніцы з Урарту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛТАСА́Р,
сын і суправіцель апошняга цара Вавілона Набаніда. Загінуў у 539 да н. э. ў час захопу Вавілона персамі. Паводле іудаісцкіх і хрысц. легенд (адлюстраваны ў Бібліі, у працах стараж.-грэч. гісторыка Герадота) у час балю («валтасараў баль»), які Валтасар наладзіў у ноч, калі персы захапілі Вавілон, на сцяне з’явіліся таямнічыя словы, якія былі растлумачаны як прароцтва гібелі Валтасара і падзелу Вавілонскага царства. Гэта тэма знайшла адлюстраванне ў мастацтве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РДУК,
у старажытна-вавілонскай рэлігіі і міфалогіі бог-апякун г.Вавілон, пасля 18 ст. да н.э. — вярх. бажаство. Паводле вавілонскага міфа, М. — сын бога Эа (у шумерскай міфалогіі Энкі), выбраны царом на савеце багоў, узначаліў іх вайну з войскам першабытных пачвар і забіў правадырку апошніх Тыямат, пасля чаго стварыў зямлю і людзей для абслугоўвання багоў. Атаясамліваўся з Энлілем. У сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. ўсе божаствы вавілонскага пантэона лічыліся ўвасабленнямі М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШУРБАНІПА́Л, Ашурбанапал,
цар Асірыі ў 669 — каля 633 да нашай эры. Сын Асархадона. Пры ім імперыя дасягнула найб. магутнасці, але страціла Егіпет (655). Перамог свайго брата Шамашумукіна (з 652 паўстаў супраць Ашурбаніпала) і заняў яго рэзідэнцыю Вавілон (648), пакарыў Элам (639) і інш. Увайшоў у гісторыю і як збіральнік стараж. пісьмовых помнікаў; яго б-ка мела больш за 20 тыс. клінапісных гліняных таблічак (знойдзена ў 1849—54 на месцы апошняй асірыйскай сталіцы Ніневіі).
Ашурбаніпал у святочным адзенні з кап'ём. Алебастравы рэльеф з Ніневіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБАПАЛАСА́Р, Набу-аплаўцур,
заснавальнік Новававілонскага царства і дынастыі халдзейскіх цароў; правіў у 626—605 да н.э. Напачатку асірыйскі палкаводзец, потым намеснік Вавілоніі. У 626 да н.э. ўзначаліў паўстанне вавіланян супраць Асірыі (пад яе ўладай Вавілонія была з 729 да н.э.). Захапіў Вавілон (626), Урук (620), Ніпур (615). З 614 у саюзе з мідыйскім царом Кіяксарам вёў вайну супраць Асірыі, якая завяршылася падзеннем Ніневіі (612), разгромам асірыйскіх войск і іх егіп. саюзнікаў у бітве каля Кархемыша (605). Атрымаў у валоданне паўд.ч. Асірыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІР IIВялікі
(? — 530 да н.э.),
першы цар [558—530 да н.э.] стараж.-перс.Ахеменідаў дзяржавы. У 558 узначаліў саюз перс. плямён, якія ў 553 паўсталі супраць мідыйцаў. У 550—549 да н.э. заваяваў Мідыю, у 546 — Лідыю і грэч. гарады М. Азіі, паміж 545 і 539 — значную ч. Сярэдняй Азіі, у 539 — Вавілонію (Вавілон зрабіў адной з рэзідэнцый) і Месапатамію. Загінуў у час паходу ў Сярэднюю Азію. Вобраз К. адлюстраваны ў стараж.-ўсх. і ант. л-ры («Гісторыя» Герадота, «Кірапедыя» Ксенафонта і інш.).